10894.fb2
- Ну, а Настку Будракову хочаш? - вёў далей свой допыт бацька.
Хлопец прыкрыў даланёй свае вусны і пырснуў смехам.
- Чаму не, бацька? - усклікнуў.
Ажно вочы ў яго засвяціліся ад радасці. Настка была прыгожая дзяўчына, але і пра яе пасаг і дастатак ён таксама падумаў. Надумаліся пасылаць сватоў у Будракову хату адразу, як толькі міне пост.
Зараз, узяўшыся за рукі пасярод хаты, моладзь утварыла кола, у якое дзеля жарту і смеху ўлезла нейкая старая прысадзістая баба, з падхопленай у арандатара маленькай падушачкай у руках. Пры пісклівай, але вясёлай музыцы скрыпкі кола танцораў з шумным тупатам ног круцілася вакол старой бабы, якая, абапіраючыся адной рукой на клуб, а ў другой высока ўздымаючы падушачку і таксама кружачыся ў танцы, пацешна крыўляючыся, спявала:
Тут выбухнуў рогат, бо словы песні так мала стасаваліся да прысадзістай, зморшчанай, хоць яшчэ дужай і вясёлай бабы. Яна ж спявала далей:
Разам з апошнімі словамі прыпеўкі кінула падушачку на Ясюка Дзюрдзю і, прыабняўшы яго, хацела з ім, паводле правілаў гульні, прайсціся некалькі кругоў. Але ён, палічыўшы сабе за сорам, што такая непрывабная танцорка надзяляе яго сваімі сімпатыямі, кулаком адштурхнуў бабу і з дурнаватай мінай і разгневанымі вачыма стаў, як слуп, пасярод хаты. Некалькі паважных гаспадынь, што сядзелі пад сцяной на лаве і размаўлялі, аж клаліся са смеху; нават гаспадары перапынілі размовы і з усмешкамі на тварах пачалі прыглядвацца да шумнай гульні моладзі.
Танцавальнае кола ўтварылася зноў, толькі што на гэты раз у яго цэнтры стала, гвалтам выштурхнутая іншымі дзеўкамі, Настка Будракова. Скрыпка працягвала іграць, а стройная дзяўчына з тоўстай касой на плячах, з шыяй, абчэпленай шклянымі пацеркамі, узняла падушачку ўгору і, ужо не так скачучы, як папярэдняя танцорка, але кружачыся павольна і грацыёзна, сярод тупату ног высокім голасам заспявала:
Тут увесь танцавальны круг падхапіў песню і пачаў хорам падпяваць звонкаму голасу дзяўчыны, які ўсё роўна ўзвіваўся па-над усімі іншымі:
Кінутая рукой дзяўчыны, падушачка ў клятчастай навалачцы з такой сілай ударыла Клеменса Дзюрдзю ў твар, што той ажно пачырванеў увесь, а густыя залацістыя валасы ўзвіліся над ягонай галавой. Тут жа абедзвюма рукамі Настка павісла на ягоных плячах, ён прыабняў яе, і круціліся потым у танцы так доўга, што ўжо і правілы гэтага танца такога доўгага кручэння не вымагалі. Але хлопцу, разгарачанаму гульнёй і грудзьмі Насткі, якія дыхалі каля ягоных грудзей, і гэтага было замала. Крыкнуў на музыканта, каб пачынаў граць круцяля, і калі загучала музыка, пусціўся са сваёй дзяўчынай у хуткі танец. Спачатку кружыліся яны амаль на адным месцы, а потым ужо ў запаволеным рытме праходзілі некалькі крокаў па хаце і пачыналі кружыцца зноў. Залатыя валасы хлопца развяваліся над галавой, дзявочая каса з чырвонай стужкай на канцы лятала ў паветры, а на шыі звінелі шкляныя пацеркі і пазалочаныя крыжыкі і медалікі, што прасвечвалі з-пад іх. А калі змучаныя хуткім рухам на адным месцы, праходзілі па хаце, ён высока ўздымаў расчырванелы твар і кідаў з блакітных вачэй снапы вясёлых бляскаў, яна ж, трымаючыся за яго плячамі, у адной руцэ сціскала яго сіні капот, а другой выцірала фартушком пот з твару. Такім чынам два, тры альбо, можа, і больш разоў паволі, размераным крокам, час ад часу прытупваючы нагамі, абышлі хату, ён - падобны на маладога дуба, а яна - на беластвольную бярозку. Усе гаспадары павярнуліся цяпер тварамі на сярэдзіну хаты і глядзелі на танцораў. Пётра Дзюрдзя, несучы яшчэ паўчаркі гарэлкі да свайго роту, смяяўся сваім ціхім, грудным, разважным смехам; Максім Будрак, нібы няўзнак паглядаючы на дачку, радасна блішчаў вачыма. Міжволі абодва зірнулі адзін на аднаго і кіўнулі сабе галовамі.
- Каб толькі Божая воля была... - сказаў Пётра.
- Чаму не быць волі Божай? - адказаў Будрак.
Будрачыха, якая сядзела паміж жанчынамі пад сцяной і ўперад ужо выпіла чарку гарэлкі, заслязіўшыся ад расчуленасці, казала суседкам:
- Я ўжо гэтага Клеменса, і Богу прысягну, аднолькава, як і сваіх родных сыноў, люблю...
Якраз у гэты час у карчму ўвайшлі Сымон Дзюрдзя і Якуб Шышка. Ніхто на іх не звярнуў ніякай увагі. Ужо нават па іх адзенні можна было здагадацца, што ў людской грамадзе, сярод якой жылі, яны займалі самае апошняе месца. Кажухі ў іх былі старыя, без каўняроў і ажно ільсніліся ад бруду і заношанасці, абутак падзёрты і ўжо, відаць, на працягу многіх гадоў ужываўся толькі падчас падарожжаў у маразы і снег, нават шапкі былі пляскатыя з абдзёртай аўчыннай абшыўкай. А што ўжо да іхніх пастаў і твараў! Праўда, стары Якуб трымаўся заўсёды прама і нібыта ўрачыста, але быў нізкі, худы, з малымі, бліскучымі вочкамі, што глядзелі на свет з-пад брывоў неяк хітравата і разам з тым недаверліва, з мімалётнай няшчырай усмешкай на старых завялых вуснах. Што да Сымона, то ў таго крок быў цяжкі і нібы трошкі нясмелы, скура зжоўклая, вочы пачырванелыя і ўвесь час мокрыя; калі ён быў цвярозы, яго твар станавіўся бядотны, а як толькі гарэлка зашуміць у галаве, набываў рысы нахабнаватай упартасці. Зараз ён быў толькі трошкі нападпітку, таму да нікога не чапляўся, нясмела, амаль сагнуўшыся, перайшоў карчомную хату і разам з Якубам увайшоў праз нізкія дзверы ў другую, значна меншую каморку, якая была жытлом арандатара і ягонай сям'і. Было чуваць, як гучна і крыкліва даводзілі яны нешта жыду, перапыняючы адзін другога, штурхаючыся локцямі і штохвіліны зрываючыся да лаянкі з гаспадаром, які таксама голасна і горача нагадваў абодвум, але асабліва Сымону, пра грашовыя даўгі. Гэта, аднак, не перашкодзіла яму даць ім пару чарак гарэлкі. Выпіўшы сваё, Сымон пачаў плакаць і наракаць на горкую долю сваю і сваіх дзетак, потым папрасіў у арандатара яшчэ адну чарку, а калі не захацеў даць яе ў крэдыт, пагражаў яму сціснутымі кулакамі. Жыд саступіў і даў яму яшчэ гарэлкі, пільна запісваючы кожную чарку крэйдай на дзвярах. Сымон выпіў; ягоныя мокрыя вочы павесялелі і заблішчалі, ён насунуў шапку на галаву аж па самыя вочы і размашыстым, хоць разам з тым і няўпэўненым крокам выйшаў з карчмы. Стаяў перад карчмой пад зорным небам і, нешта мармычучы сам сабе, здавалася, раздумваў. Напружваючы вочы, глядзеў у той бок, дзе далёка ў полі самотна шарэла сядзіба каваля, і раптам пусціўся сцежкай, якая туды вяла пад сценамі абор. Ішоў то хутка і ўпэўнена, то зноў павольна і са спушчанай галавой, увесь час мармычучы сам сабе нешта незразумелае. Пару разоў пахіснуўся і абапёрся рукамі аб плот, перад кузняй спыніўся і зноў задумаўся. Ахапіла яго нейкая трывога, бо паднёс руку да грудзей і лба. Перажагнаўся і ступіў яшчэ некалькі крокаў. Калі б быў цвярозы, то, пэўна, вярнуўся б з паловы дарогі альбо і зусім не пайшоў бы ў той бок, але гарэлка дадавала яму адвагі і адбірала розум. Паклаў руку на дзвярную клямку і, яшчэ раз перажагнаўшыся, увайшоў у хату каваля. Гаспадара ў хаце не было. Аксеня, разагрэтая цяплом печы ў гэты доўгі зімовы вечар, заснула на сваім сенніку. Над сівой яе галавой тырчэла прасніца з залацістай кудзеляй, толькі што ўпушчанае верацяно звісала на шырокай нітцы з печы, пад яе рукамі, распасцёртымі, як крылы, сціснуўшыся, як дзве азяблыя птушкі, спалі малыя румяныя праўнучкі. У хаце панавалі паўзмрок і цішыня, агонь, што гарэў у печы, кідаў бледныя водбліскі на аконныя шыбы, дзе мароз намаляваў гірлянды крыштальнага бліскучага лісця. Седзячы перад агнём на табурэце, Пятруся сачыла за стравай, што варылася ў печы, і адначасова цыравала адзенне. Каля яе ног ляжала некалькі дзіцячых кашулек, на каленях яна трымала суконны мужаў сурдут, падшываючы і прымацоўваючы зялёныя тасёмкі, што ўпрыгожвалі яго. За некалькі месяцаў, што прамінулі, змяніўся выраз яе твару, з вузкага лба сышла ранейшая яго спакойная яснасць, а ў абрысах вуснаў з'явіўся ціхі, але горкі смутак. Але была па-ранейшаму свежай і, як і раней, з яе румянага твару і гнуткай постаці білі маладосць і сіла. Колючы ў цвёрдае сукно тоўстую іголку і высока ўздымаючы руку з доўгай ніткай, напаўголаса спявала на мінорнай ноце сумную сялянскую баладу:
Тут спявачка прымоўкла на хвіліну, уцягнула нітку ў іголку, паглядзела шэрымі вачамі ў агонь і зноў, схіленая над шыццём, зацягнула:
З працяжным рыпеннем адчыніліся дзверы хаты, Пятруся перарвала свой спеў і, павярнуўшы галаву, убачыла Сымона. Добра яго ведала і не здзівілася, што сюды прыйшоў. Можа, па справе да мужа яе прыйшоў. Ветліва кіўнула галавой.
- Добры вечар, Сымоне. Яе маецеся?
Нічога не адказаў, толькі зрабіўшы некалькі хісткіх крокаў і, спыніўшыся перад ёй з раскрытым ротам, пачаў пільна ў яе ўзірацца. У бляклых ягоных вачах змяшаліся цікавасць і трывога, дзікая пажадлівасць і п'яная расчуленасць, і таму выглядаў ён трошкі страшна і трошкі смешна. З ягонага рота ў самы твар жанчыны біў гарэлачны смурод. Засунуў рукі ў рукавы кажуха і з нейкім трывожным нахабствам пачаў:
- Пятруся, я да цябе з просьбай...
- А чаго хочаце? - спытала.
- Каб ты мне грошай пазычыла... Да міравога сёння на суд хадзіў... «Даўгі, - кажа, - заплаціць трэба... Зямлю прададуць», - кажа... «Не прададуць, - кажу, - бо не выкупленая, ад ураду, значыць, не выкупленая». А ён, каб яму ногі пакруціла, даўгі плаціць, кажа, - я да старшыні...
Плёў так доўга, некалькі хвілін, па шмат разоў паўтараючы адно і тое, яна цярпліва яго слухала, занятая сваім шыццём, урэшце ўзняла галаву і спытала:
- То і што ж я табе, Сымонка, парадзіць магу?
- Грошай пазыч, - падступаючыся бліжай да яе, паўтарыў селянін.
- Няма, далібог, няма, а адкуль жа ў мяне грошы могуць быць? Усе ведаюць, што ў мужаву хату ў адной спадніцы прыйшла, тай у падзёртым каптане... І ў яго няма, пабажуся, што няма. Дастатак у хаце, слава Богу, ёсць, але грошай няма... Мы яшчэ маладыя абое... калі нам было грошы збіраць?
- Ілжэш! - забурчаў мужчына. - Грошай ты маеш удосталь, столькі маеш, колькі іх твая душа пажадае.
І, змяняючы бурклівы тон на просьбу, дадаў:
- Пазыч, Пятруся, злітуйся, пазыч... ці ж табе зашкодзіць? Як ты прыяцелю свайму скажаш, каб табе больш прынёс, дык тут жа і прынясе...
Вочы кабеты са здзіўленнем утаропіліся ў твар селяніна, які ад гарэлкі і хвалявання пачаў пакрывацца цаглянай чырванню.
- Ці ты сфіксаваўся? - прамовіла. - Які гэта мой такі прыяцель, каб мне грошы паводле жадання насіў?
Сымон падняў руку да лба, нібы хочучы перажагнацца, і адначасова сцішаным ад страху голасам з дурнаватай мінай вымавіў:
- А чорт жа? Га? Альбо ж ён табе грошы не насіў? Га?
На гэтыя словы жанчына, як апараная, ускочыла з зэдліка, вочы яе шырока расплюшчыліся, рукі, як баронячыся, выставіла перад сабой.
- Што ты пляцеш? - крыкнула. - Чалавеча, апамятайся і Бога ў сэрцы май...
- А такі носіць... - падступаючы яшчэ бліжай і не спускаючы з яе вачэй, настойваў мужчына.
Яна паспешліва і вельмі гучна сказала:
- Я ў касцёле ахрышчаная! Мяне кожны дзень на ноч святым крыжам жагналі! Я ніякім смяротным грахом сваёй душы не загубіла.
- А такі носіць! - стоячы ўжо проста перад ёй, паўтарыў селянін, - я сам сёння бачыў, як ён, такі агністы, праз комін у тваю хату ўлятаў...
На гэты раз у шырока расплюшчаных вачах жанчыны прамільгнуў страх.
- Ілжэш! - крыкнула, і адчувалася, што горача прагнула, каб запярэчыў таму, што ён цяпер сказаў. - Ілжэш, скажы, што салгаў!
- Далібог, бачыў...
Кулаком ударыў сябе ў грудзі і зноў пачаў:
- Пазыч, Пятруся, змілуйся, пазыч... Я ўжо і на чартоўскія грошы згаджаюся, каб толькі з горкай бяды вылезці... дай хоць чартоўскіх...
Наступаў на яе, штурхаючы сваім целам да сцяны, набліжаў да самага яе твару свой твар, які смярдзеў гарэлкаю.
- Я да цябе, як да маці... Пятруся... хоць ты ведзьма, але я да цябе, як да маці... ратуй... няхай ужо і на мяне гэты вялікі грэх упадзе... падзелімся з табой і грашыма і грэхам... Я да цябе, як да маці і апякункі... хоць ты ведзьма, але я да цябе, як да апякункі...
Злосць, страх, агіда да гэтага чалавека, які сваім п'янствам давёў да галечы жонку і дзяцей і ад п'янства бачыў, што над яе дахам ляталі д'яблы, ахапілі Пятрусю і абудзілі ў ёй усю яе нязвыклую сілу. З гнеўнымі вачыма стукнула нагой аб падлогу і крыкнула:
- Прэч! - адначасова ўхапіла мужчыну за кажух і, адчыніўшы дзверы, выпхнула яго ў цёмныя сені.
Зрэшты, гэта было не надта цяжка зрабіць. Мужчына вельмі слаба трымаўся на нагах. У цёмных сенях пахіснуўся ажно да дзвярэй, што вялі на вуліцу, і яшчэ адтуль крыкнуў: