10894.fb2
Але кавалёва жонка зачыніла дзверы на жалезную засаўку. Мужчына падышоў пад замёрзлае акно і там то выкрыкваў, то бурчаў:
- Я да цябе... ведзьма ты... як да маці... дай грошай... злітуйся... хоць і чартоўскіх дай... не дасі? Такі не дасі? Пятруся, чуеш? Міравы кажа, даўгі плаціць трэба... я да старшыні... Старшыня кажа, зямлі не прадам, але гаспадарку прадам, у адных кашулях застанецеся... Ой, горкая доля мая і дзетак маіх. Пятруся, чуеш? Дай грошай... што табе шкодзіць? Прыяцель твой наносіць табе зноў, колькі захочаш... Не дасі? Такі не дасі? Ну, то пачакай жа, дам я табе, загубленая душа твая... няверная... непрыяцелю Божаму прададзеная... папомніш!
Пайшоў сцежкай да карчмы і вёскі і, ідучы павольна і хістаючыся, сціскаў кулакі і трос імі ў паветры і ўсё з лаянкай, а то з манатонным бурчаннем гаварыў сам з сабой:
- Не дала! Такі не дала! Загубленая душа яе... Пану Богу няверная... Непрыяцелю Божаму прададзеная... Дам я ёй... папамятае...
Ужо колькі месяцаў як Пятруся не хадзіла ў вёску. Ахопліваў яе страх, калі думала пра спатканне з людзьмі, і бабка паўтарала, каб ціхенькая была, як рыбка на дне вады. Аднак праз тыдзень пасля гэтых надзвычайных адведзін Сымона выпала ёй неадкладная патрэба пайсці да Лабудаў. Аксеня спрала для Лабудзіхі талькі і іх абавязкова трэба было аднесці, каб не наклікаць нараканняў і асуджэння. Надвячоркам, калі каваль працаваў у кузні, Пятруся сказала бабцы:
- Пайду, бабуля, сёння ўжо абавязкова пайду да Лабудаў.
Старая хвіліну памаўчала, як бы гэтае рашэнне ўнучкі ёй не надта спадабалася, потым, аднак, адказала:
- Ідзі, калі ўжо трэба... толькі там людзям не насоўвайся ў вочы... за гумнамі прайдзі.
- За гумнамі прайду, - паўтарыла Пятруся.
Апранула сярмяжку і чаравікі, завязала на галаву хустку і пайшла. Аксеня, застаўшыся з дзецьмі на печы, амаль у поўнай цемры пачала расказваць казку пра цмока. Была гэта доўгая і страшная казка, пасля якой надышла чарга другой, такой смешнай, што двое старэйшых ажно заходзіліся са смеху і самая меншая Галенка таксама смяялася, хоць яшчэ добра зразумець яе і не магла. Маленькі Адамка заплакаў у калысцы. Аксеня загадала Стасюку, каб злез з печы і калыхаў брата. Дзіця ссунулася з печы, узлезла на тапчан, каля якога стаяла калыска, і неўзабаве размераны стук бегуноў акампанаваў хрыплаватаму голасу бабкі, якая расказвала ўжо трэцюю казку. І тады пад вокнамі і ў сенях пачуўся хуткі тупат ног, дзверы з трэскам расчыніліся і, відаць, засталіся раскрытымі насцеж, бо ў хату ўліўся струмень марознага паветра, і адначасова ў цемры раздаўся глухі крык, здушаны роспаччу ці трывогай:
- Езус! Ратуйце! Нешчаслівая я! Б'юць ужо! Кіямі б'юць! Божа мой міласэрны!
Гэта быў голас Пятрусі, якая, відаць, усім целам асунулася на падлогу, бо пасярод хаты нешта моцна стукнула. У гэты час анямелая на некалькі хвілін Аксеня прамовіла дрыготкім голасам:
- А што з табой, Пятруся? А што ж з табой? Хай Пан Бог злітуецца над намі! Што з табой?
Напалоханая крыкам і стукам трохгадовая Галенка выбухнула плачам, трошкі цішэй за яе заплакаў Адамка. Праз галасьбу дзяцей прабіўся гучны загадны голас сляпой бабкі:
- Не фіксуйся, Пятруся. Запалі святло. Дзеці ўпоцемках плачуць.
Цяжка, са здушаным стогнам, жанчына паднялася з зямлі, а калі распальвала святло і ўстаўляла ў пячную шчыліну запаленую лучыну, рукі яе калаціліся, як у ліхаманцы. Пры дрыготкім бляску агню яе твар са скульптурнай выразнасцю выявіўся на шэрым фоне хаты, белы як палатно, з вялікімі маршчынамі на лбе, з гарачымі, як вуголле, вачыма. Хустка ссунулася з яе галавы, парасплятаныя валасы закрылі шыю і лоб, дзве толькі слязінкі свяціліся на яе вейках, але ад глыбокіх рыданняў уздрыгвалі вусны і грудзі. Запаліўшы святло, абедзвюма рукамі абхапіла галаву і, як звар'яцелая, пачала бегаць па хаце. То з шырока расплюшчанымі вачамі і рукамі над галавой спынялася пасярод хаты, то кідалася тварам на стол альбо лаву, то прыпадала да печы і нібы з маленнем цягнула рукі да бабкі. І ўвесь час пры гэтым гаварыла, так, як гавораць у ліхаманцы, хутка, бязладна, раптам нешта выкрыкваючы, а потым зноў зніжаючы голас аж да шэпту. Слухаючы яе, Аксеня выпроствалася як струна на сваім сенніку, усё часцей варушыла сваімі зжоўклымі сківіцамі, а касцістымі рукамі няўцямна шукала галоўкі малых унучак, якія, ужо маўклівыя, перапалоханыя, самі прыціскаліся да яе рук і грудзей. Пятруся расказвала, што да Лабудаў зайшла добра, талькі аддала, усім ветла пакланілася, але, не ўступаючы ў гаворку, адразу ж той самай дарогай пайшла дахаты. А там пільнавалі яе людзі, якія, відаць, ужо дазналіся, што яна ад Лабудаў будзе вяртацца гэтым шляхам. Пільнавалі яе за плотам саду, за нізкім плотам, і калі каля яго праходзіла, нехта ўдарыў у спіну кіем яе так моцна раз і другі, што яна ажно ўпала на зямлю. Той, хто ўдарыў, быў Сымон Дзюрдзя, бо яго добра пазнала, хоць і цёмна было, а за Сымонавымі плячамі раздаўся смех Сцяпана, Параска ж, Сымонава жонка, нешта пра грошы і купленую спадніцу загаварыла, і Разалька праклінала яе і ведзьмай называла, і яшчэ двое чалавек смяяліся і гаварылі, але яна ўжо не ведае, хто, бо сарвалася з зямлі і штосілы далей пабегла. А яны цераз плот пералезлі на сцежку і пайшлі сабе да карчмы, не ўцякаючы, памалу, як бы нічога ніякага. Білі! Палкамі білі! Біць пачалі ўжо! Што ёй рабіць? За што гэта на яе звалілася?
Яна плакала горкімі слязамі, ламала рукі, было відаць, што страшная трывога замуціла ёй розум і адбірала волю. На печы зашэмраў шэпт старой:
- Парабак Пракопка... Ой, парабак Пракопка... чаму я цяпер сабе зноў расказы і слёзы маткі тваёй Пракопіхі ўспомніла?
Бабуля шырэй раскрыла бельмы вачэй на сваім пажоўклым твары і такім самым, як і раней, загадным голасам прамовіла:
- Укленчы і голасна гавары пацеры...
Загадвала так, нібыта яе ўнучка была яшчэ маленькая дзяўчынка, і Пятруся слухалася яе, як дзіця. Яна адразу ж укленчыла.
- Не так, - прамовіла старая, - не так. Галенку з печы ссадзі, Адамку на рукі вазьмі, старэйшых да сябе пакліч... абдымі дзяцей рукамі і Найвышэйшаму Богу іх паказвай... Ты маці... хай Пан Бог найвышэйшы злітуецца над дзецьмі...
З сонным немаўляткам на адной руцэ, а другой абдымаючы малога хлопца і дзвюх меншых за яго дзяўчынак, маладзіца ўкленчыла пасярод хаты, ды словы малітвы ўцякалі з яе памутнелай памяці і не прыходзілі на дрыготкія вусны. Сляпая бабка сваім хрыплаватым і дрыгатлівым голасам пачала:
- Ойча наш, які ёсць у небе, свяціся імя Тваё, прыйдзі валадарства Тваё, будзь воля Твая...
Паўтараў гэта за ёю напачатку слабы, а потым усё больш выразны голас маладой жанчыны. Пад канец разам горача вымавілі «Аман», пасля чаго старая сказала:
- Ну, устань! Можа, Пан Бог Найвышэйшы пачуў...
Цішэй дадала:
- І дзяцей убачыў...
Нядоўгая цішыня запанавала ў хаце. Пятруся клала ў калыску немаўля, дзеці збіліся ў куце хаты, прытуліўшыся так шчыльна адно да другога, як перапалоханы авечы статак.
- Дзе Міхалка? - спыталася Аксеня.
- У кузні.
- Не ведае, што табе прытрапілася...
- А не ведае...
Колькі месяцаў таму са сваім жалем і страхам, як з радасцю і весялосцю, бегла б проста да мужа, найперш і без роздуму бегла б да яго. Але цяпер! О! З іншым ён ужо сэрцам да яе, чым даўней... Нельга ўжо ёй з усім да яго бегчы. Яе вера ў ягоную любоў знікала, з кожным днём усё больш знікала, а там, дзе была яе слодыч, рабілася так горка, як бы ёй хтосьці насыпаў туды жменю пякучай гарчыцы.
- Хадзі да мяне, дзіця, пагаворым...
Пятруся адышла ад калыскі, ускочыла на тапчанік, а адтуль ужо лёгка было ёй усесціся на край печы. Яны сядзелі адна насупраць другой: бельмы сляпой бабкі, здавалася, з напружанасцю ўзіраліся ў сплаканы твар маладой кабеты. Пасля досыць доўгага роздуму Аксеня пачала:
- Пятруся! То ж заўтра вялікае свята.
- Але, бабуля.
- То ж Дабравешчанне Найсвяцейшай Панны Марыі, вялікі фэст у касцёле і вялікі кірмаш у мястэчку.
- Але, бабуля.
- У касцёле адпушчэнне грахоў, а на кірмашы будзе народу цьма. І з Сухой Даліны гаспадары паедуць у касцёл і на кірмаш.
Старая зноў досыць доўга маўчала, нібы перажоўвала нейкія свае думкі і планы жоўтымі сківіцамі.
- Паслухай, - сказала, - ужо табе няма іншага паратунку, як толькі да Пана Бога звярнуцца і ў яго абароны перад людзьмі прасіць. Няхай пра цябе Пан Бог засведчыць, што ты ніякім грэхам смяротным душы не загубіла. Ідзі ў касцёл, ляж перад Панам Богам крыжам, паспавядайся і прымі найсвяцейшую камунію... Чуеш?
- Чую, бабуля. Добра, бабуля, зраблю, як дараджаеце.
- Але. Як паспавядаешся, ад ксяндза найсвятлейшую камунію прымеш, дык і табе лягчэй будзе, і ўсім людзям пакажаш, што ты не Божая непрыяцелька. Няхай убачаць, што молішся Пану Богу, крыжам лежачы, і што табе ксёндз у найсвяцейшай камуніі не адмовіў. Калі гэта ўбачаць, спазнаюць, што ты не такая, як яны выдумалі, і што ані смяротнага граху, ані якога вялікага злачынства на табе перад Панам Богам няма. Пан Бог найвышэйшы сам за цябе добра засведчыць.
- Добра, бабуля, добра, - супакоеная, паўтарыла Пятруся і, схіляючы змучаную галаву на бабуліны калені, пацалавала яе касцістую руку.
Яна гэтай рукою пачала яе гладзіць па валасах. Абедзве маўчалі. Потым маладзіца азвалася зноў:
- Франьку папрашу, каб хату і дзяцей дапільнавала і стравы наварыла, а сама на досвітку ў мястэчка пайду.
- Можа, і Міхалка пойдзе?