10894.fb2 Выбраныя творы - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 44

Выбраныя творы - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 44

- Піце, вашэці грамада, піце! На здароўе вам! На шчасце!

Выраз «вашэці грамада» паўтараўся ў ягоных вуснах бясконца. Адчуваў ён сябе галавой і начальнікам гміны, ці грамады, і баяўся страціць найменшую мажлівасць нагадаць пра гэта ўсім. Сяляне хілілі галовы ў знак падзякі і падносілі да вуснаў зеленаватыя шклянкі. Толькі Клеменс не піў і да гэтага часу не прымаў удзелу ў размове. Быў яшчэ малады, нежанаты, сваёй гаспадаркі не меў, сюды прыехаў з бацькам і толькі праз яго нешта значыў. Ад прысутнасці старшыні і грамады старых, паважных гаспадароў ён зрабіўся нясмелым, і гэта ўстрымлівала яго самастойна прыняць удзел у пачастунку. Стаяў за бацькавай спінай, і, высоўваючы з-за ягонага пляча свой румяны і блакітнавокі твар, паглядаў трошкі хціва і трошкі нясмела на паўгарнцавік і шклянкі. Жывыя і хітраватыя вочы старшыні спаткаліся з яго сарамлівым позіркам.

- Аааа! - здзівіўся і, смеючыся, паказаў пальцам на хлопца. - Аааа! Вашэці грамада! ці гэта хлопец, ці дзяўчына? - Нібы дзеля таго, каб лепей разгледзець, хіліў галаву то ў адзін, то ў другі бок. - Гляджу, гляджу і распазнаць не магу! Здаецца, што хлопец, але за бацькавы плечы схаваўся, як дзяўчына, і надта саромеецца... Ну, пакажыся... да стала падыдзі, а то і праўда падумаю, што з мужчыны перамяніўся ў дзяўчыну!..

Гэтыя жарты суправаджаліся рогатам; Пётра засмяяўся таксама і падштурхнуў сына да стала.

- Ну, ідзі, калі спадар старшыня заве...

Не такім ужо і сарамлівым быў Клеменс, як палічыў старшыня. Вусны, праўда, прыкрыў даланёй, але вясёлымі вачыма глядзеў проста на начальніка гміны. Той наліў поўную шклянку мёду і падаў яе хлопцу.

- Пі! - усклікнуў. - Каб хутчэй вусы пад носам выраслі.

І, даліваючы зноў усім у шклянкі, паўтараў:

- Піце, вашэці грамада, піце!

Пілі і смяяліся з Клеменса, які на згадку пра вусы павёў пальцамі па залацістым пушку, што абсыпаў яго верхнюю губу, а потым кіўнуў галавой і смела ўсклікнуў:

- На здароўе, спадар старшыня!

- На здароўе табе! - адказаў старшыня і звярнуўся да Пётры: - У салдаты не пайшоў? Га?

Пётраў твар праяснеў:

- А не пайшоў: калі прыйшоў час на жараб'ёўку, Ясюк быў яшчэ малы, а мне ўжо, дзякаваць Найвышэйшаму Богу, пяцьдзесят сёмы гадок жыцця ішоў... Брат малы... бацька стары... значыць, яму льготу далі і застаўся ў хаце, хай будзе пахвалёны Пан Бог...

- От і выкруціўся, - заўважыў хтосьці збоку.

- Ну, шчаслівы! - дадаў нехта іншы.

- А шчаслівы, - паўтарыў Пётра, - каб толькі Пан Бог ва ўсім так блаславіў...

Старшыня зноў падаў шклянку мёду шчасліваму хлопцу.

- Пі! - сказаў. - Пі і памятай, хто цябе трактуе!

Хлопец завагаўся, зірнуў на бацьку, але Пётра, якому заўсёды была прыемнай усялякая ўвага, узрадаваны сціплымі дагэтуль паводзінамі сына, штурхануў яго ў локаць і падахвоціў.

- Пі, калі спадар старшыня кажа...

Зусім ужо асмялелы Клеменс развесяліўся і на гэты раз не панёс шклянкі проста да вуснаў, але падняў яе ўгору з такім жэстам, што ажно трошкі мёду вылілася з яе на стол, і пры гэтым сам падскочыў.

- Каб так конь брыкаў! - усклікнуў ён і толькі тады выпіў шклянку да дна.

Гэта спадабалася прысутным, якія, таксама ўздымаючы свае шклянкі над галавой, адзін за другім паўтаралі:

- Каб так конь брыкаў, спадар старшыня, каб так конь брыкаў!

Гэта адносілася да таго каня, якога сёння купіў старшыня ў Пётры. Вясёлы па характары, а можа, маючы ў тым і свой інтарэс, Антон Будрак, стараста Сухой Даліны, крыкнуў арандатару прынесці яшчэ гарнец мёду. Зараз ён пачастуе старшыню, а разам і ўсю кампанію. Некалькі галасоў азвалася:

- Не хочам больш мёду; калі частуеш, то гарэлкі давай!

Будрак крыкнуў гарэлкі, а старшыні, які хацеў мёду, сам пачаў наліваць у шклянку гэты трунак:

- Інтарэс ёсць такі, спадар старшыня. Хочам пачаць працэс пра тыя землі і лугі... Каб даўнасць не наступіла... то... можа, што-небудзь нам парадзіце. Інтарэс ёсць такі...

І хоць ужо выпіў шмат мёду і трошкі гарэлкі, досыць звязна пачаў расказваць пра справу, якая была важнай для ўсёй вёскі. Але Пётра перабіў яго і пачаў гаварыць сам. Максім Будрак і трое Лабудаў гаварылі таксама, перабіваючы адзін другога, з чаго зрабіўся вялікі галас і шум. Але старшыня да публічных размоў быў ужо трошкі прызвычаены.

- Па чарзе, вашэці грамада, - усклікнуў. - Па чарзе гаварыце. Напачатку адзін, потым другі, а я буду слухаць. Я паміж вамі ўсімі найважнейшы, і ўсе вы да мяне, як да бацькі...

- Як да бацькі! - пацвердзілі хорам усе, а ў гэты час п'яны Сымон прысунуўся да старшыні і, цалуючы яго ў локаць, пачаў:

- Я да вас, спадар старшыня, як да бацькі... гаспадарку не прадавайце... горкая бяда мне і дзеткам маім...

Некалькі рук выцягнулася і адштурхнула п'яніцу, які тут жа, хістаючыся, палез да арандатара, мармычучы:

- Хацкелька, гарэлкі дай... Калі Бога баішся, яшчэ са два кілішкі дай... яшчэ маю пару злотых... заплачу... Горкая бяда...

Клеменс, пабачыўшы, што паміж старшынёй і гаспадарамі распачынаецца сур'ёзная гаворка, высунуўся з гэтага кола і пайшоў да іншага, дзе было некалькі кабет, што сядзелі ля грубкі. Яны таксама елі прывезенае з дому, разважалі пра сённяшні кірмаш, спрачаліся альбо расказвалі адна адной пра розныя свае клопаты. Пры набліжэнні Клеменса ў гэтай грамадзе раздаліся пісклівыя крыкі і рогат. Павесялеўшы і асмялеўшы ад дзвюх шклянак мёду, хлопец ушчыпнуў за руку нейкую знаёмую маладзіцу з Сухой Даліны, а другой сказаў нешта такое на вушка, што яна зачырванелася, як півоня, і засланіла ад яго рукою твар. Іншыя, старэйшыя, нібы злуючы, нібы жартуючы, адпіхвалі яго кулакамі і крычалі, каб ішоў сабе да мужчын. Неўзабаве, аднак, усе сціхлі і, ўздымаючыся на дыбачкі, адна праз другую пачалі глядзець на прадмет, які хлопец выцягнуў з-пад сярмягі і паказаў ім. Гэтым прадметам быў досыць вялікі абразок нейкай святой, абрамлены рамкаю, пакрытай залацістай паперай. У святой было чырвонае ўбранне, залатая карона на галаве, а ў руцэ яна трымала блакітную пальму. Тоўсты пласт яркіх фарбаў і бліскучая ад агню пазалота рамкі выклікалі ў жаночым гурце захапленне. Шырока расплюшчвалі вочы, раскрывалі раты, любаваліся і ўсё дапытваліся, ці для сябе купляў Клеменс гэтую прыгожую рэч, ці для каго іншага? Ён добра ведаў, дзеля каго купіў абразок, але нікому пра гэта не казаў і, залівіста смеючыся з цікавасці і зайздрасці баб, зноў схаваў яго за сярмягу. Тут з грамады, што гаманіла і піла ля акна, аклікнуў яго невысокі, рухлівы чалавечак з кірпатым носам, апрануты напалову па-сялянску, напалову па-шляхецку: ляснік з суседняга двара, які сёння ў ягонага бацькі купіў карову.

- Клеменс! - клікаў: - Гэй, Клеменс! Выпі, ну, з намі. Каб карова была здаровая!

Хлопец выпіў да дна пададзеную яму чарку і, упадаючы ў шал весялосці, падскочыў да бочкі, што стаяла ў куце, пахіліў яе і выліў з яе ваду на падлогу.

- Каб карова столькі малака давала! - крыкнуў.

Хата аж затрэслася ад рогату, кабеты пішчалі, прыўздымалі спадніцы і ўцякалі ў супрацьлеглы кут. Шырокі струмень вады плыў ад сцяны да сцяны, несучы па спадзістай няроўнай падлозе кінутыя раней шкарлупкі ад яек, агуркоў, селядцовыя галовы і хвасты. Клеменс знік у віры сялянскага тлуму, які акружыў яго з чаркамі ў руках, дзе быў таксама і Сымон, што ўсё цягнуў яго за рукаў і з чаркаю ў руцэ мармытаў:

- Пазыч грошай, Клеменс, змілуйся, пазыч... хоць залатоўку... усе свае ўжо прапіў... Горкая мая доля і дзетак маіх...

Ужо зусім сцямнела. Карчомныя прыслужнікі паставілі на сталах у розных месцах памяшкання тры тонкія свечкі з лою ў медных, пакрытых тлушчам падсвечніках.

Сцяпан Дзюрдзя да гэтага часу голасна вёў рэй у нейкай невялікай грамадцы, відаць, узрадаваны тым, што хоць раз дзе-небудзь і кім-небудзь мог кіраваць. Калі бліснула святло, заўважыў ён акружанага жыхарамі Сухой Даліны старшыню, які штосьці паважна ім гаварыў. Цёмны, зморшчаны твар Сцяпана паружавеў ад ажыўленай гутаркі, дзе ён быў у цэнтры ўвагі, а таксама і ад выпітай гарэлкі. Аднак зацікавіла яго, пра што суседзі размаўляюць са старшынёй і, прысунуўшыся да іх, пачаў слухаць.

- Так ужо трэба, вашэці грамада, - казаў старшыня. - Іначай няможна, без гэтага ўжо нічога. Планіпатэнтаў сабе выбераце, каб ад усіх вас пайшлі ў горад і гадваката нанялі... Найперш, планіпатэнтаў выбраць... а потым гадваката наняць. Усёй грамадой не будзеце да гадваката і ў суд хадзіць... Планіпатэнты вашы будуць хадзіць... у які-небудзь дзень збярыцеся ў старасты і зрабіце нараду, каго выбраць, хто ў вас наймудрэйшы і хто заслугоўвае найбольшай павагі!

Дзюрдзі, Будракі, Лабуды стаялі перад старшынёй, уважліва яго слухаючы. Калі ён скончыў, азвалася колькі галасоў:

- Навошта нам на потым адкладваць! Мы і зараз можам выбар зрабіць... хай спадар старшыня сведкам будзе.

- Але, - пацвердзілі іншыя, - можам, чаму не можам.

- Мы ж не ўсе тут, - запярэчыў нехта.

- Нічога! Што мы тут пастановім, на тое ўсе і пагодзяцца, - настойваў стараста Сухой Даліны Антон Будрак.

- А колькі тых планіпатэнтаў трэба? - спытаўся Пётра.