10894.fb2 Выбраныя творы - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 45

Выбраныя творы - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 45

- Трое, - адказаў старшыня, - больш не трэба, але трое, то ўжо абавязкова трэба.

Сцяпан у гэты час пацягнуў Пётру за рукаў і шапнуў:

- Скажы, Пятрук, каб мяне за планіпатэнта выбралі...

Але некалькі галасоў заглушыла ягоны шэпт.

- Найперш то ўжо старасту просім...

Круглы, пульхны, з рыжаватым вусам і кірпатым носам твар Антося засвяціўся, як поўня.

- Добра, - адказаў, - буду, чаму не буду? А больш каго?

Сцяпан ужо ўсім кулаком Пётру ў бок ударыў.

- Ну, азавіся ж... скажы, каб мяне выбралі...

Ягоныя вочы гарэлі прагай вылучэння, а можа, і звязанай з ёй прагай актыўнай дзейнасці. Але сяляне другім планіпатэнтам вылучалі старога Лабуду, які, драпаючы сабе лысіну, прасіў, каб яго звольнілі ад гэтых клопатаў, а абцяжарылі імі лепей каго-небудзь з ягоных сыноў. Самы старэйшы Піліп засведчыў сам, што не адмовіцца, хоць і цяжка яму будзе пакідаць гаспадарку і ездзіць у горад, але не адмовіцца.

- Няхай будзе Піліп, - пагадзіліся сяляне.

- Ну, а трэці? - спытаўся старшыня.

- Трэцім няхай ужо будзе Пётра Дзюрдзя...

Пётра выпрастаўся так, як тады, калі выбіралі яго старастам, і з раз'яснелым тварам падзякаваў за пашану. Сцяпан зноў ударыў яго кулаком у бок.

- Скажы, Пятрук, каб мяне чацвёртым выбралі...

Пётра, заклапочана падносячы руку да валасоў, усё ж азваўся:

- Можа б, чацвёртым Сцяпанку выбраць.

- Не трэба чацвёртага, - закрычалі з усіх бакоў, - спадар старшыня сказаў, што трэба трое, больш не трэба...

- То, можа, на маё месца Сцяпана абярыце, - запрапанаваў Піліп Лабуда. - І праўда, - дадаў, - мне цяжка будзе і не хочацца...

- Не хочам Сцяпана! - крыкнулі ўсе. - Нашто ён нам? З іншымі планіпатэнтамі толькі сварыцца будзе... і хто першы, і пра ўсё...

- Яшчэ гадваката паб'е, - азваўся нехта са смехам.

Крывавая чырвань заліла Сцяпану твар, ён улез у самую сярэдзіну грамады і пачаў крычаць. Даказваў, што выбары не былі справядлівымі, бо не прысутнічалі тут усе гаспадары Сухой Даліны, што павінны выбраць яго планіпатэнтам, а калі не, дык ён пойдзе ў суд... Усчалася калатнеча і дайшло б, напэўна, да кулакоў, але старшыня ўстаў з лавы і пачаў крычаць на Сцяпана, не шкадуючы грубай лаянкі і мянушак. Адчуваў ён сябе асабіста абражаным.

- Як гэта незаконныя? - крычаў. - Калі я тут быў, то ўсё па закону! Я тут найвышэйшы і ўсё магу рабіць... Мяне сам цар над вамі паставіў... калі захачу, зраблю ласку, а калі захачу, на катаргу вышлю...

Сцяпан на момант сумеўся, але потым зноў па-заліхвацку запатрабаваў у арандатара гарнец гарэлкі і разам з некалькімі прыязнымі яму людзьмі непадалёк ад старшыні пачаў піць чарку за чаркай.

У гэты час Пётра, расслаблены пітвом, усцешаны гонарам, які на яго выпаў, таксама частаваў старшыню і суседзяў.

- Дзякуй! Спадар старшыня! Дзякую, вашэці грамада! - безупынку паўтараў ён, а потым, спыніўшыся перад Антонам Будракам з чаркаю ў руцэ і прыжмуранымі вачамі, сказаў: - Ты планіпатэнт і я планіпатэнт, ты стараста і я стараста... дык і пацалуемся...

Цалаваліся так гучна, нібы коркі з бутэлек выскоквалі...

Агульная п'янка дасягнула ў гэты час высокай ступені, але вызначалася пэўнай асаблівасцю. Людзей, такіх, як Сымон Дзюрдзя, што напіваліся самі па сабе і без ніякай прычыны, было вельмі мала. Большасць упівалася ўсмерць, але ў кампаніі з прычыны барышоў і аказій, а аказіяй тут было ўсё: прададзены конь, купленая карова, спатканне са знаёмым, замірэнне з пасвараным, памінкі па бацьку, які год таму памёр, намер ажаніць сына альбо выдаць замуж дачку. Вясёлая ці сумная падзея, набытак альбо страта, сяброўства ці сварка, надзея ці расчараванне - усё вяло да пачастунку, які шматразова аддзячваўся тым самым. У хаце панаваў нечуваны гоман галасоў, настроеных на розныя тоны, і рух, які выяўляў розныя ступені і прыроду ап'янення. У адным месцы ішла бойка, якая скончылася выкідваннем за дзверы пераможаных, у іншым прыціскалі да сцяны жыда-арандатара, які крычаў ад страху альбо таксама лаяў сялян, што абражалі яго, у іншым жа месцы два хлопцы, узяўшы рукі ў бокі, падобныя на двух раззлаваных пеўняў, калыхаліся адзін перад другім, манатонным голасам вымаўляючы адны і тыя ж словы. Некалькі жыхароў Сухой Даліны з чаркамі ў руках лезлі цалаваць старшыню, які таксама на добрым падпітку рассеўся на лаве і так ужо насунуў на твар сваю вялікую шапку, што з-пад яе была відаць, бадай, толькі адна ягоная рудая барада. Сяляне, аднак, далезлі да ягоных шчок і, цмокаючы ў іх, паўтаралі:

- Ты ў нас найвышэйшы, ты над намі ўсімі, як бацька...

Сымон, наадварот, пайшоў да яго зараз з раззлаванай мінай.

- Ты мне гаспадарку апісваць не смей! - крычаў. - Бо як апішаш, заб'ю... далібог, заб'ю... хоць ты і старшыня, а такі заб'ю... і будзе табе шабаш!

Пётра Дзюрдзя стаў насупраць Максіма Будрака.

- У цябе дачка, - казаў. - А ў мяне сын... хай будзе пахвалёны Пан Бог Найвышэйшы.

А Будрак у гэты час гаварыў:

- У цябе сын, а ў мяне дачка... Чаму не можа быць волі Божай... будзе... толькі сватоў прысылай...

- Прысылай! - пацвярджальна паўтарыў Пётра і, узносячы ўгору ўказальны палец, зморшчыўшыся, пачаў зноў: - У цябе дачка, у мяне сын... няхай, як той казаў, Божая сіла пераможа чартоўскую сілу...

Тады Клеменс пацягнуў бацьку за рукаў кажуха:

- Едзем дахаты, татку! - запішчаў тонкім з просьбаю галаском.

Ён таксама быў п'яны, але яшчэ пры памяці. Захацелася яму дахаты, каб як найхутчэй аддаць абразок Настцы. Пётра глянуў на сына як бы здзіўленымі вачыма і са злосцю закрычаў:

- А ты хворы быў! Ледзь не памёр! Чартоўская сіла хваробу тую табе зрабіла...

Клеменс плюнуў.

- Каб яна свету не ўбачыла, тая, што мне такой бяды нарабіла! Едзем дахаты, татку!

І за рукаў кажуха цягнуў да дзвярэй бацьку, які, даючы сыну весці сябе, азіраўся на Максіма і крычаў:

- Памятай, Максім! У цябе дачка, у мяне сын... Хай перад нябесным валадарствам згіне чартоўскае валадарства...

У самым парозе бацька і сын наткнуліся на Сымона.

- А ты чаго тут яшчэ лайдачыш! - крыкнуў на сваяка Пётра. - Дахаты табе... а то апошнюю капейку прап'еш...

- Ужо і прапіў... - адразу ж пачаў плясці Сымон, - ужо тое, што за жыта і гарох узяў, да астатняй капейкі прапіў... ужо і шабаш мне і дзеткам маім...

Выходзячы, Пётра і Клеменс выпхнулі сабою Сымона ў сені, а потым на двор, застаўлены яшчэ сялянскімі санямі і коньмі, хоць частка бяседнікаў ужо і раз'ехалася. Тут убачылі Сцяпана, які здымаў з шыі свайго каня торбу і збіраўся ад'язджаць.

- Гэй, дзядзьку! - крыкнуў Клеменс. - Пачакай, разам паедзем...

Сцяпан, п'яны, быў пануры і злосны; ён у адказ вылаяўся праз зубы, а потым крыкнуў Пётру: