10894.fb2
- А ты не лайся... бо няма за што... няхай будзе пахвалёны Пан Бог Найвышэйшы на векі вякоў... - адказаў Пётра.
Сымон таксама лез на свае сані, мармычучы:
- Не дала... шэльма... ведзьма грошы не дала... каб яна гэтага свету не бачыла... а зараз табе і дзеткам тваім шабаш!
Трое саней Дзюрдзяў, першыя з якіх займалі Пётра з Клеменсам, адначасова ад'ехалі ад карчмы і, праехаўшы дробным трушком праз мястэчка, апынуліся неўзабаве сярод засланых снегам палёў. Холадна. Мароз невялікі, можа, дзесяць градусаў, не больш, але дзьме моцны вецер і ўздымае з зямлі воблакі снегу. Зверху таксама падае снег, драбнюткі, як пыл, цвёрды і густы. Месяц свеціць, але яго не відаць за цёмнымі хмарамі, што зацягнулі ўсё неба, і хоць ноч і не цёмная, мала што можна ўбачыць праз гэтую снежную імглу, якая падае зверху і падымаецца з зямлі. Вецер закручвае яе ў клубы альбо вялікімі посцілкамі распасцірае ў паветры, а святло месяца з-за белых воблакаў насычае рухомае іхняе нутро белым святлом, якое нічога не асвятляе.
Толькі шэсць вёрст аддзяляе мястэчка ад Сухой Даліны, і амаль уся дарога, якая вядзе туды, абсаджана дрэвамі.
У снежнай імгле гэтыя дрэвы шарэлі, як прывіды, што блукаюць па полі, але Дзюрдзі распазнавалі іх час ад часу і, падсцёбваючы коней, пакідалі за сабой усё большую адлегласць. Ніхто з іх не спаў, Пётра часам набожна ўздыхаў ці штосьці шаптаў, Клеменс колькі разоў пачынаў насвістваць, Сцяпан змрочным голасам падганяў свайго каня, Сымон, амаль лежачы на сваіх санях, зрабіўся надзіва гаваркім і крыклівым. Шум і свіст ветру заглушалі ягоныя словы, ён, аднак, не дбаў пра тое, ці слухае яго хто, лаяўся, камусьці пагражаў, на нешта жаліўся і некага праклінаў. Раптам Клеменс крыкнуў:
- От і Прыгоркі!
Такую назву меў узгорак, парослы дубовым і бярозавым лесам, можа, на паўтары вярсты аддалены ад высокага крыжа, адкуль ужо была кароткая і прамая дарога да Сухой Даліны. Адгэтуль ужо толькі вярсты дзве аддзялялі іх ад вёскі, але тут знікалі прыдарожныя дрэвы і адкрывалася гладкая раўніна з невялікімі пагоркамі каля самага крыжа, якіх у снежнай замеці не было відаць.
Мінулі Прыгоркі і нічога ўжо перад сабой не бачылі. Бель і бель, на небе, зямлі і ў паветры. Снег і снег усюды; ані дрэва, ані верставога слупа, ані якога пагорка. Клеменс павярнуў лейцамі налева. Сані адразу ж зарыліся ў снег.
- Куды ты паехаў? - гукнуў Пётра.
- Добра, татку, так трэба, - адказаў хлопец і весела засвістаў.
Насамрэч, калі б хто ў яго спытаўся, навошта ён павярнуў улева, калі ад Прыгоркаў да Сухой Даліны дарога цягнулася прамая, як струна, ён не змог бы адказаць. Быў упэўнены, што зусім не паварочваў, і пры нагодзе ўрачыста аб гэтым прысягнуў.
Тыя двое зусім не кіравалі сваімі коньмі. Абодва ляжалі на санях: Сцяпан панура маўчаў, нібы слухаючы пошум ветру, Сымон - усё гаварыў і лаяўся. Ехалі. Коні часам тапіліся ў снезе і вылазілі з яго з цяжкасцю, часам на гладзейшай прасторы беглі сабе трушком, часам жа пад палазамі адчуваліся загоны, якія агаліў вецер. Ехалі не дарогай, а полем і не звярталі на гэта ніякай увагі, пакуль зноў не замільгалі перад іхнімі вачыма ўзгоркі і лес Прыгорак.
- А што ж гэта! - усклікнуў Клеменс. - Зноў Прыгоркі?
- Аааа! Як ты едзеш? - здзівіўся Пётра.
Вырваў лейцы з сынавых рук і, хочучы зрабіць цалкам супрацьлеглае таму, што рабіў той, павярнуў каня направа.
- Не туды! - са сваіх саней закрычаў Сцяпан.
- Туды, не бойся, туды, - пракрычаў яму Пётра і ехаў зноў датуль, пакуль ягоны конь не загруз па калені ў нейкім рове.
- Аааа! - здзівіўся селянін. - Такі зноў не туды паехалі!
Без вялікай цяжкасці, ноканнем і лейцамі падганяючы жвавага коніка, ён выбраўся з рову і павярнуў назад. Двое іншых саней павярнулі таксама, але так, што Сымон цяпер апынуўся наперадзе. Ехалі і ехалі, пакуль Сцяпан са сваіх саней не крыкнуў да Пётры:
- Зноў Прыгоркі!
- Цьфу! Згінь, прападзі, нячыстая сіла! - сплюнуў Пётра і закрычаў да Сымона: - Павярні назад!
- Нашто мне назад, калі так добра! - адказаў новы павадыр.
- Можа, і добра! Ці ж я ведаю, - буркнуў Пётра.
Клеменс пачаў дрыжаць і стукаць зубамі.
- Татку, - азваўся, - мне здаецца, што зноў мяне тая хвароба бярэ!
Але гэта была не хвароба. Проста ў яго, непрызвычаенага яшчэ да алкаголю, пачала балець галава ад выпітага, а віхор працінаў кажух і дабіраўся холадам ажно да самых касцей. Пётра плюнуў зноў і пачаў шаптаць:
- Пане нябесны, валадару зямлі, злітуйся над намі грэшнымі!..
- Паварочвай! - крычаў цяпер на Сымона Сцяпан. - Паварочвай, Сымон! Не бачыш, што пад стаў прыехалі?
Ён распазнаў сярод снежнай завеі цені дрэў, што раслі над берагам става. Магутны голас яго прабіўся праз шум ветру і дайшоў да вушэй Пётры, які адразу ж павярнуў каня. За ім павярнулі і двое іншых.
Амаль гадзіна прайшла з таго часу, як, напаўпрытомныя, аслепленыя снежнай замеццю, яны кружыліся так па раўніне, не могучы трапіць на дарогу, якую шмат разоў у розных месцах пераязджалі ўпоперак.
- Чорт туман у вочы пускае! - азваўся Пётра.
- Але, - пацвердзіў Клеменс, які ўсё больш дрыжэў ад холаду.
Сцяпан прабурчаў сам сабе:
- Прыйдзецца чалавеку змерзнуць, як сабаку.
А потым дадаў:
- Калі б са мной так сталася, дык тая нягодная зусім бы ўжо Казюка замучыла...
І ўздыхнуў.
А Сымон на сваіх санях лямантаваў:
- Ой, горкая, горкая доля мая і дзетак маіх!
Тут Клеменс крыху прыўзняўся на санях і ўшчэнт перапалоханым голасам крыкнуў:
- Зноў Прыгоркі!
Пётра прыўзняўся таксама і напружыў зрок.
- А як жа! Прыгоркі, - пацвердзіў. - Чорт водзіць, такі ўжо няйначай... Чорт узяўся сёння за нас, туман у вочы пускае і водзіць...
- Па адным месцы водзіць... - заўважыў Клеменс.
- Але, па адным месцы. Чорт няйначай... злазь з саней...
Вылез з воза і паклікаў сына:
- Будзем дарогу шукаць...
Калі яны вылезлі, Сцяпанавы сані, наехаўшы, сутыкнуліся з іхнімі і палазамі зачапіліся за палазы.