10894.fb2
Ён паглядзеў на яе са здзіўленнем, амаль з жахам, але зноў адвёў позірк, бо гарачы румянец твару дзяўчыны і бляск яе чорных вачэй нібы апёк яго жарам.
- Дык чаму ж тады вы збіраецеся ад іх ісці? - запытаў ён.
- Чаму? Ды проста так! Я нідзе доўга жыць не магу. Хай сабе будуць самыя найлепшыя гаспадары, а на адным месцы я заўсёды знуджуся і - бывайце! Шукайце тады ветру ў полі. Гэткі ўжо ў мяне характар. Аднак і я хачу ведаць, хто вы?
- Хто я такі? Цікава? Ды я чарвяк...
Ён задумліва ўсміхнуўся, а яна звонка зарагатала.
- Няма чаго смяяцца, - сказаў ён павольна. - Паміж чалавекам і чарвяком розніца малая. Чарвяка есць рыба, а чалавека зямля. Ці пан ты, ці мужык, ці кароль, ці парабак - кожнага зямля праглыне, як рыба чарвяка. Вось так!
Яна слухала яго з цікавасцю. А калі скончыў - заўважыла:
- Разумна гаворыце, але сумна. Што там думаць аб смерці, калі жыць часам так добра?!. Не заўсёды, але бывае... Ой, і добра! А чым жа вы займаецеся?
- Я рыбак.
- А дзе жывеце?
Ён назваў вёску, у якой жыў.
- Селянін? - вагаючыся, запытала яна.
Ён кіўнуў галавой.
- Вось дзіва! Колькі жыву на свеце, ніколі яшчэ так доўга не размаўляла з ніводным селянінам! А чаму ж вы гаворыце не па-мужыцку?
- А чаму ж мне не гаварыць таксама, як вы... калі я ўмею?
- Цікава, селянін, а такі ветлівы, разумны! А ведаеце, зблізку вы выглядаеце значна старэйшым, чым здалёк. Калі былі на сярэдзіне ракі, я думала, што гэта нейкі малады хлапец плыве, а цяпер бачу, што вам, мабыць, гадоў сорак будзе!
Яна дзівілася, рагатала, размахвала рукамі, то адной, то другой нагой боўтала ў вадзе, выкідаючы маленькія фантаны пырскаў, і ўсё мільгала перад ім залацістасцю свайго цела, чарнатой валасоў, бляскам вачэй, беллю зубоў.
- Але нічога, - дадала. - Хоць маеце сорак гадоў, а мужчына хоць куды!.. Прыгожы...
Гаварыла яна ўсё гэтак жа гучна, ані не бянтэжылася і не апускала вачэй. Яна нават ухапілася цёмнай гібкай рукой за нос чаўна і нібы хацела наблізіцца да яго, абы даўжэй затрымаць пры сабе. Ён таксама перастаў ужо сарамліва адводзіць ад яе вочы і глядзеў, не хаваючы захаплення. Яна зблізку выглядала таксама не такой ужо і маладой: твар яе з прыгожа акрэсленымі дробнымі рысамі ўжо трохі прывяў, колер яго быў нездаровы, вялікія вочы глыбока запалі пад ілбом, над якім ніткі чорных валасоў крыжаваліся з некалькімі тонкімі, як валаскі, рыскамі маршчын. Мела, напэўна, гады трыццаць два, і, відаць, жыццё яе не было асыпана ружамі. Але, нягледзячы на гэта, была яна вельмі жвавая, імклівая, нагадвала сабой яркі прамень, і ў вачах яе, у рухах, усмешках і нават нездаровым колеры твару было нешта такое, што вабіла, цягнула да сябе. Асабліва здзіўляла ў ёй спалучэнне рыс на першы погляд вельмі супярэчлівых: нервовай напружанай сілы і хваравітай кволасці, нястрыманага вясёлага свавольства і нейкага глыбокага цярпення. Калі яна сціскала раптам свае малыя вусны і позірк яе рабіўся пануры, здавалася, што яе мучыць нейкі спазм болю ці злосці.
- І не сумна вам увесь час плаваць і лавіць рыбу? - запытала яна, абапіраючыся рукой аб нос чаўна.
- Чаму ж гэта сумна? Мне вельмі добра, - запярэчыў ён з усмешкай.
- Вазьміце калі-небудзь мяне на раку. Хоць на гадзінку-дзве! Мне ніколі не даводзілася так доўга плыць у лодцы... Каб вы ведалі, як мне тут сумна... Сумна!..
- А чаму сумна? Работы, мабыць, хапае?
- Работы хапае! У паноў нас толькі дзве - я ды кухарка, больш няма нікога: ні фурмана, ні лёкая не трымаюць. Пан стары, увесь час чытае кніжкі, а пані ад злосці, што пан стары, да ўсяго чапляецца, усё ёй нядобра, усё не так: то вельмі хутка, то вельмі марудна, то вельмі холадна, то вельмі горача... Дзяцей ажно трое, а гэткія невыносныя, барані Божа! Гасцей амаль ніколі не бывае. Цалюткі дзень круцішся, як тая вавёрка ў коле, а добрага слова ніколі не пачуеш, людскога аблічча не ўгледзіш. Каб гэтую вёску д'яблы ўзялі! У горадзе куды лепш!
Ён слухаў уважліва, пасля паважна і павольна адказаў:
- Вёску няма чаго праклінаць! Добраму чалавеку скрозь добра, а дрэннаму - дрэнна!..
Яе твар загарэўся ўласцівым ёй крывавым, хутка знікаючым румянцам.
- Выходзіць, я дрэнная?
Аж затрэслася ўся і, плюнуўшы ў ваду, сказала да сябе:
- Вось хам!
Ён не пачуў, а можа словы гэтыя яго зусім не абразілі, бо спакойна махнуў рукой:
- Адкуль жа мне ведаць, ці вы дрэнная, ці добрая? Я проста так сказаў... А калі мне па вас прыехаць?
У сціснутых вуснах яе і панурым позірку рыбак заўважыў той самы спазм болю ці злосці, які надаваў яе абліччу выраз глыбокай пакуты, і яму стала шкада яе. Апрача павагі і задуменнасці ў ясных яго вачах свяцілася часамі і глыбокае спачуванне да людзей.
- На свеце ўсе грызуць адзін аднаго, не дзіўна, што і вас нейкае ліха грызе... Хіба я ведаю якое? Калі хочаце, паважу вас крыху для весялосці па рацэ. Чаму не? Чаўна майго ад гэтага не ўбудзе! Дык калі па вас прыплыць?
- У нядзелю! Калі ласка, у нядзелю прыплывіце!.. Гаспадары мае з дзецьмі ў горад паедуць, а я адна дома буду, толькі з кухаркай... Ой які ж вы добры чалавек!.. Хай Бог вам заплоціць! Вось пагуляю! Не спадзявалася, што ў гэтай пустэчы такога мілага чалавека сустрэну.
Яе пахвальба, відаць, цешыла яго, а можа што іншае радавала, - толькі ўсміхаўся ён усё шырэй, нібы яе шумная весялосць, якая так хутка прыйшла пасля смутку і злосці, перарадзілі яго.
- У нядзелю прыплывіце... Сёння што? Серада! Ой, яшчэ чатыры дні. Ну, што ж рабіць? На што-небудзь добрае і чакаць добра. Вось пагуляем па Нёмане! А цяпер бывайце здаровы, да пабачэння, бо ногі мае ўжо зусім задубелі!
- Вада цёплая, не выдумляйце! - пажартаваў ён.
- О, не! Ногі мае закалелі, і дадому бегчы трэба, самавар ставіць, бо як прачнуцца, а на стале самавара не будзе, пачнуць крактаць, як тыя сарокі. Да пабачэння! Дзякую!
Ступні яе, як рыбы, плюхнуліся ў вадзе, у два скокі яна апынулася на пясчаным беразе і, нахіліўшыся, пачала збіраць мокрую бялізну. А ён, злёгку заграбаючы вяслом, павольна адплываў. Ён адплыў ужо даволі далёка ад берага, калі пачуў раптам за сабой вокліч:
- Пачакайце! Гэй, пачакайце!
Ён азірнуўся і спыніў човен, які загойдаўся на хвалі. Уся ў ззянні сонца, дыск якога ўжо высока яснеў над гарызонтам, стаяла яна, яшчэ больш раскалмачаная, са стосам мокрай бялізны, і крычала:
- А як ваша імя? Як завуць вас?
- Павел Кабыцкі! - адгукнуўся.
- А я Францішка Хамцуўна! - усклікнула яна і пабегла па роснай траве на гару. На сярэдзіне гары спынілася, кінула позірк на далёкі човен, і з яе бледных прывялых вуснаў бліснулі белыя зубы.
- Прыгожы хам! Хоць не такі ўжо малады, але прыгожы і нейкі мілы... мілы...
Апусціўшы галаву, яна задумалася, перабіраючы пальцамі мокрую бялізну.
У нядзелю Франка ні на хвіліну не адыходзіла ад акна кухні, з якога быў відаць Нёман. За гэтыя чатыры дні яна яшчэ больш схуднела і павекі яе пацямнелі. У прыгожых прунэлевых чаравіках, у накрухмаленай паркалёвай сукенцы і жоўтай шаўковай хусцінцы на гладка прычэсаных, але, таксама як і тады, распушчаных нядоўгіх валасах, яна сядзела нерухома ля акна, глядзела на раку, моцна сцяўшы вусны. На дачы было пуста і ціха. Старая кухарка, тупаючы па кухні, дарэмна спрабавала ўцягнуць сяброўку ў гутарку, а таму, з'еўшы абед, хусцінкай закрыла твар, каб не перашкаджалі ёй мухі, і заснула.
Франка не ела нічога. Раніцай яна выпіла шклянку чаю, а за абедам некалькі разоў паднесла лыжку да рота, пасля кінула яе на талерку ды зноў села ля акна. Відаць было, што ежа ёй сёння не лезла ў горла. З кожнай хвілінай яе ўсё больш агортвала нецярплівасць. Часамі на яе панурым абліччы бліскалі ў пагардлівай усмешцы белыя зубы.