10894.fb2 Выбраныя творы - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 49

Выбраныя творы - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 49

- Можа, і зусім не прыедзе! Дурань! Хам!

Раптам яна ўскочыла з лаўкі і, усклікнуўшы: «Едзе! Далібог, едзе!», - як звар'яцелая кінулася з дома. Птушкай зляцела яна з зялёнай гары ўніз на пясчаны бераг Немана і, пачырванеўшы, замахала рукамі насустрач чаўну:

- Добры вечар! Добры вечар! А чаму так позна? Я ўжо думала, што вы ашукаеце, не стрымаеце свайго слова, не прыедзеце! Хіба гэта прыгожа, каб я вас так доўга чакала? Чаму так позна?

Відаць было, што за чалавекам, які ёй спадабаўся, за новымі ўражаннямі і забавамі жанчына гэта гатова была паляцець хоць на край свету, што адсутнасць іх магла давесці яе да вар'яцтва.

Паплылі. Спачатку Франка вельмі баялася вады, з якой ніяк яшчэ не звыклася. За кожным пакалыхваннем чаўна яна вішчала і хапала Паўла за рукі і світку. Гэта яго вельмі смяшыла. Ён ніколі не думаў, што нехта можа так баяцца вады. Пры гэтым Франка выгіналася ўсім сваім целам і ўзмахвала рукамі, нагадваючы то спалоханую кошку, то дзіця.

Павел, каб яе супакоіць, засмяяўся так гучна і сардэчна, як смяяўся, мабыць, усяго некалькі разоў у жыцці. Нарэшце Франка і сама пераканалася ў тым, што човен толькі калышацца, але і не думае абярнуцца, і, супакоіўшыся, пачала сваволіць. Вада была ціхая, блакітная, злёгку пазалочаная сонцам, якое хілілася да захаду, пакрытая мноствам дробных маршчын, што плылі адна за адной, аднастайна, без шэлесту, рассыпаючы кроплі-перлы, успыхваючы часам дробнымі агеньчыкамі. Нахіліўшыся, Франка лавіла сваёй малой загарэлай далонню гэтыя перлы і агеньчыкі, а пасля з цікаўнасцю і асалодай прыглядалася да струменяў расплаўленага крышталю, які сцякаў з яе пальцаў.

- Ой, каб нанізаць іх ды зрабіць пацеркі на шыю і завушніцы! - усклікнула Франка. - Кажуць, што з крышталю яны вельмі дарагія. А мне яны так падабаліся, так падабаліся, што вытрымаць не магла. Бывала, як толькі гаспадыня выходзіла з дому, а мяне куды-небудзь запрашалі, заўсёды іх надзявала...

- Гэта нядобра, - заўважыў Павел.

- Вось яшчэ! Я ж не ўкрала іх... Як прыйду дадому, адразу здыму, пакладу на месца, і ніхто не заўважыць, што брала...

- Чужога нельга чапаць, бог гэта забараняе. Я бы саромеўся чужую рэч узяць.

Франка гарэзліва зірнула на яго, набрала поўныя прыгаршчы вады, лінула яму ў твар і засмяялася.

- Ой, ой які строгі!

Павел ніяк не мог у прысутнасці гэтай дзяўчыны захаваць сваю звычайную паважнасць і сур'ёзнасць. Абціраючы рукавом світкі твар, ён засмяяўся зноў:

- Дзіця, дый годзе! Ой, каб вас! Мяне аж дзіва бярэ, што такія, як вы, бываюць на свеце.

Франка ў гэтую хвіліну загледзелася на шырокія, нібы разложаныя на вадзе лісці, над якімі калыхаліся белыя і жоўтыя гарлачыкі і кружылася нязлічонае мноства малых ластавак, якія адбіваліся ў вадзе.

- Ой, колькі іх тут, гэтых птушачак!

Франка нахілілася да вады, сарвала жоўтую кветку і прымацавала да сукенкі.

- Пахне! - заўважыла яна радасна і раптам, паказаўшы пальцам на раку, усклікнула:

- Ай, што там?

Быў гэта, напэўна, вялікі шчупак, а можа і сом, які на момант выскачыў з вады і адразу схаваўся пад ёю, пакідаючы на паверхні шырокія кругі.

- Ага! Ты тут? - усміхнуўся Павел, пазіраючы на кругі - Хутка скончыцца тваё панаванне. Заўтра злаўлю цябе!

Пасля ён паказаў Францы скрыню, напалову апушчаную ў ваду, у якой захоўваў дробную рыбу для прынады. У сценках скрыні былі зроблены дзіркі, праз якія наплывала вада. Другая скрыня, значна большая, для захоўвання ўловаў, прызначаных на продаж, была непадалёк ад яго хаты. Франка з цікавасцю пачала распытваць Паўла, дзе ён прадае сваю рыбу і які з яе мае заробак, а калі Павел ахвотна, са сваім звычайным спакоем расказаў ёй усё, аб чым яна хацела ведаць, яна сцяла вусны і панура пакруціла галавой.

- Добра вам жывецца, - уздыхнула яна. - Хату ўласную маеце і заробак неблагі... можаце жыць, як той пан!.. Гэта зусім не тое, што ўсё жыццё па чужых кутах ацірацца, зносіць капрызы і злосць гаспадароў... Бывае, вядома, што часам і павесялішся, і парадуешся, але гэта ўсё роўна не жыццё... Хай бы яго д'яблы ўзялі, гэткае жыццё.

- Валачашчае жыццё, паганае! - пазіраючы на Франку і спачувальна ківаючы галавой, прамовіў Павел.

Яму зрабілася шкада Франку.

- Можа, хочаце выйсці на бераг і пахадзіць па гэтым востраве? - запытаў ён.

Франка радасна ўсклікнула:

- Ой, добра, добра! Плывіце да таго вострава. Які прыгожы востраў, як цудоўна тут пахне! Што гэта так пахне? Нават галава кружыцца...

Пасярэдзіне шырокай ракі, паміж высокай гліністай сцяной з аднаго боку і цёмным борам - з другога, на пазалочаным блакіце вады ляжаў авальны пясчаны востраў, зарослы дзіваннай і белымі гваздзікамі. Вялізныя кветкі дзіванны на цвёрдых сцяблах, пакрытых калматымі лісцямі, высока ўзнімалі свае жоўтыя кветкі, а ўнізе пад імі расло такое мноства гваздзікоў, што здалёк здавалася, нібы востраў пакрыты снегам. Далёка па рацэ разліваўся салодкі, моцны лясны водар, да якога дамешваўся пах зёлак і траў, якія фіялетава-ружовым дываном слаліся ля падножжа процілеглага бору.

Франка, як ашалелая, як п'яная, бегала па востраве, зрывала гваздзікі, нюхала іх, уторквала ў валасы, з якіх даўно ссунулася на шыю жоўтая хусцінка, са звонкім смехам поўнымі жменямі кідала кветкі на Паўла. А ён, нахіліўшыся, паволі збіраў і старанна складаў іх у букет. Неаднойчы з гэтага вострава прыносіў ён такія белыя букеты і стаўляў у малым гладышку на акне сваёй хаты ці аддаваў сястры, якая прыбірала імі святыя абразы. Нацешыўшыся гваздзікамі, Франка знікла ў гушчары дзіванны. У адным месцы расло яе столькі, што Франкі зусім не было відаць, толькі мільгала сярод зялёна-жоўтага зарасніку яе светлая сукенка.

Павел перастаў ірваць гваздзікі, задумаўся аб нечым. Франка, нібы птушка, шалясцела ў гушчары, час ад часу высоўвала адтуль галаву, і пранізлівы голас яе звінеў не сціхаючы.

- Але ж і трава! Вышэй за чалавека. І што гэта за трава?

- Мядзведжае вуха*, - сказаў Павел.

* Мядзведжае вуха - народная назва дзіванны.

Паволі на яго загарэлым твары з'явіўся румянец, нібы водбліск крывавага воблака, якое засталося на небе пасля таго, як сонца апусцілася за лес.

Франка, падкраўшыся да Паўла, раптам выбегла з гушчару дзіванны, якая закалыхалася ў паветры сваімі жоўтымі кветкамі. З расчырванелым тварам яна спынілася ля высокага сцябла дзіванны, узяла ў рукі шырокі ліст і сказала:

- Зусім як вуха малога звярка! Праўда? Такі калматы, мяккі, як аксаміт. У адной маёй пані быў сабачка, які меў такія самыя мяккія, аксамітныя вушкі!

Яна любавалася мяккай, пушыстай паверхняй ліста, пяшчотна гладзіла яго далонню, нібы ён і сапраўды быў нейкім мілым звярком. Раптам яна падскочыла да Паўла, закінула яму на плечы рукі, узняла на яго свае запалыя вільготныя вочы, якія ў змроку ззялі мягчэй, нібы прыгаслі.

- Як тут добра, прыгожа, весела, - усклікнула Франка. - Які ж вы добры чалавек, што беднай і незнаёмай дзяўчыне зрабілі столькі прыемнага. Я заўсёды вельмі ўдзячна таму, хто зробіць мне што-небудзь добрае. Такі ўжо ў мяне характар.

І раптам з гэтым павольным і паважным чалавекам сталася нешта дзіўнае. Чырвань заліла яму не толькі шчокі, але і лоб, блакітныя і заўсёды спакойныя вочы пацямнелі, успыхнулі нейкім панурым бляскам. Ён абхапіў дужай рукой тонкі стан Франкі, прыціснуў да сябе, схіліўся над ёю і наблізіў свае вусны да вуснаў дзяўчыны, але яна спрытна выслізнула з яго абдымкаў і, адскочыўшы, зноў спынілася каля дзіванны. Прыкрыўшы далонню вочы, яна са смехам усклікнула:

- Бач, які! Здаецца, добры, ветлівы, а такі самы, як усе. У чаўне павазіў і адразу платы хоча!

Словы гэтыя, відаць, балюча ўкалолі Паўла, бо ён адразу апамятаўся, пацёр рукой скроні і прашаптаў:

- Вось табе на! Яшчэ што прыдумала!

Узяўшы яе за руку, Павел збянтэжана сказаў:

- Глупства! Хіба я думаў што благое? Барані Божа, каб я вас з такой грэшнай думкай на раку павёз. Вось так, найшло на мяне нешта. Не гневайцеся і не бойцеся. Сядайце і адпачывайце, а я тым часам човен сюды прыганю і дадому вас давязу.

Франка села на гваздзікі і абедзвюма рукамі з усёй сілы ўхапілася за крысо яго світкі.

- Я не хачу дадому! - усклікнула яна. - Які гэта дом? Пекла, а не дом! Не адыходзьце ад мяне! Калі ласка, не адыходзьце! Я бы з вамі ні на хвілінку не разлучалася! Я бы за вамі ў ваду скочыла. Сядзьце каля мяне! Сядзьце!

Ад здзіўлення і збянтэжанасці Павел нават рот разявіў, аднак, крануты яе словамі, сеў побач з ёю.

- Бліжэй, - папрасіла яна, - бліжэй сядзьце, вось так.

Франка цягнула да сябе Паўла датуль, пакуль плячо яго не дакранулася да яе пляча. Пасля яна прыціхла і пачала глядзець на раку, якая каціла паўз пясчаны бераг ля самых іх ног свае шэрыя, нібы сталёвыя, хвалі. Надыходзіў змрок, неба пабляднела, і толькі светлыя аблокі, што плылі ў вышыні, паблісквалі срэбрам у шэрай яе глыбіні.