10894.fb2
- Скажыце мне... - задуменна пачаў Павел і раптам змоўк, перабіраючы пальцамі гваздзікі.
- Што сказаць? - запытала Франка.
- Скажыце мне, хто вы такая, як жылі. Ну, што вы пра тую плату...
Ён вырваў раптам з пяску цэлую жменю кветак і з нечаканай для яго імклівасцю зашаптаў:
- Ой, каб цябе! Язык у горле калом устаў! Сорам, дый годзе!
Франка выпрасталася і жыва загаварыла:
- Калі хочаце, я ўсё вам пра сябе раскажу: хто я і якая. Калі добры чалавек просіць, чаму ж не расказаць? Чаго-чаго, а роду свайго мне саромецца няма чаго. У дзядулі майго былі два ўласныя дамы, бацька служыў у канцылярыі, яшчэ маю заможнага стрыечнага брата. Ён адвакат у адным вялікім горадзе. Ключкевіч прозвішча яго. Жонку таксама з заможнага дому ўзяў і жыве як пан. Вось з якога я роду! З-пад сарочынага хваста не выскачыла! А што служыць пайшла, дык такая ўжо няшчасная мая доля... Бацькоў мне Бог даў шэльмаў.
- Пра бацькоў грэх так казаць! - спалохана спыніў яе Павел.
- Вось яшчэ! - злосна кінула Франка. - У вас усё грэх. А ў мяне што праўда, тое праўда. Я ніколі не хлусіла. Вось паслухайце ды скажыце, праўда гэта ці не.
Яна села выгадней на сваім квяцістым сядзенні, выцягнула ногі так, што ступні яе ў прунэлевых чаравіках павіслі над самай вадой. Гаворка яе была жывая, перамяжоўвалася то смехам, то ўздыхамі і плыла няспынна, як гэта вада.
Дзед яе, ангродскі мешчанін, меў два ўласныя дамы - напэўна, маленькія, бо назвала вуліцу, на якой стаяць толькі драўляныя халупы, - і яшчэ пры жыцці аддаў сына служыць у канцылярыю. У гэтай канцылярыі бацька Франкі, відаць, займаў самую сціплую пасаду і атрымліваў маленькую зарплату. Ён часта хадзіў у дзіравых чаравіках, бо ў дадатак да ўсяго быў яшчэ п'яніца. Піць пачаў яшчэ ў маладосці, трапіў, відаць, у дрэнную кампанію, а з часам і зусім распіўся. Маці, паводле слоў Франкі, была з добрага роду Ключкевічаў, нават на фартэпіяна ўмела граць. Калі мела яшчэ фартэпіяна, дык як пачне, бывала, граць польку ці мазурку, дык на суседніх вуліцах было чутно. Прыгожая была, любіла добра апранацца і мела шмат кавалераў. У доме іх бывала вельмі весела! Калі бацькі не было, да маці прыходзілі госці, гралі, спявалі, танцавалі. Але вяртаўся бацька і, п'яны або нават цвярозы, разганяў гасцей, а маці лаяў і біў. Спачатку толькі лаяў, а пасля і біў. Францы было якіх шэсць гадоў, калі яна ўпершыню ўбачыла, як маці цалавалася з кавалерам, і восем, калі маці ўцякла ад мужа да сваякоў. Тады Франка і два старэйшыя браты пачалі жыць, як тыя вераб'і, якія задавольваюцца толькі тым, што дзе-небудзь знойдуць зерне-другое, а саграюцца, калі пад страху якую пашанцуе зашыцца. Шкадавалі іх людзі, то той, то другі накорміць, на нейкі час дасць прытулак. Хлопцам было лепш. Адзін з іх падрос і ў войска пайшоў, а другі стаў мулярам, хоць мулярства, вядома, не адпавядала яго паходжанню, але што рабіць? Беднасць. Нядоўга і пажыў ён. Бледны быў, худы, як чарвяк. Аднойчы, відаць, закруцілася ў яго галава на рыштаванні, упаў ён на брук, скалечыўся, і хоць спачатку яго быццам вылечылі, а неўзабаве ўсе ж памёр.
Пра старэйшага, салдата, даўно ніякіх чутак ужо не было. Хлопцы як хлопцы, ім лепш на свеце, але яна сапраўднае пекла пазнала і з бацькам, і з тымі дурнямі, якія ёй, дванаццацігадовай дзяўчынцы, давалі пірожныя, арэхі, каб дазваляла сябе цалаваць. Казалі, што яна прыгожая, і гэта ёй падабалася, але самі яны не падабаліся ёй. Яна вельмі баялася іх, не хацела ні тых пірожных, ні арэхаў, хавалася ад іх. Аднак хавацца было цяжка, бо яна часта выходзіла на вуліцу, то з дзецьмі гуляла, то да добрых людзей хадзіла за кавалкам хлеба або за паленцам дроў. Дамы бацька даўно ўжо прадаў і разам з маці грошы прагуляў. А маці праз некалькі гадоў зноў да мужа вярнулася, бо дзядзька Ключкевіч тады памёр, а дзеці яго параз'язджаліся па свеце. Адзін сын яго ў вялікім горадзе жыве, адвакат і багаты, такі багаты! Дык вось, маці да мужа вярнулася. Але бацька тады ўжо ў канцылярыі не служыў, спіўся да рэшты, звар'яцеў, паўгода ў шпіталі прабыў і памёр. Маці яшчэ гады тры пажыла. Рукадзеллем займалася, бялізну шыла, з гэтага і жылі. Аб кавалерах тады ўжо і не думала, па цэлых начах кашляла і плакала, Франку пры сабе трымала, чытаць і шыць вучыла, а перад самай смерцю знайшла для яе месца пакаёўкі ў адной пані і, прывёўшы яе туды, на каленях прасіла, каб тая ўзяла сірату пад сваю апеку.
- Няшчасная! - заўважыў Павел.
- Ага! - з зацятай нянавісцю ўсхліпнула Франка. - А грошы тыя, што за дамы ўзялі, разам з бацькам прагуляла, нас жа дзяцей, як тых шчанят, кінула ды да сваякоў уцякла! Што з таго, што яна пазней, перад смерцю, дрыжала нада мной, як курыца над кураняткам? Я ёй ніколі не дарую таго, што яна раней на пагібель маю рабіла! Што з таго, што яна апамяталася толькі тады, калі ад яе скура ды косці засталіся і ніхто глянуць на яе не хацеў? Ды і тады, хай бы толькі нехта пальцам ёй кіўнуў, пабегла б зноў і на мяне забылася. Ого, як бы яшчэ пабегла! Я яе ведала! Толькі таму, што бог і людзі яе пакінулі, яна за мяне ўхапілася... А раней што было? Каб гэткіх матак свет не ведаў!
- Гэта праўда! Каб гэткіх матак свет не ведаў! - горача падтрымаў Павел.
Першая яе гаспадыня была добрая, абыходзілася з ёю лагодна, навучыла яе вязаць, мыць карункі, але гаспадар пачаў да Франкі заляцацца, і, хоць спачатку яна, баючыся і саромеючыся, выкруцілася ад яго, урэшце аднак ён свайго дамогся. Падабаўся ёй вельмі. Быў гэта першы мужчына, у якога яна шалёна закахалася, першы яе палюбоўнік, бо тыя, ранейшыя, пірожныя і арэхі давалі ёй толькі за пацалункі. А калі пані, даведаўшыся пра ўсё, адправіла яе з дому, ён даў ёй пяцьдзесят рублёў, якія яна за месяц пражыла, бо, плачучы па ім, нічога не рабіла, а, каб пацешыць сябе, праводзіла час у вясёлых кампаніях. Пасля знайшла месца ў іншым доме - і пайшло! Нельга і пералічыць усіх тых месцаў, якія дагэтуль змяніла.
Найдаўжэй толькі год служыла яна на адным месцы, ды і то ўсяго два разы. Звычайна ж пасля першай заўвагі гаспадыні кідала месца. І калі работы было шмат, а часу для гулянак мала, яна таксама кідала службу. І калі надакучыць глядзець штодзень на адны і тыя ж абліччы, таксама ішла. Праўда, не раз і самі гаспадары адпраўлялі яе з дому. І адпраўлялі толькі за дзве рэчы: за кавалераў і за злосць. У некаторых гаспадароў з гэтым вельмі строга: не любяць, каб пакаёўка з кім-небудзь гуляла, і як толькі што заўважаць, адразу выганяюць з дому. Ну, а іншым не даспадобы быў яе гарачы характар, бо яна ж абразіць сябе не дазволіць, на адно слова адкажа дзесяццю, а часамі так агрызнецца, што паны ад здзіўлення ды сораму язык праглынуць. Былі выпадкі, калі яна за грубіянства і перад судом стаяла. Першы раз вельмі баялася суда, а другі раз была там, як у сябе дома. І хоць штраф давялося заплаціць, але гаспадароў гэтых яна так на судзе размалявала, што, мабыць, да самай смерці помніць будуць...
Аднаго разу было горш: тры дні пад арыштам прасядзела без усякай прычыны. У адной яе гаспадыні знік каштоўны пярсцёнак, і яна, не пашукаўшы яго як след, накінулася на Франку: «Гэта ты ўкрала! Ты!» Колькі ні клялася тады Франка, колькі ні плакала - нічога не дапамагло. Выклікалі паліцыю, арыштавалі. І што ж? Пярсцёнак знайшоўся, гаспадыня сама закінула яго за камод. Ой, колькі Франка тады наплакалася! Пасля гэтая пані за дарэмнае абвінавачванне грошы ёй давала, але Франка з яе рук выхапіла паперку, падзёрла на шматочкі, нагамі растаптала і, вылаяўшы пані, пайшла. Ніколі ніхто не пакрыўдзіў яе так, як гэтая пані. Бо што праўда, то праўда, а што няпраўда, тое няпраўда. Часам здаралася, што якую-небудзь сукенку гаспадыні апранала, але заўсёды пасля клала яе на месца. Якая б яна ні была нядобрая, але трох рэчаў не робіць ніколі: не п'е, не крадзе і не хлусіць. Такі ўжо ў яе характар, што гэтага яна рабіць не хоча. Калі б ёй вельмі хацелася, дык напэўна б рабіла, але гэта яе не спакушае. Гарэлкі яна не выносіць, а прыгожую вопратку хоць і любіць, але не настолькі, каб праз яе на ганьбу ісці, хлусіць жа проста не ўмее, бо, калі пачне гаварыць, - усё чыста скажа, хоць бы і хацела язык свой стрымаць - не стрымае! Што ёй да людзей!
Вось і цяпер яна гаварыла, гаварыла. Казала, што палюбоўнікаў у жыцці мела шмат, а адзін з іх нават хацеў ажаніцца з ёю, але яна не пайшла за яго, бо быў нейкі недарэка і хутка ёй надакучыў.
Двух кахала без памяці і пайшла б за іх з ахвотай, былі яны далікатныя, выхаваныя, добрага паходжання... Але яны пра жаніцьбу з ёю не думалі, і абодва кінулі яе якраз тады, калі яна адчула да іх найбольшую прыхільнасць. Спачатку, калі яе кідалі, яна вельмі бедавала, валасы на галаве рвала, плакала. З часам аднак прывыкла да таго, што ў людзей няма ніякай вернасці, ніякага сумлення, і цяпер яна ні аб чым і ні аб кім не дбае. «Не гэты, дык другі!»-гаварыла яна сабе. І ніколі не трэба расчароўвацца. Яна ніколі яшчэ не бачыла, каб мужчыны бегалі за якой-небудзь жанчынай так, як за ёю. Усе кажуць, што яна танцуе прыгожа. Яна і сапраўды любіць танцаваць і не прапусціць ніводнай вечарынкі, на якой можна пагуляць і патанцаваць, хоць здараецца, што назаўтра пасля гэтай вясёлай гулянкі гаспадары выправаджваюць яе з дому. Але ёй тая служба, як сабаку пятая нага. Яна ведае, што адразу знойдзе новае месца, і ёй зусім нецікава, дзе і ў каго. Усюды чужыя людзі і чужыя сцены, усюды яна - сірата, якую ніхто па-сапраўднаму не палюбіць і не прыгарне.
Франка раптам заплакала і скрозь слёзы пачала жаліцца, што яна адна на свеце, што ніводная людская душа не дбае і не клапоціцца аб ёй. Калі яна аднойчы захварэла, яе адправілі ў бальніцу. Мусіць, і яна, як яе бацька, памрэ некалі ў бальніцы або яшчэ горш - пад якім-небудзь чужым плотам. А калі памрэ, дык і сабака па ёй не заплача, бо каму яна на свеце патрэбна і хто яе любіць? Яна расказвала пра ўсе крыўды, якія давялося выцерпець ад людзей, пра цяжкую працу, капрызы гаспадароў, пра ўсё, што прыйшлося ёй перажыць.
- Кожны мае некага, хто яго ў бядзе пацешыць, прыгарне, пашкадуе: маці, сястру, брата ці мужа... Я ж нікога не маю. Даў мне Бог сірочую долю, валачыцца па свеце загадаў і кожную кроплю радасці атрутай запіваць...
Па твары яе плылі слёзы, яна выцірала іх ражкамі шаўковай хусцінкі і гаварыла, гаварыла. І ва ўсім, што яна гаварыла, зусім не адчувалася цынізму, а хутчэй поўная адсутнасць сораму і суровая, палкая шчырасць. Адчуваліся ў ёй таксама назапашаная на працягу доўгіх гадоў неўтаймаванасць інстынктаў і горкая, злая крыўда на людзей і свет.
Франка істэрычна рыдала. Схапіўшыся раптам за галаву, яна ўсклікнула, што ёй страшэнна баляць скроні. Магчыма, гэты боль быў выкліканы дурнап'янавым водарам гваздзікі, а можа, гэта быў сімптом нейкай хваробы, якая пачынала мучыць яе мозг. Франка паскардзілася, што гэта ўжо не ўпершыню, што ўжо некалькі гадоў мучыць яе гэты боль і найчасцей тады, калі яна злуе, нервуецца або пасля вясёлай гулянкі. Сказаўшы гэта, Франка нарэшце заціхла, скурчылася і, сціснуўшы галаву рукамі, паволі закалыхалася ўсім сваім зграбным целам, седзячы пад сцяной высокай дзіванны над ціхай ракой, якая ўсё больш цямнела.
Што думаў і адчуваў, слухаючы яе доўгі расказ і седзячы побач з ёю, гэты паважны і спакойны чалавек, які ніколі не ад'язджаў далей навакольных мястэчак, дзе ён прадаваў свой улоў? Чалавек, душа і цела якога зжылася з вольнымі прасторамі ракі і неба, з чыстым паветрам, з глыбокай цішынёй самотных дзён і начэй, чалавек, вочы якога, нягледзячы на гады, захавалі дзіцячую нявіннасць і чысціню? Можа, ён, па-мужыцку плюнуўшы ўбок, груба штурхне яе ў човен і з пагардлівым маўчаннем павязе туды, адкуль узяў? Ці, выслухаўшы яе споведзь, захоча стаць адным з тых, аб якіх яна гаварыла, і дадаць яшчэ адну ганебную пляму да гразі, якой яна сябе пакрыла? А можа, палічыць яе вар'яткай або праклятай грэшніцай і, перажагнаўшыся, чым хутчэй уцячэ ад гэтага д'ябла ў жаночым абліччы?
Калі Франка расказвала, у вачах Паўла не аднойчы адбіваўся жах, а часамі ён сарамліва адварочваўся ад яе і перабіраў пальцамі гваздзікі ці ўглядаўся ў пацямнелую раку і са здзіўленнем і жахам ківаў галавой. Мабыць, бачыў тады замест вады чорную бездань, а ў ёй - вогненны дождж палаючай смалы.
Калі Франка змоўкла, ён нейкую хвіліну думаў, а пасля пачаў гаварыць:
- Бедная ты! Ой якая бедная! За ўсіх людзей на свеце бяднейшая! Я чуў, што недзе ў гарадах людзі так жывуць, але не верыў. Цяпер бачу, што гэта праўда... Валачашчае тваё жыццё... сірочае... і такое дрэннае, такое грэшнае, што барані Бог! Кінь ты ўсё гэта, апамятайся, пакайся... бо і на тым свеце дабра табе не будзе, загубіш ты душу сваю.
У голасе гэтым, што ў змроку шаптаў над галавой Франкі, не было нічога, апрача вялікай літасці. Тое, што не было ў ім ні знявагі, ні абыякавасці, вельмі ўразіла Франку. Звычайна гэтыя яе прызнанні выклікалі ў мужчыны выбух злоснай рэўнасці або зняважлівага смеху і нахабных паводзін. Аднак, калі Павел нагадаў аб пакаянні, яна здзівілася яшчэ больш.
- Глупства! - усклікнула яна. - У чым гэта, цікава, я павінна каяцца?
Яна і тут была шчырай: ніякай віны сваёй яна не адчувала. Заняты сваімі думкамі, Павел не звярнуў увагі на яе словы.
- І на гэтым свеце дабра табе не будзе, і душу сваю загубіш, - паўтарыў ён. - Чаму не быць сумленнай? Сумленнай быць добра. Калі чалавек ніякага граху на душы не мае, дык робіцца такім лёгкім, як тая птушка, што пад самае неба лятае. І смерць тады не страшная. Хоць бы і сёння памерці, усё адно, калі душа чыстая...
- Якая там душа? - узлавалася Франка. - Глупства ўсё гэта! Калі чалавек памрэ, дык яго ў зямлі чэрві з'ядуць - і канец.
- Няпраўда! Ёсць неба і пекла, вечнае збавенне і вечная пакута. І калі б на тым свеце нічога не было, дык усё роўна ў чалавеку ёсць нешта такое, што ў грахах ён купацца не хоча, як, напрыклад, цела ў лужыне. Каб табе загадалі ўлезці ў лужыну і сядзець там па вушы ў гразі - табе прыемна было б, га? А душа твая ў лужыне сядзіць. Ой, шкада мне цябе, шкада мне тваю душу! Дрэнна ёй будзе і на гэтым, і на тым свеце! Ведаеш што? Кінь ты сваё валачашчае жыццё. Якая табе ахвота аціраць чужыя куты. Ты ж чалавек, а не шмата? Мне здаецца, што чалавеку найлепш на адным месцы жыць. Сядзі і ты на адным месцы. Лепш ужо ўсё знось, цярпі, а сядзі на адным месцы. Прызвычаішся да людзей, палюбіш іх, і яны цябе палюбяць. А на тых, што цябе на грэх штурхаюць, плюнь! І добрых людзей сярод іх, відаць, няма, бо каб быў каторы з іх добры, дык з дзяўчынай, якая дзеля яго на сумленне сваё забылася, ажаніўся б. Хіба ў іх сумлення і літасці ніякай няма? Плюнь ты на іх! І на гэтыя вясёлыя кампаніі,. што да граха даводзяць, плюнь! Апамятайся, пакайся, тады і душу сваю выратуеш, і лягчэй табе жыць на свецеі стане.
Павел змоўк, а Франка зашаптала:
- Колькі на свеце жыву, а такога чалавека першы раз бачу. Ці ты які пераапрануты ксёндз, ці, можа, святы? Дзіва, дый годзе!
Яна засмяялася, спрытна, нібы кошка, ускочыла з месца і сказала:
- Ну, даволі гэтай гаворкі! Добра мне з вамі, але дадому трэба. Ужо вечар. Гаспадары хутка вернуцца з горада, а як вячэру не сабяру ды самавар не пастаўлю, пачнуць крактаць. Паехалі!
Пакінуўшы востраў, які бялеў у змроку, нібы плахта снегу, кінутая на раку, і ад якога даносіўся моцны водар гваздзікі, яны доўга і моўчкі плылі па цёмнай рацэ. Над імі рассцілалася зорнае неба, якое адбівалася ў вадзе. Франка маўчала. Здавалася, што яна заснула, скурчыўшыся на дне чаўна, амаль ля самых ног Паўла, які сядзеў на вузкай лавачцы. Але бліскучыя вочы яе з упартай нерухомасцю былі прыкаваны да ледзь бачнага ў цемры твару Паўла. А ён, нізка апусціўшы галаву, моўчкі заграбаў вяслом ваду, у якой адлюстраванне зорак, патрывожанае вяслом, рассыпалася вакол чаўна роем залатых іскраў. Човен плыў наперад пад няспыннае лагоднае журчанне, пад песню цёмных хваль, якая калыша стомленае сэрца і разбітую душу, навяваючы спакойны сон і светлыя мары.
Калі на высокім беразе паказаліся нерухомыя сілуэты дрэў вакол дачы, галава Франкі раптам схілілася на калені Паўла. З валасоў яе выпалі белыя гваздзікі, а з вуснаў паліліся ціхія словы:
- Ой які ж ты добры, які мілы, мілы, мілы! Такога добрага і мілага, як жыву на свеце, не бачыла. Такі прыгожы, добры, мілы! Каб ты стаў маім прыяцелем, нічога б на свеце больш не хацела... І ніколі не пакінула б цябе, хоць бы паміж намі бездань раскінулася! Хоць бы паміж намі сто сусветаў паўстала, праз горы і лясы да цябе пабегла б! Хоць бы паміж намі вялікае мора было, прыплыла б да цябе! А ўсё таму, што ты такі добры, так шкадуеш мяне. Ніхто ніколі не шкадаваў мяне, усе мяне крыўдзілі, і найбольш тыя, што нібы любілі мяне. А ты мяне не пакрыўдзіў, нічога ад мяне не захацеў і як бацька родны гаварыў, як найлепшы сябар. Ой, хай табе бог заплоціць за ўсё, мой мілы, залаты, брыльянтавы!
Яна схапіла яго руку і прыціснула да сваіх вуснаў. Нібы распалены вугольчык упаў на яго далонь. Ён нахіліўся, узяў у свае шырокія далоні галаву Франкі і пацалаваў яе валасы. Пад гэтым пацалункам Франка, як маленькае кволае птушанё, прыціхла, задрыжала ўсім целам. Павел адразу адарваў свае вусны ад яе валасоў і зашаптаў:
- Супакойся, дзіцятка! Супакойся, маё беднае дзіцятка! Зірні, як на небе зоркі ззяюць! Паслухай, як пяе вада! Я ўсё жыццё гляджу на гэтыя зоркі і слухаю гэту песню. Паглядзі і паслухай ты! Можа, табе будзе лягчэй? Можа, і твая душа, як мая, гэта высокае неба і гэту чыстую ваду палюбіць! Супакойся! Ціха, ціха, ціха!
Ён не выпускаў са сваіх далоняў галаву Франкі, а калі яна ўздыхала і мацней тулілася да яго каленяў, паўтараў:
- Ціха, ціха, дзіцятка! Супакойся, ціха ўжо, ціха.
Пасля ён узяў вясло і накіраваў човен да берага. Калі човен ударыўся аб бераг, Франка ўскочыла і прашаптала:
- А калі мы яшчэ ўбачымся? Міленькі мой, калі зноў убачымся?
Зняўшы з шыі сваю, мокрую ад слёз хусцінку, яна выцерла твар, а яе белыя зубы бліснулі ва ўсмешцы. Павел падумаў хвіліну і сказаў:
- Ды хоць бы заўтра. Я прыеду сюды і ў гэты самы час. Прыйдзі на бераг, пагаворым. Мне ёсць аб чым з табой пагаварыць, бо шкада мне цябе, жах, як шкада.