10894.fb2 Выбраныя творы - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 51

Выбраныя творы - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 51

Пасля гэтага Павел прыязджаў увечары разы тры, але ненадоўга. Аднаго разу яна часу не мела, бо на дачы былі госці. Яна злосна праклінала і гаспадароў, і гасцей, а Павел за гэтыя праклёны людзям, у якіх яна ела хлеб, сурова яе ўшчуваў, загадаў хутчэй вяртацца дадому і паехаў, не звяртаючы ўвагі на яе просьбы, на сярдзітае тупанне нагамі. Другім разам яна мела больш часу, і яны размаўлялі даўжэй. Але пры гэтай сустрэчы Павел, як ніколі, увесь час хваляваўся, уздыхаў, некалькі разоў прастагнаў нібы ад болю, і Франка агледзецца не паспела, як ён ужо быў на сярэдзіне ракі, нават не развітаўшыся з ёю.

У трэці вечар, калі дзяўчына, больш як калі занудзіўшыся па ім, свавольна закінула яму на шыю рукі і той самы гарачы вугольчык, які ўжо аднойчы ён адчуў на руцэ, апаліў яго твар, Павел адапхнуў яе з такой сілай, што яна нават захісталася і схапілася за нос чаўна, каб не перакуліцца.

- Слухай, Франка, - сказаў ён больш панура і сурова, чым заўсёды. - Ты да мяне не чапляйся, бо я ніколі больш не прыеду і ты мяне не ўбачыш. Я табе дабра, а не ліха жадаю. Я душу тваю выратаваць хачу. З таго часу, як ты мне на востраве ўсе расказала, я ўдзень і ўночы толькі аб тым і думаю, як табе дапамагчы і што зрабіць, каб ты сваё праклятае жыццё змяніла... А ты яшчэ і мяне на грэх спакушаеш... Цьфу, якая брыдота! Сапраўдная п'яніца... хоць і гарэлкі не п'еш!

Ён плюнуў у ваду і сказаў анямеўшай ад здзіўлення дзяўчыне:

- Заўтра зноў прыеду. Калі будзеш такая, як сёння, дык бывай здарова! Відаць, што табе, як таму апошняму п'яніцу, не дапаможаш. Ніякага ратунку табе не будзе!

Аднак назаўтра Паўлу ўжо не давялося ехаць на тое месца, дзе ён упершыню ўбачыў Франку. Увесь дзень ён лавіў на рацэ рыбу, а калі, на хвіліну зазірнуўшы дадому, зноў вяртаўся на раку, дык угледзеў Франку, якая спяшалася ад ракі ў вёску. Ужо змяркалася, але ён адразу пазнаў яе па светлай сукенцы і хадзе. Нават здалёк было відаць, што ёй, кволай і прызвычаенай да гарадскіх тратуараў, узыходзіць на высокую гару было цяжка. Здзіўлены Павел зрабіў некалькі шырокіх крокаў і апынуўся побач з ёю.

- Ты навошта сюды прыйшла? - запытаўся ён сурова, але ў голасе чулася затоеная радасць.

Франка схапіла яго за руку і, спяшаючыся, пачала:

- Ой, міленькі, бяда на мяне звалілася, такая бяда, што ўжо не ведаю, як і вытрываю... Як толькі даведалася пра сваё няшчасце, адразу да цябе пабегла. Ішла берагам і ў чалавека аднаго запытала, дзе тая вёска і тая хата, у якой жыве Павел Кабыцкі. Можа, ты мяне выратуеш, можа, ты мне параіш... бо калі не ты - загіну, далібог, загіну! - захлынаючыся слязьмі, казала Франка.

- А якая ж у цябе бяда? Кажы... - здзівіўся Павел. Агледзеўшыся, ён убачыў на гары некалькі кабет з вёдрамі і збанамі, узяў Франку за руку і крутой сцежкай павёў у сасоннік, які цямнеў за вёскай.

- Тут кабеты нашы па ваду ходзяць, цябе ўгледзяць і бог ведае што пачнуць плесці.

Калі яны ўвайшлі ў сасоннік, Франка спалохана кінулася назад:

- Ай, ай! Могілкі!

Быў гэта невялікі сасновы барок, сярод якога там-сям тарчалі большыя і меншыя магільныя крыжы.

- Могілкі. Ну і што? - усміхнуўся Павел. - Чаго баяцца? Граху бойся, а не могілак. Жывых бойся, а не памерлых... Ну, кажы, якая там бяда на цябе звалілася?

Яны спыніліся на ўскрайку сасонніка, пад высокім крыжам, над якім распрасцёрлі галіны дзве высокія сасны. Вечар быў пахмурны, ветраны, і таму паміж соснамі ў змроку чуліся лёгкія шолахі, падобныя да ўздыхаў і шэптаў. Нізка пад гарой толькі Нёман пабліскваў сталёвай паласой ды ў вёсцы па хатах там-сям успыхвалі ў вокнах жоўтыя агеньчыкі.

Моцна ўхапіўшыся за руку Паўла і калоцячыся ад жаху і плачу, Франка расказала, што ў горадзе ў яе гаспадыні захварэў бацька, і таму яе гаспадары не праз месяц, як намерваліся раней, а праз два-тры дні пакідаюць дачу. Калі яна даведалася пра гэта, дык сэрца яе ледзь не разарвалася ад болю і роспачы.

- Я цяпер ні за якія скарбы не паеду адсюль! Памру, а не паеду! Як сабака, буду ляжаць на беразе, пакуль не здохну ад голаду, а нікуды не паеду. Хай сабе яны хоць у самае пекла едуць, толькі без мяне! Для мяне тут упершыню адкрылася неба, адкрылася шчасце, якое я ніколі не сніла, і я не паеду адсюль, не паеду... Не расстануся з табой, голуб мой, дружа мой мілы, бацька мой родны! Гані мяне, бі, зусім забі, а я не паеду адсюль, не паеду з імі!..

Прыпаўшы галавой да грудзей Паўла, яна цалавала яго рукі, абліваючыся слязьмі. Павел слухаў яе спачатку моўчкі, апусціўшы галаву. Відаць, і яго навіна гэта моцна засмуціла. А пасля, у адказ на яе воклічы і плач, паціху сказаў:

- І праўда, што бяда! Я і сам не чакаў гэтай бяды і ніколі пра яе не думаў.

І раптам горача, як ніколі дагэтуль, загаварыў на сваёй роднай мове:

- Не хачу! Не пушчу! Далібог, не пушчу! Зноў на нядолю і здзек пойдзеш! Не пушчу! Не аддамо ні цела твайго, ні душы на пагібель.

Пачуўшы гэта, Франка радасна ўскрыкнула, абхапіла яго за шыю і ўсім сваім кволым, гнуткім целам абвіла яго дужую постаць. А ён падняў яе на рукі і, смеючыся нейкім бесклапотным, шчаслівым смехам, пачаў гушкаць яе, як дзіця, і цалаваць. Але неўзабаве схамянуўся і, злегку адпіхнуўшы яе ад сябе, паціху прамовіў:

- Дык, можа, пажэнімся, га? Буду любіць цябе да самай смерці і ніколі не пакрыўджу. Будзе ў цябе ўласная хата, кавалак хлеба, і зажывём сумленна. Ну як, Франка?

Казаў гэта з трывогай. Можа, баяўся, што Франка адмовіцца, а можа, слоў уласных спалохаўся?

Франка ўзняла вочы на высокі крыж, які вызначаўся на фоне змроку, і, абняўшы Паўла, пад таямнічы шолах бору парывіста, горача прамовіла:

- Хай дапаможа мне бог, каб я і пасля смерці аблічча тваё бачыла, каб д'ябал душу маю не спакушаў, каб я да самай смерці любіла і шанавала цябе, голуб мой мілы, залаты, брыльянтавы!

Пачуўшы гэта, Павел адразу супакоіўся. Ён верыў у шчырасць яе слоў, як верыў моцна ў тое, што ніхто на свеце не можа прысягаць фальшыва. Зрэшты, Франка прысягала шчыра, і гэта адчувалася ў яе голасе, ва ўсім яе выглядзе. І Павел падумаў, што цяпер ён заручаны з гэтай кабетай і не пакіне яе ніколі ні на адну хвіліну.

- Толькі ж як яно будзе? Дзе ты будзеш жыць да нашага шлюбу? - заклапочана спытаў ён.

- Як гэта дзе? - усклікнула Франка. - Пабягу зараз да гаспадароў, развітаюся з імі, збяру свае рэчы і праз хвіліну прыбягу сюды.

- Прыбяжыш, але куды пасля падзенешся?

- Да цябе пайду! У тваю хату!

Павел усміхнуўся:

- Дзіця ты горкае, дый годзе! Нічога ты не разумееш! Нібы ў лесе нарадзілася і ніколі сярод людзей не жыла, як жа ты ў маёй хаце будзеш жыць, калі мы перад людзьмі яшчэ не муж і жонка?.. Ды табе ў вёсцы ніколі не даруюць гэтага, бо так рабіць нельга.

Падумаўшы хвіліну, Павел сказаў, што, калі гаспадары Франкі паедуць, ён адвядзе яе да сястры, дзе яна два-тры тыдні пажыве, пакуль яны не возьмуць шлюб. Аб тым, што ў Паўла ёсць замужняя сястра, Франка ведала. І яна пачала прасіць яго, каб ён адвёў яе да сястры ўжо сёння. Заўтра яна сходзіць па свае рэчы, а сёння будзе начаваць у вёсцы, бліжэй да яго. Аднак Павел запярэчыў. Ён сказаў, што гаспадарам цяпер, перад ад'ездам, яна асабліва патрэбна... Яшчэ хлапцом ён некалькі гадоў разам з бацькам-ткачом жыў у панскім двары, а таму звычаі іх ведае добра. Ён ведае, што, калі паны выбіраюцца ў дарогу, бывае шмат мітусні, і Франка павінна да канца выконваць свае абавязкі, а пасля разлічыцца з імі. Калі яны даведаюцца, што яна выходзіць замуж, дык адпусцяць яе.

- Ну, ідзі ўжо, ідзі! Усё там як трэба зрабі, а ў чацвер я прыеду па цябе.

Хоць ёй і не па душы была прапанова Паўла, але яна вымушана была паслухацца яго. Толькі аб адным папрасіла, каб Павел заўтра абавязкова прыехаў да яе на спатканне.

- Я не перажыву гэтыя тры дні без цябе, - сказала яна.

Павел не здзівіўся. Ён і сам хацеў як найхутчэй убачыцца з ёю.

Назаўтра, пад вечар, ён прыплыў на месца і паставіў човен ля самага берага. Франкі на беразе яшчэ не было, але неўзабаве яна прыбегла, чырвоная ад абурэння і гневу:

- Каб ёй дабра на свеце не было! Каб яе д'яблы ўзялі! Франка праклінала сваю гаспадыню за тое, што тая, складаючы ў дарогу рэчы, увесь дзень ганяла яе, як каня, як вала ў ярме, ні на хвіліну не адпускаючы ад сябе. Вось і цяпер яна загадала складаць у скрыню кнігі пана, але Франка ведала, што Павел напэўна ўжо чакае яе, усё кінула і пабегла.

Паўлу, як заўсёды, непрыемна было слухаць скаргі Франкі і яе праклёны, але сёння ён не ўшчуваў яе, толькі махнуў рукой і сказаў:

- Ну, гэта ўжо апошняя твая служба, больш ужо нікому не будзеш служыць, і злосць у табе сціхне. Вядома, калі вецер дзьме, вада падымаецца і шуміць, а калі сціхне, дык і яна ападае і супакойваецца. Уціхамірышся і ты, калі зажывём у сваёй хаце, на адным месцы... А ты сказала гаспадарам, што выходзіш замуж?

- Сказала і чула, як пані пасля смяялася і казала пану, што Франка робіць мезальянс.

- А што гэта значыць?

Франка вытлумачыла Паўлу, што паны заўсёды так гавораць, калі чалавек вышэйшага паходжання жэніцца з простай дзяўчынай і наадварот. Пані сказала: «Франка - дурніца, што ідзе за мужыка. Яна дзяўчына далікатная і прызвычаеная да горада і яго выгод». А пан узняў свой нос ад кніжкі і сказаў: «Шкада яе, яна дзяўчына прыгожая!»

Яна расказвала ўсё гэта, самазадаволена смяялася і гарэзліва пазірала на Паўла, а пасля раптам спахмурнела і дадала:

- Я таксама аб гэтым падумала. Мужыкоў я ніколі не ведала і з імі не жыла. Мае сваякі як даведаюцца, дык зусім адмовяцца ад мяне. Каб маці ведала, які я сабе лёс абрала, перавярнулася б у труне!

Павел здзіўлена, не вельмі разумеючы, слухаў яе, а потым махнуў рукой і засмяяўся:

- Глупства! Паны гавораць глупства, а ты паўтараеш. Ну чым гэта ты вышэйшая, а я ніжэйшы? З мужыкамі, кажаш, не жыла, а з кім жыла? З нягоднікамі! Няўжо з нягоднікамі жыць лепш, чым з мужыкамі? Дурніца ты! Пачнеш жыць іншым жыццём, дык і думкі іншыя ў цябе будуць. Вось паглядзіш!