10894.fb2 Выбраныя творы - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 54

Выбраныя творы - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 54

- Сялянка, яно так, сялянка, - трасучы галавой, адказала Марцэля, - ды не простая! Нарадзілася я ў гэтай вёсцы, але мяне яшчэ малой дзяўчынкай у двор узялі, і там я маладыя свае гады прабыла. А калі ў іх заставацца ўжо нельга было, да іншых паноў на службу пайшла. А вось ужо гадоў пятнаццаць як з жабрачай торбай цягаюся... Таму я адразу і здагадалася, хто ты такая. Іншыя не здагадаліся, а я здагадалася...

- А хто ж я такая? - са смехам запытала Франка.

- Паненка!.. Паненка ты, далікатная, прыгожая, як тая каралеўна... Як толькі ён цябе ў хату Казлюкоў прывёў, я адразу падумала: «Божа ж мой, Божа, такі просты мужык, а захацелася яму каралеўны». Мяне дзіва бярэ, як гэта ты за мужыка замуж пайшла.

Вясёлы твар Франкі раптам спахмурнеў.

- Хіба я ведаю, як гэта сталася? Відаць, такі ўжо мой лёс. Ніколі не думала, што за мужыка пайду і сярод мужыкоў жыць буду. З добрай жа сям'і паходжу... Дзядуля два дамы ўласныя меў, бацька ў канцылярыі служыў, а стрыечны брат адвакат у вялікім горадзе і багаты, багаты!

Франка падсела да жабрачкі і пачала расказваць аб сваёй адукаванай маці, аб багацці стрыечнага брата, аб тым, як весела было ёй у горадзе, якіх мела кавалераў. Марцэля з захапленнем слухала яе, трэсла галавой, войкаючы ад здзіўлення.

Пасля Франка ўскочыла з лаўкі і сказала:

- Ведаеш што, Марцэлька, пастаў самавар, нап'ёмся з табой чаю.

У Паўла і Піліпа, як і ў іншых заможных хатах вёскі, былі бляшаныя самавары, а ў запасе крыху чаю і цукру. Павел нават па просьбе жонкі гэты запас павялічыў. Франка аб ежы амаль не дбала. Ела абы-што і вельмі мала. Здаралася, што праз увесь дзень, асабліва, калі яна была чым-небудзь занята або ўсхвалявана, нічога ў рот не брала. Але без чаю жыць не магла. І за цукеркамі, якія, калі жыла ў горадзе, купляла або ад кавалераў атрымлівала, сумавала вельмі. Іншых падарункаў ёй ніхто не дарыў, а цукеркі прыносілі, і яна іх прымала, бо нават пані ад паноў цукеркі заўсёды прымаюць. Вось і сёння, калі Павел ад'язджаў у мястэчка, яна абняла яго за шыю і папрасіла:

- Прывязі цукерак, мой міленькі, залаты, брыльянтавы! Прывязі!

Франка ніколі не прасіла ў Паўла прывезці ёй прыгожую сукенку або нечага з ежы. Яна прасіла толькі чаю ды цукерак.

Тым часам Марцэля, радасна бліснуўшы вачыма з-пад апухлых павек, жвава, нават без дапамогі кія, узялася ставіць самавар. На дварэ ішоў дождж, а ў хаце дзве кабеты, адна ў лахманах, а другая - акрыўшыся цёплай хусткай, сядзелі ля маленькага акенца і пілі чай з зеленаватых шклянак, мяшаючы яго трэскамі. Марцэля пры гэтым прагна ўмінала жытні хлеб і нечаму вельмі радавалася. Можа, таму, што Франка прыняла яе лепш, чым яна спадзявалася, і гэта было зарукай на добрае будучае. Затое Франка ў размове з ёю рабілася ўсё больш пахмурнай. З дна мінулага, аб якім яна расказвала старой, узнімалася нейкая каламуць і, як віно, дурманіла галаву. На шчаках яе выступіў крывавы румянец, а на вочы набеглі слёзы.

- Вось да чаго я дайшла! Мужычкай стала, жывая ў магілу легла. Няма ўжо для мяне іншага свету, як вёска, і іншага жыцця, як мужыцкае!

Яна заломлівала рукі, выцірала імі мокрыя ад слёз вочы.

- Ну, годзе, годзе! Чаго там! - суцяшала старая. - Калі муж добры, дык не згінеш. А ці мілуе ён цябе, га?

І, нахіліўшыся да вуха Франкі, з гідкай усмешкай запытала яе аб нечым. Франка засмяялася і адвяла вочы.

- Ой, ой! - прашаптала яна - Здаецца, што яму яшчэ і дваццаці гадоў няма!

І яна пачала нешта шаптаць у самае вуха старой, смяяцца, пабліскваючы белымі зубамі.

У гэты вечар Павел, вярнуўшыся з мястэчка, дастаў з кішэні крыху загорнутых у паперу, напалову растопленых карамелек. Яны, відаць, год праляжалі на латку ў жыдоўкі і каштавалі капейкі. Але Франка, не зважаючы на якасць прысмакаў, вырвала іх з рук мужа і пачала прагна грызці. А калі досыць наелася, некалькі карамелек занесла Казлюкам, адну з іх сілком засунула ў рот Данілку, а рэшту аддала дзецям.

Казлюкі ставіліся да Франкі абыякава. Яна не раз здзіўляла іх, але не выклікала да сябе ні варожасці, ні асаблівай прыязні. Шкоды ім ніякай не рабіла, але і карысці ад яе не было. У Піліпа на пароме і ў полі, а ў жонкі пры гаспадарцы і дзецях было столькі работы, што сачыць за жонкай Паўла і думаць аб ёй не было калі. Воля брата была ўзяць яе за жонку, і калі яна будзе добрая - яго шчасце, а калі благая - яго бяда. Аднак абыходзіліся яны з ёю ветліва, запрашалі да сябе ў хату. Неяк у пачатку восені Піліп вынес са свірна Паўла старыя кросны яго першай жонкі, прынёс іх у хату і цэлую гадзіну напраўляў. Ульяна ў нядзелю паехала ў мястэчка і за братавы грошы купіла льну і каляровых нітак, а назаўтра прыладзіла кудзелю на калаўрот і на кросны нацягнула аснову. Яна смяялася да слез і выцірала рукавом вочы, пазіраючы, як нязграбна і няўмела Франка бярэцца за работу. Колькі жыла на свеце, не ведала, каб кабета не ўмела прасці і ткаць. Яна нават не ведала, што такія кабеты існуюць на свеце. Насмяяўшыся, яна пачала цярпліва і старанна вучыць Франку. Тая спачатку з захапленнем узялася за справу і прасці навучылася хутка, але, як толькі дайшло да ткання, спахмурнела і страціла ахвоту да гэтай работы.

- Цяжка! - злосна прабурчала яна.

- Дарма, прывыкнеш! - угаворвала яе Ўльяна. Трэба было няспынна прытрымліваць ніткі пярэдняй часткай кроснаў, націскаць нагамі на падножжа, і гэта вельмі стамляла Франку: праз якую чвэрць гадзіны на лбе яе выступалі буйныя кроплі поту. Відаць, яна, як і прадчувала Ўльяна, прывыкла б з часам да гэтай работы і лёгка спраўлялася б з ёю, але прывыкаць да таго, што ёй было непрыемна, яна не хацела. Калі работа падабаецца - добра, а калі не - ліха з ёю! Пасля некалькіх спроб, у часе якіх Ульяна ўжо не смяялася, а пачала хмурыцца, Франка адскочыла ад кроснаў і, размахваючы рукамі, закрычала:

- Не хачу! Не буду! Рукі мае баляць, ногі самлелі. На якое ліха патрэбна мне гэта работа? Даволі я нагаравалася і напрацавалася, калі гора мяне прымушала, а цяпер хай сабе д'ябал сядзіць за гэтымі кроснамі. А я не буду, не буду!

- Як сабе хочаце, - абыякава сказала Ўльяна і, кіўнушы на развітанне галавой, выйшла з хаты.

У гэты дзень, пад вечар, ідучы па ваду, Ульяна сустрэла брата і, спыніўшыся перад ім з ведрамі, сказала:

- А Франка ткаць не хоча.

- Дык няхай сабе не тчэ, - спакойна адказаў Павел.

Але Аўдоцця, якая, нягледзячы на свае шэсцьдзесят гадоў, каб дапамагчы нявестцы, спускалася з гары па ваду і чула размову брата і сястры, паставіла на зямлю вёдры і паклікала Паўла. Яе чорныя вочкі на румяным твары задаволена блішчалі: яна вельмі любіла ўмешвацца ў чужыя справы.

- Паўлюк! - пачала яна, прыклаўшы палец да прывялых вуснаў. - Слухай, Паўлюк, нешта ты жонцы вельмі вялікую волю даеш. Глядзі, каб праз гэта бяды якой не было.

Аўдоцця ўжо не раз чула ад Марцэлі сёе-тое аб паводзінах Франкі. І тое, што Франка позна ўстае, папівае чай і бясконца есць цукеркі, вельмі дзівіла і абурала старую.

Сур'ёзна пазіраючы на яе, Павел сказаў:

- Не бядуйце, кума, я ведаю, што раблю. Не для таго яе ад пакут ратаваў, каб зноў на пакуту аддаць, але для таго, каб ёй на свеце добра жылося. Калі чалавеку жыць дрэнна, дык і ён сам дрэнны, а калі добра, дык і ён добры. Ды і чаму ж не быць добрым, калі ні для злосці, ні для граху прычыны няма? Вось так!

Павел так верыў у тое, аб чым гаварыў, як і ў тое, што сонца на небе свеціць і цячэ рака, але Аўдоцця філасофіі яго зусім не разумела. Яна трымалася сваіх поглядаў.

- Ой, Паўлюк, глядзі, каб гэтае яе панаванне не вылезла табе бокам. Адкуль ты яе ўзяў? Ад бацькоў, з роднай хаты? Якая яна была датуль, калі ты яе ўзяў? Я ўсё ведаю. Як толькі глянула на яе, адразу здагадалася, хто яна. Іншыя, можа, і не здагадваліся, а я здагадалася.

Яна з трыумфам і спачуваннем паглядзела на Паўла сваімі разумнымі вачыма, а пасля, успяўшыся амаль да самага яго вуха, таямніча зашаптала:

- Глядзі, каб ад гэтага панавання, якое ты ёй даеш, зноў не прычапілася да яе якое ліха.

Але гэтая перасцярога старой, сэнс якой ён добра разумеў, не зрабіла на Паўла ніякага ўражання. Ён усміхнуўся, махнуў рукой і спакойна адказаў:

- Гэтага ўжо напэўна не будзе. Яна паклялася мне. Перад Богам паклялася.

Відаць было, што нішто на свеце не можа пахіснуць яго веры ў клятву.

Ён не мог сабе ўявіць, каб хто-небудзь асмеліўся адступіцца ад сваёй клятвы.

Аўдоцця падхапіла вёдры і даволі жвава пачала спускацца да ракі. Яна адышлася, павярнулася, паглядзела на Паўла, які хутка ішоў угору, і паківала галавой.

- Дурны.! Ой, дурны! - прашаптала яна.

У Казлюкоў усё часцей і часцей пачалі гаварыць пра Франку. Гаварылі пра яе так, як звычайна абмяркоўваюць нешта незвычайнае.

Гарэза Данілка, у якога зімой і ўвосень работы было мала, і ён ведаў усё, што робіцца ў вёсцы, са смехам расказваў, як Павел, маючы жонку, сам паліць у печы, гатуе страву, доіць карову, а Франка або ляжыць у пасцелі, або абнімаецца і цалуецца з мужам, ці дурэе, як малое дзіця. Піліп ажно за жывот хапаўся, пачуўшы гэта, а Ўльяну гэтыя расказы трывожылі.

- Не будзе яму ад яе дабра! - сказала яна аднойчы мужу.

- Каму? - запытаў Піліп.

- Паўлюку.

Калі яна выйшла на двор і пачала склікаць у хату курэй, Франка стаяла ля паркана, які падзяляў агарод на дзве паловы, і ела грушы. Грушы гэтыя раслі на адзіным дрэве, якое стаяла ля самай хаты Паўла. Даўней Павел прадаваў іх у мястэчку або аддаваў сястры, цяпер пакінуў сабе, бо Франка іх вельмі любіла. Ці то выгляд тых груш, якімі ў мінулым годзе ласаваўся яе сынок, ці Данілкавы расказы ўзлавалі Ўльяну, толькі яна спынілася непадалёк ад паркана і сказала Францы:

- Хіба табе не сорамна, што твой сам доіць кароў? Не мужыцкая гэта работа, а жаночая.

І хоць Ульяна гаварыла спакойна і хутчэй жартам, чым злосна, твар Франкі ўспыхнуў яе звычайным, хутка знікаючым гарачым румянцам.