10894.fb2
- Ах, мая цёця! - сказаў ён. - Глупства - гэтыя школы і ўніверсітэты! Я і без іх усё ведаю, і, далібог, ведаю нават такіх, што выйшлі з другога класа, а грошы ўмеюць рабіць лепш за кожнага з тых спадароў прысяжных, што нібыта і надта вучоныя, але часам такія інтарэсы з рук выпускаюць, якія б чалавек як за сябе закінуў і аблізаўся. Яны кажуць, што гэта непрыстойна, а тое брыдка, а іншае зноў з людской крыўдай і таму не хочуць... але хай ім цёця не верыць... ілгуць! Пабажуся, што ілгуць! Не бяруць такіх інтарэсаў, бо не ведаюць, як за іх узяцца... не ўмеюць... не з іхнім спрытам!..
- Пэўна! Пэўна! - у адзін голас пацвердзілі Бахрэвічы і зноў пачалі слухаць гаворку сваяка так, як яе слухалі раней: ён, павярнуўшы тоўсты карак да госця, з акругленымі вачыма і ліслівай усмешкай, яна - аблакаціўшыся на стол і падпёршы аголенымі рукамі падбародак. Рузя, брунетка з пунсовай жычкай у валасах, слухала таксама, але няўважліва, бо ўсімі сваімі белымі зубкамі малола каўбасы, пячонку і бульбу. Бландзінка Карольця, аздобіўшы валасы блакітнай стужкай, не слухала зусім, а толькі глядзела. Яна амаль нічога не ела. Узіралася ў кузена, як у ікону, і з выразу яе твару было відаць, што да яе не даходзяць ані маральныя, ані псіхалагічныя адценні ягонай гаворкі: з асаблівым замілаваннем аналізавала яна ягоныя рысы і рухі. Апошнія асабліва яе захаплялі. Як толькі Капроўскі, з рукамі ў кішэнях, так адхінаўся назад, што можна было не сумнявацца, што вось-вось пляснецца паміж чатырох ножак свайго крэсла, Карольціны вочы ласкава мружыліся, а на вуснах блукала закаханая ўсмешка. Відаць, гэты рух выдаваўся ёй апошнім крыкам элегантных паводзін і рабіў на яе непаўторнае ўражанне. Яе пастава таксама рабілася ўсё больш прывабнай. Адной з белых ручак яна механічна качала хлебныя шарыкі, другой жа падперла задуманы лоб. Раптам яна ўздрыгнула. Кузен звярнуўся да яе. Нахіліўшыся праз стол, голасам прыязным і спачувальным сказаў:
- Кузіначка нічога не есць...
Яна ўзняла галаву, затуманеным паглядам адказала на ягоны агністы пагляд і, моцна пачырванеўшы, адказала:
- О, нічога! Так наелася сёння за абедам, што і зараз не галодная.
- Карольця, дачушка! - папрасіў Бахрэвіч. - Заспявай што-небудзь!
Вячэра скончылася. Бахрэвічыха з дапамогай босай дзеўкі ў даматканай спадніцы і кашулі прыбірала са стала. Дзеўка, хоць босая і ў даматканай кашулі, была здаровай, дужай сялянкай. На шыі ў яе вісела некалькі нітак каляровых пацерак, а над чырвонымі, разагрэтымі ля кухоннай печы шчокамі і пад ілбом, запэцканым сажай, па-маладому свяціліся васільковыя вочы. Капроўскі паглядам знаўцы і заўзятага каханка так загледзеўся на яе, што не пачуў просьбы Бахрэвіча, звернутай да дачкі. Пачуў ён адно голас Бахрэвічыхі.
- Каролька! Ці чуеш? А ну ж! Уставай і ідзі да фартэпіяна. Ці ж панна Шуркоўская на тое вас іграць і спяваць вучыла, каб вы тут перад вераб'ямі выступалі!
Паненка ўстала, падышла да фартэпіяна, села перад ім і, узяўшы некалькі акордаў, глянуўшы на кузена, заспявала:
Гэта была любімая песня Бахрэвіча, і таму ўжо на другім радку ён пачаў падцягваць сваім грубым голасам:
Але раптоўна змоўк. Бо Мадзя прашыла яго маланкавым позіркам. Сама ж, падсеўшы да Капроўскага, шаптала яму ў самае вуха, відаць, уяўляла сабе, што, гаворачы такім чынам, не перашкаджае таму слухаць спевы дачкі:
- Гувернантак для іх трымала... трое было... адна за другой... па-французску вучыліся, музыку, спевы, усё... У Рузі да музыкі здольнасцяў не было, але Карольці Пан Бог даў вялікі талент, дык тут пры панне Шуркоўскай яго выкарыстала... Езус Хрыстус! Колькі мне іхняя адукацыя каштавала! Той Шуркоўскай, мой Людвісю, пяцьдзесят рублёў плаціла, а яшчэ ж тая малпа так шмат ела, што нічога назапасіцца на яе было нельга. Возьме, бывала, і цалюткую глыбокую талерку смятаны з'есць... А такая была, перапрашаю, свіння, што пойдзе, бывала, і рыецца ў каморы... кавалкаў цукру ў кішэню нацягае.
Тут змоўк і голас Карольці, і акорды фартэпіяна.
- Ну, а зараз п'есу якую зайграй... тую, што са зменай рук... правая рука налева, а левая направа...
Клавішы стукнулі зноў, забрынчэлі струны, басавы ключ гудзеў, скрыпічны пішчаў і ў найбольш патэтычным месцы кампазіцыі выдатна імітаваў крык кагосьці, каго цягнуць за валасы: «ай! ай! ай! ай-ай-ай-ай-ай!»
Бахрэвічыха зноў наблізіла свае вусны да вуха кузена.
- Страшна працавітыя дзяўчаты! Гэтыя фіранкі і гэтыя патарафкі (падстаўкі), і гэтыя кошычкі, і гэты абажур зрабілі самі ўласнымі рукамі. Цэлымі днямі сядзяць, бедненькія, адна пры адным акне, другая пры другім і майструюць... Прызнаюся табе, Людвісю, як ксяндзу на споведзі, гледзячы на іх, часам маё мацярынскае сэрца крывёй абліваецца... марнуюцца... Адукаваныя паненкі... у глушы такой. Ці ж тут можна выйсці замуж так, як належыць? Ці ж тут якая адпаведная партыя знойдзецца?
Размова пра будучае замужжа кузінак, мусіць, не надта падабалася Капроўскаму, бо, падняўшы вочы на лямпу, ён перапыніў яе пытаннем:
- Сімпатычны абажур! Ці яго панна Караліна рабіла?
- Ага, Карольця, Карольця! - з шырокай усмешкай голасна сказала Бахрэвічыха і, зняўшы з лямпы засню, пачала яе паказваць з усіх бакоў госцю. І сапраўды, была гэта работа надзвычай цяжкая і далікатная. Каб выканаць яе, трэба было найменш тысячу разоў пракалоць іголкай паперу і з тых праколаў сфармаваць разнастайныя ўзоры. Капроўскі дзівіўся цярплівасці і працавітасці панны Караліны, калі раптам Бахрэвіч, які, седзячы за жончыным крэслам, прыслухоўваўся да іхняй размовы, высунуў яму перад тварам пухнатую, знятую з канапы, падушку, з усмешкай і нейкім гонарам вымаўляючы пры гэтым адно толькі слова:
- Ракака!
Падушка была такая вялікая і пульхная, а высоўванне яе пад самы нос Капроўскага такім нечаканым, што Капроўскі, у якога нервовая сістэма, мусіць, была трошкі не ў парадку, скалануўся з галавы да ног і, толькі праз некалькі секунд апрытомнеўшы, спытаўся:
- Што гэта!
- Ракака! - паўтарыў Бахрэвіч.
- Гэта таксама работа паненкі Караліны? Толькі чаму спадар яе так называе?
- От, быў тут неяк малады пан Дзельскі... пан Густаў, з вялікага свету кавалер, заехаў з палявання, паглядзеў на іхнія работы і кажа: «Работы дачушак пана дабрадзея - гэта сапраўднае ракака...» Тады Карольця якраз гэтую падушку вышывала.
- Можа, ракако? - задумліва перапытаў Капроўскі.
- А можа! Хто ж яго ведае! Але што гэта значыць?
- Што?
- Ну гэтае ракака ці ракако? Што гэта значыць?
- Ага? Ты часам не ведаеш, Людвік, што гэта значыць, - падтрымала мужа Бахрэвічыха. У абаіх блішчэлі цікаўнасцю вочы.
Капроўскі чмыхнуў, трошкі надзьмуў шчокі і зірнуў у столь.
- Ну, - сказаў ён, - так называліся даўней розныя будынкі.
- А-а-а-а-а! - здзівіліся Бахрэвічы, зусім нічога не разумеючы, чаму работы іхніх дачок насілі такія самыя назвы, што і нейкія там будынкі.
Карольця ўстала з-за фартэпіяна. Рузя, шырока пазяхаючы, паднялася з канапы. Бахрэвіч, гледзячы ў вочы госцю, як бы жадаючы сказаць таму вялікую таямніцу, спытаўся:
- Што ж? Можа, ужо пан адвакат засумаваў па Марфеі?
Сумаваць то ён і сапраўды сумаваў, толькі не па Марфеі. Гаворка з Бахрэвічыхай і яе мужам выклікала на ягоным бледным прывялым твары выраз нудоты і смутку. Можа быць, смуткам напаўняла яго думка аб тым, што цяжкія абставіны жыцця змушаюць яго праводзіць падобныя вечары...
- Слова гонару! - сказаў ён устаючы. - Чалавек так ператросся па вашых д'яблавых дарогах, што, можа, ужо і пара адпачыць. Заўтра раніцай дасьце мне, спадару Стафане, конікаў... Мушу вяртацца дадому.
Пасля гэтых словаў усе, апрача Карольці, паўставалі з месца і пачалі ўпрошваць госця яшчэ пабыць у іхнім доме. Бахрэвіч абдымаў яго і цалаваў у абедзве шчакі, так, што шчокі сталі вільготнымі і блішчастымі. Бахрэвічыха, абхапіўшы яго кароткімі тоўстымі рукамі, крычала, што нябожчык, бацька Людвіка, перавярнуўся б у труне, калі б ведаў, якую крыўду ён робіць сястры, і так расчулілася, што ажно галасіць пачала. Рузя казала, што кузен, кавалер з вялікага свету, пагарджае сваімі сваякамі, бо яны вяскоўцы і парафіяне, адна толькі Карольця, пачуўшы пра ад'езд кузена, стаяла, як укапаная, і, утаропіўшыся ў яго, як у абраз, прасіла адно вачыма.
Ён, аднак, не згадзіўся.
- Інтарэсы! - паўтараў. - Інтарэсы! Інтарэсы!.. Далібог, не магу! Слова гонару! Інтарэсы. Там мяне чакаюць!
І пачаў усім казаць дабранач. Каля Карольці затрымаўся на хвіліну і шапнуў ёй вельмі ціха некалькі слоў. Дзяўчына зачырванелася, як мак, і на знак згоды кіўнула галавой.
Хутка ў аканомавым доме панавала ціша. Цемра ахінула гасцёўню і ўсе «ракака», што аздаблялі яе. Затое ў прылеглай хацінцы, поўнай скрыняў і гаспадарчых прыладаў, так што ледзьве можна было праціснуцца праз іх, на адным з двух шырокіх, засланых ложкаў, Бахрэвічава Мадзя ў кароткай сподняй спадніцы з грубага, хатняга вырабу палатна і ў бруднаватай начной кофце расплятала і ўкладала на ноч сваю вартую жалю рэдзенькую касу. Перад ёй, таксама з распушчанымі, але густымі і доўгімі валасамі, стаяла Рузя. Яна ўжо зняла станік і расшпіляла гарсэт, што надзвычай шчыльна аблягаў яе пульхную, ладную фігурку. Вочы Бахрэвічыхі блішчалі, і яна дапытвалася ў дачкі:
- Як табе здаецца, Рузя, выйдзе з гэтага што ці не?
- Ці ж я ведаю, мама! Каролька ў яго так закахалася, што цэлымі начамі не спіць, толькі ўздыхае альбо плача. Мне здаецца, што ён таксама ў яе закахаўся. Калі былі мы ў Ангродзе, хадзіў увесь час з ёй на шпацыр, а тут я некалькі разоў бачыла, як яны цалаваліся. Але ж ці я ведаю? Можа, ён толькі так... баламуціць Карольку!
- Хай толькі паспрабуе! - усклікнула Бахрэвічыха, падымаючы кулак і страляючы з вачэй маланкай.
Рузя нарэшце расшпіліла гарсэт і з палёгкай уздыхнула.
- Так мне гэтыя рогі ў цела ўядаюцца, што часам проста трываць не магу... Усе мужчыны такія...
- Якія? Што ты вярзеш?