10894.fb2 Выбраныя творы - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 62

Выбраныя творы - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 62

- Вярнулася-такі! Вырвалася з чартоўскіх кіпцюроў... Зразумела-такі, дзе тваё выратаванне. Ой, мая ж ты бедная! Мая ты няшчасная!..

Раптам ён адвярнуўся і падышоў да печы:

- Зараз у печы падпалю, дам табе крупніку гарачага. Чай згатую... Адагрэешся, і табе будзе лепш.

Печ была блізка ля дзвярэй, і калі Павел пайшоў да яе, Франка спалохана глянула яму ўслед і ціха ўсклікнула:

- Ой!

Павел устрывожана азірнуўся:

- Што? Напэўна, хворая? У сярэдзіне што-небудзь баліць? Нямала, відаць, нагаравалася, ды яшчэ ў такі холад прыехала. Пацярпі крышачку, пацярпі, зараз агонь будзе і ўсё будзе...

Ён заклапочана правёў рукой па валасах:

- Трэсак няма... Каб на іх!.. У сенцах пакінуў... Пачакай хвіліначку, пачакай.

Ён хацеў быў адчыніць дзверы, калі Франка зноў, яшчэ гучней, з нейкім жахам усклікнула:

- Ой, не ідзі туды... не ідзі!

Павел устрывожана паглядзеў на яе.

- Чаму? - запытаў.

Яна не скранулася з месца, дрыжала як у ліхаманцы і, заламаўшы рукі, казала:

- Ой, што мне рабіць? Што рабіць? Калі пойдзеш туды папацёмку, дык наступіш і задушыш яго, а калі з лямпай пойдзеш, дык убачыш і мяне адразу прагоніш. Што мне, няшчаснай, рабіць? Што з ім будзе? О Ісусе! О прасвятая дзева Марыя, ратуйце мяне, няшчасную!

Трымаючыся за клямку дзвярэй, уражаны Павел запытаў:

- Што ты гаворыш? На каго я наступлю? Хто там у сенцах?..

Франка закрыла далонямі твар і, сутаргава ўсхліпнуўшы, усклікнула:

- Дзіця!

Павел акамянеў. Некалькі хвілін ён стаяў, як прыкаваны да месца. Лоб яго прарэзалі глыбокія маршчыны. Пасля ён павольна падышоў да стала, узяў лямпу і таксама павольна выйшаў з ёю ў сенцы.

Неўзабаве ён вярнуўся з нейкім скруткам вільготных лахманоў і моўчкі паклаў яго на пасцель побач з Франкай. Яна спалоханым позіркам сваіх чорных палаючых вачэй сачыла за кожным яго рухам. Не гледзячы на яе, Павел глуха запытаўся:

- Чаму ж ты адразу не ўнесла яго ў хату, а кінула, як шчаня, у холадзе на зямлі?

Сутаргава сціскаючы рукі, Франка прашаптала:

- Баялася...

Павел падышоў да печы і пачаў распальваць агонь. Рабіў ён гэта ўжо спакваля, без той бурнай радасці, якая толькі што свяцілася на яго твары. Дзве глыбокія складкі на яго лбе і моцна сціснутыя вусны надавалі яму змрочны, суровы выгляд. Ён прыставіў да агню гаршчок з крупнікам, заварыў чай у малым чайніку, паклаў на стол бохан хлеба і вялікі нож:

- Ідзі есці!

Гэта былі першыя словы, якія ён вымавіў за чвэрць гадзіны, не глянуўшы на Франку. Яна сядзела, як акамянелая, і не зварухнулася з месца. Са скрутка, які ляжаў на пасцелі, пачуўся жаласны вокліч:

- Ма-ма! Ма-ма!

Вокліч гэты ўжо пераходзіў у плач, а Франка ўсё яшчэ не краналася з месца і, здавалася, нічога не бачыла і не чула. Павел раптам павярнуўся да яе. Маршчыны на яго лбе паглыбіліся яшчэ больш, а ў голасе загучалі злосныя ноты:

- Чаму дзіця са шмат не раскруціш? Можа, табе хацелася б, каб яно задыхнулася, га? Нягодніца!

Яна ўскочыла, як спружына, дрыготкімі рукамі доўга развязвала хусткі, аж пакуль не вылезла з іх і не села на пасцелі маленькая істота, худзенькая, басаногая, у ярка-чырвонай падзёртай сукенцы, праз дзіркі якой было відаць жоўтае кашчавае цельца. Светлыя, густыя і доўгія, як растрапаная кудзеля, валасы ўздымаліся над галавой дзіцяці, а чорныя, як вугаль, вочы прагна ўтаропіліся ў бохан хлеба, што ляжаў на стале.

- Дай... дай... дай! - зазвінеў на ўсю хату тоненькі, плаксівы галасок, і з чырвонага падзёртага лахмана дзве маленькія, тонкія, жоўтыя, як воск, ручкі пацягнуліся да хлеба.

- Чаго ж ты стаіш, як слуп? - тым самым суровым голасам сказаў Павел. - Нясі яго сюды і кармі. Чуеш? Ну?

Паслухмяная, як сабака, Франка ўзяла на рукі дзіця і панесла яго да стала. Было яму, відаць, не меней як паўтара гады, бо ён ужо гаварыў і пазнаваў прадметы, але быў ён такі малы і лёгкі, што нават гэта кволая, стомленая кабета несла яго, як пёрка. Яна села з ім да стала і дала яму ў маленькія ручкі кавалак хлеба, які ён прагна паднёс да рота. Павел паставіў перад ёй талерку гарачага крупніку.

- Еш ды дзіця кармі, - сказаў ён, а сам сеў воддаль пад сцяной.

Франка спрабавала есці, але не магла. Страва не лезла ёй у горла, вочы ўвесь час наплывалі слязьмі, яна дзьмухала на драўляную лыжку, студзіла крупнік і давала патроху дзіцяці. У хаце панавала маўчанне, чуваць было толькі цмоканне малога і цяжкое дыханне Паўла. Ён сядзеў у ценю, і цяжка было сказаць, глядзіць ён на Франку ці не. Аднак праз хвіліну ён коратка, востра прамовіў:

- Чаму ж не ясі?

- Не хачу, - ледзь чутна адказала яна.

Павел устаў, нейкую хвіліну корпаўся ля печы, а пасля паставіў перад ёю зеленаватую шклянку чаю і зноў сеў на сваё месца, воддаль ад стала. Дзіця, сытае і сагрэтае гарачым крупнікам, весела шчабятала. Паказаўшы малым пальчыкам на шклянку, яно закрычала:

- Цай! Цай!

Угледзеўшы кавалачкі цукру, якія Павел паклаў каля шклянкі, малое ўсклікнула яшчэ гучней:

- Ай! Ай! Цу-каль! Цу-каль! Ай! Ай!

Цэлую хвіліну, а можа і больш, у маўклівай хаце, насупраць акна, завешанага звонку чорным покрывам начнога змроку, тоненькі, звонкі дзіцячы галасок радасна паўтараў па складах адно гэтае слова. Гэта было падобна на звон сярэбранага званочка і на салодкае буркаванне галубкі. Да гэтых буркатлівых вуснаў Франка падносіла шклянку з астуджаным чаем, але раптам рука яе здрыганулася, бо ў ценю пад сцяной нізкі голас, ужо не такі суровы, як раней, запытаў:

- Хрышчонае?

- А як жа! - прашаптала яна.

- А як завецца?

- Актавіян.

- Хтавіян, - паўтарыў Павел і змоўк. А праз нейкую хвіліну запытаў зноў:

- А колькі ж яму?

- Год і восем месяцаў, - адказала Франка.