10894.fb2
- Хочаш яшчэ? - запытаў Павел.
Яна паціху, слабым голасам, адказала, што чаю болей не хоча і што дзіця засынае. Яно і сапраўды засынала. Яго стаміла падарожжа і размарыла цяпло. Схіляючы галоўку на плячо маці і жмурачы павекі, яно яшчэ раз ціхенька прашчабятала:
- Цу-каль! Дай... дай... дай!
І доўгія, як у Франкі, вейкі апусціліся, вусны, падобныя на бледную пялёстку ружы, замкнуліся. Але Франка ўсё яшчэ не ўставала з месца і не адрывала вачэй, поўных слёз і панурага смутку, ад няроўнай паверхні стала. Павел таксама доўга маўчаў. Нарэшце ўстаў.
- Ну, ідзі спаць! - паказаў ён на сваю пасцель. - Кладзіся і дзіця каля сябе пакладзі... Я на лаўцы пераначую...
Франка ўстала з дзіцем на руках і, зрабіўшы некалькі крокаў, спынілася перад ім.
- Чаго табе? - жорстка запытаў Павел.
Яна моўчкі ўзяла яго руку і паднесла да вуснаў. Але ён вырваў руку і павярнуўся да сцяны.
- Ну, ідзі спаць... ідзі... Бог з табой, - прамовіў Павел і хуткім, нібы мімавольным рухам пагладзіў яе па валасах, тут жа адвярнуўся ад яе, пагасіў лямпу і рэшткі агню ў печы. У хаце стала зусім цёмна, і ў гэтай цемры было чутно, як распраналася Франка, а пасля даносілася толькі ціхае дыханне заснуўшых маці і дзіцяці. Толькі ля процілеглай сцяны да глыбокай ночы варочаўся на цвёрдай лаве Павел, чуліся яго доўгія ўздыхі і шэпт: то з жалем і роспаччу, то з трывогай і скрухай гэты гарачы шэпт быў звернуты да Бога. Відаць, у буры супярэчлівых пачуццяў мучылася душа чалавека. Чаму? Гэта маленькая істота, якая нечакана заляцела ў яго хату, як птушка, што не мае гнязда, не ўяўляла сабой нічога новага. Усё гэта ён і раней добра ведаў. Але цяпер перад яго вачыма быў бясспрэчны, жывы доказ, які, як востры нож, засеў у ране яго сэрца і не даваў ні на хвіліну забыцца на яго, які агністымі літарамі выразна выпісваў перад ім тое, што ён лічыў грахом і чым ён грэбаваў. У гэтую доўгую чорную ноч яму здавалася, што анёлы і д'яблы выдзіраюць адзін у аднаго яго душу. То спагада і радасць, то гнеў і роспач ахоплівалі яго. Ён так моцна сплятаў далоні і пальцы, што ў цемры разам з яго ўздыхамі чуваць быў хруст суставаў. Што рабіць? Калі пачне світаць, даць Францы грошай, хаця б нават усё, што ёсць у хаце, і сказаць ёй, каб разам са сваім байструком ішла прэч? Адпусціць яе на пагібель? Але ж ён прысягаў перад Богам і перад самім сабой, што выратуе яе! І яна прыйшла да яго, шукаючы ратунку. Можа, цяпер якраз і надышла тая хвіліна, калі яна адрачэцца ад д'ябла і будзе пачцівай і добрай? Але дзе там! На гэта надзеі мала. Калі гэта было, каб п'яніца адрокся ад гарэлкі? А яна, хоць і не п'е гарэлкі, - п'яніца!.. Ды яшчэ і байструка гэтага назаўсёды ўзяць у хату і выставіць напаказ людзям яе грэх і свой сорам. Вось будуць рагатаць людзі, што ён лёкайскае дзіця гадуе! Сорам! Ой, сорамна і так крыўдна, што сэрца крывёй абліваецца.
- Не хачу! - горача зашаптаў Павел. - Не хачу!
Аднак, калі цяпер ён прагоніць яе з хаты, яна ўжо ніколі не вернецца, і ён ніколі, ніколі не ўбачыць яе, не ўбачыць гэтых вялікіх ззяючых вачэй, не пагладзіць гэтых чорных валасоў, не пачуе яе гучнага залівістага смеху, які так моцна любіў.
У начной цемры зноў пачуўся ягоны шэпт, змешаны з глухімі рыданнямі:
- Не магу... Божа ж мой, Божа, ніяк не магу!
А пасля:
- Што мне рабіць? Што мне рабіць, божа мой?!.
Калі позні сакавіцкі досвітак сіняватым святлом пачаў разганяць цемру, Павел яшчэ спаў. Напаўраспрануты, толькі без ботаў і світкі, якую ён паклаў сабе пад галаву, ён ляжаў, выцягнуўшыся на вузкай лаве, у белай зрэбнай сарочцы, плячысты і доўгі. Нягледзячы на тое, што заснуў позна, прачнуўся ён у свой звычайны час і, адразу прыгадаўшы, што сталася ўчора, прыўзняўся на локці, абапёр на руку галаву і пачаў неадрыўна глядзець на ложак, які стаяў ля процілеглай сцяны.
Франка таксама не распраналася, скінула толькі паліто і чаравікі і спала вельмі моцна. Відаць, перад тым як заснуць, яна плакала, утуліўшы ў падушку твар, бо і цяпер ён напалову тануў у падушцы. Па плячах яе чорнымі хвалямі рассыпаліся валасы. Пад тонкай бруднай кофтачкай тырчалі худыя лапаткі, а з-пад запырсканай граззю спадніцы выглядвалі ногі ў брудных, дзіравых панчохах. Нейкае неахайнае бязладдзе і беспрасветная галеча ішлі ад гэтай скурчанай постаці з цудоўнымі распушчанымі валасамі, праз пасмы якіх жаўцеў яе бледны твар. Павел, насупіўшы бровы, глядзеў на яе вільготнымі вачыма.
Раптам у змрочным блакіце яго вачэй мільгануў вясёлы агеньчык і сурова сціснутыя вусны кранула ледзь прыкметная ўсмешка. Ярка-чырвоны камячок, які дагэтуль нерухома ляжаў пры баку Франкі, заварушыўся і высунуў спачатку пару маленькіх босых ножак, а пасля галаву ў раскалмачанай ільнянай кудзелі і жоўты, як воск, тварык. Нарэшце, з падзёртых рукавоў кашулі ўзняліся дзве маленькія далоні. Запусціўшы іх у валасы, дзіця павольна, нібы ў глыбокім роздуме, аглядала хату вялікімі чорнымі вачыма. Новае месца, відаць, ані не палохала яго. Ці ўзрадавалася яно, угледзеўшы на стале хлеб, ці зацікавіў яго цьмяны бляск лома, што стаяў у кутку хаты, але яно прыўзнялася і, здзіўлена вылупіўшы вочы, з ціхім смехам зашчабятала:
- Хлі-хлі-хлі-лі-лі!
Невядома, што азначалі і з якой мовы паходзілі гэтыя гукі, толькі Павел усміхнуўся яшчэ шырэй, а вочы яго сачылі за малым датуль, пакуль не сустрэліся з яго здзіўленым і крыху спалоханым позіркам. Угледзеўшы незнаёмага чалавека, дзіця, відаць, спалохалася. Яно знерухомела, адарвала ад валасоў далоні, абхапіла імі сваю малую ножку і выставіла яе, нібы зброю. Ад процілеглай сцяны пачуўся шэпт:
- Хадзі сюды...
Рухам галавы і пальцам Павел запрашаў да сябе дзіця, але яно, усё вышэй узнімаючы ножку, ужо крывіла свае бледныя вусны і гатова было заплакаць. Тады чалавек, што ляжаў, абапёршыся на локаць, паўтарыў:
- Хадзі! Цукру дам...
І тады босая ножка імгненна выпала з рук, якія яе сціскалі, і разам з другой пачала апускацца на зямлю. І ў хаце, напоўненай шэрым святлом, не то зазвінеў сярэбраны званочак, не то забуркала галубка:
- Цук-лю! Цук-лю! Цук-лю!
Павел устаў з лавы і пайшоў да чырвонай шафкі, а за ім па глінянай падлозе хутка-хутка затупалі дзіцячыя ножкі.
Калі ён, трымаючы ў руцэ кавалак цукру, адвярнуўся ад шафкі, да самых яго ног падкаціўся маленькі чырвоны камячок, з узнятымі да яго чорнымі вачыма і тонкімі ручанятамі.
- Дай... дай... дай! - на ўсю хату звінеў дзіцячы галасок.
Чырвоная сукенка, абсыпаная чорнымі крапінкамі, нагадала Паўлу маленькае мілае насякомае, якое гойдаецца ўлетку на зялёных травінках. Ён нахіліўся і ўзяў на рукі дзіця, якое смактала цукар.
- Ой ты, маленькая божая кароўка! - зашаптаў Павел. - Нявіннае божае стварэнне!
Ён сеў ля акна, пасадзіўшы малога на калені. За Нёманам ужо ўзыходзіла сонца, кідала ў сінюю шэрасць досвітку палосы бледна-ружовага і залатога святла. На двары Казлюкоў, вынюхваючы і нечага шукаючы на зямлі, бегаў жоўты Курта. Хлопчык, трымаючы ў адной руцэ споры кавалак хлеба, а ў другой - цукар, з цікаўнасцю пазіраў праз акно на сабаку, аж нарэшце зашчабятаў:
- Цю-ця! Цю-ця!
- Цюця, сабачка, - адказаў Павел.
Здзіўлены ці зацікаўлены яго голасам, хлопчык павярнуў да Паўла галаву і сур'ёзна запытаў:
- А ці... ці... хто?
Павел, ссунуўшы бровы, пазіраў на яго і маўчаў. Тады хлопчык пачаў тузаць яго за рукаў.
- Хто ці? Хто ці? Хто? - звінела зноў у хаце - не то сярэбраны званочак, не то буркаванне галубкі.
Не дачакаўшыся Паўлава адказу, малы раптам усклікнуў:
- Кі-ця?
Ён угледзеў, як за акном, пад плотам, крадучыся, бег кот.
Калі Франка прачнулася і ўзняла павекі, у вачах яе адбілася здзіўленне, блізкае да жаху. Павел сядзеў ля акна і ў шырокіх сваіх далонях трымаў дзіця, якое, стоячы ў яго на каленях, сваімі маленькімі пальцамі корпалася ў яго кароткіх сівеючых валасах. Франка хуценька падхапілася з пасцелі і, не абуваючы чаравікаў, паціху падышла да акна, памкнулася была ўзяць у яго з каленяў дзіця. Ён азірнуўся, сустрэўся вачыма з яе спалоханым позіркам і, прытуліўшы бліжэй да сябе дзіця, сказаў:
- Не трэба.
- Ён табе надакучыць, - заўважыла яна.
Павел нічога не адказаў. Франка, відаць, была хворая - яна дрыжала ўсім целам і, хоць у хаце было цёпла, хуталася ў сваю дзіравую кофту.
- Можа, у печы падпаліць? - запытала.
- Падпалі.
Яна пачала завіхацца ля печы. Час ад часу з яе грудзей вырываўся міжвольны стогн, і яна аберуч хапалася за галаву. Аднак у печы распаліла хутка. Хлопчык злез з каленяў Паўла і тупаў за маці, прыглядаючыся да яе работы, а калі ў печы запалаў вясёлы агонь, ён нават усклікнуў ад радасці. Стоячы тварам да печы, Франка зноў запытала:
- Можа, абраць і згатаваць бульбы?
- Згатуй, - адказаў Павел і, устаўшы з лавы, моўчкі надзеў світку і боты. Пасля ён адрэзаў ад бохана кавалак хлеба, паклаў яго ў кішэню і, узяўшы шапку, пайшоў да дзвярэй. Каля дзвярэй спыніўся, паглядзеў на жанчыну, якая стаяла перад агнём, і, сустрэўшы яе трывожны позірк, апусціў вочы.