10894.fb2
- Ой? - пагардліва засмяяўся Піліп. - Каб злым людзям так добра на свеце было, як яна сумленнай стане. Ніколі гэтага не будзе!
У гэтую хвіліну праз нізкі плот, што падзяляў два двары, пераскочыла Франка і з гучным смехам падбегла да людзей. Твар яе быў вельмі худы, жоўты, але прычасалася яна сёння гладка, і яе чорныя валасы блішчалі на сонцы, як шоўк, і пераліваліся цёмнай сінню. Свой заплямлены каптан яна падперазала каляровым саматканым поясам, але нават і ў гэтай вопратцы яна была зграбная. Падбегшы, яна адразу павісла на шыі Ўльяны і пачала цалаваць яе лоб, шчокі і вусны. Піліпу падала руку, а Данілку далікатна ўдарыла далонню па плячы і па шчацэ.
- Ну, як маецеся? Як маецеся, мае мілыя, залатыя, брыльянтавыя? Даўно я вас не бачыла! А ў цябе, Ульянка, за гэты час ужо двое дзетак нарадзілася? А Данілка як вырас! Сапраўдны мужчына!.. Вось бачыце, вярнулася я, а Паўлючок такі добры, што нават благога слова мне не сказаў. Ой які ж ён добры! Другога такога на ўсім свеце няма! А я ў хаце прыбрала, у печы падпаліла і да вас, мае даражэнькія, прыбегла прывітацца!
Яна зноў пачала цалаваць Ульяну і дзяцей, кружылася, смяялася. Здавалася, яна гатова была гэтым людзям аддаць сваю душу, любіла іх усім сэрцам. У гэтую хвіліну яна і сапраўды іх любіла. Яна супакоілася, зноў закахалася ў Паўла, адчувала сябе шчаслівай. Пры гэтым яна ані не саромелася. Перад Паўлам ёй было сорамна толькі тады, калі пасля ўсяго, што адбылося паміж імі, яна зноў вярнулася ў яго хату, ды яшчэ з дзіцем на руках. Аднак і гэты сорам ужо знік без следу. Ульяна аслупянела ад здзіўлення. Піліп пагардліва ўсміхаўся, а Павел спакойна падышоў да яе і сказаў:
- Вазьмі дзіця і ідзі ў хату. Падаі карову і згатуй абед, ды хутчэй, бо мне ў мястэчка трэба паехаць.
Франка паслухмяна ўзяла Актавіяна і пайшла. А Павел папрасіў у Піліпа на некалькі гадзін каня і пайшоў у стайню.
Вярнуўшыся з дзецьмі ў хату, дзе Піліп ужо завіхаўся з гэблікам і малатком каля новых дошак, Ульяна злосна сказала:
- Шкада, што яна не скруціла сабе шыю, перш чым сюды вярнуцца! Зноў спакойнага дня не будзе... Яшчэ дзецям што-небудзь зробіць...
- Хай толькі паспрабуе! - не то жартам, не то пагрозліва кінуў Піліп.
У іх памяці яшчэ захаваліся тыя страшэнныя сваркі, якія заводзіла Франка перад тым, як уцякла ад Паўла тады, ахопленая новай любоўю і непрыязнасцю да Паўла, Франка была заўсёды злосная і ледзь не кожны дзень сварылася з сястрой мужа, а ў часе апошняй сваркі пагражала, што перадушыць яе дзяцей, знішчыць усё іх хамскае племя. Піліп з гэтых пагроз смяяўся, але ў матчына сэрца Ўльяны яны глыбока запалі.
У той жа дзень Павел з'ездзіў у мястэчка і купіў вопратку для Франкі і малога.
Мінула некалькі месяцаў. Неяк у нядзелю, седзячы на траве непадалёк ад сваёй хаты і грэючы на сонцы старыя косці, Аўдоцця ўбачыла Паўла, які ішоў берагам ракі.
- Куме, а куме! Паўлюк, чуеш? Хадзі сюды! - паклікала яна.
Пачуўшы яе, Павел ахвотна падышоў. Трымаўся ён зноў проста, яго хада і рухі былі па-даўнейшаму бадзёрыя. Калі ён падышоў да яе, Аўдоцця ўзняла галаву ў чырвонай хустцы і запытала:
- Ну, як?
Павел адразу зразумеў яе пытанне і з усмешкай адказаў:
- Усё добра. Усё, дзякуй богу, добра. Каб так добра было да канца жыцця!
І, нібы рыхтуючыся да доўгай гаворкі, прытуліўся плячом да дрэва, пад якім сядзела Аўдоцця. А яна, узняўшы на яго вочы, пачала шаптаць:
- А я ўчора ў тваёй хаце была, на вас і на ваша жыццё паглядзець хацела... Цябе не бачыла, бо ты яшчэ з ракі не вярнуўся, а яе бачыла... Яна цяпер не такая, як была тады, крыху іншая...
- А Хтавіяна бачыла? - запытаў Павел.
- А як жа! І на рукі яго брала... лёгкі, як пёрка...
- Мілае хлапчанё! - заўважыў Павел.
- Толькі вельмі худзенькі.
- Цяпер ужо не такі, крыху паправіўся.
- Але! Над сіратою бог з калітою.
Гэтым прыслоўем Аўдоцця закончыла сваю гаворку з Паўлам, але было відаць, што хоча пагаварыць з ім яшчэ аб нечым, больш важным. Жмурачыся ад яркага сонца, яна глядзела на кума і, падпёршы далонямі падбародак, яшчэ цішэй заўважыла:
- А Франка гарод капае.
- Капае! - задаволена адказаў Павел. - Увесь гарод скапала. Усё робіць: гатуе, карову доіць, бялізну мые... Хлеб пячэ... Так ужо ёй загадана...
- Ты загадваеш?
- Я. Штодзень раненька яе буджу. Загадваю разам са мной пацеры адмаўляць, а пасля загадваю рабіць... Толькі на раку па ваду хадзіць не прымушаю, гэта ёй не па сілах, а ўсё, што ёй па сілах, мусіць рабіць.
- А яна цябе слухаецца?
Павел сцвярджальна кіўнуў галавой:
- Слухаецца. Хоць часам і крыўдзіцца, а слухацца мусіць. Цяпер ёй ужо нічога не дапаможа. Хоць крыўдуй, хоць цалуй - нічога не дапаможа! Яна - сваё, а я - сваё. «Працуй, - кажу. - Гасподзь Бог кожнаму чалавеку працаваць загадаў. Святая малітва, - кажу, - чорта ад цябе адгоніць, а пры рабоце не палезе ў галаву ніякае паскудства!» Вось як я з ёю цяпер...
- Добра, Паўлюк, ой як добра! - горача падтрымала яго Аўдоцця. - Я табе і тады казала, што так трэба рабіць, панства ёй ніякага не трэба даваць...
- Тады мне здавалася, - разважліва казаў Павел, - што калі я пасля той няволі, якую яна цярпела, дам ёй волю і добрае жыццё, дык у яе прападзе ахвота да дрэннага. Пасля я зразумеў, што з ёю трэба было абыходзіцца інакш. Цяпер я яе святой малітвай да Бога вяртаю, ушчуваннем і працай бараню ад д'ябла. Цяпер ужо я ёй патураць не буду. Калі што не гэтак зробіць, дык і накрычу...
Ад вялікай цікаўнасці Аўдоцця часцей заморгала вачыма.
- А што ж яна дрэннага зрабіла? - прашаптала яна.
Павел з усмешкай махнуў рукой.
- Глупства! - адказаў ён. - Калі агарод капала, з Ульянай пачала сварыцца, а два дні таму, калі раніцай вельмі не хацела ўставаць, малога дарэмна пабіла. Такі ўжо ў яе характар, надта гарачая... Ну, я за тое, што з сястрой сварылася і дзіця бязвіннае пакрыўдзіла, як след накрычаў на яе. Яна так плакала, што не прывядзі бог. А мне найгорш, як яна плача. Здаецца, жыццё аддаў бы, каб яна толькі не плакала. Але і гэта цяпер не дапаможа... Хай сабе немаведама як плача, а я патураць ёй не буду... Толькі хутка ўжо не будзе за што сварыцца...
- Чаму? - запытала Аўдоцця.
- Разумная ты баба, а пытаеш чаму, - засмяяўся Павел. - А малітва святая, а павучанне, а работа? Калі ўжо і малітва святая, і павучанне, і работа не адолеюць зло, тады хіба канец свету настане. Адолеюць, як бог ёсць на небе, адолеюць! Можа, і не адразу, можа, і часу крыху на гэта патрэбна, але адолеюць!
У яго ўсмешцы, у спакойнай, амаль урачыстай павазе адчувалася моцная і глыбокая перакананасць. Як даўней ён моцна і непахісна верыў у непарушнасць клятвы і ў тое, што чалавек, якому добра жывецца, не можа мець ахвоты да зла, так цяпер ён глыбока і моцна верыў у выратавальнае дзеянне малітвы, павучанняў і працы. Аўдоцця гэту яго новую філасофію разумела куды лепш, чым папярэднюю, бо яна цалкам адпавядала яе ўласным думкам. Слухаючы Паўла, яна згодна ківала галавой і казала:
- Добра! Твая праўда, Паўлючок! Святая малітва ўсё можа, і разумнае павучанне можа, і работа... А як жа! Гасподзь літасцівы паможа, і ўсё будзе добра! Ой, каб добра было і вам і нам!.. А ў нас гора!
І яна пачала расказваць Паўлу пра свае турботы. Тры дні таму ў іх здох бычок, а быў такі прыгожы, такі дужы. Максім хацеў яго на кірмаш весці, спадзяваўся за яго ўзяць рублёў пяць. Пяць рублёў! Такая страта не жартачкі! А на тым тыдні з пошты прывезлі ліст ад Хвядоркі. Піша, што ніяк да войска не можа прызвычаіцца, што птушкай бы, здаецца, паляцеў да роднай хаты, што хоць ён і здаровы, а ў сярэдзіне ўвесь час нешта баліць. І ўсім ён нізка кланяецца.
- І табе, Паўлючок, кланяецца, і Ўльяне, і Піліпу, і Данілку, усім чыста!
Яшчэ калі пра здохлага бычка расказвала, у вачах яе стаялі слёзы, а цяпер пачала ўсхліпваць і залілася слязьмі. У гэтую хвіліну на парозе хаты паказалася маладая кабета, высокая, даволі прыгожая, але вельмі бледная. Яна несла перад сабой вялікае карыта з пасечаным зеллем. Гэта была нявестка Аўдоцці, якая гады два таму цяжка хварэла і дасюль ніяк не магла ачуняць, нягледзячы на тое, што Аўдоцця паіла яе рознымі сваімі зёлкамі. Пад цяжарам карыта яе некалі дужае, але цяпер кволае цела выгіналася то ўзад, то ўперад.
- Мама! А мама! - паклікала яна. - Занясіце, калі ласка, свінням, бо мне дзіця накарміць трэба, крычыць і крычыць.
З хаты і сапраўды чуўся прарэзлівы крык дзіцяці. Аўдоцця падхапілася, абцёрла фартухом заплаканы твар, а пальцамі нос і, узяўшы з рук нявесткі карыта, панесла яго ў хлеў, адкуль неслася рохканне свінней. Худая, бледная Максімава жонка знікла ў сенцах, а з хаты выбегла двое малых і басанож пабеглі следам за бабкай у хлеў. Старэйшы, Тадэвушак, пару гадоў таму памёр, а Ганулька і Сцяпанка жылі. У глыбіні хлеўчука яны ўзнялі такі радасны крык і смех, што і Аўдоцця таксама смяялася разам з імі на ўсё горла. Пазіраючы на свінней, якія прагна накінуліся на ежу, і смеючыся з унукаў, яна зусім - хоць, можа, толькі на хвіліну - забылася на здохлага бычка і сумны ліст салдата Хвядоркі.
Павел пайшоў на раку да свайго чаўна. Цяпер у ім былі розныя рыбацкія прылады і ладная торба з хлебам, салам і сырам. Непадалёк, на ўмоўленым месцы, Павел абяцаў спаткацца з рыбаком, які часта быў яго супольнікам у працы і барышах. Сёння яны збіраліся паплыць далёка, туды, дзе ў гэтую пару года здараліся вельмі багатыя ўловы. Павел разлічваў вярнуцца толькі праз тры дні, а можа, і пазней. Ад'язджаў ён спакойны, шчаслівы, упэўнены ў дасягненні сваёй мэты. Перад тым як увайсці ў човен, ён вясёлым, светлым позіркам акінуў блакітнае неба і зялёную зямлю, увесь гэты цудоўны, сонечны, пагодлівы маёвы дзень і, абапёршыся на вясло, пачаў насвістваць змалку знаёмую песню: