10894.fb2 Выбраныя творы - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 67

Выбраныя творы - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 67

Ён перастаў насвістваць, але ў адным з вясковых садкоў, дзе цвілі дзве яблыні і некалькі вішань, жаночы голас падхапіў песню, што даляцела з-пад гары, і звонка, здавалася, на ўвесь свет, заспяваў:

Спарадзіла яна сынаДы цёмнаю ноччу,Дала яму белы тварыкДы чорныя вочы..

Надвячоркам таго самага дня Франка з малым Актавіянам на каленях сядзела на парозе хаты. Апраналася яна цяпер па-сялянску і ніякіх бразготак на шыі і ў вушах не насіла, усе яны засталіся ў яе апошніх вандроўках. І наогул, цяпер яна болей, чым даўней, была падобна да сялянкі: яе звялае, змардаванае аблічча загарэла, рукі пацямнелі і агрубелі. Яна яшчэ больш схуднела, і ў святле заходзячага сонца яшчэ выразней вызначаліся дробныя зморшчыны вакол яе вачэй і вуснаў. Малое падскоквала ў яе на каленях і шчабятала, паказваючы малымі ручанятамі на сабаку, птушак, дрэвы. Яна пяшчотна адказвала яму, моцна абдымала, часта і гучна цалавала то ў галаву, то ў шыйку. Але ў яе запалых, абведзеных цёмнымі кругамі вачах застыў глыбокі сум, а маленькія вусны былі бледныя.

За плотам, які цягнуўся ўздоўж двара, зелянеў ускапаны, засеяны і засаджаны яе рукамі агарод. У параўнанні з агародам, які належаў Казлюкам і быў дагледжаны Ўльянай, Франчын агарод выглядаў вельмі мізэрна. На агародзе Казлюкоў усё расло добра, зеляніна была свежая і густая, разлівала моцны водар, а на градах Франкі засеяныя рэдка расліны былі прывялыя і кволыя. Працуючы штодзень кожная на сваёй палове, жанчыны часта сустракаліся, і Ўльяна, назіраючы за братавай, не магла стрымацца ад насмешлівых заўваг над няўмелай і лянівай яе работай. Аднаго разу яна назвала яе «паняй», і Франка, узняўшыся над градамі, усклікнула:

- Вядома, што не такая хамка, як ты!

Тады Ўльяна прагнала са сваёй паловы Актавіяна, які сядзеў з яе трохгадовай дачкой Марыськай і перасыпаў пясок. Яна схапіла яго на рукі і перакінула цераз нізкі плот, за якім працавала Франка. Вочы яе гарэлі гневам і пагардай, але яна сціснула вусны і не адказвала Францы, якая размахвала рукамі, рагатала, лаяла яе на чым свет стаіць, аж пакуль не прыйшоў Павел і, узяўшы жонку за руку, не завёў яе ў хату.

Цяпер на двары Казлюкоў было пуста і ціха. Ульяна пайшла на выган за сваёй каровай і дзяцей з сабой узяла, а Піліп і Данілка ў той дзень наняліся касіць двор і сад у маёнтку. Толькі пад стрэхамі абедзвюх хат і на старой грушы прарэзліва цвыркалі вераб'і, па вёсцы разносіўся глухі гоман галасоў людзей і жывёлы, ды недзе воддаль клекатаў бусел. Седзячы на парозе, Франка сумнымі вачыма глядзела на тварык сына і нешта пяшчотна шчабятала яму сваімі бледнымі вуснамі.

І раптам з-за вугла хаты пачуліся хрыплае, голаснае мармытанне, уздыхі і стук кія аб зямлю.

- Кірые, алейсан! Хрыстэ, алейсан!* Айцец нябесны, злітуйся над намі, грэшнымі! Сыне-збавіцель, злітуйся над намі!..

* Госпадзе, злітуйся! Хрыстос, злітуйся! (грэцк.) - пачатак каталіцкай імшы.

Франка страпянулася, узняла галаву і ўгледзела шырокі, узараны маршчынамі твар, які выглядаў з-за хаты. На яго амаль крэйдавай бледнасці чырванелі апухлыя, няспынна моргаючыя павекі.

- Марцэлька! - радасна ўсклікнула Франка.

- А Паўла дома няма? - нізкім шэптам спытала жабрачка, высоўваючы з-за хаты галаву, абкручаную бруднай анучай.

- Няма! Няма! Тры дні не будзе! - паспешліва адказала Франка і, спусціўшы на зямлю дзіця, пабегла насустрач жабрачцы.

- Ой ты, мая даражэнькая, залатая, брыльянтавая! - забалбатала Франка, смеючыся і махаючы рукамі. - Як жа я чакала цябе, усіх аб табе распытвала. «Няма Марцэлі! Як пайшла перад Вялікаднём у горад, дык больш і не вярталася!» - кажуць. Мы ўжо думалі, ці не памерла часам...

Куча лахманоў, з-пад якой выглядалі вялікія ступні, укручаныя анучамі, пасунулася наперад. Галава жабрачкі трэслася, дзве нейкія бясформенныя далоні абапіраліся на кій. Франка завяла яе ў хату і, весела шчабечучы, пасадзіла на лаве. Пасля яна кінулася да чырвонай шафкі і прынесла кавалак хлеба, міску з халоднай бульбай і соль.

- Еш, міленькая, еш! Ой як жа я рада, што ты прыйшла. Тут і слова сказаць няма каму...

Жабрачка есці не спяшалася, відаць, была сытая. З-пад чырвоных павек яна з цікаўнасцю назірала за Франкай.

- Ой, ды ты, я бачу, тут зноў поўнай гаспадыняй стала, як даўней! - здзівілася яна.

- А як жа! - з гонарам прамовіла Франка. - Ужо і следу не засталося ад таго, што было... Нібы і не было нічога!

- Ну, раскажы ж, богам прашу, што з табой сталася, што рабіла, як сюды вярнулася, як з Паўлам памірылася? - прасіла Марцэля.

Францы не трэба было гэтай просьбы паўтараць двойчы. Яна села і пачала гаварыць, а калі расказвала, як Павел ёй усё дараваў і яе дзіця за сваё прыняў, вусны яе дрыжалі і слёзы блішчалі ў вачах. Марцэля таксама сядзела сур'ёзная, засяроджаная, і ад гэтага яе квадратная постаць здавалася яшчэ больш няўклюднай і цяжкой.

- Вось добры чалавек! - сказала яна з захапленнем.

- Добры! - пацвердзіла Франка - Такога добрага на ўсім свеце няма.

Раптам яна задумалася і ўздыхнула:

- Хоць, ведаеш, Марцэлька, - дадала Франка, - ён ужо цяпер не такі добры, як быў...

- Не можа быць! - усклікнула жабрачка.

- Не такі! Даўней, бывала, што хацела, тое і рабіла. Спала колькі хацела, калі зраблю што ў хаце - добра, а калі не зраблю, дык таксама слова благога ад яго не пачую. Яшчэ і цукеркі прывозіў, і на рукі як малую браў. Пад канец, калі я яго ўжо разлюбіла, сварылася, крычала... а ён нічога! Маўчыць, як сцяна, або абніме і просіць: «Ну, годзе ўжо, дзіцятка! Годзе, супакойся». А цяпер дзе там! Раненька, як той тыран, над ложкам устане і загадвае падымацца. Як ні прашу, як ні пярэчу - не дапамагае! Я - сваё, а ён - сваё: «Уставай ды ўставай!» Часам за рукі возьме і з ложка сцягне, а пасля прымусіць яшчэ ўстаць на калені і пацеры з ім адмаўляць. І з кніжкі малітвы чытае. А што гэта за чытанне? Звычайнае мужыцкае! Пакуль ён адну малітву прачытае, мне ад таго стаяння на каленях галава кружыцца пачынае. А пасля малітвы да работы гоніць: у печы падпалі, карову падаі, агарод загадвае капаць, хлеб пячы, нават калі з хаты адыходзіць - наказвае. «Глядзі, Франка, зрабі ўсё, што я табе сказаў». А калі чаго не зраблю, дык ён, як вернецца, пачынае сварыцца, крычаць. Усё раблю, хоць мне і перад сабой сорамна, што ў гэту чорную работу ўпрэглася, ды і слабасць часамі такая, што, здаецца, упаду і не ўстану. Але лепш ужо рабіць усё, што загадвае, чым слухаць, як ён пачынае пра бога, пра чорта, пра вечныя мукі ды розныя іншыя глупствы плесці. Цяпер я ўжо, як нявольніца, і целам і душой яму прадалася. Здароўя няма, на шыі ў мяне дзіця, і няма ніякага іншага выйсця, як у гэтай хаце з мужыком жыць. Гэткая мая доля... Відаць, у чорную гадзіну я на свет нарадзілася!..

І калі яна гэтак скардзілася Марцэлі на свой лёс, усё большы смутак напаўняў яго вочы, аж раптам з іх струменем паліліся слёзы і таксама раптоўна спыніліся. Яна схапілася за галаву і застагнала:

- Ой, Марцэлька, каб ты ведала, як мяне галава замучыла! Баліць і баліць! Калі вярнулася сюды, яна мне некалькі тыдняў зусім не балела, а цяпер зноў баліць, і ў вушах шуміць... Не так моцна, як раней, але шуміць...

Франка зняла з галавы паркалёвую квяцістую хусцінку і, намачыўшы ў вядры палатняную шматку, абвязала галаву.

- Вось мой адзіны ратунак! - сказала. - Калі вельмі разбаліцца і шумець пачынае, трэба намачыць халоднай вадой.

Яна села зноў насупраць жабрачкі, якая, паклаўшы на кій рукі, уважліва сачыла за ёю і так моцна задумалася, што на нейкі час яе пакінула звычайная балбатлівасць. Пасля паволі сваім сіпатым голасам пачала:

- Глядзіце, людзі добрыя, які ён суровы зрабіўся! І ўсё ж, мая мілая, ты шчаслівая, што такога чалавека маеш! Хто гэта чуў, каб столькі жонцы дараваць, ды яшчэ чужое дзіця як сваё гадаваць, ды яшчэ да работы цябе запрашаць, як тую пані да стала! Не жартачкі, мілая, які ён добры!

- Вядома, добры! - трымаючыся аберуч за галаву, кінула Франка. - За гэту яго дабрату я і прадалася яму ў няволю.

Марцэля, ківаючы галавой, глядзела ў зямлю, на яе стары і брыдкі твар лёг цень змрочнай задуменнасці.

Праз хвіліну, нібы звяртаючыся да зямлі, у якую яна ўтаропіла свой позірк, старая сіпатым голасам загаварыла, заенчыла:

- Ой, доля ж мая, доля! Чаму ж ты ў мае маладыя гады не паслала мне такога чалавека, такога збавіцеля? Чаму ты пакінула мяне на свеце адну, як тую былінку ў полі? Я ведала б, ой ведала, як такога чалавека і такога збавіцеля шанаваць! Не давялося б мне гараваць з дзецьмі-сіротамі, не давялося б мне на старасці год гэткую бяду і крыўду цярпець!

Ківалася яе галава, абкручаная лахманамі, а з грудзей яе рваўся не то плач, не то галашэнне. І, нарэшце, палілася дрыготкая, хрыплівая, жаласная песня:

Павей, вецер, павей, вецер, з зялёнага гаю,Павярніся, наш паночак, з далёкага краю!

- Ага! - рэзкім, высокім голасам усклікнула Франка. - Добра табе, Марцэлька, так казаць, калі ты састарэла, нібы той спарахнелы грыб! У маладосці чалавек патрабуе весялосці, розных прыемных прыгод, свету...

Марцэля адарвала ад зямлі мутнай вільгаццю напоўненыя вочы і ўважліва паглядзела на Франку:

- А колькі ж табе гадоў, мая даражэнькая?

- Трыццаць восьмы пайшоў, - з яўным задавальненнем адказала Франка.

Марцэля паківала галавой:

- Ой, ой, і ты ўжо не дзіця, і да саракоўкі табе недалёка. А сорак лет - бабскі век, мая міленькая!

- Вось хамская прымаўка! Хіба гэта праўда? Ого, як бы яшчэ за мной хлопцы лёталі, каб я была здаровая ды не жыла ў гэтай яме!..

Ці то позірк Марцэлі ў гэтую хвіліну спыніўся на самавары, які пабліскваў у кутку, ці то заўважыла яна торбачку з мукой або крупой, якая вісела на сцяне, але яна раптам паспешліва, нібы жадаючы паправіць зробленую памылку, пачала падтакваць Францы:

- Але! Пэўна, што лёталі б! Шчупленькая ты і далікатная, як тая паненка, што ў гарсэце ходзіць, а ручкі твае, як у дзіцяці, маленькія, а вочы...

Раптам з двара Казлюкоў пачуліся галасы. Франка на лаве ля акна ўкленчыла і прыклала твар да маленькай шыбы, яна ўбачыла Ўльяну, якая заганяла ў хлеў карову, чацвёра дзяцей, якія беглі па траве, Піліпа, што з касой на плячы ўваходзіў у хату, і Данілку - ён стаяў ля варот з нейкім юнаком.

- Глянь, глянь, Марцэлька, - зашаптала ўзбуджана Франка. - Глянь, даражэнькая... Які прыгожы хлопец стаў Данілка...

Васемнаццацігадовы Данілка і сапраўды быў прыгожы. У кароткім палатняным каптане, у высокіх ботах, з касой на плячы, якая паблісквала ў апошніх праменнях сонца, ён стаяў ля варот, вясёлы і зграбны. Твар у яго быў далікатны, як у дзяўчыны, а валасы залаціста-рудаватыя.