10894.fb2 Выбраныя творы - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 7

Выбраныя творы - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 7

- Баламуты! А татка што, лепшы быў? Хрысціну кінуў... Можа, і кузен Карольцю...

- Што ты разумееш? - крыкнула маці. - Хамка адно, а шляхецкая дзіця іншае... Хай толькі пасмее ён Карольцю збаламуціць і кінуць!..

Яе ахапіла яе вялікая трывога, але не за Карольцю.

- Дзе татка? - спыталася.

- Альбо я ведаю? - адказала Рузя, вельмі занятая развязваннем шнуркоў ад турнюра.

- Чуеш, што кажу! Ідзі зараз жа і паглядзі, дзе татка...

А калі Рузя, дзвюма рукамі падтрымліваючы расшпіленую спаднічку, выпрасталася і, надзьмуўшыся, збіралася адысці да печы, мацярынская далонь з глухім пляскам упала на яе белыя пульхныя плечы.

- Пойдзеш ты ці не, калі табе кажу?..

Рузя скочыла так хутка, што турнюр сам сабой зваліўся з яе пад самыя ногі маці. Не зважаючы на гэта, Рузя выскачыла на ганак і ўбачыла чырвонае святло ліхтара, што мільгала то тут, то там паміж забудовамі фальварка. На адной назе ўляцела ў хату і, не ўваходзячы больш у бацькоўскі пакой, з каморкі, што займала разам з сястрой, надзвычай цеснай і бруднай, заваленай усялякім рыззём, праз парог крыкнула:

- Татка з ліхтаром будынкі абходзіць.

Бахрэвічыха, відаць, добра разумела значэнне тых слоў, бо адразу ж супакоілася і толькі спытала:

- А дзе Карольця?

- Ці ж я ведаю! Можа, на шпацыр з кузенам пайшла, - адказала надзьмутая Рузя.

Бахрэвічыха нічога не сказала, толькі хвіліну гучна сапла і чмыхала. Суняўшы перажыванні за мужа, пачала трывожыцца за дачку. Можа, раздумвала, што рабіць. Аднак не зрабіла нічога. Укруцілася ў коўдру і яшчэ раз азвалася да дачкі:

- Рузя, глядзі, каб мне ў аўторак нагадала пра посны абед. Будзем усе дзеля шчасця Каролькі пасціць дзевяць аўторкаў ажно да святога Антонія.

Некалькі хвілін не было ніякага адказу. Відаць, Рузя набіралася адвагі, бо яшчэ пакрыўджаным голасам адказала:

- Мая ты мамуля, калі кузен Карольцю сапраўды кахае, дык ажэніцца з ёй без святога Антонія, а калі толькі баламуціць, дык тут і сам д'ябал не дапаможа...

- Дурніца! Тваё шчасце, што я ўжо ляжу... Як Каролька прыйдзе, скажаш, каб сюды ішла. Мушу і ёй трохі маралі пачытаць...

На дзядзінцы чырвонае святло ліхтара доўга соўгалася і мігцела паміж будынкамі фальварка. Абышло яно хату парабкаў, стадолу, абору, спіжарню. Бахрэвіч ужо шмат гадоў штовечар, перш чым легчы спаць, хацеў паглядзець уласнымі вачыма, ці пагашаны ўсюды агні, ці не спяць начныя вартаўнікі, ці не залезлі дзе злодзеі. Гаспадар з яго быў дбайны і працавіты, таму вось ужо дваццаць гадоў займаў ён адну з лепшых аканомскіх пасад, што былі ў вялікім Краснавольскім маёнтку. Уладары гэтых багаццяў, вялікія паны, знаходзіліся звычайна там, «дзе цвітуць лімоны і апельсіны». Стары і вялікі двор у галоўным маёнтку займаў кіраўнік, а па фальварках жылі аканомы, якія былі пад кантролем кіраўніка, але досыць незалежныя і добра аплочваліся. Бахрэвіч жыў у Лясной, але меў пад сваёй апекай яшчэ адзін фальварак - Вульку, што месціўся за тры вярсты ад Лясной. Грашовую суму ён атрымліваў невялікую - разам са штогадовымі ўзнагародамі складала яна каля двухсот рублёў. Але ардынарыю давалі яму шчодрую, і складалася яна з усіх гатункаў збожжа. Ён меў права трымаць некалькі кароў, пару коней і колькі яму хацелася птаства, свіней і авечак. Меў ён таксама на сваю карысць морг лёну, пару моргаў бульбы, вялікі і дагледжаны гарод. Словам, у аканомавым доме ўсяго было ўдосталь: булак, гародніны, вяндліны, мукі і круп розных гатункаў. Дзякуючы Мадзі, ад гэтага дастатку, што зрабіў шчокі ўсёй сям'і поўнымі і румянымі, назбіралася яшчэ і ў шуфлядзе камода трохі асігнацый. Няшмат, бо адкуль жа магло назбірацца многа? Але і на тую драбязу каля дваццаці гадоў рупліва і цяжка працавалі абое з Мадзяй... Ох, гэтая Мадзя! Гэта брыльянт быў, не кабета! Ніхто б нават спадзявацца не мог, што спадарыня асэсарка, у бацькоў якой бывалі самыя лепшыя ў ваколіцы паны і якую, толькі страціўшы месца, бацька рашыўся выдаць за аканома; каб дачка чыноўніка, што з дочкамі спраўніка была калісьці запанібрата і нават на вечарынах пару разоў у знатных дамах танцавала, магла стаць такой ашчаднай і працавітай гаспадыняй. Насамрэч, асэсар Капроўскі, звольнены з пасады, якую заняў новапрыбылы станавы, памёр бы ў галечы, калі б зяць напрыканцы жыцця не прыняў яго ў свой аканомскі дом. Праўду кажучы, Мадзя не прынесла ў дом мужа нічога, апрача срэбных лыжак, ахвяраваных калісьці асэсару нейкім чалавекам, які, з выпадку не аплочаных у пару падаткаў, заўсёды меў патрэбу ў сімпатыях дзяржаўных падатковых службаў. Але, з другога боку, злучэнне Бахрэвіча з гэтай жанчынай сямейным вузлом надало яму значнасці: Капроўскія ў параўнанні з Бахрэвічамі былі такой арыстакратыяй, што калі б Мадзя была нават гультайкай, ніхто б не пасмеў яе за гэта ўпікнуць. Аднак яна, наадварот, была такой жанчынай, на якой трымаецца дом мужа. Шчыравала, ашчаджала, напаўняла хату дастаткам, ад якога яшчэ заставалася крыху, каб адкласці ў шуфляду камоды. Уставала на досвітку і ў простым адзенні і абутку даглядала ўсё: кароў, курэй, гарод, кухню. Займалася гандлем: высылала ў Ангрод на кірмаш гладышы з маслам, змяшаным у нейкай частцы з бульбяной кашай. Людзі куплялі масла з кашай, з чаго Мадзя рагатала да колікаў у жываце, пад акампанемент мужавага смеху, які прыходзіў ад яе ў захапленне. Пасылала таксама на продаж сыры, яйкі, птушак, курынае і гусінае пер'е. Калі ў якім-небудзь з гэтых прадуктаў магла зрабіць якую дамешку ці падман, то рабіла. Калі якому-небудзь з парабкаў пры выдачы ардынарыі магла дасыпаць ў зерне мякіны, то дасыпала, а добрае зерне, што сэканоміла, пакідала сабе. Часта недасыпала і ніколі не сядзела, склаўшы рукі, толькі адзін раз на тыдзень, едучы ў касцёл, старанна прыбіралася. Аб адным яна толькі думала, над адным толькі галаву ламала - каб дому і сям'і якім-кольвек чынам прыдбаць рубель, залатоўку ці хоць грош. Любіла смачна і шмат паесці, аднак да раскошы не імкнулася. З вясёлай усмешкай і з поўнымі талеркамі прымала сяброў мужа, а таксама кавалераў дачок, але пра іншыя забавы нават не думала. Няраз падчас мыцця бялізны, біцця масла ці разбірання свежаніны босая цэлы Божы дзень, з закасанымі рукавамі так уходжвалася, што, ледзь толькі дападала да ложка, у імгненне вока пачынала так храпці, як быццам гучалі некалькі духавых інструментаў. Такая яна была. А яе мацярынскія пачуцці і надзвычайны розум, што выявіўся падчас выхавання дачок? Сам Бахрэвіч ніколі б так не здолеў выхаваць дзяўчат, як патрафіла яна. Дзе там! Нават не ведаў бы, як за гэта ўзяцца!

Гэта яна, што была некалі з дочкамі спраўніка на «ты» і пару разоў на вечарынах танцавала ў ядвабнай сукенцы, падумала не толькі пра тое, каб даць дочкам адукацыю, але і змагла ажыццявіць сваю задуму. Яна, што сама калісьці вучылася, ведала, чаму паненкі павінны навучыцца. Выйшаўшы за аканома, яна хутка забыла ўсё дашчэнту, чаму яе некалі вучылі, апусцілася і агрубела. Аднак валодала рэччу найважнейшай - тэорыяй. І кіруючыся ёю, з вялікай цяжкасцю вышуквала гувернантак: напачатку абы-якіх, і нарэшце, на заканчэнне адукацыі адкрыла панну Шуркоўскую, якая, хоць і брала вялікую плату (ажно пяцьдзесят рублёў у год) і ў дадатак жахліва шмат ела, але затое была выдатнай настаўніцай. Гэта пры ёй Каролька навучылася спяваць: «О, анёле, што з гэтай зямлі» ды іграць «La ariere d'une Vierge», а Рузя, якая да музыкі ніякіх талентаў не мела, так захапілася французскай мовай, што, калі аднойчы звярнулася на гэтай мове да Густава Дзельскага, які адведваў яе бацьку, дык кавалер з вялікага свету ад здзіўлення аж анямеў. Гэтая панна Шуркоўская панавучвала іх таксама выробліванню разнастайных дрындушак, якімі цяпер, калі не было гасцей, займаліся яны цэлымі днямі, і яшчэ навучыла іх шматлікім таямніцам і дробязям у дамскіх паводзінах і дамскіх строях. Кошты ўтрымання такой дарагой настаўніцы, яе ненажэрнасць і капрызы Мадзя зносіла з сапраўды анёльскай цярплівасцю: за тры гады яна аблаяла яе не больш дзесяці разоў і ні разу не набіла. Крыніцай гэткай цярплівасці і гэткага самакантролю была толькі мацярынская любоў. Дачок яна берагла, як зрэнку вока. Злавала яе часам тое, што ад іх няма ніякай дапамогі ў гаспадарцы, і калі дзяўчаты не хацелі паставіць самавар ці прынесці з кухні ежу, задумвалася над тым, ці часам іхняя адукацыя не зайшла занадта далёка. У падобных выпадках і ў шмат якіх іншых, а таксама і зусім без усялякіх нагод, плечы паненак уздрыгвалі ад мацярынскіх кухталёў, ці ад мятлы, ці скручанага матка тоўстых нітак хатняга вырабу. А наогул любіла іх самаахвярна. Калі хварэлі - адпойвала іх настоямі зёлак і абкладала горамі кампрэсаў, калі жадалі якога-небудзь убрання - даставала ім грошы, за іхні гонар і дасканаласць гатовая была заўсёды выдрапаць вочы нават роднаму бацьку, калі б яшчэ жыў. А паколькі была схільная да плачу амаль гэтаксама, як і да прыступаў гневу, дык па сто разоў на год плакала, то над іхняй доляй, то ад захаплення іхняй дасканаласцю, то ад злосці, што яны ў доме ні да чога не здатныя.

Такая яна была. Ці ж мог Бахрэвіч не цаніць такога брыльянту, ці ж мог пры ўсіх гэтых яе вартасцях не пераносіць пакорліва адзінай яе заганы, якой было шчодрае злоўжыванне крыкам і недалікатнымі выразамі, а таксама лёгкасць, з якой хапалася яна за мятлу? Увогуле, гэтыя праявы моцнага характару яшчэ нават павялічвалі павагу, якую меў ён да жонкі, і падагравалі ягоную прыхільнасць да яе. Ён належаў да той вялікай катэгорыі людзей (значна большай, чым думае нехта, хто мяркуе пра чалавецтва павярхоўна), да той катэгорыі, што шануе бізун і любіць яго прыхільнікаў на зямлі. Бахрэвіч баяўся жонкі, і якраз гэты страх абуджаў у ім да яе пашану і ўдзячнасць. Калі б не той бізун, то, можа, быў бы ён як шмат іншых - распіўся б, разгультаіўся б і ні да чога не дайшоў. Калі б той бізун адразу ж пасля шлюбу не апынуўся ў яе энергічных руках, дык ён бы трымаў яго над ёй і здзекаваўся б з лагоднай, ціхай і пакорлівай. Вакол той, што трымала гэты сімвал зямнога каралеўства, хадзіў ён на дыбачках, асцярожна, гаварыў з ёю мякка, нясмела, глядзеў ёй у вочы, як сабака, што жадае адгадаць волю свайго гаспадара; у хвіліны зацішша цалаваў яе грубыя чырвоныя рукі. Калі б гэтыя рукі былі тонкія і далікатныя, ападалі б на іх замест пацалункаў рамяні бізуна.

Аднак былі часы, калі Бахрэвіч кахаў трошкі іначай; не праз павагу да бізуна, не праз удзячнасць за продаж на сямейную карысць масла, змяшанага з бульбяной кашай, не за прызнанне ў кабеты вышэйшага роду і розуму, але так, з Божай ласкі, нібы з натхнення сэрца і захаплення вачэй, якія не мог адарваць ад статнай і гнуткай постаці, ад смуглага твару і кучаравых валасоў, ад сакавітых, як спелая вішня, вільготных вуснаў сялянкі. Была гэта сялянка, нават не гаспадарская дачка, сірата, без дому, вартая жалю парабчанка. Быў ён тады малады і з грудзей ягоных яшчэ не зусім выветрылася свежасць і паэзія шляхецкага засценка, які ён толькі што пакінуў дзеля службы ў двары. Быў ён засцянковы шляхціц. У бацькавым засценку на пятнаццаці моргах зямлі вырасла ажно чатыры браты Бахрэвічы. Двое старэйшых пажаніліся і засталіся на месцы, двое малодшых пайшлі ў свет. Стафан далёка не пайшоў. Чытаць, пісаць і лічыць навучыў яго дарэктар, наняты ў складчыну для дзяцей некалькімі сем'ямі ў ваколіцы. Спрытны, стройны і пакорлівы, з лёгкасцю атрымаў ён у краснавольскім маёнтку месца дробнага чыноўніка, з гучнай назвай «намеснік». Стаў ён намеснікам не якога-небудзь манарха, але аднаго з краснавольскіх аканомаў. У гэтым жа самым фальварку была і яна: прыгожая, зграбная, чарнавокая дзяўчына. Бахрэвіч так закахаўся ў яе, што надоўга нават забыўся пра тое, што яна сялянка. Станам сваім нагадвала яна маладую бярозу, вочы яе былі поўныя агню, з-за пунсовых вуснаў паказваліся ва ўсмешцы белыя зубы, а калі расплятала косы, хавалася да пояса ў хвалях кучаравых валасоў. Была яна працавітая, бо сярод чужых людзей ніколі не атрымала дарма кавалка хлеба, але нясмелая і паслухмяная, бо як бяздомная сірата залежала ад усіх. Намеснік быў для яе асобай настолькі важнай, як для намесніка сам ўладальнік краснавольскіх зямель. Быў ён да таго ж у той час хлопец зграбны і жвавы. З загарэлым тварам і белым ілбом, з пшанічнымі вусамі над пунсовымі вуснамі, з тым агнём у вачах, якім маладосць і фізічнае здароўе напаўняюць чалавека, што гадаваўся сярод палявой свежасці, на начлежных росах, мужнеў за плугам і на касьбе. Цяпер ужо сам не араў і не касіў, аднак працу гэтую ведаў добра, спрытна і дбайна нёс сваю службу, працадаўцам плаціў паслухмянасцю і марыў заняць пасаду аканома. Добра было яму тады на свеце. Чорнавалосая дзяўчына цудоўна дапамагала яму ў цярплівым чаканні спаўнення амбіцыйных надзей. Пакуль прыйшла тая фартуна, была ў яго каханка, адданая яму целам і душой, пакорлівая, якая і думала толькі пра тое, каб яму падабацца. Час ад часу лаяў ён яе і нават трошкі біў. «Варона, - казаў, - каб хоць калі мне слова сказала, як лаяць яе пачну. Толькі пойдзе ў кут і плача, зацірка з малаком!» Аднак сілаю яе прывязанасці да яго сам прывязваўся да яе ўсё больш. Неўзабаве сталася тое, чаго ён так горача прагнуў і што з усёй сваёй душы і ўсіх сваіх сіл імкнуўся зарабіць. Далі яму аканомства, і не абы-якое, а ў самой Лясной, ды яшчэ з дадаткам Вулькі. Тады чарнявая Хрысця надзіва хутка яму збрыдла. Што мог сабе дазволіць намеснік, не было ўжо годным аканома, і ў дадатак не абы-якога, а таго, што сядзеў на двух найлепшых фальварках краснавольскага маёнтка. Акурат тады прыгадаў ён сабе, што была яна сялянкай. І забыўся зусім пра тое, што два ці тры разы з вялікай злосцю і галасам выгнаў з парабчанскай хаты вясковых сватоў, якія прыходзілі браць прыгожую і працавітую дзяўчыну за жонку для гаспадарскіх сыноў. Сам сабе ён казаў: «Чаго яна прычапілася да мяне?» Аднак ёй сказаць гэта не мог: хацеў некалькі разоў, але словы колам стаялі ў горле, бо добра памятаў, як доўга і палка мусіў старацца, каб пераадолець яе сарамлівасць і страх. Зрэшты, нельга было і цяпер сказаць, што ён перастаў яе кахаць. Наадварот, ён добра разумеў, што расстацца з ёй будзе яму вельмі цяжка. Калі б не была яна сялянкай, дык ажаніўся б з ёй, хоць бы яна і не мела нічога. Да грошай ён не быў надта падкі, але гонар шляхецкі цаніў. Быў ён амбітным. Абдымаў і цалаваў Хрысцю з жарсцю і замілаваннем, але гадзіну пазней марыў пра жаніцьбу з паненкай з добрага дому. «Калі б трафіла, - казаў ён сваім прыяцелям, - то ажаніўся б з босай і голай, была б толькі з добрай сям'і і з адукацыяй». Трафіла. Прыяцелі засваталі, павезлі да паненкі, заручылі і ажанілі. Быў перад тым яшчэ дзень, калі з Лясной выйшла высокая чорнавалосая сялянка з маладым, але звялым ад пакут і слёз тварам, ведучы за руку адно маленькае дзіцятка, а другое трымаючы каля грудзей. Старэйшага з тых хлопцаў звалі Філіп, у сялянскім вымаўленні Піліп, малодшага Антосік. У той жа самы дзень Бахрэвіч, на ўсе зашчапкі замкнуўшыся ў сваім пакоі, ажно выў ад плачу. Такі ён быў. Але толькі аднаго разу змагаўся са сваім сэрцам. Самым блізкім прыяцелям прызнаваўся ён тады, што сэрца ваявала ў ім з розумам і розум перамог, пане дабрадзею. Потым усё жыццё ён віншаваў сябе, што не зрабіў глупства, дзеля сялянкі не завязаў для сябе свет. Але яшчэ доўга, калі ўспамінаў гэтую сялянку, нешта яму так сціскала сэрца, што ажно твар насоўкай выціраў, сплёўваў і як мага хутчэй ішоў у поле, каб забыцца ў працы. Былі гэта, аднак, часовыя з'явы. Потым нарадзіліся дочкі, пачалі збірацца грошыкі... Мадзя паказала ўвесь шык сваіх вартасцяў... Начальства яго любіла, за пасаду сваю ён не баяўся, выгады ўсялякія меў, прыгажосцю і адукацыяй дачок ганарыўся, і часам нават які ўрадовец ці нават пан наведваў ягоны дом. Адчуваў сябе амаль шчаслівым. Праўда, меў часам трошкі і непрыемнасцяў - з-за мятлы, але значна больш хацеў гэтага, чым таго, каб ягоная жонка была заціркай з малаком.

Цемра і цішыня ахінулі фальварак у Лясной. Каля парабчанскай хаты начны вартаўнік сек дровы, другі ж за стадолай час ад часу працягла свістаў. Зрэдку вялікі дварняк, што спаў у будцы на саломе, брахаў адрывіста і тут жа змаўкаў. Бахрэвіч, абышоўшы будынкі і зазірнуўшы ў кожны кут, згасіў ліхтар і падняўся на ганак. Аднак у хату не пайшоў, сеў на вузкую лаўку, паставіў каля сябе ліхтар і задумаўся. Толькі што ішоў каля таго месца, дзе колькі гадзінаў таму размаўляў з Хрысцяй, і прыпомніў сабе тую гаворку. Быў ён такі, як ёсць, але злога сэрца не меў. Цэлы вечар, бавячыся з госцем, адведзіны якога прынеслі яму гонар і надзею выдаць замуж адну з дачок, і тады, калі еў з апетытам баранову пячонку, і тады, як з захапленнем слухаў песню: «О, анёле, што з гэтай зямлі...», адчуваў, аднак, што нешта глуха яму дакучае. Цяпер, седзячы на ганку, у густой цемры думаў:

«Што я ёй параджу? Ці ж я магу Піліпку тут чым дапамагчы? Бяруць у войска? Бяруць. Шлюць салдата далёка? Шлюць. Што я за фігура, каб у такія інтарэсы ўмешвацца... Можа, з Капроўскім пра гэта парадзіцца... Пайду, вось, спытаюся, ці не знойдзе ён якой рады... Можа, просьбу падаць ад маткі, каб хлопца па хваробе пакінулі... Але зноў жа, а як Капроўскі, барані Божа, перад Мадзяй прагаворыцца, што мяне гэтая справа абходзіць! Нічога з ім не станецца. Хоць свет паглядзіць і на чалавека выйдзе. Баба - заўсёды баба. Як была заціркай з малаком, так і засталася. Бывала... жывот у мяне забаліць, а яна ўжо так перажывае: ногі мне абдымае, галавой да іх туліцца, як бы ў труну са мной разам кладзецца... Так і за сынамі свету Божага не бачыла і не бачыць, дык і выдумляе невядома што. Сказаў бы Капроўскаму, ды баюся, каб перад Мадзяй... Лепш ужо нічога не буду казаць... Што ўжо там? Баба паплача-паплача, а Піліпка праз пару гадоў і вернецца...»

Махнуў рукой, устаў і пайшоў у дом.

ІІ

Пакінуўшы фальварак у Лясной, ішла яна раскіслай дарогай па цемры, толькі павольней, як дагэтуль. Нашто ўжо цяпер спяшацца? Вярталася з тым самым, з чым гадзіну таму ішла туды. Нічога не выхадзіла, таму і прыгорбілася яе высокая постаць і стала цяжкай хада. Цемра ўсё гусцела, узняўся вецер і пачаў падаць дробны дождж. Сярод пустых і чорных палёў абсаджаная дрэвамі дарога з Лясной да Вулькі здавалася доўгім тунелем, над якім сярод расплаканых аблокаў не свяціла ніводная зорка і ў глыбіні якога павольна сунулася жаночая фігурка, самотная і вельмі ж дробная ў параўнанні з навакольным абшарам цемры і пусткі.

- Такая доля мая, як гэтая ночка! - сказала напаўголаса яна, і магло здацца, што вецер, які ў тую хвіліну пралятаў над дарогай, падхапіў гэтыя словы, панёс іх на густое поле, круціў іх там, як сухія лісты, з шэптам, уздыхамі і енкам. Калі заенчыў вельмі гучна, жанчына перажагналася: - У імя Айца і Сына і Святога Духа... - прамовіла зноў напаўголаса.

Можа, думала, што там ў начной цямрэчы заенчыла ад пакутаў чыясьці душа. І замаўчала. Вецер усё мацней пачаў шкуматаць яе сярмягу, хустка ў яе на галаве так змокла, што струмені вады з яе ліліся на вушы і шыю. З-пад босых ног пырскалі з лужынаў фантаны рэдкай гразі. Прайшоўшы тры вярсты, што аддзялялі Лясную ад Вулькі, яна зноў пачала гаварыць сама з сабой:

- От, яшчэ не спяць! Можа, дзіцятка хворанькае!

Гэтыя словы выклікала маленькае чырвонае святло, што блішчала сярод цёмных збудаванняў Вулькі. Яна сышла з дарогі і крыху прайшла па заараным загоне, пад сцяной пуні ці аборы, потым пералезла праз нейкі невысокі плоцік і, гэтак скараціўшы сабе дарогу, апынулася перад дзвярыма таго дома, у невялічкім акне якога мігцела тое святло. Гэта быў так званы чацвяртак, дзе знаходзілася жыллё для сем'яў чатырох парабкаў. Кожная сям'я павінна была там мець пакой і каморку з асобным уваходам. Аднак вулькаўская гаспадарка вымагала васьмі парабкаў, а чацвяртак быў там толькі адзін. Кіраўнік маёнтка быў чалавек ашчадны, і яму не хацелася будаваць тут другі будынак. На сесіі аканомаў, што адбывалася пад ягоным старшынствам штосуботы, калісьці запытаўся ў Бахрэвіча:

- Што рабіць? Будаваць у Вульцы другі чацвяртак ці не?

Мадзін мужык добра ведаў усе схільнасці і норавы свайго начальніка. Падумаўшы крыху, адказаў:

- Не будаваць, яснавяльможны пане. Навошта будаваць?

- А як жа будзе?

- У кожнай кватэры размесцім па дзве сям'і.

- Праўда? А ці змогуць яны там змясціцца?

- Ой-ой! Чаму ж гэта ім не змясціцца? Ці ж ім выгоды якія патрэбны?

Яны і сапраўды змясціліся, бо што ж было рабіць? Парабак ёсць парабак, таму што быць ім павінен, ці тут, ці там, але павінен. З другога боку, у Вульцы было не горш, чым дзе-небудзь, з жыллём і ў іншых месцах было не лепш. Адным у Вульцы за год службы станавілася прыкра, і яны пакідалі яе, другія сядзелі тут па шмат гадоў, як ужо каму выпадала. Ясюк служыў тут даўно, жывучы то з тымі, то з іншымі людзьмі. Год таму пасялілі да яго маладога парабка Антося і ягоную маці Хрысціну, якіх перавялі сюды ад іншага парабка - Максіма, бо Максім абзываў Антоську крапіўнікам, а Максіміха пару разоў цягала па хаце за валасы Хрысціну, прыгадваючы той усё: якой яна была і адкуль сваіх двух сынкоў прынесла. Ясюкі былі людзьмі спакойнымі і ўмелі жыць у згодзе з усімі. З Хрысцінай і яе сынам нават пасябравалі, можа, таму, што маці маладога парабка не толькі ніколі першай сваркі не пачынала, але, нават калі яе чапалі, маўчала. Дзяцей Ясюковых яна вельмі палюбіла і дапамагала мацеры іх даглядаць так, як быццам яны не былі чужымі. Цяпер, паказаўшыся ў дзвярах, павіталася:

- Хай будзе пахвалёны...

- На векі вякоў, - адказалі ёй тры мужчынскія галасы і адзін жаночы.

Як выглядала хата? Была яна вялікая, але вельмі нізкая, з закурэлымі да чарнаты сценамі і столлю, з глінабітнай падлогай і адным невялікім акном, праз рамы якога дзьмуў сакавіцкі вецер. Бахрэвіч праўду казаў: «Ці ж ім выгоды якія патрэбныя?» Маглі б паабтыкаць акно так, каб божыя вятры не заляталі ў хату, але не рабілі гэтага. Можа, не мелі чым, а можа, так ужо зжыліся з ветрам, што прымалі ягоныя адведкі без прыкрасці. Гэты пакой хоць і быў досыць вялікі, але рабіў уражанне надта цеснага, найперш з-за нізкай столі, а яшчэ таму, што напаўняла яго мноства гаспадарчых прылад і жыўнасць. Былі там лаўкі, сталы, двое кроснаў, балеі, вёдры, чыгуны, прылады для цёркі і часання лёну, матавілы, бочкі з квашанымі буракамі і капустай, мяшкі з бульбай, збожжам, мукой і г.д. У куце стаяла печ з чорнай, як пекла, сярэдзінай з падпечкамі і прыпечкамі. На печы былі відаць чатыры босыя дзіцячыя ножкі, што вылазілі з-пад саматканых кашуль, пад печчу спалі тры курыцы і адзін пеўнік, на палку ляжала жанчына пад саматканай коўдрай і худой цёмнай рукой калыхала сплеценую з лазы і падвешаную вяроўкамі да столі калыску. У калысцы спала немаўлятка, якому было толькі некалькі дзён. Гэтая жанчына была Ясюковай жонкай, слабая яшчэ пасля нядаўніх родаў. Звычайна не рабіла яна сабе такіх цырымоній, каб некалькімі днямі ляжання плаціць за тое, што прывяла на свет новага чалавека. Паляжыць дзень які, дый годзе! Калі ўставала, то не для ўсякай работы, а хаця б абіраць бульбу, гатаваць ежу, даглядаць старэйшых дзяцей. Гэтым разам, аднак, аслабела надаўжэй, чым звычайна: схуднела і неяк збялела. Невядома чаму. Можа, так сабе проста па Божай волі, а можа, і таму, што роды былі цяжкімі і доўгімі і пакліканая з суседняй вёскі знахарка, на хвіліну, на адну толькі хвіліну, падвесіла яе да столі нагамі ўверх... «Каб толькі дзіцятка ў жываце выпрасталася!» - казала. Дзіцятка і сапраўды, відаць, выпрасталася, бо на свет прыйшло жывое і здаровае. Але маці ніяк не магла ачуняць і ўсё яшчэ ляжала, а паколькі ў той дзень і другая гаспадыня хаты адсутнічала, то вячэра значна спазнілася. Ясюк і Антосік пачалі яе рыхтаваць, вярнуўшыся з поля, якое аралі да змроку, а потым яшчэ кармілі і паілі сваіх коней, а потым ставілі плугі ў належнае месца і трошкі пасварыліся з іншымі парабкамі перад дзвярыма ўжо за нейкую вязку сена. Цяпер перад агнём, што гарэў у печы, час ад часу памешваючы нешта драўлянай лыжкай у чыгунах, стаяў толькі Антосік, прыгожы малады парабак, з светлымі, ільнянымі валасамі і агністым паглядам блакітных вачэй. Ясюк, вусаты і плячысты мужчына, з чорнай шчэццю на смуглявым твары і цёмнымі быстрымі вачыма, сядзеў на лаве за сталом і гаварыў з чалавекам, які з выгляду быў поўнай яму процілегласцю. Моцны і плячысты парабак выглядаў стомленым і апатычным. Сядзеў згорбіўшыся, расклаўшы на стале локці, і глядзеў з-пад густых броваў досыць лагодна, але хмурна і як бы недаверліва. Госць жа, наадварот, быў хударлявы, рухавы і выпрамлены, немалады бледны твар яго з доўгім носам і барадой клінам, аздабляла сівая шчэць. Маленькія шэрыя вочы глядзелі смела, нават трошкі нахабна, часам мільгала ў іх жорсткасць і хцівасць. Адзенне ягонае было з жоўтага сукна і зусім іншага фасону, чым сялянскія сярмягі, паблісквала металёвымі гузікамі і бронзавым медалём, навешаным каля пятліцы. Ужо толькі зірнуўшы на яго, па выпрамленай і мускулістай постаці, па выразу вачэй і крою адзення можна было распазнаць у ім былога салдата.

Прыход Хрысціны не перапыніў размову Ясюка з госцем. «На векі вякоў», - адказалі ёй і больш не звярталі на яе ўвагі. Яна ж кіўнула галавой сыну, які гэткім самым кіўком ёй адказаў, і стала каля агню. Чырвоны водбліск полымя асвяціў яе ўсю: чорныя ад гразі ногі, намоклае адзенне, высокую і яшчэ зграбную постаць, адно што худую і знясіленую, пасмы зблытаных, ужо з сівізною валасоў, што выбіваліся з-пад намоклай чырвонай хусткі на лоб, загарэлую і агрубелую скуру, што сабралася ў шматлікія маршчыны. Гэта быў лоб шасцідзесяцігадовай бабулі, а ёй не было і сарака. Шчокі яе таксама былі звялыя і зморшчаныя, амаль аранжавага колеру. Затое вялікія чорныя агністыя вочы і бледныя, але прыгожай формы вусны, з-пад якіх выглядаў рад белых зубоў, былі на гэтым састарэлым твары яшчэ не загубленымі адзнакамі маладосці, напамінкам пра былую прыгажосць Хрысціны. Яна стала каля печы, абапёршы локаць на адной далоні, другой жа падпёршы сабе галаву. Стаяла так і ўзіралася ў агонь. У форме яе далікатных вуснаў, у запалых шчоках і ў выразе нерухомых вачэй была цэлая бездань смутку. Светлавалосы парабак, мяшаючы ў гаршку зацірку з салам, спытаўся ў маці:

- Ну што, мама?

Не змяняючы ані паставы, ані выразу вачэй, адказала:

- Нічога сынок. Пойдзе наш Піліпка на край свету, і не пабачаць больш яго нашыя вочы. Відаць, што для нас, бедных, ніякага ўжо ратунку няма.

Антосік уздыхнуў і паківаў галавой. У калысцы заплакала малое, і Хрысцініну задумлівасць як ветрам здзьмула. Яна зусім не дбала аб тым, каб перасушыць адзенне, абагрэць застылыя ногі. Хутка падышла да ляжанкі і нахілілася над хворай. Пашапталіся трошкі між сабой, і хворая са стогнам павярнулася тварам да святла. Хрысціна выцягнула з калыскі малое і паднесла да яе грудзей. Потым прысела на край ляжанкі ля хворай і, склаўшы на каленях рукі, упершыню звярнула ўвагу на гаворку Ясюка і госця. Перад імі стаяла бутэлька гарэлкі і алавяная чарка. Частаваліся ўзаемна з вялікай далікатнасцю, абменьваючыся пасля кожнай перакуленай чаркі пажаданнямі здароўя. Аднак перакуленых чарак было няшмат. Ясюк не быў п'яніцам, што ж да госця, то хоць ягоны пачырванелы нос, здавалася, і выдаваў любоў да моцных напояў, але цяпер чалавек заставаўся цалкам пад уплывам размовы. Ён пераконваў і да нечага надта імкнуўся схіліць Ясюка. З недапітай чаркай у руцэ, выпрамлены, уставіўшыся сваімі быстрымі і хітраватымі вочкамі ў твар парабка, ён гаварыў:

- Яй-богу, Ясюк! Каб я быў на тваім месцы, дык даўно б ужо ў сваёй уласнай хаце сядзеў, еў, піў і ні пра што не дбаў бы. Ці табе так добра на парабкоўскім хлебе, што дзядзьку на сваёй уласнай зямлі панаваць дазваляеш?

Парабак павольна пахітаў сваёй цемнавалосай цяжкай галавой.

- Ой, добра! - адказаў. - Каб маім ворагам так добра было! А што рабіць? Чалавек быў яшчэ дзіцем, калі злыя людзі пакрыўдзілі, ведама, сірата, без бацькі. Як толькі бацька памёр, дык дзядзька зараз усю зямлю і ўсадзьбу і ўсё на сваё імя, значыць, перапісаў. «Мяне, кажа, камісія, гаспадаром зрабіла, дык і ўся зямля мая, а брат, кажа, у мяне парабкам быў і братаваму сыну тут, значыць, нічога не належыць». Людзі мне парадзілі, каб у суд ішоў, а ён хадваката наняў сабе такога, што як пачаў брахаць, дык і выбрахаў сабе ўсё дарэшты. А я, значыць, ужо без нічога застаўся, тай з гаспадарскага сына зрабіўся парабкам...

Махнуўшы рукой і ўліўшы сабе ў чарку крыху гарэлкі, кіўнуў госцю галавой: