10894.fb2
Так яна крычала, выхваляючыся і пагражаючы, лаячыся і праклінаючы, размахвала кулакамі, а пасля заціхала на нейкую хвіліну і з глухім бурчаннем хадзіла па пажоўклай траве ўздоўж нізкага плота туды-сюды. І тады яна мела асабліва жудасны выгляд. У бруднай сарочцы, толькі на плячах прыкрытай дзіравай хусткай, у ружовым фартуху, у чаравіках, уздзетых на босыя ногі, з галавой, абкручанай мокрай шматкай, яна хадзіла туды і назад уздоўж нізкай агароджы, глуха бурчала нешта сабе пад нос. Яна была падобна да дзікага звера, які кружыць па сваёй клетцы, ахоплены шалёным гневам і прагай свабоды. Часамі можна было адрозніць яе словы:
- Кара божая! Кара божая! Кара божая мяне напаткала за тое, што сама сябе не ўмела шанаваць і з хамамі звязалася! Бацька і маці, мабыць, пераварочваюцца ў магілах, пазіраючы на маю ганьбу! Кара божая! Кара божая за тое, што я сама сябе шанаваць не ўмела!
А пасля зноў падскаквала да паркана і, пагражаючы кулакамі Піліпу і Ўльяне, крычала:
- Хату вашу падпалю! Дзяцей падушу! Паром пасяку! Ключкевічу напішу і аднаму майму пану напішу, каб вас за маю крыўду ў астрог пасадзілі, на Сібір выслалі... Я - пані з паноў, я з панамі сябрую і ўсё магу!.. Хату вашу з дымам пушчу... Мая маці на фартэпіяна грала... Я яе з магілы выцягну... Я на вас паліцыю і суд напушчу... Я пані з паноў... Усіх вас, хамаў, са свету зжыву!
Калі яна стаяла, прамая і шчуплая, узняўшы ўгару кулакі, а прыгожыя яе валасы, як чорныя бліскучыя вужы, віліся па плячах і грудзях і вялікія запалыя вочы з-пад мокрай шматы кідалі маланкі, яе можна было палічыць вар'яткай. Але людзям, якія глядзелі на яе, яна здавалася нейкай пякельнай істотай. На тварах іх адбіваліся ашаламленне і жах, асабліва на тварах Піліпа і Ўльяны, да якіх непасрэдна звернуты былі яе пагрозы і праклёны. А што, калі які-небудзь з гэтых праклёнаў здзейсніцца? А што, калі гэты Ключкевіч і сапраўды вялікі які адвакат і шкоду ім зробіць? Што сама яна можа падпаліць хату ці задушыць дзіця, у гэтым Казлюкі не сумняваліся. Яны стаялі спалоханыя, разгубленыя, нямыя, а ў натоўпе ля варот чуўся прыцішаны смех, часцей жа здзіўлены і спалоханы шэпт.
- Камедыя!
- Ведзьма!
- Вар'ятка!
- Яе трэба адвезці ў горад ды пасадзіць у дом вар'ятаў!..
- Ці гэты Паўлюк бога не баіцца, што гэткую ў хаце трымае?!.
Ніхто аднак не хацеў і не адважваўся падысці да яе і паспрабаваць супакоіць ці пагразіць ёй. Ніхто, апрача Аўдоцці. Яна доўга і хутка моргала вачыма, ківала галавой, спалохана ўскрыквала, а пасля перажагналася, схавала рукі пад фартух і дробнымі крокамі прайшла ў двор Паўла, заступіўшы Францы дарогу.
- Франка! - пачала яна лагодна. - Паслухай, Франка! Гэта нехта цябе сурочыў, сапсаваў цябе. Цяпер я ведаю, чаму ты такая. Я прынясу табе ад гэтага зёлак, ты іх нап'ешся, і ад цябе адразу гэта ліха адступіцца. Ёсць у мяне зёлкі ад нагавору, і я табе дапамагу. Выратую цябе! Толькі ты цяпер перажагнайся, даражэнькая, раз толькі перажагнайся, і табе адразу палягчэе. Гэта нехта цябе зачараваў, наслаў на цябе нячыстую сілу. Перажагнайся!
Франка спачатку слухала Аўдоццю з вялікай цікавасцю, але раптам падскочыла да яе з кулакамі.
- Ты сама ведзьма! - задыхаючыся ад злосці, закрычала яна. - Ты што мяне чарамі нейкімі прыйшла палохаць?..
- Я ведзьма?!. - усклікнула Аўдоцця, для якой не магло быць абразы большай за гэту.
Яна была лекаркай, але не ведзьмай, любіла людзям рабіць дабро, а ўсялякае зло было для яе агідным як самы цяжкі грэх. Першы раз у жыцці яе назвалі ведзьмай! Яна схапілася за галаву і гнеўна закрычала:
- Гэта ты сама з чортавага племя!
- Я - пані з паноў, а ты чортава служка! Ідзі прэч з маіх вачэй!.. Ведзьма!.. Хамка!.. Прэч! Прэч!
Дзве кабеты счапіліся ля паркана, і два вісклівыя галасы крычалі так, што нельга было адрозніць слоў. З натоўпу выскачыў Аляксей Мікула і пабег ратаваць Аўдоццю. Следам за ім, толькі крыху павольней, рушылі і іншыя.
- Звязаць яе і адвезці ў вар'яцкі дом! - крычаў Аляксей.
- Звязаць, адлупцаваць як след, замкнуць у хаце і паслаць за Паўлюком! - прапаноўвалі іншыя.
Ульяна, калоцячыся ад жаху, стаяла пад сваёй хатай, адной рукой жагналася, а другой прыціскала да сябе спалоханых дзяцей, сярод якіх быў і Актавіян.
Раптам з-за хаты паказаўся Павел. Нехта ўжо збегаў на раку і паведаміў аб тым, што робіцца на яго двары. Ішоў ён хутка, насунуўшы нізка на вочы шапку, і твар яго быў наліты чырванню. Насустрач яму пабегла Аўдоцця, заламаўшы рукі, пачала скардзіцца, што Франка назвала яе ведзьмай, накінулася на яе з кулакамі і, напэўна, забіла б яе, каб Аляксей і іншыя людзі не абаранілі яе. Павел парывістым рухам адсунуў сваю прыяцельку, адапхнуў двух мужчын, што стаялі на яго шляху, і, схапіўшы Франку за руку, пацягнуў у хату. Усё гэта рабіў ён моўчкі, не пераводзячы духу. Вачэй яго не было відаць з-пад казырка шапкі, твар палаў агнём. Калі разам з Франкай ён знік за дзвярыма хаты, прысутныя пачалі разыходзіцца, толькі некаторыя з іх засталіся на Казлюковым двары і, нібы яшчэ нечага чакаючы, маўчалі. І сярод гэтага маўчання пачуўся з хаты Паўла крык Франкі і паўтарыўся ўжо не два-тры, а шмат разоў. Пасля ўсё сціхла, людзі разышліся, а Казлюкі нават узяліся за сваю штодзённую працу. Толькі ў ляску ля могілак, дзе гулялі чацвёра малых, звінеў вясёлы смех ды час ад часу брахаў Курта, які выграваўся на бледным вераснёвым сонцы.
У гэтым бледным святле вераснёвага сонца хата Паўла стаяла ціхая, як магіла. Дзверы яе былі зачынены, акно завешана саламянай матай і падпёрта жэрдкай. У цёмнай хаце Франка падпальвала ў печы. Адыходзячы, Павел суровым і глухім голасам загадаў:
- Падпалі ў печы і згатуй паесці, каб было гатова, калі я з ракі вярнуся. Калі не згатуеш - зноў буду біць!
Апынуўшыся ў цемры, Франка нейкі час, анямелая, скурчаная, сядзела на зямлі. Пасля ўскочыла і пачала, спяшаючыся, падпальваць у печы. Дрыжачымі рукамі яна кідала ў печ дровы і сухія трэскі і перарывістым, хрыплым, сіпатым шэптам казала:
- Згатую я табе страву, убачыш, якая будзе смачная. Аддзячу я табе... Усім вам пакажу... Будзеш задаволены сёння з маёй стравы... Будзе табе добра, калі паясі! Пачакай, пачакай! Хіба ўжо на тым свеце паспрабуеш такіх, як я, малаціць сваімі хамскімі кулакамі.
Здавалася б, што пасля ўсяго, што сёння адбылося, яна павінна была б адчуваць сябе стомленай і слабай. Ані! Яна жвава і спрытна завіхалася каля печы, налівала ў гаршчок ваду, насыпала крупу. Схапіла з шафкі нож, абрала і парэзала бульбу, пасля выйшла з лучынай у сенцы і ўнесла гаршчок з малаком. Нейкія думкі і пачуцці надавалі спрытнасці яе рукам, гібкасці целу, жвавасці рухам. Здавалася, што яна стараецца, каб страва, якую яна гатуе, была вельмі смачная. Кідаючы ў гаршчок соль, крупу, бульбу, наліваючы малако, яна ўсё таксама хрыпла шаптала:
- Вось цяпер наясіся, будзеш сыты... Я так цябе накармлю, што ўжо ніколі не захочаш есці! І біць мяне ўжо ніколі не захочаш! Падзякуеш мне! У гадзіну смерці сваёй даведаешся, што значыць узнімаць руку на такую, як я!
Але часамі гэты з'едлівы і зларадны шэпт напаўняўся роспаччу і жалем.
- Кара боская! Кара боская! Бог пакараў мяне за тое, што сама сябе шанаваць не ўмела і з хамамі параднілася! Вось да чаго дайшла! Вось што мне цяпер даводзіцца рабіць! Кара боская! Кара боская!
У такія хвіліны ў бляску полымя, які падаў на яе твар, можна было заўважыць у яе вачах глыбокі, чорны, застылы смутак.
Калі крупнік быў ужо гатовы, Франка падышла да сваёй скрынкі, што стаяла ў куце, адчыніла яе, дастала адтуль брудную падзёртую спадніцу і пачала шукаць кішэню. Намацаўшы, яна засунула ў яе руку, дастала нешта завернутае ў паперку. Пасля кінула спадніцу на падлогу, не зачыніўшы скрынкі, вярнулася да печы і высыпала нешта з паперкі ў гаршчок. Усё гэта яна рабіла моўчкі, і хоць рухі яе былі хуткія, але ўжо спакайнейшыя, чым раней. Высыпаўшы з паперкі белы парашок у запраўлены малаком крупнік, яна пачала мяшаць у гаршку вялікай драўлянай лыжкай. Мяшала старанна, не спяшаючыся, вусны яе былі моцна сціснуты, у вачах свяцілася нерухомае полымя, на шчаках гарэлі чырвоныя плямы.
Было відаць, што рабіла яна ўсё гэта зусім свядома, нават з роздумам, і хіба толькі вопытны псіхіятр мог бы сказаць, ці была яна зараз у поўнай свядомасці. Пэўна толькі тое, што ў гэтую хвіліну яна жыла выключна гэтай хвілінай, і ніякія ўспаміны, ніякія думкі аб будучыні яе не займалі. Не было ў яе душы ні дакораў сумлення, ні барацьбы пачуццяў... Яна іх ніколі не ведала, і ўсё жыццё ў яе нібы адсутнічала тая складаная частка душы, якая ў чалавека з грамадскімі інстынктамі здольна будзіць сумленне і барацьбу пачуццяў. А цяпер пад уплывам адной да рэшты напружанай думкі і страсці яны менш за ўсё маглі ўзнікнуць у ёй. Плечы, спіна, шыя ў яе яшчэ балелі ад удараў тых людзей, што абаранялі Аўдоццю, і ад удараў Паўла. Яна лічыла сябе прыніжанай, пакрыўджанай, зняволенай, яна ненавідзела і прагнула жорстка некаму адпомсціць. І болей нічога. Розуму яна, вядома, не страціла, але на той вузенькай мяжы, якая аддзяляе розум ад вар'яцтва, яна вагалася, духоўна скалечаная, п'яная ад шаленства і змучаная.
Зачыніўшы дзверы і акно сваёй хаты і насунуўшы на вочы шапку, Павел пайшоў да Аўдоцці. Ён яшчэ здалёк убачыў, што старая развешвае на паркане памытую бялізну. Не ўваходзячы ў двор і не знімаючы шапкі, ён спыніўся каля паркана і глухім голасам пачаў:
- Выбачайце, кума, што праз мяне непрыемнасць мелі... Пабіў яе...
Заплаканая Аўдоцця выпрасталася і, схаваўшы пад фартух рукі, моргаючы вачыма, зашаптала:
- Не, Паўлюк, ёй і біццё не дапаможа. Ёй гэта зроблена, і пакуль адроблена не будзе, нічога не дапаможа. Я ўжо сёння ўбачыла, што гэта не боская воля, а людская работа... Сёння ўвечары я напару і прынясу ёй капытніку, хай пап'е... капытнік ад зробленага вельмі дапамагае, а калі не дапаможа, дык нешта іншае знойдзем.
Павел доўга маўчаў, а пасля, паціскаючы плячыма, сказаў:
- Хто яго ведае? Можа, ваша праўда... Можа, гэта і зроблена... Ні прысяга, ні ласка не дапамаглі, ні святая малітва, ні работа не дапамаглі, ні біццё не дапамаго... Хіба ж гэта боская воля? Відаць, гэта і сапраўды чартоўская воля і сіла... А можа, хто ёй зрабіў гэта...
Ён сумняваўся, не вельмі верыў у гэта, але, прыбіты сваім горам і расчараваннямі, якія веру яго, заўсёды такую нязломную, паступова падточвалі, гатовы быў ужо дапусіцць, што на Франку ўплываюць нейкія звышчалавечыя сілы. Аўдоцця тым часам працягвала:
- Увечары я падыду да твайго саду і паклічу цябе. Як выйдзеш, дам табе гаршчочак з капытнікам, а ты ёй загадаеш выпіць... Каб Бог ведае як не хацела, загадай выпіць... Нячысты ў ёй будзе крычаць і трэсці яе, ды ты на гэта не зважай і загадай выпіць... «Ойча наш» пры гэтым адмаўляй, жагнайся, увесь час жагнайся і яе жагнай... Увечары я табе раскажу, як рабіць...
- Добра, - адказаў Павел. - Прынясіце, навучыце, дапамажыце, і хай узнагародзіць вас Бог за тое, што ў бядзе мяне не пакінулі.
Ён адвярнуўся і пакрочыў да ракі. Аднак не да работы было яму сёння. Ён выглядаў так, нібы яго самога нехта моцна пабіў. Шчокі яго запалі, гора паклала глыбокія маршчыны на яго лбе. Гадзіны за дзве да ранняга вераснёвага змроку Павел вярнуўся дадому, зняў з акна мату, адчыніў дзверы і ўвайшоў у хату. Печ была прыкрыта драўлянай засланкай, а Франка сядзела на ложку, скурчыўшыся і абхапіўшы далонямі галаву. Як толькі ў хаце стала светла, яна ўскочыла, схапіла кавалак палатна, што ляжаў на лаве, іголку і, ускочыўшы зноў на ложак, пачала шыць. Зірнуўшы на драўляную засланку, якой вясковыя кабеты зачыняюць печ, калі ставяць туды згатаваную страву, Павел успомніў, што ў яго ад учарашняга вечара нічога не было ў роце.
- Ці ёсць што з'есці? - запытаў ён лагадней і спакайней, чым некалькі гадзін таму, тонам чалавека, які пасля выбуху вялікага гневу пачынае адчуваць вялікую літасць. Атмасфера буры і сварак была яму неўласціва, ён прагнуў згоды і спакою.
- Ці ёсць што з'есці, Франка? - запытаў ён другі раз.
- Ёсць, - не ўзнімаючы галавы і вачэй, прамармытала яна.
- Налей і падай.
- Вазьмі сам, - адказала.