10894.fb2 Выбраныя творы - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 73

Выбраныя творы - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 73

Аўдоцця і Ўльяна заламалі рукі. Аўдоцця кінулася да хворага:

- Ты еў сёння што-небудзь?

Павел цяжка ўпаў на пасцель.

- Еў, - адказаў ён глуха.

- А што еў?

- Крупнік, - прашаптаў ён.

- А дзе той крупнік? - замітусілася па хаце Аўдоцця.

Ульяна, задыхаючыся, з жахам на твары, падняла з падлогі гаршчок, у якім тарчала лыжка.

- Вось ён, я яго адставіла, калі трэба было распальваць агонь.

Здавалася, што яе каштанавыя валасы, якія выбіваліся з-пад хусткі, ад жаху ўзняліся ўгору - такая яна была раскалмачаная. Піліп, таксама ўскудлачаны, стаяў ля расчыненых дзвярэй і разгублена пазіраў на ўсіх. З цёмных сенцаў выглядаў бледны твар Данілкі. Ён стаяў разам з чацвёркай малых, збітых у цесную чародку, напалоханых крыкамі і нязвыклай мітуснёй у хаце.

Аўдоцця паднесла гаршчок з крупнікам амаль да самага твару Паўла.

- Гэты крупнік еў? - запытала.

Але ён ужо не адказваў. Аслупянелым, страшным позіркам ён вадзіў па хаце. Убачыўшы адчыненую скрынку Франкі, спадніцу, якая ляжала побач з ёю, невялікую скамечаную паперку, ён нешта прыпомніў і заплюшчыў павекі. Грудзі яго высока і цяжка ўзнімаліся, але з заціснутых вуснаў не вырваўся ніводзін гук. Дарэмна Аўдоцця і Ўльяна засыпалі яго пытаннямі, крычалі ў самае вуха, дарэмна тузалі яго за сарочку і рукі. Сцяўшы вусны і моцна заплюшчыўшы павекі, з кроплямі поту на твары, ён ляжаў як мёртвы і, здавалася, нічога не чуў і не разумеў. Толькі цяжкое і парывістае дыханне сведчыла аб тым, што ён жывы, але кабеты зноў падумалі, што ўжо канае, а паколькі яны цяпер ведалі, што ён канае не ад звычайнай хваробы, а ад атруты, яны, ахопленыя жахам, заціхлі, перажагналіся і пачалі павольна гаварыць пацеры. І раптам у гэтай цішыні, якую парушаў спалоханы шэпт жанчын і трэск агню, здалёк, з процілеглага берага ракі, даляцеў басовы, працяглы, некалькі разоў паўтораны вокліч:

- Па-ром! Па-ром! Па-а-ром!

Піліп, мабыць, першы раз з таго часу, як меў паром, не звяртаў на гэты крык ніякай увагі, але Данілка адразу выбег на вуліцу, а праз хвіліну вярнуўся, сунуў галаву ў дзверы і голасна прашаптаў:

- Піліп, хадзі хутчэй! Ураднік!

Ён здалёк пазнаў добра знаёмых коней урадніка і голас яго фурмана.

Піліп падхапіўся і куляй вылецеў з хаты. Ён схапіў шост, які стаяў пад сцяной яго хаты, і пабег уніз да ракі, забыўшы нават надзець шапку.

- Вось і дзякуй Богу! Бог літасцівы паслаў яго сюды! Вось у пару прыехаў!

У тым, што прыехаў ураднік, не было нічога дзіўнага. Ён вельмі часта перапраўляўся за Нёман у гэтым месцы, выконваючы свае абавязкі на тым і гэтым беразе ракі.

Але Піліп угледзеў у гэтым волю самога Бога і бег да ракі з высока ўзнятым над галавой шастом, а за ім з другім шастом бег Данілка. Неўзабаве на сталёва-шэрай рацэ ў змроку, празрыстым ад святла зорак, імкліва і бязгучна, як прывід, памчаў чорны паром з дзвюма чорнымі чалавечымі постацямі, якія, то нахіляючыся, то выпростваючыся, апускалі ў ваду шасты, што ўскоснымі чорнымі лініямі мільгалі ў паветры.

Хата Паўла на нейкую хвіліну апусцела. Ульяна пабегла дадому, каб пакласці спаць старэйшых дзяцей, зірнуць на малога і пагасіць агонь. Аўдоцця заспяшалася ў іншы бок па новыя лекі для Паўла. Яна мела адны вельмі добрыя і выпрабаваныя зёлкі, якія выганялі з цела ўсялякую атруту. Каб ведала яна раней, ад чаго захварэў Паўлюк, яна б даўно згатавала іх хвораму.

Калі ў хаце зрабілася пуста і ціха, Павел расплюшчыў вочы.

- Франка! - паклікаў ён слабым голасам.

У куце паміж вядром з вадой і гаспадарчымі і рыбацкімі прыладамі пачуўся лёгкі шолах, і адтуль, як пануры прывід, з'явілася ціхая, згорбленая Франка з галавой, абкручанай зрэбнай шматай. Яна зрабіла некалькі крокаў наперад і, сутаргава сціскаючы на грудзях сарочку, спынілася, апусціўшы галаву.

- Франка, - слабым і павольным голасам пачаў Павел - Гэта праўда?

Яна маўчала, не адрываючы вачэй ад зямлі.

- Франка, ты ніколі не хлусіла... Скажы, ці гэта праўда?

- Праўда, - адказала яна.

Павел зноў заплюшчыў вочы. Ён не застагнаў, нічога не сказаў, толькі лоб яго стаў мокры ад поту і яшчэ мацней сцяліся яго вусны. Франка ўсё яшчэ стаяла на тым самым месцы, утаропіўшы позірк у агонь. У вачах яе не было ні жаху, ні жалю, у гэтую хвіліну ў іх не было нічога пэўнага. У застылым яе позірку толькі час ад часу мільгалі з'едлівыя агеньчыкі.

У сенцах пачуліся паспешлівыя крокі, і, задыханы, ускалмачаны, без шапкі, увайшоў Піліп. З урачыстым выглядам ён наблізіўся да Паўла.

- Не сярдуй, швагер, - сказаў ён рашуча. - Зараз прыйдзе ўраднік і забярэ гэту шэльму.

Словы яго нібы абудзілі Франку ад цяжкага сну. Яна задрыжала ўсім целам, пранізліва ўскрыкнула і кінулася да дзвярэй. Але дарогу ёй заступіла Ўльяна, якая вярталася з малым на руках, а следам за ёю ўвайшоў чалавек у шынялю з бліскучымі гузікамі, той самы, што тры гады таму, седзячы ў брычцы, гаварыў з Паўлам пра знікненне Франкі.

Некалькі хвілін у хаце панавалі мітусня, гоман, тупат ног. Піліп, Ульяна і Аўдоцця, якая вярнулася з зёлкамі, гаварылі ўсе разам, расказвалі, сведчылі, паказвалі гаршчок з крупнікам. Калоцячыся ад жаху, Франка некалькі разоў кідалася да дзвярэй, але яе затрымлівалі і штурхалі ў глыб хаты. Ураднік слухаў, дзівіўся, абураўся, потым падышоў да Паўла і пачаў задаваць яму пытанні. Але той ляжаў з заплюшчанымі вачыма і моцна сцятымі вуснамі, нерухомы, як бервяно, і маўклівы, як магіла. Ён толькі тады расплюшчыў вочы, калі ўраднік голасна загадаў Францы:

- Ну, апранайся, ды хутка!.. Паедзеш на шпацыр...

І, перакуліўшы чарку гарэлкі, прынесенай Піліпам, пажартаваў:

- Вось і не спадзяваўся, што ўначы буду гуляць з красуняй... А была б сабе нічога, калі б не гэткая шэльма...

Ён казаў Піліпу, што везці яе сёння ў горад да вышэйшага начальства ўжо позна, а таму гэта птушка заначуе ў яго. Да яго дома недалёка, усяго чатыры вярсты, а сёння ў яго было столькі работы, што ён хоча хоць некалькі гадзін спакойна паспаць. Павязе яе далей раніцай.

Піліп увесь час частаваў яго гарэлкай і прасіў:

- Толькі адсюль яе забярыце! Зрабіце ласку, зараз забярыце!

Павел не варушыўся, слухаў размову двух мужчын, а вачыма сачыў за Франкай. Дрыжучы ўсім целам, яна моўчкі пачала апранацца. Рабіла гэта нават з роздумам і стараннем. Не звяртаючы ўвагі на прысутнасць у хаце мужчын, яна змяніла саматканую спадніцу на тую гарадскую з запэцканымі фальбонамі, якую падняла з падлогі, надзела панчохі, новыя чаравікі, кофтачку, каптан, зняла з галавы зрэбную шмату і ўздзела шарсцяную хустку. Ураднік выпіў яшчэ чарку гарэлкі, узяў яе за плячо і павёў да дзвярэй. Калі яны праходзілі праз хату, Павел убачыў выраз яе позірку. Ішла яна ціха і вельмі паслухмяна, калацілася ўсім целам, а вочы яе, вялікія і нерухомыя, выказвалі смяротны жах.

Піліп праводзіў урадніка да брычкі, а жанчыны наблізіліся да хворага.

- Ну як, лепей табе, Паўлюк? - пыталі.

- Зусім ужо добра, - адказаў Павел.

Ён хлусіў. Праўда, ён праглынуў атруты не столькі, каб ад яе памерці, але і не столькі, каб так адразу ад яе ачуняць. Самы страшны боль ужо мінуў, моцны, здаровы арганізм паспяхова змагаўся са смяротным дзеяннем атруты, крыху дапамаглі таксама і Аўдоцціны лекі. Усярэдзіне ён яшчэ адчуваў боль, які, аднак, мог ужо ўтоіць.

- Выпі зёлак! - папрасіла яго Аўдоцця.

- Давай! - адказаў Павел і выпіў з гаршка столькі, колькі загадала старая.

- Добра? - запытала лекарка.

- Добра, толькі вельмі хочацца спаць.

- І дзякуй Богу, што спаць хоча... Значыць, будзе здаровы, - вырашылі кабеты, а Павел сказаў: