10894.fb2
Аўдоцця сказала, што будзе пры ім начаваць.
- Не трэба, кума, нікога мне не трэба... Пагасіце агонь ды ідзіце сабе з богам... На сон мяне надта цягне...
Зусім супакоіўшыся, кабеты пагасілі ў печы агонь, на стале лямпу і пайшлі. Калі іх крокі і галасы заціхлі, Павел са стогнам прыўзняўся на пасцелі, спусціў ногі, сеў і нейкі час сядзеў нерухома, нахіліўшы галаву. Чаму ён так настойліва выпраўляў усіх з хаты? Чаму хацеў застацца адзін? Яму трэба было ў самоце і цішыні падумаць над тым планам, што ўзнік тады, калі Франка з ураднікам праходзіла амаль ля самай яго пасцелі, дрыжачая, паслухмяная, са смяротным жахам у вачах. Мільганула ў яго галаве тады думка: «Вось цяпер яна ўжо загінула навекі! Пойдзе ў астрог, у Сібір паедзе, і ніякага збавення для яе ўжо ні на гэтым, ні на тым свеце не будзе!» А пасля, нібы рэха, аднекуль здалёк прагучалі ў памяці словы, якія некалі сам перад алтаром у касцёле казаў: «І не пакіну цябе аж да самай смерці». Доўга ў цёмнай хаце панавала грабавое маўчанне, аж нарэшце праз якую гадзіну пачуліся словы:
- Не пакіну цябе аж да самай смерці.
І амаль адначасова з гэтымі словамі, вымаўленымі шэптам, бліснуў сіні агеньчык запалкі. Павел, хістаючыся, зрабіў некалькі крокаў і запаліў лямпу.
У вокнах Казлюкоў было цёмна, там ўжо спалі. Спала ўся вёска.
Павел укленчыў перад ложкам і, прыгнуўшыся амаль да самай падлогі, пачаў выцягваць з-пад яго нейкі важкі прадмет. Гэта было справай нялёгкай. Ён некалькі разоў выпростваўся, адпачываў, стагнаў. Яго даймалі боль і слабасць, але таксама, як нядаўна Франку, адно нейкае пачуццё, адна думка ўзбуджалі яго нервы, заглушалі боль, узнімалі сілы. Нарэшце ён выцягнуў з-пад ложка ладную скрынку, акаваную жалезам і замкнёную на ключ. Ключом, які ён знайшоў у кішэні сваёй світкі, адамкнуў яе і пачаў выкідваць з яе рознае адзенне - летняе і святочнае. Рабіў ён гэта спешна, нервова, нельга было марнаваць час. Сёння ноччу як мага хутчэй або ўжо ніколі. Ураднік чалавек просты, бедны, паходзіць з сялян. Вельмі любіць гарэлку, мае жонку і некалькіх дзетак. З ім можна дамовіцца, а калі ён адвязе Франку ў горад да вышэйшага начальства, тады ўсяму канец.
Саслабелымі рукамі ён дастаў з-пад выкінутага са скрыні адзення даволі ладную палатняную торбачку, набітую нечым цвёрдым і моцна завязаную шнурком. Бацькоўскі гаршчок з сярэбранымі рублямі, закапаны некалі пад печчу, ён адкапаў даўно, грошы перасыпаў у торбачку і схаваў на дно акаванай жалезам замкнёнай скрыні. Спадзяваўся скарыстаць іх калі-небудзь на пабудову новай хаты або скарыстаць у чорны дзень хваробы ці старасці. Ён добра ведаў, колькі круглых бліскучых манет было ў гэтай торбачцы. Не вельмі багата. Крыху болей за сотню. Але ведаў, што ўраднік быў бедны, любіў гарэлку, меў дзяцей... Схаваўшы торбачку за пазуху, Павел паклаў адзенне назад у скрыню і засунуў яе пад ложак, а пасля нацягнуў боты і надзеў світку. Ён вельмі спяшаўся. Ночы, праўда, былі ўжо доўгія, але яму трэба было праехаць чатыры вярсты і на досвітку быць на месцы. На чым ехаць? Узяць цішком са стайні Піліпава каня і запрэгчы яго ў воз? Зрабіць гэта можна, бо стайні ніколі не замыкаюць і вартуе яе толькі Курта, а Казлюкі, напэўна, не прачнуцца і не пачуюць. Але нешта перашкаджала яму зрабіць гэта, ён не ведаў, што дакладна, але браць для гэтай мэты Піліпава каня яму не хацелася. «Вельмі ўжо яны ўз'еліся на Франку, - думаў Павел. - Праўда, ёсць за што, але каго яна найбольш пакрыўдзіла? Мяне. А сваю крыўду я магу ёй дараваць. Нічога мне не сталася. Не памру». Цяпер ён ведаў, што не памрэ, неглядзячы на боль, які яшчэ не пакідаў яго.
Каня Казлюкоў ён вырашыў не браць. Чаўном ён пераплыве на той бераг, а адтуль да дома ўрадніка не болей як чвэрць вярсты будзе. Ён надзеў шапку, пагасіў лямпу, у сенцах вобмацкам знайшоў ля сцяны вясло і, замкнуўшы хату, пачаў спускацца з гары да ракі.
Мінула некалькі гадзін. Позні асенні досвітак пагасіў ужо зоркі на небе, а над зямлёй і ракой клубіўся халодны і вільготны туман, калі да берага пад гарой прыстаў човен, у якім сядзелі два чалавекі. Ці сілы было мала ў Паўла і, вяслуючы слаба, ён плыў паволі, ці размова з ураднікам болей, чым ён спадзяваўся, заняла часу, і таму ён вяртаўся так позна? Затое ён вяртаўся не адзін.
Павел падымаўся на гару шырокім крокам, але твар яго быў бледны, шчокі запалі. За ім, на значнай адлегласці, ішла кволая, скурчаная кабета ў ватоўцы, хаваючы твар у складках вялікай хусткі.
Калі Павел адчыніў дзверы сваёй хаты і ўвайшоў у сенцы, Франка спынілася ля парога.
- Уваходзь!
Франка пераступіла парог, прайшла следам за ім праз сені, а ўвайшоўшы ў хату, зноў спынілася ля дзвярэй і, нібы сляпая, не ведала, куды ісці. Павел цяжка апусціўся на лаву і сказаў:
- Распранайся!
Яна павольна зняла хустку, адкрываючы чорныя раскалмачаныя валасы і васкова-жоўты твар з сінімі вуснамі і апушчанымі павекамі. Яна стаяла, апусціўшы рукі, і выглядала зусім так, як абвінавачаны перад судом, і ўсё ў ёй казала аб страшэнным цяжары сораму. Праз хвіліну павекі яе некалькі разоў уздрыгнулі, узняліся, а вочы, сустрэўшыся з вачыма Паўла, напоўніліся слязьмі. Моўчкі, без адзінага слова, яна зрабіла два крокі да Паўла і пакланілася яму так нізка, што валасы яе сваімі канцамі дакрануліся да зямлі. Так кланяюцца сяляне, калі дзякуюць за нешта або нечага просяць, - Франка, відаць, не раз бачыла гэта. Схіліўшыся нізка перад Паўлам, яна хуценька павярнулася і выйшла ў сенцы. А ён правёў рукой па вачах, пасля адняў мокрую далонь і абапёр на яе цяжкую галаву. Так і праседзеў ён некалькі хвілін. Франка з сенцаў не вярталася. Ён устаў, адчыніў дзверы і ўгледзеў яе ў цёмным куту: яна стаяла, прыпаўшы тварам да сцяны.
- Хадзі сюды, - сказаў Павел.
Яна пакорна ўвайшла і ўстала перад печчу.
Павел сеў на лаўку і слабым голасам пачаў:
- Вось і гэтым разам я цябе выратаваў, хоць ты і ўчыніла вялікі грэх... Але каб ты засталася там, дык ужо навекі згінула б, а тут, можа, яшчэ адумаешся, можа, хоць цяпер злосці сваёй спалохаешся... Пашкадаваў я цябе, ой як пашкадаваў. А яшчэ і таму я цябе выратаваў, што прысягаў перад Богам не пакідаць цябе да самай смерці... А калі прысягаў, што не пакіну, дык і не пакіну... і да смерці, як прысягаў... не пакіну...
Цяжка было яму гаварыць, але ён бачыў, што Франка стаіць нерухомая, як аслупянелая, а таму дадаў:
- Ну, чаго ж ты стаіш? У хаце холадна, ты бы ў печы падпаліла ды чаю зварыла сабе і мне... Рабі што хочаш, што трэба. Ты тут такая самая гаспадыня, як і раней была.
Якая сіла захоўвалася ў яго апошніх словах, чаму яны так уразілі Франку? Яна захісталася, нібы сэрца яе прабіла куля, калені пад ёю падламіліся, і, заліваючыся чырванню, а пасля слязьмі, яна ўпала ніц. Яна не крычала, не рыдала, не стагнала. Наадварот, прыпаўшы тварам да зямлі, ляжала некалькі хвілінаў як нежывая, і толькі мерныя рухі яе плячэй, якія то ўзнімаліся, то апускаліся ад ціхага, бязгучнага плачу, сведчылі аб тым, што яна жывая. Праз некалькі хвілін яна ўскочыла і пачала падпальваць у печы. Рабіла гэта ціха, хутка, старанна. Павел ляжаў на пасцелі з заплюшчанымі вачыма, а на лаве, нічым не акрыты, у адной зрэбнай сарочцы, якая адсланяла яго грудзі і босыя ногі, спаў малы Актавіян. У часе ўчарашняй мітусні ён улез сюды і спаў дасюль, скурчыўшыся ад холаду. Праходзячы каля лавы, Франка заўважыла яго і акрыла сваёй хусткай.
А неўзабаве яна ўжо несла Паўлу чай у зеленаватай шклянцы, але перш чым падаць яе, вагаючыся, спынілася пасярод хаты. Яна падумала, што Павел спалохаецца, не будзе піць чай, які яна наліла яму. Але Павел не спалохаўся. Ён працягнуў руку, узяў у яе шклянку і прагна пачаў піць. Франка здалёк глядзела і глядзела на яго і раптам закрыла далонямі твар так моцна, нібы хацела, каб яны прыраслі да яго і назаўжды засланілі яе ад Паўла.
- Напіся чаю, вазьмі падушку ды засні, - сказаў Павел і паказаў вачыма на адну з дзвюх падушак, што ляжалі на ложку.
- Не трэба, я ватоўку пад галаву пакладу і высплюся, - слаба адказала Франка.
Павел заплюшчыў вочы. Па твары яго было відаць, што ён страшэнна стаміўся. Неўзабаве ён глыбока заснуў.
Казлюкі даведаліся аб звароце Франкі тады, калі Ўльяна, прачнуўшыся і ўспомніўшы аб хваробе брата, захацела даведацца, як ён сябе адчувае. Падышоўшы пад яго хату, яна спачатку зірнула ў акно. Зазірнула, пляснула далонямі і як страла памчалася дадому.
На пасцелі яна ўбачыла Паўла, які моцна спаў, а на лаве, падклаўшы пад галаву ватоўку, з шырока расплюшчанымі вачыма ляжала Франка. У галаву Ўльяне прыйшлі чартоўскія справы і іншыя страшныя рэчы, і яна, з крыкам пабудзіўшы мужа, расказала яму аб гэтым цудзе. Але Піліп амаль адразу здагадаўся, якія чары і цуды прывялі Франку дадому.
- Твой брат звар'яцеў! - сказаў злосна.
А калі высказаў ён сваю здагадку Ўльяне, тая заплакала і праз слёзы паўтарала:
- Звар'яцеў! Зусім звар'яцеў! Ці я калі думала, што ён такі дурань, такі вар'ят!
Іншых слоў для ўчынку Паўла яны не знаходзілі, злавалі на яго, бурчалі, хадзілі, як пабітыя. Піліп нават вырашыў ехаць у горад і абвінаваціць перад вышэйшым начальствам як Франку, так і ўрадніка, які за грошы адпусціў яе. Ён хадзіў нават да старэйшых мужыкоў раіцца, але справа зацягнулася, мінула два-тры дні, і ён ахалонуў. Ды і Ўльяна пачала разважаць аб тым, што Паўлюк, калі памерлі бацькі, выгадаваў яе, палову свайго агарода даў ёй у пасаг, рабіў для яе шмат, пазычаў грошы, дапамагаў, раіў... Ды і надалей яшчэ не раз патрэбен будзе, ой і яшчэ як патрэбен пры вялікай сям'і і малым кавалку зямлі. Разважаючы аб усім гэтым, Ульяна плакала і казала мужу:
- А можа, усяму даць спакой? Хай ужо будзе яго воля! Навошта на яе даносіць? Хай яе сам Бог пакарае! Будзем вартаваць ад яе хату і дзяцей... А Паўлюку лепш не пярэчыць.
Піліп бурчаў, не згаджаўся, штодзень гразіўся паехаць у горад, але не ехаў: ён таксама вагаўся і раздумваў. Ён памятаў дабрату швагра і не хацеў з ім сварыцца. Гнеў і нянавісць Казлюкоў да Франкі астыла яшчэ і таму, што яны зусім не бачылі яе. Аўдоцця, якую не менш абураў учынак Паўла, не вытрымала і пайшла да яго ў адведкі, а потым расказвала, што ён папраўляецца, толькі яшчэ вельмі слабы, увесь час ляжыць і нікуды з хаты не выходзіць. Франка ад яе схавалася ў цёмных сенцах, і Аўдоцця яе не бачыла. Але Павел не толькі здаровы, а нават вясёлы. Казаў ёй, што яшчэ два-тры дні адпачне, а пасля пойдзе на раку. Пазіраючы ў акно, ён прадказваў, што добрае надвор'е прастаіць нядоўга і вельмі хутка пачнуцца вялікія вятры і дождж. Калі Аўдоцця ўспомніла Франку, ён паківаў галавой і сказаў:
- Яна ўжо цяпер не тая, што была, ужо адумалася і будзе добрая... Як Бог ёсць у небе... Цяпер ужо будзе добрая!
Павел быў перакананы ў гэтым. Перакананне гэтае ўзнікала паступова, калі ён ляжаў на пасцелі, нібы адпачываючы пасля цяжкай працы, сачыў позіркам за ціхімі, нясмелымі, амаль пакорнымі рухамі Франкі. Яна ніколі не падыходзіла да Паўла, а калі падавала яму што-небудзь, дык працягвала на ўсю даўжыню руку. Яна ніколі першая не звярталася да яго, а калі ён выклікаў яе на гаворку, адказвала мякка, далікатна, апусціўшы вочы.
У першы вечар пасля звароту ад урадніка яна паслала на лаве радно, ватоўку сваю падклала пад галаву і напаўраспранутая, лягла спаць, акрыўшыся кавалкам старога кіліма. Дарэмна Павел некалькі разоў прапаноўваў, каб яна ўзяла адну з падушак ці легла на ложку, а ён будзе спаць на лаве.
На першую прапанову яна коратка, але рашуча адказала:
- Не хочу, не трэба!
На другую са слабым адценнем сваёй даўняй раздражнёнасці незадаволена прабурчала:
- Яшчэ чаго!
Калі Актавіян заўпарціўся - хацеў спаць з ёю, яна спачатку ўгаворвала яго легчы на ложку з «таткам», а пасля папрасіла Паўла, каб узяў малога да сябе. У просьбе гэтай гучала нешта падобнае на страх. Здавалася, яе палохала думка аб блізкасці дзіцячага цела. На твары яе часта без усялякай прычыны адбівалася боязь, блізкая да жаху, нібы палохалі яе нейкія патаемныя думкі або паўстаўшыя перад яе вачыма прывіды. Яна рабіла ўсё, што трэба было: замятала хату, гатавала ежу, хадзіла па ваду на досвітку або ўвечары, каб не сустракацца з людзьмі. Хадзіла са збанком, бо вядра падняць не магла. Раз нават хлеб спякла і час ад часу бралася за шытво. Усё гэта яна рабіла хутка, ціха, старанна, але часта сярод работы раптам спынялася, нібы стомленая або страшнымі думкамі апанаваная, і доўга стаяла перад агнём з гаршком у руках або з мятлой пасярод хаты, утаропіўшы некуды ўдалячынь пануры і сумны, а часцей спалоханы позірк. Аднойчы яна нават спалохана ўскрыкнула.
- Чаго ты? - павярнуўшыся ад сцяны, запытаў Павел.
Франка нібы апрытомнела і неахвотна адказала:
- Нічога. Вельмі спалохалася.
- Чаго? - запытаў Павел.
Не адказала, а далей пачала замятаць хату.
А ў Паўла ад яе пакорнасці сэрца млела ў грудзях.