10894.fb2
- Франка, - сказаў ён аднойчы, - чаго ты, як пабіты сабака, туліш вушы і ў вочы мне не глядзіш? Я ж на цябе не злую і вельмі рады, што ты ўжо зрабілася добрая. Балбачы сабе, як даўней, смейся, сваволь. Весялосць - не грэх.
Яна слухала Паўла спачатку з трывогай, пасля са здзіўленнем. І раптам, адвярнуўшыся, закрыла далонню вочы і голасна ўсхліпнула.
Другім разам Павел, лежачы ў пасцелі, паклікаў яе да сябе, а калі, як заўсёды, яна ўстала воддаль, сказаў:
- Чаго ты баішся, Франка? Чаму ты часам такая напалоханая, нібы нябожчыка перад сабой убачыла? Можа, ты кары боскай за ўсё, што зрабіла, баішся? Не бойся! Кажу табе, не бойся. Паспавядаешся, перапросіш Госпада Бога, і ён табе даруе.
- Які там Бог? Глупства! - прабурчала злосна Франка, а Павел не хацеў ёй зараз пярэчыць і казаў далей:
- Ты яшчэ не старая і сумленным жыццём усё адкупіш. Вось я хутка папраўлюся, пайду да Казлюкоў і папрашу ў іх за цябе прабачэння... Будзем жыць усе ў здароўі і згодзе... А пасля Хтавіян падрасце... рыбу са мной пойдзе лавіць...
Пры апошніх словах шырокая ўсмешка расплылася па яго схуднелым, бледным твары.
Франка слухала яго, і па шчаках яе выступалі чырвоныя, як кроў, плямы. А калі Павел выцягнуў руку, каб прытуліць яе да сябе, яна раптам кінулася да дзвярэй, выбегла ў сенцы і не вярталася адтуль амаль дзве гадзіны.
Але ў сенцах яна не сядзела. Яна выслізнула з хаты, абышла яе і села на краю гары сярод пасохлых сцяблоў лопуху і асоту. Сядзела там, можа, паўгадзіны, калі пачула раптам ззаду крокі, пад якімі з шолахам ламалася сухое сцябло і трава. З-за стадолы выйшла Марцэля.
- Франка! - паклікала яна здалёк нясмела. Тая павярнулася:
- Хадзі сюды!
Жабрачка набліжалася павольна. Яна не ведала, ці здагадваецца Франка аб тым, што яна выдала яе, і баялася яе гневу, але разам з тым вельмі хацела дазнацца аб усім, што было, і зноў аднавіць карысныя адносіны з Франкай.
- Як жа ты жывеш, каточак? - пачала. - Дзякуй Богу, што бачу цябе... а то людзі бог ведае чаго нагаварылі.
- Людзі нічога не ведаюць, - злосна прабурчала Франка. - Толькі я адна ўсё ведаю. Людзі дурныя, злыя, подлыя... адзін ён добры...
- Хто, любачка, хто такі добры? - не могучы стрымаць сваю цікаўнасць, запытала Марцэля.
- Сядай, дык я табе ўсё раскажу.
Узрадаваная запрашэннем, Марцэля адразу села побач з Франкай, а тая, прагнучы пазбыцца цяжару, які мучыў яе душу, пачала, спяшаючыся, гаварыць, як даўней - нястрымана і горача. Яна расказвала аб тым, як ураднік прывёз яе да сябе і замкнуў у халоднай кладоўцы і як яна пакутавала там, баючыся таго, што цяпер чакае яе наперадзе. Яна думала, што яе пасадзяць у астрог, будуць судзіць і сашлюць на катаргу ў Сібір... Яна ж атруціла мужа і добра ведала, што за гэта пакараюць сурова яе. У кладоўцы было цёмна, і яна вобмацкам шукала на падлозе і сценах якой вяроўкі і цвіка. Усё, здаецца, аддала б за кавалак вяроўкі і цвік, на якім магла б павесіцца і ад усіх, ад усяго ўцячы... на той свет, дзе яе ўжо ніхто не дагоніць... І раптам, калі яна так пакутавала ў холадзе і цемры, білася галавой аб сцяну, пачула яна голас Паўла. Яна вушам сваім не паверыла, аднак гэта і сапраўды быў яго голас. Ён стукаў у акно ўрадніка і прасіў, каб той адчыніў яму дзверы. Ураднік устаў, запаліў свечку і ўпусціў яго. Убачыўшы праз шчыліну ў дзвярах свет, Франка падскочыла да яе і ўсё бачыла і чула...
- Што ж ты бачыла, мая міленькая, што чула? Кажы! - затрэслася ад цікаўнасці, а можа ад хвалявання, запытала Марцэля.
Франка бачыла і чула, як Павел спачатку пачаў даводзіць урадніку, што Франка невінаватая, што ўсё гэта плёткі і людская балбатня, што ён не атручаны, жывы і ні ў чым жонку сваю не абвінавачвае. «Адпусціце яе і аддайце мне, пане ўраднік», - прасіў ён. Пасля дастаў з-за пазухі торбачку і высыпаў на стол перад ураднікам кучу сярэбраных рублёў, а калі той пачаў адмаўляцца, даводзіць, што ён баіцца адказнасці, што Казлюкі могуць данесці на яго вышэйшаму начальству, Павел пакланіўся яму да самай зямлі і прысягнуў, што ён упросіць Казлюкоў і ўсіх упросіць, каб маўчалі. Ураднік, хоць і сквапна пазіраў на сярэбраныя рублі, усё яшчэ адмаўляў Паўлу. «А што, калі на мяне данясуць? Са службы за гэта вызваляць і пад суд аддаць могуць». Тады Павел рэшту рублёў з торбачкі высыпаў, было іх на стале, можа, больш за сто, і зноў да самай зямлі пакланіўся ўрадніку. Убачыўшы столькі грошай і задаволены тым, што Павел яму так нізка кланяецца, ураднік не вытрымаў і згадзіўся адпусціць Франку. Пры гэтым ён так смяяўся, ажно хапаўся за жывот. «Вось дурань, - казаў, - другога такога дурня яшчэ не было на свеце!» А Павел, не звяртаючы ўвагі на яго смех, пытаў аб ёй, аб Францы. «А дзе ж яна, пане ўраднік? Адпусціце яе і аддайце мне». Ураднік адамкнуў, нарэшце, кладоўку і пачаў са свечкай шукаць яе, бо, угледзеўшы Паўла, яна схавалася за нейкую бочку і прагнула праваліцца скрозь зямлю. Але Павел падняў яе, узяў за руку і павёў да чаўна. Вось як гэта было! Вось што яна чула і бачыла.
Франка нарэшце змоўкла. Маўчала, нібы анямеўшы, і Марцэля. Пасля пачала шаптаць:
- Ой які ж ён добры! Як Ісус, добры! А ты, Франка, шчаслівая...
- Хай гэта шчасце д'яблы возьмуць! - кінула злосна Франка.
- Не разумееш ты свайго шчасця, дурніца! - пачала Марцэля, але Франка рэзка перапыніла яе:
- Забіў ён мяне гэтай сваёй дабратой, замардаваў так, што ўжо і жыць на свеце не магу... Ад аднаго толькі страху жыць не магу...
Яна здрыганулася ўсім целам і зашаптала:
- Ісусе, Марыя! Ох, Ісусе, Марыя! Здаецца, каб магла, забіла б яе, як шалёную суку!
- Каго? - спалохана запыталася Марцэля.
- Стаіць і стаіць у мяне перад вачыма. Куды ні гляну, куды ні павярнуся - усюды яе бачу... І гэткая страшная! - прашаптала Франка.
- Хто ж гэта, мая мілая? Хто ж гэта стаіць перад тваімі вачыма?
Франка здзіўлена паглядзела на яе:
- Дык я сама! Я!
- У імя Айца і Сына... - прамармытала Марцэля.
Франка схапіла яе за руку.
- Нічога ты не ведаеш і нічога не разумееш, - зашаптала яна. - Сябе самую я баюся... таго, што зрабіла, баюся... З той хвіліны, калі праз шчылінку яго ўбачыла і пачула, як ён урадніка за мяне прасіў, і сама не ведаю, што мне сталася, толькі жыць я не магу... Мучыць мяне нешта, спаць не дае... палохае... І сябе і яго баюся... Яго баюся цяпер больш, чым тады, калі ён біў мяне... У вочы яму глядзець не магу... Сорамна!
- Кінь, супакойся! - павучала яе старая. - Паважай яго, любі і жыві сабе, як у госпада бога за печчу... І ўсё будзе добра.
Франка адмоўна пакруціла галавой:
- Я яе ведаю... Яна, як той п'яніца... Калі цвярозая, дык добрая, а калі нап'ецца, дык зноў яму што-небудзь зробіць...
- Хто? Што гэта ты пляцеш, Франка? Хто п'яніца?
- Ды я! - са здзіўленнем зноў адказала Франка і ціхім голасам, якім гавораць цяжкахворыя людзі, пачала скардзіцца старой. - Нядобра мне... Ой, Марцэлька, так мне нядобра, што і жыць ужо не магу... Якое ж маё жыццё на гэтым свеце! Рукі і ногі мае звязаныя, баюся, каб зноў якой бяды не нарабіць. І жыцця гэтага пры ім баюся, і ўсяго баюся... Усё мне цяпер няміла, нічога ўжо не хачу... Як у магілу закапаная...
Памаўчала крыху, потым дадала:
- Так мне нядобра, мая Марцэлька, так мне дрэнна... Так мне ўсярэдзіне нешта смокча...
Яна цяжка ўзнялася з зямлі. Ад ракі падзьмуў халодны вецер, Франка ўздрыгнула:
- Холадна!
- Холадна, - згадзілася Марцэлька. - Восень ужо на дварэ. А ты, маё золатка, мой каточак, дала б мне кавалачак сала, а то няма чым крупніку заправіць...
- Людзі гавораць, - пачала Франка, пазіраючы некуды за раку, - што, калі вешаецца чалавек, заўсёды пачынаецца моцны вецер...
- А, кажуць! - згадзілася Марцэля. - Можа, Павел заўтра ўжо на раку пойдзе, дык я да цябе, мая мілая, прыйду...
- Ага! Заўтра!
- А сала дасі?
- Заўтра! - паўтарыла Франка і, не гаворачы больш нічога, прыціснула да грудзей рукі і пайшла дадому праз пасохлыя сцяблы асоту.