10894.fb2 Выбраныя творы - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 77

Выбраныя творы - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 77

Чалавек увайшоў у сасоннік, некалькі разоў спатыкнуўся на магілы, абсаджаныя нізкімі кустамі, прысыпаныя снегам так, што крыжы тарчалі над самай зямлёю. Нібы асілак цераз дамы ліліпутаў, пераступаў ён шырокімі крокамі цераз магілы і кусты, накіроўваючыся да нечага, што чарнелася пасярэдзіне вясковых могілкаў, значна вышэй за кусты, аднак ніжэй за дрэвы, якія цяпер, пад дотыкам ветру, голасна зашумелі, быццам працягла ўздыхнулі. Чалавек спыніўся і зблізку глядзеў на сцены каплічкі, на яе спарахнелыя, перакошаныя, аднак замкнёныя дзверы. Да подыху дрэў, што павольна пакалыхвалі ў цемры веерамі галін, як стогн, далучыўся чалавечы голас:

- А-а-а!

Чалавек паварушыўся, нешта металічнае зазвінела спачатку ў яго пальцах, потым каля дзвярэй, якія адчыніліся. Паказалася чорнае нутро каплічкі, дзе толькі ўгары свяціліся цьмяна-сярэбранымі плямамі два акенцы. Увайшоўшы, чалавек на хвіліну зліўся з цемрай, але неўзабаве каля яго грудзей засвяціўся агеньчык ліхтарыка, не кінуўшы на самога чалавека нават танюсенькай нітачкі святла. Гэта быў малы патайны ліхтарык; святло яго, што вузкім і хісткім струменьчыкам вырывалася з-за малой шыбіны, чалавек накіраваў на нізкую агароджу, за якою, на вялікіх запляснелых плямах сцяны, цьмяна вызначаліся абрысы распятага Хрыста. З драўлянага, выразанага няўмелай рукой распяцця вузкі і хісткі струменьчык святла перасунуўся крыху далей і асвяціў абраз, на якім Бог-айцец у хвалістым, пурпуровым уборы трымаў руку на белым шары. Бог-сын у выцвілым блакіце ўзняў угару два пальцы, а Бог-Дух Святы, распасцёршы крылы, белым голубам узлятаў ажно пад чырвоную раму абраза. І зноў струменьчык святла закалыхаўся ў цемры і ўпаў на вялікі тоўсты аркуш паперы, якая без рамы вісела на дошцы, што вытыркалася са сцяны. Там святы Юрый з высока ўзнятым кап'ём імчаўся на паласатым кані. У хісткім святле і постаць святога, і абрысы каня, і лінія кап'я то паказваліся, то знікалі, дзе выцягнутыя, а дзе скарочаныя, і ўсё гэта стварала нешта дзіўнае, незнаёмае, пагрозлівае, падобнае на апакаліпсічныя пачвары ці на нейкіх рыцараў. Вакол каплічкі больш працягла, з большым адчаем уздыхнулі дрэвы, вецер са стогнам уварваўся праз аконныя шчыліны, зашамацеў старым аркушам паперы, які надзьмуўся, як птушынае крыло, з шумам узняўся ўгару. Магло здацца, што гэты апакаліпсічны рыцар вось-вось сарвецца з месца, да якога яго прыкавалі, і з кап'ём, падобным на касу, на кані з ільвінай грывай паляціць у прастору. Са стогнамі ветру, што ўрываліся праз аконныя шчыліны, зліўся чалавечы шэпт, грубы, перапалоханы:

- Езус літасцівы! Ратуй маю душу!

...Калісьці вясковага падлетка, апранутага ў святочную сярмягу, за руку прыводзіла сюды маці, ён кленчыў каля дзвярэй гэтай каплічкі і з трывогай, што змагалася з захапленнем, узнімаў чыстыя блакітныя вочы на вялікае распяцце і на конніка з кап'ём, намаляванага на лісце паперы...

Чалавек патушыў ліхтарык. Выйшаў з каплічкі, пакінуўшы дзверы насцеж, і, не затрымліваючыся ні на хвіліну, зноў паволі пайшоў, высокі нават сярод высокіх соснаў, вялікімі крокамі пераступаючы цераз кусты і магілы.

З могільніка чалавек выйшаў на дарогу, перайшоў на другі бок і апусціў руку на брамку першай з краю вясковай сядзібы. Перш чым адчыніць брамку, ён паглядзеў напружаным позіркам на хату, што стаяла далей на панадворку, і яшчэ раз пачулася працяглае:

- А-а-а!

Чалавек паківаў галавой, нібы ён глыбока, бязмежна здзіўляўся. Рыпнулі вароты, дробны цень сабакі з гучным брэхам пакаціўся ад парога па двары; за акном, што паблісквала ў цемры чырвоным агеньчыкам, чуўся нізкі, моцны, але па-маладому свежы голас, які хутка, доўга і няспынна пра нешта гаварыў, гаварыў, гаварыў...

* * *

Гэта была сядзіба старога Сымона Мікулы, які цяпер, у прасторнай і нізкай хаце, сядзеў на зэдліку і прытрымліваў каля рота вялікую гліняную люльку з кароткім цыбуком. Было яму, відаць, за шэсцьдзесят, аднак зусім не быў ён падобны да тых бацькоў, якіх б'юць сыны, або да тых, каго, як ужо непатрэбнага, выганяюць з хаты. На фоне задымленай сцяны, да якой ён прыхіліўся шырокімі, толькі крыху ссутуленымі плячыма, у цьмяным святле лямпы з высокім шклом, што стаяла на стале, вырысоўваліся магутныя абрысы чалавека, апранутага ў белую вопратку; густыя клубы дыму, якія ён раз-пораз выпускаў з рота, то засланялі, то адкрывалі вялікую, над ілбом палыселую, а ззаду сівую галаву, буйныя рысы прадаўгаватага, румянага твару, на якім тапырыліся густыя пругкія вусы і паблісквалі мудрыя вочы, што пазіралі з-пад абвіслых броваў са спакойнай энергіяй, востра, пранізліва. Рукі яго, адна засунутая пад чырвоны паясок, якім была падперазана кашуля, а другая з люлькай каля вуснаў, былі вялікія, моцныя, жылістыя, яны выдатна захавалі і здольнасць да працы, і жалезную хватку. Лёгка было здагадацца, што калі гэты стары ўстане на ўвесь рост і скажа сваё слова, усе прысутныя паспешліва і старанна зробяць усё, што б ён ім ні загадаў.

А людзей у хаце было многа, і ўсе яны ў гэты момант сядзелі або стаялі, нерухома застыўшы ад цікаўнасці і ўвагі да таго, пра што расказвалася.

Старэйшы Мікулаў сын, бондар, мужчына каля сарака, абапёрся на лаву рукою з гэблікам, якім толькі што абгладжваў зуб ад бараны, унурыў галаву, а быў такі аброслы, што толькі чорныя агністыя вочы паблісквалі, як іскры ў зарасніку. Яго жонка, амаль у тых жа гадах, стаяла каля камінка, на якім гарэў агонь, асвятляючы ўсю яе - высокую, дужую, з горда ўзнятай галавой і складзенымі на грудзях рукамі. Адразу ж за гэтай самавітай, з прыгожымі рысамі, статнай гаспадыняй, крышку далей, у ценю за высокай прасніцай калаўрота, сядзела Мікулава дачка. Яна толькі што прала, а цяпер застыла, узняўшы руку да жаўтлявай кудзелі, чырвоныя вусны яе раскрыліся, і ўся яна, прысадзістая, з цёмнымі рукамі, кірпатым носам, румянымі шчокамі, блакітнымі вачыма і трохі рыжаватымі валасамі, што рассыпаліся па нізкім ілбе, уся замерла, нібы зачараваная, ад здзіўлення і жаху. Такі самы жах, але яшчэ большая цікаўнасць ахапілі невялікую, шчуплую бабулю, што нізка сядзела на перавернутых ночвах, а перад ёю стаяла поўнае рэшата струкоў фасолі. З недалушчанымі струкамі ў касцістай, моцнай руцэ, яна павярнула да святла галаву ў круглым, нібы прыклееным, чырвоным чапцы, а водбліскі агню дзіўна румянілі яе зморшчаны лоб і твар, запальвалі мігатлівыя іскры ва ўпалых, але быстрых вачах. Таксама ахопленая здзіўленнем, сядзела маладзенькая, свежая, стройная, як бярозка, жонка малодшага Мікулава сына. Сядзела яна ў святле, насупраць панурага бондара, і каля грудзей, прыкрытых сіняй кофтай, калыхала немаўлятка. Вялікі лазовы кошык, у якім спала яшчэ адно малое, звісаў з задымленай бэлькі на тоўстых вяроўках, побач з шырокім тапчаном, засланым па сене дзяругай. Дзве дзявочыя галоўкі, аслоненыя пасмамі льяных валасоў, схіляліся з высокай і шырокай печы. З-за шырокіх бондаравых плячэй высунуўся светлагаловы падлетак, на каленях якога ляжалі клубкі шнура, а ў руках была ігліца, якою плятуць венцяры. Хто ў поўным асвятленні, хто ў хісткім прыцемку - усе гэтыя дванаццаць чалавек, жанчыны і мужчыны рознага веку, нерухома застылі ў нізкай хаце, у якой шмат месца займаў гаспадарскі посуд, рыбацкія прылады і шырокія кросны.

Пасярод хаты стаяў той, хто расказваў. Гэта быў маладзейшы з двух Мікулавых сыноў, высокі, статны трыццацігадовы мужчына. Яго пастава і вопратка гаварылі пра ўпэўненасць і імкненне да некаторай элегантнасці. Ён, відаць, толькі што вярнуўся з дарогі, бо яшчэ не скінуў спраўнага кажушка, над чорным авечым каўняром якога рэзка выдзялялася рыжаватая, коратка пастрыжаная барада і румяны твар. Залатыя, з рыжаватым адлівам валасы, адкінутыя назад, адкрывалі святлейшы за твар лоб, смелы і разумны. У руках мужчына ўсё яшчэ трымаў пугу, якой падганяў у дарозе коней, і вось, размахваючы рукамі, ён расказваў:

- Далібог, праўду кажу! Каб я здох, калі лгу! Увесь свет быў сёння ў мястэчку, і ўсе так пра гэта гаварылі, што і гандлю ніякага не было. Усе гавораць, што гэта Бонк, той самы, які дзесяць гадоў таму назад разам з супольнікамі, каб ім дабра не было, зарэзаў траіх чалавек...

- Жыдоў, здаецца, ці каго? - прамармытаў, узнімаючы руку да валасоў, пануры бондар.

- Але, - пацвердзіў расказчык, - двух жыдоў і адну бабу, што тады ў іх начавала, забілі, ды ўсяго толькі трыццаць рублёў знайшлі ў іх. Тады яго злавілі і ўбачылі, што гэта быў той самы Бонк, які некалькі гадоў дзесьці далёка ад нас вычвараў... Крамы рабаваў і грошы падрабляў, і толькі таго, што не забіваў яшчэ... А тут ужо і забіваць пачаў!.. Ажно тут яго ў суд і на катаргу асудзілі, навечна ў Сібір, а ён з турмы ўцёк. Уцёк, злыдзень, пераапрануўся і рабочым на нейкую хвабрыку пайшоў... Пайшоў рабочым на нейкую хвабрыку і колькі гадоў жыў там з падробленым пашпартам... Ажно і там яго злавілі і білі за тое, што ўцякаў, не на жартачкі білі, кажуць, сто бізуноў злыдзень атрымаў.

- Ай, - жаласліва войкнула маладая жанчына, што закалыхвала на руках малое.

- А-а-а! - здзіўлена паківала галавой баба. Падлетак, што пазіраў з-за бондаравых плячэй, шырока расплюшчыў вочы, яснасць і чыстату якіх замуціла трывога.

- Вытрымаў! Ах ты, Божа ж мой, усё ж вытрымаў! - заўважыла гаспадыня, не мяняючы не паставы і не разнімаючы рук.

- Але! - выгукнуў расказчык. - Чорт не ўзяў яго душы! У бальніцы трохі паляжаў, і ў Сібір яго пагналі. Загналі далёка, ажно на край свету, каб ужо другі раз не ўцякаў. А ён узяў-такі ды ўцёк...

- З катаргі ўцёк? - вымаючы з рота люльку, упершыню азваўся стары Мікула.

- Але, татка, з катаргі. Прабыў ён там год, два гады, тры гады, а потым ужо шмыгануў у свет вочы! Кажуць, па ўсёй імперыі разаслалі паперы. І губернатарам, і паліцмайстрам, і станавым, і ў валасныя канцылярыі разаслалі паперы, дзе гаворыцца, што такі-сякі ўцёк з катаргі і што загадана ўсім жывым шукаць яго і лавіць... Кажуць, па ўсёй імперыі шукалі, ды вось табе!.. Каб яго ваўкі задушылі... тут яго знайшлі...

- Ай, - азвалася з-за калаўрота Ганулька.

Гаспадыня расчапіла рукі, і ўпершыню задрыжалі ад страху яе прыгожыя, усё яшчэ чырвоныя вусны.

- Дзе? - зноў аказаўся Мікула. - Дзе знайшлі? Адзін дурань гаворыць, другія дурні цешацца...

- Далібог, татка, - выгукнуў расказчык, размахваючы рукою з пугай, моцна пакрыўджаны бацькавым недаверам. - Каб на мяне хвароба, калі я лгу! Тут знайшлі.. За дзве мілі ад нас сядзеў... На невялічкай хвабрыцы зноў рабочым з падробленым пашпартам быў... Вось і фальшывы пашпарт пазналі, вось ужо лавіць меліся, а ён не дурны, узяў ды зноў уцёк... злыдзень гэты... які разумны! Ха, ха, ха!

Смяяўся ён адзін, іншыя маўчалі, а Мікула, насупіўшы бровы, спытаўся:

- А ты не брэшаш, Аляксей? А ты не выдумаў гэтага, каб баб напалохаць?.. А ты спрабаваў калі бацьку маніць? Га?

Малады мужчына, зірнуўшы на старога крыху ўстрывожана, з крыўдай у голасе адказаў:

- Калі я лгу, дык і пісар ілжэ. Ад пісара я найбольш і наслухаўся пра гэтую авантуру, бо ў канцылярыю прыйшла папера, што ён толькі што тут быў і зноў прапаў... Але, відаць, яшчэ далёка не зайшоў, дык каб яго шукаць... Такая папера прыйшла...

- Можа, і хватаграфію ў канцылярыю прыслалі? - спытаўся бондар.

Аляксей пагардліва махнуў рукою:

- З такіх, як ён, хватаграфіяў не рысуюць... З іншых рысуюць... Але пісар гаварыў, што папера прыйшла. Шукайце, кажа, калі ў Бога верыце, шукайце, а то, кажа, усяму свету вялікая бяда будзе... Разбоі будуць, кажа, зладзейства, рабункі будуць! Так і так будзе... А калі яго хто зловіць, дык зараз жа ў турму адашлём, кажа... Цяпер, кажа, ужо не сто бізуноў, як раней, а дзвесце яму ўлепяць за тое, што другі раз уцякаў. У кайданы жалезныя, моцныя закуюць і на ўсё жыццё на катаргу запрагуць... Вось як!

Ніхто не паварухнуўся, усе маўчалі. Здавалася, нібы па гэтай хаце, такой спакойнай, цёплай і люднай, праплыў пануры прывід з акрываўленай спіною. Мікула, нарэшце, выпрастаў плечы, пастукаў люлькай аб край стала, вытрасаючы попел, працягнуў руку па грошы, якія сын, прывёзшы з кірмашу, палажыў на стол.

- Правільна, - сказаў стары. - Так з кожным злыднем трэба рабіць. Няхай не сваволяць; чужога не чапаюць, нявіннай крыві не марнуюць, бо так рабіць забараніў сам пан Бог Найвышэйшы, а ўсім нявінным людзям павінна быць абарона ад крыўды і несправядлівасці, павінна быць бяспека. Годзе!

Ён засунуў пад кашулю некалькі памятых асігнацыяў, абвёў сыноў, нявестак, дачку і ўнўкаў сваімі бліскучымі вачыма, і позірк яго стаў суровы і цвёрды. Высокі лоб перарэзалі глыбокія маршчыны. Увесь ён, здавалася, быў пранізаны адной нявыказанай думкай, што калі б хто-небудзь з тых, на каго ён глядзеў, узышоў на такі ганебны шлях, дык ён, Мікула, першы і няўмольны апусціў бы на яго вось гэтую вялікую, жылістую, нібы з бронзы выкаваную, руку...

- Годзе! - сказаў ён і працягнуў руку па капшук з тытунём.

Усе маўчалі, бо ведалі, што калі ўжо стары сказаў гэтае слова, то ўсе спрэчкі і справы, як сямейныя, так і іншыя, лічацца поўнасцю вырашанымі.

Аляксей прысланіў пугу да сцяны, падышоў да жонкі і, нахіліўшыся, адной рукой гладзіў яе па плячах, а пальцам другой рукі вадзіў то па сонным тварыку, то па чырвонай шапцы на галоўцы немаўляці. Бондар правёў гэблікам па недагабляваным зубе ад бараны; затарахцеў Ганульчын калаўрот; гаспадыня даставала з печы чыгун з гарачай вадой...

Рыпнулі дзверы, у хату спачатку ўварваўся з брэхам кудлататы сабака, і неўзабаве з парога пачулася прывітанне:

- Хай будзе пахвалёны!

Голас быў нізкі, хрыплы, чалавек дыхаў цяжка.

- На векі! - адказалі прысутныя.

Мікула, прысланіўшы рукою вочы, пазіраў на дзверы; гаспадыня адвярнулася ад агню, застыў бондараў гэблік, спыніўся Ганульчын калаўрот.

- Пан гаспадар і пані гаспадыня, - гаварыў з парога нізкі і хрыплы голас, - я падарожны, ласкі вашай прашу. Дазвольце гадзінку пасядзець у цёплай хаце. Пагрэюся і далей пайду... Не надакучу вам.

- Калі ласка! Уваходзьце і пасядзіце, - адказаў стары.

- Чаму ж нельга? Уваходзьце, калі ласка, пагрэйцеся, - ветліва запрасіла гаспадыня.

Чалавек ступіў наперад, у шырокую, асветленую агнём паласу. Гэта быў рослы, плячысты мужчына, аднак вельмі худы. На ім былі грубыя порткі, засунутыя ў боты, і сурдут з даволі тонкага сукна, моцна парваны на адным плячы. Вопратка гэтая не надта падыходзіла для падарожжа ў завірушную зімовую ноч. І таму, можа, доўгі касцісты твар чалавека быў бледны, падобны на тонкую жаўтлявую паперу. Таксама падобны на пакамечаную паперу быў і высокі, з залысінамі лоб, над якім блішчалі рыжаватыя валасы. Рыжаватыя вусы прыкрывалі тонкія вусны; прадаўгаватыя вочы адлівалі такім блакітам, што здалёк прыцягвалі да сябе ўвагу. Быстрым позіркам ён акінуў усё ў хаце.

- Сядайце, калі ласка, адпачніце! - не адыходзячыся ад печы, сказала гаспадыня. - Ясік, - паклікала яна сына, - падай пану зэдлік.

Яна назвала яго панам, бо на ім быў сурдут, і хоць з парога чалавек загаварыў на мове, на якой гаварылі ў гэтай хаце, адчувалася, што звычайна ён ёю не карыстаўся.