10894.fb2
- А што рабіць? - казаў далей. - Што прапала, то прапала. Над сіратою Бог з калітою. З жонкай і дзецьмі з голаду не памром. Цесць сто рублёў пасагу даў... Багаты... агароднікам служыць... Даў бы і больш... «Як ты, Яська, кажа, будзеш мець за што кавалак зямлі купіць, другія сто дам...» От, можа, і дасць Пан Бог Усемагутны, што і куплю... то жонка заробіць, то з пенсіі застанецца... сякі-такі грош ёсць.
- Шмат? - хціва спытаўся былы салдат.
Селянін хітравата ўсміхнуўся. Скрытнасць і асцярожнасць узялі ў ім верх над гаварлівасцю, абуджанай гарэлкай.
- Сам не ведаю, - напаўсур'ёзна, напаўжартам адказаў. - Можа, шмат, можа няшмат... а такі ёсць...
- Ну, а гэта ж зямля, што дзядзька ў цябе ўкраў, так і прападзе?
- А што рабіць? - уздыхнуў Ясюк. - Можа, мая праўда была, а можа, ягоная. Хай нас Пан Бог судзіць.
- Ой, ты дурань! - з дзіўнай гарачнасцю і энергічнасцю закрычаў салдат. - І ты сабе думаеш, што ўжо скончана, запячатана і прапала! Маўчыш і трываеш! А ці ж не можаш ты зараз таксама хадваката наняць і дзядзьку за сваю крыўду ў суд пацягнуць. Ці ж ён адзін хадваката мець мог? А ты не можаш? Га? Я тваю справу з дзядзькам ведаю, як свае пяць пальцаў. Далібог, тыя ягоныя прэтэнзіі нічога нявартыя, і даўнасць яшчэ не настала. А хапеляцыя для чаго? А зеркала ў палаце нашто?.. Гэй!..
Ён узняў указальны палец і круціў ім у паветры.
- Гэй, гэй! - паўтарыў. - Ты палаты не бачыў. А я бачыў. Вялікая такая зала, як касцёл, а ў ёй стол чырвоным сукном накрыты, а за сталом яснавяльможныя паны сядзяць у мундурах, золатам вышываных, і судзяць...
- Золатам вышываных... - паўтарыў Ясюк, які з такой цікавасцю ўслухоўваўся ў апавяданне госця, што ажно рот разявіў.
- А што ж ты думаў? Не ў такіх сярмягах, як твая. Блішчаць ад золата... на стале зеркала стаіць...
Абодва з пашанай пахілілі галовы. Ясюк уздыхнуў.
- Перад царскім зеркалам, перад чырвоным сталом, перад яснавяльможнымі панамі, што блішчаць ад золата, стаяць хадвакаты і гавораць... Так і так, яснавяльможны суд, кажуць... так і так кажуць... а суд маўчыць і слухае... Слухае, слухае, потым устае і выходзіць.
- Выходзіць? - паўтарыў Ясюк такім тонам, быццам шкадаваў, што ўжо заканчваецца прыгожая дзівосная казка.
- Ага, выходзіць: дык што ж, што выходзіць? Ідзе сабе ў другі пакой, каб пагаманіць пра тое, што хадвакаты брахалі. Потым вяртаецца... усе ўстаюць... а найважнейшы з суду, яво правасхадзіцельства з паперы голасна чытае: «Іск Ясюка Гарбара прызначыць справядлівым, у дзядзькі ягонага Паўлюка Гарбара зямлю і сядзібу адабраць і аддаць Ясюку».
На гэтае неспадзяванае заканчэнне Ясюк Гарбар падняў галаву і хмурныя вочы яго заблішчалі.
- Ага! - усклікнуў. - Каб жа так і было...
- Чаму ж не будзе? - з удаванай абыякавасцю азваўся салдат. - Каб ты, Ясюк, толькі захацеў, то і было б... Я б табе такога хадваката прывалок, які так піша, што ажно сам міністар дзіву даецца, а як пачне брахаць, то ажно суд рот разяўляе і на ўсе вушы слухае.
Ясюк ажывіўся.
- Можа, гэта той самы, што вядзе працэс грыньскіх сялян з Дзельскім? - спытаўся.
- Той самы, а ты яго бачыў?
- Бачыў, здалёку... Я з сенам праз Грынькі праязджаў і бачыў, як з грыньскімі перад карчмой гаварыў. Кажацца, вельмі мондры.
- Ого! - пацвердзіў госць. - Я ж табе, Ясюк, казаў, што ён як напіша, дык сам міністар дзівуецца...
- Мусіць і вельмі багаты, такі залацісты ланцуг на жываце ў яго...
- Ей, ей! Яшчэ які багаты... Чаму ж яму багатым не быць?.. Людзі да яго, як у касцёл, ідуць... А за чый працэс возьмецца, дык заўсёды выйграе, далібог, заўсёды...
- Заўсёды? - задзіваваўся Ясюк.
- Заўсёды, - пацвердзіў госць. - Такі ўжо ў яго розум. Як ён ужо людзям напамагаўся, гэй, кожнаму паможа... Каб там хто ўжо невядома якую бяду меў, дык ён як возьме ў свае рукі, шчасце з яе зробіць...
Парабак глыбока задумаўся і па добрай хвіліне ледзь прыўзняў галаву.
- Слухай, Мікалай! - пачаў гаварыць цішэй, чым перад гэтым, - а вельмі дарагі гэты хадвакат?
Мікалай зморшчыў сівыя бровы і, перабіраючы ў паветры пальцамі, пачаў штосьці мармытаць. Даваў зразумець, што робіць нейкую таямнічую арыфметычную аперацыю.
- От, і не вельмі дарагі, - сказаў голасна, - пяць працэнтаў бярэ... ніколі больш, барані Бог, ніколі больш чым пяць працэнтаў...
- Што ж гэта такое гэтыя працэнты?
- Гэта такая аплата, - патлумачыў Мікалай. - Гэта аплата, дык ужо трэба яму даць... Без гэтага нельга. Калі ён табе скажа: «Ясюк, дай мне за гэты інтарэс сто рублёў», значыць, дай яму сто рублёў... гэта значыць і будзе пяць працэнтаў ад таго, значыць, маёнтка пра які ідзе працэс... О! А калі ён табе скажа: «Ясюк, дай грошы наперад», значыць дай наперад, бо як не дасі, дык ён на цябе і глядзець не захоча... А нашто ты яму? Ці ён такіх, як ты, дзела вядзе? Дорага ён ад цябе не возьме, пяць працэнтаў возьме, больш не возьме... Але гэта ўжо трэба... Без гэтага ўжо няможна... Ці ж ты яму брат ці сват, каб ён табе дарма рабіў?
Было відаць, што Ясюк слухаў Мікалая ўсёй душой і з усіх сваіх сілаў, аднак поўнага сэнсу ягоных слоў зразумець не мог. Можа, і зразумеў бы, калі б не гэтыя працэнты... Гэтыя працэнты былі для яго поўнай загадкай і разам з тым імпанавалі яму, змушалі яшчэ больш верыць у розум Мікалая, у які ён верыў і так.
- Значыць, - прамовіў ён, - калі б да яго ішоў з просьбай пра тое... значыць... пра зямлю, што ў мяне дзядзька забраў, трэба яму колькі грошай занесці адразу...
- Ці ж я ведаю? Можа, пяць працэнтаў ад той зямлі, можа, дваццаць рублёў будзе... можа, трыццаць...
- Хай будзе дзесяць!.. - пачаў ужо нервавацца парабак.
- А пойдзеш да яго заўтра? - з іскрамётнымі вачыма спытаўся салдат. - Ён заўтра чуць свет з Лясной выедзе і заедзе ў грыньскую карчму пагаварыць... Калі ты, Ясюк, туды прыйдзеш, я цябе яшчэ зарэкамендую... далібог зарэкамендую... Ты мне не чужы, я цябе от такім маленькім знаў... ты з Грынек і я з Грынек... як я ў войска ішоў, ты от такі маленькі быў...
Расчуліўшыся, ён выцер сабе пальцамі нос, выцягнуў з кішэні шыняля чырвоную паркалёвую хустку і абцёр ёй сабе вусы.
Селянін задумаўся. Адну руку ўсадзіў у чупрыну густых, чорных і шорсткіх валасоў, другую нерухома трымаў на стале. Вочы ўбіў у стол. Вагаўся і думаў. Змагаліся ў ім супярэчлівыя пачуцці: жаданне супакою і задаўненая, разбуджаная сёння, крыўда на дзядзьку, страх выпусціць з рук заробленыя грошы і ахвота вярнуць страчаную зямлю.
У гэты час на стале з'явіліся бохан чорнага хлеба і міса гарачай заціркі з салам. Хлеб разам з вялікім нажом у драўляным тронку прынёс з каморы Антосік; зацірку ж Хрысціна толькі што пераліла ў місу з гаршка і місу паставіла на стол. Тут пры місе паклала чатыры драўляныя лыжкі і, склаўшы рукі пад грудзямі, не рухаючыся, пільна пачала ўзірацца ў твар Мікалая. Ясюк кроіў хлеб, Антосік з лыжкай у руцэ нецярпліва чакаў, каб старэйшыя далі знак есці. Яна ж стаяла і глядзела на былога салдата. Той засмяяўся.
- А табе што, Хрысціна? - спытаўся жартам. - Вылупіла на мяне вочы, як быццам першы раз на гэтым свеце бачыш.
Не спускаючы з яго вачэй, паволі і задуменна яна пачала гаварыць:
- Не першы раз, Мікалай, я бачу цябе на гэтым свеце... Не чужы ты мне, так, як і Ясюку... Ты з Грынек і я з Грынек, усе мы з Грынек, толькі што я бедная сірата была, над якой ніхто ніколі літасці не меў. Май жа ты, Мікалай, зараз да мяне літасць... Памажы, уратуй... Слухала я, слухала, што ты тут Ясюку казаў... калі той вялікі хадвакат дапамагчы яму можа, значыць, і мне можа, калі ўсіх ратуе, значыць, і майго Піліпа выратуе...
Перастала гаварыць, і яе пагляд з праніклівага зрабіўся жаласным. Мужчыны ўжо елі зацірку. Мікалай, трошкі пааднекваўшыся, таксама падсеў да стала. Па-ранейшаму прамы, як палка, лыжку ад місы да рота і ад рота да місы нёс запаволеным рухам, глытаў густую, запраўленую з'ялчэлым салам ежу, за кожным разам тыльным бокам левай далоні выціраючы сабе вусны і падбародак. Пры гэтым ён глядзеў на Хрысціну і сумна ківаў галавой.
- Ой, што бяда будзе твайму Піліпку, то бяда! - казаў. - І так ужо нялёгкае жыццё маладога салдаціка, як яго ад мацярынскай спадніцы возьмуць і ў шыхт паставяць. «Зброю на плячо! Зброю да нагі! Направа, налева марш!» А тут, барані ты, Пане Божа мой, нагу не так як трэба паставіць, фельдфебель падскочыць і кулаком у твар...
Словы вайсковых каманд Мікалай выкрыкваў грубым голасам, прытым жахліва моршчыў бровы і энергічна ўзнімаў над галавой лыжку, з якой сцякалі кроплі заціркі. І кожны раз, калі ён так крычаў, павекі Хрысціны пачыналі хутка міргаць і маршчыны на яе лбе хваравіта ўздрыгвалі. Антосік жа затрымліваў лыжку ля рота і, узіраючыся наіўнымі вачамі ў апавядальніка, узрушаным голасам выкрыкваў:
- А Езус!
- Нялёгкае, нялёгкае жыццё салдаціка маладога, - цягнуў далей былы салдат, - але там, куды твайго Піліпку пашлюць, будзе яшчэ горш... Я там быў, ведаю... Скура з мяне ад марозу злазіла, і ў жываце ўсё застыла... Бывае, што з'ем, усё ў чысты лёд ператвараецца... У лазарэце мяне паклалі... шэсць месяцаў ляжаў з жоўтай трасцай, і жоўты такі стаў, як сланечнік... А як з лазарэту выйшаў, дык родная маці мяне не пазнала б. Будзе таксама і Піліпку твайму, матуля, ой будзе... толькі горш яшчэ, бо я быў моцны і здаровы хлопец, дык вытрымаў, а ён такі дахадзяга, не вытрымае... далібог, не вытрымае!