10894.fb2
Цяпер чалавек, які стаяў каля камінка, залажыўшы рукі за спіну, пачаў свабодна пакалыхвацца ў бакі, злёгку пераступаючы з нагі на нагу. Пераступаннем гэтым ён нагадваў гарадскога франта. Зверху глядзеў на маладога хлопца, які звяртаўся да яго.
- Ён не выскачыў праз акно, ён вылецеў... - сказаў з кплівай усмешкай.
- Хіба на тых крылах, якія яму чорт прычапіў, - абурыўся бондар.
- Не на крылах ён вылецеў...
- Дык, можа, на ведзьмінай лапаце, - пажартаваў Аляксей.
Жанчыны і падлетак Ясік засмяяліся таксама.
- На парасоне, - сказаў госць.
Усе змоўклі. Госць пакалыхваўся каля печы яшчэ больш свабодна і зверху вадзіў позіркам па ўсіх прысутных. Можа, так вось гарадскія фанфароны выхваляюцца перад натоўпам у шынку сваёй высокай вучонасцю, уменнем разбірацца ў сусветных падзеях.
- Глупства, - гаварыў ён, - для невука гэта здаецца цудам, а для таго, хто ведае, глупства, драбніца! Вось як ён зрабіў, гэты Бонк, калі ўцякаў з турмы...
Ён узяў свой кій, што стаяў побач, прыслонены да печы, і, адпаведна памахваючы ім, пачаў расказваць:
- Бонк узяў парасон, такі вялікі парасон, раскрыў яго, перавярнуў яго вось так, уніз, і разам з парасонам шусь праз акно... Калі б без парасона, дык паляцеў бы потырч галавой і звярнуў бы сабе карак... Але парасон апускаў яго ўніз памаленьку, памаленьку, бо вецер яму хутка ляцець не даваў, і так апусціўся да самай зямлі. А Бонк толькі выцягнуўся на бруку ды носам аб камень ударыўся. З носа кроў пацякла, і косці страшэнна забалелі. Ды што там! Ногі за плечы і падаўся ў свет! Тры гады яго потым шукалі. Парасон каля турмы знайшлі, а яго тры гады дарма шукалі.. Ха, ха, ха!
Пакуль ён расказваў, увесь яго доўгі, касцісты твар свяціўся амаль дзіцячай весялосцю. Чалавек быў падобны на хлапчука, які з хітрай усмешачкай расказвае пра ўдалае свавольства.
Усе хатнія прыўзнялі галовы і паразяўлялі ад здзіўлення раты. Сярод агульнага маўчання з-за клубоў дыму пачуўся нізкі, суровы голас:
- А адкуль жа вы ведаеце, як гэта было?
- Гэта ж праўда! Адкуль вы ведаеце? - паўтарыла пытанне некалькі галасоў.
Нібы адчуўшы ў гэтых настойлівых пытаннях варожы выклік, госць зухаватым рыўком узняў галаву і з-пад броваў, якія пагрозліва сышліся, павёў вакол палымяным позіркам.
- І ведаю! Ну і што, калі ведаю! Разумны гаворыць, дурны дзівіцца... А-а-а! Паразяўлялі раты! Адкуль я ведаю? А ці ж гэта ў людзей языкоў няма, ці не расказваюць?.. Яны расказвалі, а я слухаў. Цьфу!
Ён плюнуў і раптам зноў занепакоіўся, кінуў навокал устрывожаны позірк, пацёр рукі. Аляксей дзёрзка глядзеў у яго вочы.
- Нешта вы, пане, - пачаў ён, - зашмат ужо ведаеце пра гэтага Бонка. Можа, вы яго калі бачылі?
Той абыякава паціснуў плячыма:
- А дзе я мог яго бачыць? Не бачыў. Я з Прусіі іду... Больш за дваццаць год не быў у гэтым баку.
- Шкада, бо калі б вы яго бачылі, дык сказалі б нам, як ён выглядае. Лягчэй было б злавіць... Ой, злавіў бы я яго, з вялікай ахвотай злавіў бы, і пакуль тая паліцыя даведалася б пра яго, сам бы з яго палосамі скуры надраў!..
- Бач, такі малады, а ўжо гатовы людзям скуру са спіны спускаць! - пасміхнуўся госць.
- Дык ён жа разбойнік! - выгукнуў, усхапіўшыся з лавы, малады задзірысты мужчына. - Сам пісар сёння казаў: «Крамы рабаваў, грошы падрабляў, а самае горшае, - казаў, - што трох чалавек забіў са сваімі супольнікамі...» Дык што - шкадаваць такую звяругу? Ой, я б з яго скуру здзёр! Няхай іншых не забівае!..
І ён падняў пагрозліва кулак.
- Ціха, Аляксей! Сціхні, не крычы так! - супакойвала яго маладая жонка, цягнучы за крысо расшпіленага кажуха.
Бондар замахнуўся гэблікам:
- Каб яму так добра на свеце не было, як ён нявінных людзей загубіў...
- Ой! - войкнула Ганулька. - Можа, і цяпер ён пачне буяніць.
- Вядома ж, пачне, - загаварыла баба. - Такі злыдзень, што ў людской крыві выкупаўся...
- Каб яму косці пакруціла... Каб яго паралюш разбіў...
- Ці пачне, ці не пачне, - панура азваўся бондар, - а лавіць яго трэба, бо яшчэ шайку сабе падбярэ і коні пачне красці...
- Не дачакаецца! - выгукнуў Аляксей. - Будзе ён красці коні, калі кат яму дзвесце бізуноў у спіну ўлепіць...
- Ой, ой! - запішчала Ганулька.
- А табе што? - накінуўся на яе Аляксей, але зірнуў на жонку, якая, нахіліўшы свой тонкі стан, таксама пачала галасіць.
- Ай-я-ёячкі!..
Баба Настуля падперла сухую шчаку рукою і голасна ўздыхала:
- Божа ж ты мой, Божа! Ой, божа ж літасцівы!..
Пятнаццацігадовы Ясік стаяў, нібы акамянелы, вылупіўшы вочы, а потым закрыў рот рукамі і дрыготкім голасам зароў:
- Гу-гу-гу!..
- Во напалохаліся, што разбойніку пападзе бізуноў! - засмяяўся Аляксей.
Госць не стаяў ужо так ганарліва, як раней. Калі Аляксей упершыню напомніў пра бізуны, відаць было, як пад тонкім сукном парванага сурдута заварушыліся і паволі палезлі ўгару яго лапаткі, а карак, як ад раптоўнага ўдару, апусціўся долу і барада дакранулася да грудзей.
- Цікава, ці вытрымае злыдзень? - прабурчаў бондар.
- Ого! Яшчэ як вытрымае! - гаварыў сваё Аляксей. - Яшчэ потым у кайданах на край свету пойдзе. А калі прыйдзе туды, дзе жыць загадаюць, дык ад цямна да цямна будзе пад зямлёю молатам біць або тачкі цягаць...
- Ой, бедны ён, такі бедны! - уздыхнула Аленка і яшчэ мацней прыціснула да грудзей малое.
- І навошта яму было на гэты свет прыходзіць? Навошта Бог Усявышні паслаў яго на гэты свет? - уздыхала баба Настуля.
- Я, здаецца б, не вытрымала. Узяла б і ўтапілася... - вяла сваё Ганулька.
Хрысціна, пакінуўшы мыць посуд, выпрастала высокі, моцны стан, зноў склала рукі на грудзях і заглядзелася на агонь сваімі цёмнымі вачыма. Зморшчыліся яе прыгожыя вусны, сышліся цёмныя бровы. Калі ўсе змоўклі, пачуўся яе нізкі, глыбокі голас:
- А і гэтага ж некалі маці на руках насіла і калыхала...