10894.fb2
- Ён праваліўся ўжо, не праклінайце, бабуля, - цыкнуў госць на ап'янелую бабу і зноў пачаў пільна слухаць старога.
А стары ўжо добра-такі разгаварыўся. Можа, ён і не думаў пра таго, каму гаварыў; гаварыў, бо даўні, амаль забыты боль грыз яго сэрца, а ўспаміны пра старэйшага, страчанага сына разганялі туман мінулых гадоў.
- Значыцца, - гаварыў ён далей, - бунт. Значыцца, супраціўленне ўладзе. Ну, пасадзілі іх у турму, судзілі іх. Іншых выпусцілі або сяк-так пакаралі, а яго на тры гады турмы асудзілі. Зачыншчык, кажуць. Ну, добра. Тры гады - не век. А яму тады толькі васемнаццаты гадок пайшоў... Не вельмі я тады і гараваў, што ён там тры гады пасядзіць. Розуму, думаю, навучыцца, пакорлівасці навучыцца.
- Навучыўся? - спытаўся госці, - Ха, ха, ха! Што ж, ці навучыўся? Га?
Стары, пазіраючы долу, паківаў вялікай галавой.
- Якраз навучыўся! Каб гэтак чэрці злыя душы вучылі! Калі вярнуўся дахаты, дык ужо і дня спакойнага ў хаце не было. Сядзе, бывала, і расказвае, як зладзеі ўначы ходзяць красці і ўсе замкі адмыкаюць. «На ўсё ёсць спосаб, а я ўсе спосабы ведаю». Або кажа: «Ахвота ж гэта людзям у такіх хатах сядзець, бедаваць, калі на свеце столькі багацця і да яго такім лёгкім спосабам можна дайсці». Я яго кулаком па спіне: «Вось табе, - кажу, - лёгкі спосаб не думаць пра зладзейства і ўсялякую поскудзь». А ён у адказ: «Не бі, татка, бо ўцяку і толькі ты мяне бачыў». За шапку і ў карчму. Піць навучыўся. Раней не піў, вядома, дзіця, яму ж ледзь семнаццаць гадкоў споўнілася. А там і гэтага навучыўся. Нап'ецца, бывала, і буяніць на ўсю вёску: з хлопцамі б'ецца, дзяўчат ловіць... Я да яго па-добраму: «Ці табе, Ясік, не сорамна? Ці ты пана Бога не баішся?» А ён смяецца: «Эх, татка, - кажа, - ці я такое бачыў? Ці я пра такое наслухаўся, калі там быў? Вы, дурныя, сядзіце ў сваёй вёсцы і нічога не ведаеце, а я цяпер вучоны!» Ох, вучоны ён зрабіўся, пабыўшы тры гады ў турме, вучоны! Каб тых губернёраў, што яго там вучылі...
Госць доўга смяяўся ціхім грудным голасам. Пасля паківаў галавой:
- Ох, пане гаспадар, сядзіце вы ў сваёй вёсцы, рукамі зямлю сваю дзераце і нічога не ведаеце! Каб вы пабачылі тых губернёраў ды каб пачулі, як яны вучылі вашага сыночка, то вас бы, пане гаспадар, можа, толькі ад аднаго страху паралюш разбіў бы...
Стары рэзка ўзняў галаву і зноў уважліва, як і некалькі разоў раней, паглядзеў на госця. Ў голасе, якім той вымаўляў апошнія словы, чуліся нейкія гукі, што з асаблівай сілай кранулі яго слых.
- Што ж гэта? - сказаў ён павольна. - Ці я вас калісьці ведаў, ці не ведаў... Замарок нейкі. Хто вы такі?
Але ў гэты момант госць занепакоіўся і павярнуўся да печы, каля якой цяпер пачынаўся ўсё большы ды большы рух і гоман. Там ужо замест двух, Ганульчынага і Хрысцінінага, калаўротаў аказалася цэлых пяць. Дзве дзяўчыны ўвайшлі раней і селі з калаўротамі абапал Ганулькі, а цяпер толькі што прыйшла яшчэ адна, з якою Аляксей якраз жартаўліва вітаўся, а Хрысціна ветліва запрашала, каб яна садзілася побач з ёю. У Мікулавай хаце пачыналіся зімовыя вячоркі, гаманлівыя і - да поўначы.
Госць акінуў быстрым позіркам людзей каля печы і зноў павярнуўся да старога. Але Мікула зноў сядзеў моўчкі, з люлькай у роце, апусціўшы галаву. Твар яго амаль зусім схаваўся за дымам, што вылятаў з люлькі, часамі толькі стары ківаў галавою, разгублена думаючы пра штосьці, нечаму здзіўляючыся. Затое баба Настуля ўсё больш гарнулася да госця, каб пагаварыць. Бутэлька з рэшткай недапітай гарэлкі нейкім дзіўным чынам, непрыкметна зноў аказалася побач з яе локцем. Зноў заблішчалі слязлівыя вочы, жывей захадзілі сухія рукі. Яна, нібы абцугамі, ухапілася за палу госцевага сурдута.
- Дык вы ведалі нашага Ясіка, - ужо не заводзячы, як раней, але хутка і ціха пачала яна, - мусіць, вы яго тады ведалі, калі новы панскі двор будавалі... Ой, бедны ж ён, бедны! Напакутаваўся ён, нацярпеўся ад роднага бацькі, пакуль навечна ў свет пайшоў...
Яна кінула позірк на старога Мікулу і, сцішыўшы голас, таямніча працягвала:
- Біў ён яго, як сабаку якога, рукамі, калом, чым папала... Каб я з гэтага месца не ўстала, калі маню... Як раней патураў і галубіў, так пазней, калі нябога з турмы вярнуўся, біў... За балбатню пра зладзеяў, і за п'янства, і за лайдацтва, за ўсё, бывала, б'е ды б'е... «Я яму, - кажа, - выб'ю і з цела і з душы ўсю тую поскудзь, што ён адтуль прынёс!» Бывала, маці за адну руку учэпіцца, а я за другую і крычым: «Ой, не катуй ты, Сымоне, роднага дзіцяці, не бяры грэх на душу, бо калі хлопец зусім азлобіцца, з хаты ўцячэ і душу сваю загубіць!» А ён нас, як тую бульбу, з рук атрасе і, як звер, толькі сапе ды бурчыць: «Пападзе яму калі-небудзь ад мяне, ох як пападзе, калі не выправіцца! Заб'ю, але не дазволю, каб навек злыднем застаўся!» І з іншымі сынамі ўжо інакш пачаў, і для іншых ужо набраўся строгасці: «Патураў я, - кажа, - старэйшаму, дык вось што з яго вырасла... А малодшым ужо аніякай патолі ад мяне не будзе». Ох, і пекла ж было тады ў хаце!.. Маці, бывала, плача, плача, ажно зняможацца і зляжа, а бацька, як той звер раз'юшаны, толькі вачыма за Ясікам водзіць, каб на чым яго злавіць і пакараць. Малодшыя хлопцы, як тыя зайцы, вушы стуліўшы хадзілі, а Ясік-небарака цярпеў, цярпеў, на трэску высах, як тая хмара цёмная зрабіўся, і ўжо, здаецца, крышку паспакайнеў, нібы крыху абдумаўся... Перад бацькам скарыўся, скарыўся перад родным, слухацца пачаў... Ажно раптам узяў ды ўцёк... Не вытрымаў-такі ды ўцёк. Можа, ён ад бацькавай рукі, што літасці да яго маладосці не мела, уцёк... Можа, ад прызыву, каб яго ў салдаты не забралі, уцёк... Можа, яго нехта, з кім ён у турме пазнаёміўся, падгаварыў... Узяў ды ўцёк... І вочы нашы ўжо яго больш, галубочка, не бачылі, і вушы нашы галасочка яго сярэбранага не чулі... Маці па ім плакала, і сястра плакала, Марыська, старэйшая, бо гэтай, Ганулі, яшчэ на свеце не было, і, здаецца, па сценах вось гэтай хаты, хацінкі яго роднай, цяклі тыя слёзкі... Адзін бацька ніколі пра яго не загаварыў, ніколі не злітаваўся, сыночка свайго родненькага, найстарэйшага, ніколі не пашкадаваў... Такі ўжо ён, наш Сымон, суровы!
Цяжка было сказаць, ці слухаў госць, ці не слухаў гэтую загадкавую, з напеўным прыгалошваннем балбатню ахмялелай бабы. Паставіўшы на стол локаць, ён падпёр галаву доўгай касцістай рукой і заплюшчыў вочы... Можна было падумаць, што ён задрамаў і цяжкія прывіды блукаюць у яго соннай галаве, бо вусны надзьмуліся, ажно рыжаватыя вусы натапырыліся. Раптам ён зусім нечакана працягнуў руку па бутэльку і, прыклаўшы рыльца да вуснаў, прагна дапіў апошняе. Грукнуўшы дном пустой бутэлькі па стале, ён засмяяўся і кпліва паглядзеў на старую.
- Ну і дурная ж ты, бабуля! Калі ён так ні разу не пашкадаваў, дык чаму ж старэйшага ўнука Ясікам назваў? Га? Мусіць, калі яго старэйшы ўнук на свет прыйшоў, дык ён пра старэйшага сыночка ўспомніў? Га?
Мікула нібы прачнуўся з роздуму, люльку адняў ад рота, нахіліўся ўсім сваім мажным тулавам да госця, а правую руку падняў да лба.
- У імя Айца і Сына... - прашаптаў ён.
Але госць падняўся, адсунуў з грукатам зэдлік, на якім сядзеў, шырокім крокам накіраваўся да супрацьлеглай сцяны і сеў там у цяні, побач з Аленкай, якая карміла малое.
У той самы момант дзверы раптоўна адчыніліся і зачыніліся з трэскам. У хату ўварвалася высокая, плячыстая дзеўка, задыханая, з васпаватым тварам, які пачырванеў ад хуткага бегу. Паставіўшы каля парога калаўрот, яна закрычала:
- Ратуйце! Дзяўчаты, калі бога любіце, ратуйце, хлопцы ідуць!
За акном пачуўся моцны тупат, смех і крык. Нехта забарабаніў па шыбе, ударыў кіем па сцяне. Дзяўчаты з віскам паўсхопліваліся і кінуліся да дзвярэй.
- Ой, божухна! Замыкайце! Дзверы замыкайце! Не пускайце! Адразу ж кудзелю паліць і лухту ўсялякую вярзці пачнуць! Людзі, ратуйце! Не пускайце гэтых разбойнікаў!
Дзяўчаты сцяною пасталі каля дзвярэй, як мага трымаючы засаўку. Адна з дзяўчат схапіла з камінка галавешку і, трымаючы яе, нібы вогненны сцяг, заняла абаронную пазіцыю. Другая ліла ваду з вядра на ток, трэцяя прыцягнула зэдлік і падперла ім дзверы. Дзеўкі так моцна захапіліся неабходнасцю адбіць напад, што ў іх піску чуваць быў ужо сапраўдны страх. Ганулька, чырвоная ад натугі, з якой яна прыціскала засаўку, пачала дрыжаць. Дзве дзяўчынкі, старэйшая гадоў дзесяці, абуджаныя крыкам, скаціліся, як калодачкі, з высокай печы і, дапамагаючы старэйшым, крычалі больш за ўсіх. Іх босыя ногі, як матылі, мільгацелі паміж клятчастых дзявочых спадніц, пасмы льняных валасоў то ўзнімаліся, то ападалі на белыя кашулі і на ружовыя ад сну тварыкі.
Ды найбольш крычала і мацней за ўсіх размахвала сухімі, але пругкімі рукамі баба Настуля. Яна ўбілася ў дзявочы гурт, лезла да дзвярэй.
- Пусціце! - крычала яна. - Што гэта за мода - хлопцаў на вячоркі не пускаць? Якія ж гэта вячоркі, калі на іх хлопцаў няма? Дый завошта вы іх караеце? А завошта вы іх, небаракаў, на марозе трымаеце?
Яна адпіхнула Ганульку, расчыніла насцеж дзверы і, узяўшыся ў бокі, крыкнула ў цёмныя сені:
- Хадзіце, хлопцы! Ну, хутка, хадзіце!
Сені напоўніліся цяжкім тупатам, і праз дзверы праціснуліся чатыры дзецюкі. Дзяўчына, што трымала галавешку, крыкнула другой:
- Ульяна, лі ваду! Лі, калі бога баішся!
Вялізная васпаватая Ульяна нахіліла да зямлі вядро; вада шырока разлілася па таку. Але для нападаючых гэта ўжо не было перашкодай. Яны з грукатам перавярнулі зэдлік, а адзін з іх ужо выдзіраў з рук дзяўчыны галавешку.
- Ай, людзі! - крычала яна. - Людзі, ратуйце!
- А будзеш гаварыць «лі», а будзеш на злое падбухторваць?
Ён падсунуў агонь да першай з краю кудзелі. Пасыпаліся іскры з лёну, прасніца засвяцілася, як свечка. Ульяна заплакала ўголас. Гарэла яе кудзеля.
- Ой, каб вас бог за маю крыўду пакараў! Каб вы...
- А будзеш ваду ліць? А будзеш людзям ваду пад ногі ліць? - пацвельваліся хлопцы з заплаканай дзяўчыны.
Бондар і Аляксей умомант затушылі рукамі агонь. Хрысціна суцяшала пакрыўджаную, ідучы ў бакоўку па новую кудзелю. Дзяўчына адразу ж супакоілася і разам з усімі села за калаўрот.
Баба Настуля зачыніла дзверы, бо холад ішоў з сяней у хату. Хлопцы - хто ў кажусе, а хто ў сівай сярмязе, усе ў цяжкіх ботах - толькі цяпер пакланіліся гаспадару.
- Добры вечар! - гукнулі яны хорам.
Стары не адказаў. Няўжо ён задрамаў? Усе, аднак, ведалі, што стары Мікула не быў санлівым, ён любіў познія, шумныя вячоркі і ветліва адказваў, калі госці віталіся, а нават часамі, хоць і рэдка, смяяўся грубым смехам услед за моладдзю. Сёння ён маўчаў. Рука з люлькай павісла каля грудзей, усе маршчыны на вялікім ілбе апусціліся ўніз, нібы цяжкая хмара павісла над касматымі бровамі. Спаў ці думаў? Гневаўся ці ўспамінаў? Хлопцы адышліся да камінка і, стаўшы за дзяўчатамі, пачалі закурваць. Баба Настуля зноў села на перавернутыя ночвы і гаварыла, гаварыла, размахваючы сухімі рукамі. Калаўроты затарахцелі: перамагаючы іх тарахценне, узняўся шумны, вясёлы гоман. У хаце зрабілася вельмі горача і душна.
Каля сцяны, насупраць той, дзе сядзеў стары Мікула, у ценю, на лаве, у канцы якой стаяла бочка з квашанай капустай, ішла размова, прыглушаная гоманам і тарахценнем калаўротаў. Госць сядзеў там побач з Аленкай, якая не прымала ніякага ўдзелу ў свавольствах і жартах, што напоўнілі хату, - яна спачатку карміла, а потым калыхала на руках сваё малое.
- Вясёлыя ў вас вячоркі, - пачаў госць.
- Ды вясёлыя, - адказала Аленка.
- Ты даўно выйшла за Аляксея?
- Ды на Пятра будзе ўжо чатыры гады.
- А колькі ж табе цяпер гадоў?
Яна ўсміхнулася і сарамліва нахіліла галаву:
- Або я ведаю? Мусіць, на Юр'я дваццаць споўніцца...