10894.fb2
- Чаму ж не добра? Вельмі добра. Дай Божа, каб так да веку было...
- Аляксей добры? Не б'е?
Яна пачырванела:
- Гэтага яшчэ не хапала!
- А любіць?
Яна захіхікала ціха і, замест адказу, моцна пацалавала малое ў лоб.
- Хлеб у хаце заўсёды ёсць?
- Дзякуй Богу, ёсць. Яшчэ таго не было, каб хлеба не хапала. Чаго іншага няма, а хлеб заўсёды ёсць.
- Бондар, напэўна, шмат зарабляе?
- Ды зарабляе. І мой зарабляе, і бацька зарабляе. Калі на гаспадарцы няма работы, дык ён з Ясікам рыбу ловіць і ў мястэчку прадае; раней адзін хадзіў рыбачыць, а цяпер ужо гады са два з Ясікам ходзіць...
- З Ясікам ходзіць, - паўтарыў госць і, апусціўшы вочы, змоўк.
Каля печы з шумам калаўротаў і гоманам змяшаўся хруст разгрызаных арэхаў і лузганне семачак. Хлопцы даставалі з-за пазухі гнілаватыя дзічкі і частавалі імі дзяўчат; тыя манежыліся, адпіхалі паднесеныя да іх твараў жмені з ласункамі, а потым нібы нехаця прымалі, елі і, у сваю чаргу, кідалі хлопцам арэхі і семачкі. Кожны раз, калі каму-небудзь пападала ў лоб або ў шчаку арэхам ці калі жменя семачак рассыпалася па чыім-небудзь аўчынным каўняры, з-за калаўротаў выбухаў смех. Адзін з дзецюкоў, што ўвесь час стаяў за Ганулькай, амаль не ўдзельнічаў у жартах, а ўсё нешта шаптаў дзяўчыне на вуха. Ульяна, што верхаводзіла паміж дзяўчат, гукнула яму, каб загадаў якую-небудзь загадку. Бо ніхто ж не ведае столькі цікавых загадак, як каржакаваты Дзям'ян, галава якога зарасла такімі чорнымі ды кучаравымі валасамі, што яны амаль зліваліся з чорным каўняром кажуха. У гэтым чорным гушчары чырванелі толькі поўныя шчокі і паблісквалі чорныя вочы.
- Калі загадкі, дык няхай будуць загадкі, - адказаў ён настойлівым дзяўчатам. А сам выпрастаўся, адкашляўся на ўсю хату, яшчэ больш надзьмуў шчокі і, руку ўпёршы ў бок, пачаў:
Ён змоўк. І ўсе маўчалі. Спынілася некалькі калаўротаў.
- Ну, што гэта? - здзекліва спытаўся разумны Дзям'ян.
Ніхто не змог разгадаць. Дзяўчаты заклапочана зіркалі адна на адну, а хлопцы нібы зусім абыякава курылі і прытупвалі наскамі ботаў. Дзям'ян узяўся ў бокі аберуч.
- Ды гэта ж човен! - пагардлівым тонам сказаў ён.
- І праўда! - пачулася адразу некалькі галасоў, і ўсе дзівіліся, паўтараючы словы загадкі.
- Ага! - еду, ні дарогі, ні следу - вядома, па вадзе, каня бічом паганяю - значыцца, вяслом па вадзе... Ага! І праўда - гэта ж човен.
- Чаму ж ты, Дзям'ян, не шапнуў мне, што гэта такое! Калі б ты сказаў, я адгадала б, - ціха прагаварыла Ганулька.
- Добра, то я яшчэ адну загадаю.
Ён зноў надзьмуў шчокі, кашлянуў і пачаў:
Скончыўшы, ён нагнуўся, нібы паднімаючы з зямлі арэх, і шапнуў Ганульцы ў самае вуха:
- Язык!
- Язык! - сярод агульнага маўчання выгукнула дзяўчына.
- Ага! - зноў здзівіліся ўсе. - Праўда! Нічога не скажаш, праўда! Во разумная! Такая маладзенькая, а такая разумная! А можа, табе Дзям'ян падказаў? Відаць, падказаў? Праўду скажы!
Пачырванелая, як півоня, дзяўчына хавалася за кудзелю і ўмольна пазірала на разумнага хлопца.
- Я не гаварыў! - выгукнуў Дзям'ян. - Брэшаце! Нічога я не гаварыў...
І, нібы жадаючы адагнаць новыя пытанні, што пасыпаліся на яго і каханую дзяўчыну, адразу дадаў:
- Калі хочаце, дык яшчэ адну скажу!
Тоўстыя шчокі яго раз'ехаліся ад хітраватай усмешкі, чорныя вочы смяяліся.
- Ну, што гэта? - спытаўся ён, закрываючы жменяю рот.
Баба Настуля засмяялася, шырока разявіўшы свой бяззубы рот, і замахала на яго рукамі:
- Ой, каб ты скіс з такою загадкаю! Ой, не раз і не два чула я ўжо гэтую загадку! Гэта ж блыха!
Прыглушаным голасам, праз пальцы, якімі ён закрываў рот, Дзям'ян пацвердзіў:
- Ну але, блыха!
А чорныя вочы блішчалі над вялікай рукой, смяяліся і пераможна пазіралі па вясёлых дзяўчат. Другою рукою ён крадком абдымаў тонкі Ганульчын стан, абцягнуты сіняй кофтай.
Госць, седзячы побач з маўклівай Аленкай, неяк асабліва пільна прыслухоўваўся да жартаў і загадак. Ён успёрся рукамі на калені і, падаўшыся наперад, пачаў усміхацца, спачатку слаба, невыразна, а потым з усё большым задавальненнем. Як толькі хто каля печы выкрыкваў разгадку, ён падтакваў, ківаючы галавой. Калі б хто-небудзь тады на яго паглядзеў, дык мог бы падумаць, што чалавек гэты добра ведае ўсё, пра што гаворыцца, толькі ўсё гэта забылася і цяпер прыгадвалася настойліва, ведучы за сабою рой іншых успамінаў. Але ніхто цяпер не звяртаў на яго ўвагі, дык неўзабаве і сам ён перастаў пасміхацца, зноў паглядзеў на суседку.
- Чаму ж ты не ідзеш туды весяліцца разам з усімі?
Яна адказала, пакалыхваючыся разам з дзіцем:
- Не хачу... Няхай забаўляюцца на здароўе!
- А толькі казала, што табе добра жывецца... Чаго ж ты тады сумуеш? Відаць, Аляксей нядобры, га? Відаць, нядобры? Мусіць, ужо так у іхнім родзе павялося, што ўсе нядобрыя?
Ён з прагнай цікаўнасцю ўпіўся позіркам у маладзіцу. А яна, пазіраючы некуды міма яго, не перастаючы калыхацца, адказала:
- Ды не. І Аляксей добры, і ўсе добрыя, толькі я ніяк свайго Міколку не магу забыць...
- Якога Міколку?
- Ды сыночка...
І яна ціхім, але напеўным голасам пачала расказваць, што некалькі месяцаў прайшло, як памёр яе старэйшы, паўтарагадовы сынок. Якое гэта было цудоўнае дзіця! Хадзіў ужо, гаварыў - не жартачкі, які ўжо быў разумны. Усе па ім плакалі, нават і дзед, хоць ён такі суровы, плакаў. А потым забыліся, нават бацька родны забыўся. Адна толькі яна ніяк не можа забыцца. Яна нахілілася над малым і цішэй закончыла:
- Вядома, дзіця, такое маленькае, нібы тая ягадка, скацілася са свету... Як тая парушынка, лягло ў зямлю...
Буйная сляза пакацілася па яе поўнай ружовай шчацэ і, бліснуўшы, як брыльянт, упала на сінюю кофту.