10894.fb2 Выбраныя творы - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 84

Выбраныя творы - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 84

У гомане, што напаўняў хату, расказ маладой маці звінеў, як тонкая, нясмелая страла, а сляза яе ўпала ў смех і гоман, нібы ціхая кропля расы ў свавольныя, шумныя хвалі ракі. Госць пазіраў вялікімі вачыма на свежы, як раніца, засмучаны твар маладзіцы, сачыў за бліскучай слязой, пакуль яна не пагасла вільготнаю плямкай на сіняй шарсцяной кофце. Відаць, нешта незвычайнае ўразіла яго, здзівіла, абудзіла ў ім нейкую трывожную струну, якой ён, відаць, дагэтуль ніколі ў самім сабе не чуў. Яго шырокія, упалыя грудзі ўзняліся, як ад раптоўнага подыху ветру:

- Ох, ох, ох!

А з твару маладой маці смутак раптам знік, яна ажывілася і вясёлымі вачыма, што заблішчалі ад цікаўнасці, пазірала на вясёлую чародку моладзі каля печы.

- Ой, - крыкнула яна, - казкі будзе баяць! Настуля казкі будзе баяць!

Яна рыўком павярнулася да госця:

- Паслухайце толькі, мой жа ж вы даражэнькі, вы толькі паслухайце! Яна цудоўныя казкі бае! Ой, такія цудоўныя!..

Баба, што каля самай зямлі сядзела на перавернутых ночвах, паміж двума калаўротамі, выцягнула да агню галаву ў чырвоным круглым чапцы і пачала расказваць. У агульным маўчанні, пад шум калаўротаў, голас яе - стары, працяглы, шапялявы - разыходзіўся па ўсёй хаце:

- Жылі сабе тры браты: два разумныя, а трэці дурань. Павырасталі яны, і прыйшла ім пара жаніцца. Бацька іх і пытае:

- Каторага з вас, сыны, першага жаніць?

Першы кажа:

- Мяне, бо я старэйшы.

Другі кажа:

- І мне, татка, пара ўжо.

А дурань таксама:

- І мне ўжо даўно была б пара.

- Ну, - кажа бацька, - ідзіце вы ўсе ў лес, а хто найхутчэй ды найбольш ягад назбірае, таго я першага і ажаню.

Пайшлі яны ўсе ў лес і так збіраюць ягады, так збіраюць, што нават не разгінаюцца, каб як найхутчэй набраць. Разумныя да дурня падышлі і пытаюцца:

- Ну што, дурань, - ты многа ягад назбіраў?

- Ого, - кажа дурань, - я ўжо дахаты хутка пайду. Пазайздросцілі разумныя дурню, узялі ды забілі яго, нож у сэрца ўсадзілі...

- Ой! - войкнула некалькі жаночых галасоў.

- Ну, ну, так ужо адразу ўзялі і забілі! -усумніўся хтосьці з хлопцаў.

Баба Настуля з поўнай упэўненасцю паўтарыла, трасучы галавой:

- Узялі і забілі, нож у сэрца ўсадзілі, у зямлю закапалі, пяском засыпалі, замест крыжыка вішню ў галавах пасадзілі і пайшлі дахаты.

А тут па гэтай самай дарозе едзе пан. Убачыў ён вішню і думае сабе:

- Ссяку я гэтую вішню і зраблю з яе дудачку.

Ссек ён вішаньку, зрабіў з яе дудачку, едзе сабе ды грае, а дудачка тая спявае:

Не грай, паночку, не грай,Сэрцайка майго не разрывай,Мяне браты забілі,Нож у сэрца ўсадзілі,Чарапком вочы накрылі,Пясочкам засыпалі,Вішаньку замест крыжа пасадзілі...*

* Гэты і два наступныя куплеты песні ў арыгінале апавядання даюцца па-польску (рэд.)

Дзівіцца гэты пан, дзівіцца, а дудка просіць ды просіць, каб ён на ёй не граў...

- Ага-а! - зноў перапынілі старую некалькі здзіўленых галасоў.

- Так і спявала гэтая дудка, так і прасіла! Ну!..

Вочы бабы Настулі блішчалі, як сярэбраныя іскры, завялыя губы, здавалася, што раз, то больш дрыжалі ад жаху. Успёршыся на калені локцямі і расставіўшы рукі, яна баяла далей:

- Прыехаў пан у тую вёску, дзе жылі дурнявыя браты і бацька, ночка застала яго ў дарозе, дык ён прыйшоў да іх і просіць, каб дазволілі пераначаваць. Дазволілі яму пераначаваць, выпраг ён каня, увайшоў у хату і кажа гаспадару:

- Ехаў я, - кажа, - цераз такі ды такі лес, гляджу - ажно стаіць сабе вішанька, такая роўная ды высокая. Я гэтую вішаньку ссек і дудку з яе зрабіў. А каб ты ведаў, як гэтая дудка грае! Я ніколі яшчэ не чуў, каб дудка так грала. Вазьмі, стары, ды пайграй трошкі.

Узяў мужык дудку, пачаў на ёй граць, а яна спявае:

Не грай, татуля, не грай,Сэрцайка майго не разрывай,Мяне браты забілі,Нож у сэрца ўсадзілі,Чарапком вочы накрылі,Пясочкам засыпалі,Вішаньку замест крыжа пасадзілі.

Здзівіўся стары і даў дудку сынам сваім, каб яны на ёй зайгралі. Граюць яны, а дудка спявае:

Не грайце, брацікі, не грайце,Сэрцайка майго не разрывайце,Гэта вы мяне забілі,Нож у сэрца ўсадзілі,Чарапком вочы накрылі,Пясочкам засыпалі,Вішаньку замест крыжа пасадзілі.

Тады ўсе здагадаліся, што разумныя забілі дурня. Пайшлі на магілку, адгарнулі пясок і ўсё так знайшлі, як расказала дудка.

Тады гэтых братоў у канцылярыю забралі і ў турму пасадзілі.

Баба змоўкла, і ніхто і словам не аказаўся. Калаўроты круціліся паволі, паволі, а праз ціхае іх тарахценне чулася цяжкое ўздыханне. Здавалася, што з расказанай казкі выплылі прывіды забойства і пакарання і нябачнай хмарай павіслі ў духаце гэтай хаты. Адзін Аляксей, заўсёды ганарысты і вясёлы, з'едліва пасміхаўся і шаптаў Дзям'яну на вуха:

- Вось напалохаліся бабы! Ну, я ж ім яшчэ большага страху наганю!

Ён выйшаў ціха ў сені, а праз дзве хвіліны з трэскам расчыніў дзверы і гукнуў на ўсю хату:

- Людзі, ратуйце! Хто ў бога верыць, ратуйце! Бонк ідзе! Разбойнік Бонк ідзе! Вось-вось ужо прыйшоў! З вялікім вострым нажом прыйшоў! Гу, гу, гу!..

Дзяўчаты закрычалі і пахаваліся за прасніцы. Нават Хрысціна ўздрыгнула і з трывогай зірнула на дзяўчатак, што сядзелі каля яе ног. Ясік пранізліва завішчаў і схаваўся за шырокія бацькавы плечы. Мужчыны, хоць некалькі з іх і спалохаліся спачатку, хутка зразумелі, што гэта жарт, і грымнулі смехам. Гэта супакоіла і жанчын. Сур'ёзная Хрысціна абурылася:

- Не дурыся, Аляксей! - прыкрыкнула яна на дзевера. - Ахвота табе людзей палохаць! Пасаромеўся б!

Аднак паніка прайшла не адразу. Відаць, усе прысутныя чулі ў той дзень пра Бонка. Хлопцы прывезлі з кірмашу страшныя гісторыі пра яго. Жанчыны наслухаліся іх. Ганулька прыціскала руку да сэрца.

- Б'ецца, ой як б'ецца і не можа ўтаймавацца! - стагнала яна.

Мажная Ульяна выцірала пот, што кроплямі выступіў на лбе.

Усе яны наракалі:

- А каб цябе, Аляксей!.. Каб такога страшнага чалавека супраць ночы ўспамінаць... Яшчэ, крый Божа, і прыгаворыш! Яшчэ сапраўды калі прыйдзе...

- А што, і прыйдзе! З такім вялікім вострым нажом прыйдзе! - пацвельваўся мужчына.

- Ай! - зноў закрычала некалькі галасоў.