10894.fb2
Адно дзіцятка, што пасля некалькіх гадоў замужжа прыйшло, як анёл міру, бо Клеманс, як толькі нарадзіўся сын, пачаў шанаваць яго маці, і ўжо ніколі паміж імі не было ні сваркі, ні нават трывогі за будучыню. З-за любові да сына бацька прысягнуў, што да чаркі губамі не дакранецца, і слова сваё стрымаў.
Сяляне звычайна вельмі любяць сваіх дзяцей, асабліва сыноў.
Раптам недзе паблізу пачуўся мужчынскі голас:
- Гэ-эй! Ну, пайшлі! Гэ-эй вы!..
Голас гэты плыў ціхім, залатым паветрам басавіта і працягла. Хвядора адарвала позірк ад нішы і зірнула на поле. Непадалёку ад плота, што падзяляў агароды і поле, высокі, дужы мужчына, трохі схіліўшыся наперад, ішоў за плугам, які цягнула пара коней. Працягла, трохі панура ён пакрыкваў:
- Гэ-эй! Ну, пайшлі! Гэ-эй вы!..
Маці і сын адразу пазналі Клеманса. Тадэвуш пачаў падбрыкваць, вырывацца і крычаць:
- Да таты! Да таты! Да таты!
- Няможна, сынок! Нам трэба ў сад!
Яна яшчэ не дагаварыла гэтых слоў, а ўжо дзіцячы твар заліўся слязьмі. Толькі што быў шчаслівы і вясёлы, як жарабятка ў буйнай траве, а цяпер так плакаў, так верашчаў, што ажно вераб'і на таполі спалохана зашчабяталі. Страшэнна яму захацелася да таты. Але Хвядора гэтым разам не сказала нічога пра дзягу. Наадварот, тоўстыя губы яе расхіліла шчаслівая ўсмешка, жанчына прыціснула да грудзей свайго трапяткога крыкуна.
- Добра ўжо, добра, - гаварыла яна. - Ой, дурань ты маленькі! Паклічу я табе тату, пачакай, паклічу! Няхай ён прыйдзе да сыночка!
Спыніўшыся каля плота, яна загукала:
- Клеманс! Клеманс, го-оў!
Некалькі загонаў аддзяляла яе ад мужа-аратага, і ён таксама голасна адгукнуўся:
- Хвядора? А чаго ты хочаш?
- Хадзі! - клікала яна, адной рукою прытрымліваючы каля грудзей дзіця, а другою махаючы, каб ішоў. - Хадзі туткі, хутка хадзі!
Ён спыніў коней у плузе і, цяжкім, шырокім крокам перамераўшы невялікую прастору, спыніўся за плотам.
- Чаго? - спытаўся.
Але Хвядора не паспела яшчэ адказаць, як Тадэвуш, вырваўшыся з яе абдымкаў, нагамі зачапіўшыся за плот, пачаў хапацца за бацькаву кашулю. Гэтае акрабатычнае практыкаванне не магло не зрабіць непарадку ў сціплым адзенні малога. Паміж двух высокіх і дужых людзей голае дзіцячае цельца нейкі момант свяціла на сонцы, як статуйка з пазалочанай бронзы. Клеманс зняў сына з плота, абняў яго жылістымі рукамі і, схіліўшы галаву, глядзеў у ягоны твар. Шчабятлівы, радасна размахваючы ручкамі, Тадэвуш расказваў, што кароўка Белая пайшла на пашу, калі ён яшчэ спаў, а сабака Рубін так гаўкаў, так гаўкаў на нейкага жабрака, што пан вяканом*... пан вяканом... І ўжо зусім не ведаў, што б тут сказаць пра таго вяканома, але затое пачаў пытацца, ці тата і сёння пасадзіць яго на каня, так, як заўтра, не, учора, не, ані заўтра, ані ўчора, толькі за два тыдні...
* Аканом у дзіцячым вымаўленьні.
Гледзячы на сына, Клеманс спытаўся ў жонкі:
- Чаго клікала?
- От чаго! Так упёрся да таткі, што няхай Бог бароніць! Ані мне яго на руках трымаць, ані на зямлю пусціць, бо сам у поле паляціць. Дык я і гукнула, каб ты падышоў. Што мне з ім рабіць? Паскуднік такі! Няўрымста!
- Адлупцаваць яго за тое, што такі... - замармытаў мужык, але насуперак гэтым словам жылістая рука моцна прыгарнула дзіця да расхрыстаных касматых грудзей, а на няголеным, таксама касматым твары ад шырокай, шчаслівай усмешкі бліснулі два рады беласнежных зубоў. З другога боку плота такая ж усмешка пашырыла тоўстыя, чырвоныя шчокі жанчыны.
У мужа і жонкі былі прыгожыя, здаровыя, белыя зубы. Над дзіцем, якое шалпаталася і шчабятала паміж імі, позіркі іх сустрэліся прыязна і весела. Аднак Клеманс знешне выглядаў, як звычайна, панурым. Сумна было чалавеку не мець кавалка сваёй зямлі і па маёнтках парабкам валачыцца.
Былі таксама ў яго мінулым свае беды і грахі, успамінаючы якія ён уздыхаў або пачынаў злавацца. Многа грошай пайшло калісьці на праклятую гарэлку, і суд прайграў з дваюрадным братам - за тры маргі зямлі. Але цяпер ніхто не заўважыў бы ў ім гэтага цяжару ды смутку. Ён выцягнуў над плотам рукі, аддаючы жонцы дзіця, і пад густым, шорсткім вусам яшчэ паблісквала ўсмешка, хоць ён і гаварыў нібыта злосна:
- Бог ведае, чаго абое прыйшлі сюды і яшчэ чалавека ад працы адрываюць! Што ж я тут з вамі цэлы дзень лынды буду біць? Бяры гэтага паскудніка і ідзі на работу!
Пацалунак, як стрэл з маленькага пісталета, пачуўся над плотам, а на поўненькім, загарэлым карку малога ад бацькавых вуснаў з'явілася чырвоная пляма. Клеманс памалу павярнуўся і цяжка пакрочыў да плуга. У палавіне дарогі азірнуўся і ўбачыў чырвоную Хвядорыну хустку, што мільгала ў зеляніне агародных прысадаў, чым далей, то ўсё гусцейшых. Тадэвуша ён не ўбачыў, бо малы ўжо на сваіх нагах тэпаў каля матчынага боку па зарослай пустазеллем агародняй мяжы, аднак з зеляніны той да вушэй мужыка даляцеў тонкі, пранізлівы дзіцячы голас - сын пра штосьці ўсё гаварыў, і ў летняй пагодлівай красе гэта здавалася птушынай песняй.
Вялікі і слаўны сваёй ураджайнасцю агарод з двух бакоў сутыкаўся з полем і з тою дарогай, над якой узвышалася святая каплічка, а з двух іншых бакоў - слаўся да ног спрадвечных, разгалістых ліпаў, якія стаялі там доўгімі радамі, у духмяным цвіценні, у пчаліным гуле, што нагадваў прыглушаную музыку шматтысячнай колькасці арфаў. Дзе ліпы стаялі радзей, там відаць быў сад, разбіты на роўныя квадраты, з мноствам дрэў, што залаціліся спелымі пладамі, з доўгімі шэрагамі кустоў, ужо чырвоных ад ягад.
З другога боку ліпы расступаліся шырока, і, як на далоні, відаць быў сад для шпацыраў, пакрыты гладкімі газонамі і сеткай пакручастых сцежак, з мосцікамі, якія, пабліскваючы беллю, злучалі берагі вузкіх каналаў. Там, у малых, цяністых гайках, спалучаліся адценні зеляніны розных гатункаў дрэў і розныя колеры пакрытых кветкамі кустоў. Над муравою і вадою паветра было напоўнена незлічоным мноствам белых і жаўтлявых матылёў. А ў глыбіні гэтага прыгожага парку стаяў двухпавярховы дом, высокі на падмуроўцы, такі белы, што ў сонцы ажно сярэбраны, з радам вялікіх, насцеж адчыненых вокнаў, з вялікім ганкам, аплеценым зелянінай павойніка. Каплічка з высока ўзнятай нішай і гэты вялікі, аплецены павойнікам ганак стаялі адно насупраць аднаго і над зялёнай прасторай прыглядаліся адно да аднаго праз шырокае акно - прасвет у радзе ліпаў.
Да паўдня не хапала толькі адной гадзіны. Але, нягледзячы на цяжкую ліпеньскую спёку, у агародзе кіпела жыццё і раслін і людское. Над разложыстымі загонамі гародніны схілялася з дваццаць жанчын, галовы якіх у яркіх хустках падобныя былі ў сонцы да казачна вялікіх півоняў. З-паміж буйнога бурачанага лісця, з далікатнай лістоты морквы, вужакаў агурочніку жанчыны выполвалі крапіву, лебяду, макрыцу і іншае пустазелле і поўныя паласатыя фартухі яго выносілі ў куток агарода, дзе ўжо сабралася цэлая горба. Палолі і насілі жвава і амаль у поўным маўчанні, аднак, тым не менш, у ліпавай засені на малым узгорачку сядзеў наглядчык, малады, рухавы хлапчына, па чыну «пан намеснік», які лічыў сваім абавязкам пакрыкваць на баб, каб лепей завіхаліся. Рабіў ён гэта нязлосна, бо і не было чаго злавацца, але як толькі заўважаў, што дзве галавы схіляліся адна да адной, каб пашаптацца, або дзве рукі ападалі на паласаты фартух, «пан намеснік» выцягваў руку ў шэрым палатняным рукаве і гучна крычаў:
- Дзяўчаты, гэй, дзяўчаты! Не лянуйцеся! Час дарма траціце! То ж гэта грэх!
Або:
- Бабы! Гэй, бабы! Не балбачыце там! Няўжо вам не брыдка? Грошы за што бераце? То ж гэта грэх!
Нехта мог бы падумаць, што ён вельмі ж клапоціцца пра збавенне гэтых жаночых душ, - бо падганяе толькі адным аргументам. Але на галовы, што выглядалі як казачныя півоні, аргумент гэты ўплываў, відаць, станоўча, бо твары сялянак абліваліся потам, карычневыя і да каленяў заголеныя ногі іх рухава бегалі па ўзмежках, а зялёны гушчар на загонах што раз, то ўсё быў радчэйшы, і ўсё больш чыстай зямлі чарнелася ў зеляніне.
Хвядора працавала як усе, можа, і больш за ўсіх, бо была незвычайна дужая і руплівая. Аднак некалькі разоў яна перапыняла на момант працу па дзвюх прычынах.
Спачатку серабрысты на сонцы дом са сваім цяністым ганкам здаваўся ёй проста цудоўным, і яна не магла не зірнуць на яго час ад часу з вялікай прыемнасцю.
З гадзіну таму назад на цяністым ганку паказаліся дзве жаночыя постаці. Яны і засталіся там. Здалёк нельга было заўважыць іх рысаў, убачыць, што тыя жанчыны робяць, але ў рамах, сплеценых з зеляніны павойніку, ды ў светлых сукенках яны нагадвалі Хвядоры святыя малюнкі. Потым адна з іх збегла па шырокіх сходах і пачала зразаць з высокіх кустоў яркія вяргіні і ружы. Сукенка яе здавалася залацістай, а твар і рукі беласнежнымі.
Але яшчэ больш, чым гэты малюнак, Хвядорыну працу перапыняў Тадэвуш. Ужо тройчы пасля таго, як яны прыйшлі сюды, ён выбухаў слязлівым крыкам. Хлопец хацеў да бацькі, басавітае пакрыкванне якога час ад часу даходзіла сюды, хацеў і да маці, якая ўсё хадзіла з месца на месца, забараняючы яму узлазіць на загоны, і Бог ведае чаго яшчэ ён хацеў. Ці то было яму загорача, ці сумна, ці крапіва апякала голыя ножкі. Вось ужо трэці раз малы пачынаў верашчаць.
Першы раз Хвядора занесла яму лусту хлеба і пагладзіла па галаве:
- Ціха, сынок, ціха! Калі будзеш харошы, дык татка цябе і сёння на каня пасадзіць!
Супакоены, заткнуўшы рот хлебам, ён змоўк. Калі ж другі раз над агародам пачуўся яго плач, Хвядора ўзняла над загонам галаву і крыкнула:
- А ну, ціха! А то дзягай як дам!
Ён зноў аціх.
За трэцім разам Тадэвуш дарма галасіў некалькі хвілін. Хвядора адносіла пустазелле ў кут агарода, пад ліпы, а «пан намеснік» крычаў:
- Бабы! Эй, бабы! Завіхайцеся! Бог ёсць на небе, а вы час марнуеце! Гэта ж грэх!
Хвядора, каб не нарабіць граху, хутка вярталася на свой загон, а Тадэвуш ужо без абяцанкі пра каня і дзягу ўсцешыўся, ды так усцешыўся, што ажно рагатаў. Рассмяшыла малога так моцна сінічка з жоўтым жывоцікам і блакітнымі крылцамі, якая зусім блізка ад яго выпырхнула з ляшчэўніку і знікла ў гушчары маку.
Хлопца штосьці пацягнула за гэтай птушкай у мак. Устаў з травы і хуценька пабрыў у густым каліўі, угары аздобленым кветкамі з рознымі адценнямі барвовасці. Толькі паспеў Тадэвуш прайсці некалькі крокаў - сінічка зноў пырхнула і знікла. Яна, відаць, ужо вылецела з маку, панесла чарвяка ў гняздо ў густым ляшчэўніку, але ён гэтага не ведаў. Яму захацелася дагнаць яе, а можа, толькі паглядзець. Малы брыў далей, ломячы калівы маку, але ніхто гэтага не бачыў і не чуў. Ён жа быў такі малы і шархацеў не больш, чым сінічка. Але ісці было чым далей, то ўсё цяжэй.
Унізе ў гушчары было зелле, што блытала яго малыя ножкі. Хлопец паваліўся, але не закрычаў, нават не выдыхнуў гучней - так яму захацелася знайсці і зноў спалохаць сінічку. Не могучы з-за гэтага зелля ісці, пачаў паўзці ў гушчары і рабіў гэта ціхенька, вылупіўшы вочы і рухаючы галавой, як кот, калі ён падкрадаецца да мышы ці птушкі. Часамі з высокіх каліваў маку асыпаліся кветкі, холадна датыкаючыся да яго плячэй і галавы. Тады ён спыняўся і, не паднімаючыся з каленяў, рукамі ўспёршыся на зямлю, разявіўшы рот, глядзеў угару. Сінічкі не бачыў, але затое мноства чырвоных і ружовых плямак калыхалася над ім на фоне неба, такім жа блакітным, як і вочы хлопчыка, што ўзіраўся на яго. Потым, калі ён яшчэ трохі прапоўз на каленях і руках, перад ім раптам расчынілася сцяна высокіх каліваў і паказалася вялікая вольная прастора. Адразу ж яго ахутала моцным пахам кропу, кмену, каляндры, пятрушкі і асвяціла жаўцізною мноства кветак - цвілі агуркі і настурцыі. Невядома, якім чынам там апынулася і некалькі кустоў наготак. Словам - так жоўта, як ніколі яшчэ ў жыцці. Усцешаны, Тадэвуш усхапіўся на ногі і, працягнуўшы рукі, пабег проста да наготак. Як нядаўна захацелася сінічкі, так цяпер наготак. Напэўна ж, ірваў бы ён іх аберуч, поўнымі жменямі, але праз некалькі крокаў спыніўся так спалохана, што нават не змог закрычаць.