10894.fb2
- Божа ж мой, Божа! Божа ж мой, Божа!
Антосік перастаў есці і, стоячы над маткай, пачаў паўтараць:
- Годзе, мама! Ну, годзе! Годзе!
Не чапаў яе зусім і нічога больш не казаў, толькі адны гэтыя словы, але ўсё больш настойліва і жаласна.
- Годзе! - грубымі галасамі паўтарылі Ясюк і Мікалай. Апошні ж пачаў казаць:
- Эй, дурная баба, дурная! Чаго ты енчыш і лямантуеш і Пана Бога надарэмна ўспамінаеш? Пан Бог паслаў ужо табе шчасце. Пан Бог паслаў ужо табе такога пана, што твайго Піліпку ўратуе. Ты мяне толькі папрасі, каб я цябе яму зарэкамендаваў, а ён ужо, калі толькі захоча, то твайго Піліпку паблізу пакіне, дальбог, пакіне, от, можа, і да Грынек на зімовыя кватэры прышлюць.
Хрысціна, як бы ўзнятая нейкай дужай рукой, выпрасталася ў імгненне вока і прыпала да Мікалая.
- Дабрадзейку, бацюхна родненькі, зарэкамендуйце і памажыце мне ўпрасіць таго пана!
Кажучы гэта, цалавала локаць былога салдата, і здавалася, што зараз пачне цалаваць ягоныя калені.
- Ну, то і добра! - з раз'яснелымі шэрымі вачыма прамовіў Мікалай. - Але, - дадаў тут жа, - трэба заплаціць пяць працэнтаў... без гэтага нічога не выйдзе... пяць працэнтаў, о, калі, баба, у цябе ёсць грошы...
- Ёсць, дабрадзею! Ёсць мае крывавыя, што я сабе за дваццаць гадоў для сыноў сваіх і на смерць сваю збірала... Што для Антосіка, то пакіну, а што для Піліпкі, то аддам, хай яму на збавенне будзе... Працавала я, гаравала, жала, палола, наймалася да ўсякай работы, скуру работай сабе з рук здзірала, поснае ела, босая хадзіла, а ўсё для іх збірала...
Кажучы пра скуру, здзіраную з рук, выставіла пад святло лучыны, што гарэла ў пячной шчыліне, свае малыя, худыя, чорныя, як зямля, рукі, з скрыўленымі, гузаватымі ад сярпа і каромыслаў пальцамі, ад капання зямлі і іншых непасільных работ, якія рабіла яна дзевятнаццаць гадоў без перадыху... Што поснае дваццаць гадоў ела, верылася без цяжкасці, і нават у гэты сакавіцкі вечар яе ногі былі абутыя толькі ў слой бруду. Мікалай паглядам, які можна было б назваць саркастычным, акінуў постаць гэтай бядачкі і скрывіў вусны.
- Многа ты там грошай можаш мець? - сказаў нядбала. - Пэўне, на пяць працэнтаў не хопіць.
Хрысціна, відаць, спалохаўшыся, што яе падазраюць у недахопе сродкаў і што Мікалай можа адмовіцца ад сваёй пратэкцыі, ударыла сябе кулаком у грудзі.
- Маю! - крыкнула. - Далібог маю, хопіць!
- Ну, а ці шмат маеш?
Скрыжавала рукі на грудзях і пачала казаць:
- От, скажу табе, Мікалай, усё, як ксяндзу на споведзі... Сто рублёў я маю для Антосіка, сто рублёў для Піліпкі і сто рублёў для сябе на смерць... каб мяне, як памру, сыны добра пахавалі, у прыгожай труне, з ксяндзом і з харугвамі... Жыла я ў цяжкай бядзе, хай жа мяне пахаваюць у багацці... і хай сынкі жабракам грошы даюць і ксяндзу на імшу за маю душу, і на маёй магіле маляваны крыж паставяць. Вось што я маю, працай цяжкай сабрала. Поснае ела, босая хадзіла і сабрала. Сама, апрача Пана Бога, аніхто мне не дапамог.
Прызнанне гэтае распачынала яна з неахвотай і толькі пад пагрозай страты пратэкцыі Мікалая. Але на апошніх сказах выпрамілася, змучаны твар яе праяснеў і быццам памаладзеў, чорныя вочы заблішчалі. І дзіўна, заблішчалі яны пачуццём гонару.
- Сама працавала, сама назбірала. Ніхто мне не дапамагаў, - паўтарыла.
Калі стаяла такая выпрамленая і гарачымі сваімі шчырымі вачыма глядзела на двух мужчын, а на далікатных бледных вуснах яе блукала лагодная ўсмешка, то са спрацаванай жабрачкі, з цёмнага, усімі зневажанага быдла перамянілася ў чалавека, што ведае сваю вартасць і годнасць.
Мікалай глядзеў на яе са здзіўленнем. Псіхалагічны аспект, як расла і расцвітала душа кабеты, зусім не закрануў ягонай увагі, затое ўразілі яго пачутыя лічбы. Радасны выраз з'явіўся на ягоным твары.
- Ну, баба! - крыкнуў. - Гэй, каб я з такой ажаніўся, то зараз бы свет перавярнуў. Але мая распуста пайшла сабе ў свет, а дзяцей мне на карку пакінула... Вяртайся ў хату, салдацік, а жонкі тваёй ані духу! Дзе яна зараз, гэтая Марыська мая, дзе?..
На імгненне нават забыўся пра Хрысціну, трос галавой, і штосьці вільготнае заслала яму шэрыя вочы. І ў глыбіні грудзей нейкі сумны ўспамін зварухнуўся, агарнуў жаль... Нядоўгай была, аднак, гэтая расчуленасць былога салдата, які, вярнуўшыся з вайсковай службы, у хаце не застаў сваёй Марыські. Праблемы бліжніх займалі яго, надзіва, значна больш.
- Ну, - сказаў ён, - дык і ты прыходзь заўтра разам з Ясюком у грыньскую карчму.
Ясюк як быццам ачнуўся.
- Калі ж, - запусціў ён руку ў валасы, - калі ж я і сам яшчэ не ведаю, як зрабіць... Ісці ці не.
На гэты раз пачуўся ад печы лагодны і слабы голас.
- Ідзі, Ясюк, ідзі... Не адкідай ласкі Божай! Паспрабуй... Можа, табе зямлю прысудзяць і гараванне нашае скончыцца... Ой, бяда, што я такая слабая... сама б пайшла і ў ногі таму пану пакланілася. Ідзі, Ясюк, калі Бога баішся, ідзі! Я нядужая, можа, памру хутка, хоць паміраючы буду ведаць, што ты на парабкоўскім хлебе жыць перастаў і дзеці...
Не магла скончыць. Была такая слабая, што голас яе перарваўся. Застагнала толькі і паклікала Хрысціну, каб дзіцятка ад яе забрала і паклала ў калыску. Ясюк хвіліну пазіраў у той паўзмрок, адкуль гаварыла да яго жонка і дзе паціху кугакала немаўлятка.
- Ну добра, сказаў ён, устаючы. - Пайду! Хай будзе, што будзе, пайду! Трохі грошай з сабой вазьму. Можа, Пан Бог злітуецца і ўзнагародзіць...
Мікалай ззяў.
- Ну, - закрычаў, - вып'ем!
- Вып'ем, - азваўся Ясюк, які, відаць, гучным голасам і энергічнымі жэстамі хацеў задушыць у сабе рэшткі неспакою і сумненняў.
- На здароўе!
- На шчасце!
- Пі, Хрысціна!
Узяла чарку з рук Ясюка і, адвярнуўшы галаву і локцем засланіўшы твар, выпіла яе да паловы.
- Пі! - налягаў разахвочаны Ясюк.
- Пі! Ды дзякуй Пану Богу за сваё шчасце! - крычаў Мікалай.
- Не магу, - прасілася жанчына. Далібог, не магу! Не піла я ніколі гарэлкі, бо і грошай шкадавала і п'яніцай зрабіцца баялася страшна... Столькі, колькі магла, за здароўе добрых людзей выпіла... больш не магу...
Яны і сапраўды ведалі, што ніколі болей як паўчаркі не выпівала, і таму пакінулі яе ў спакоі.
Затое прычапіліся да Антосіка:
- Пі, парабак, - крычаў Мікалай. - Салдатам не будзеш, каля старой маткі цябе пакінулі...
- Пі, - далучаўся Ясюк. - На добрую жаніцьбу і шчаслівую долю...
Антосік трошкі па-дурному ўсміхаючыся, відочна ўзрадаваны ўвагай старэйшых, працягнуў сваю руку па чарку.
- І не думай! - крыкнула Хрысціна і стала перад сынам у такой паставе і з такім выразам твару, як быццам хацела засланіць яго сваім целам ад смяротнай кулі.
- Пусціце, мама! - спрабуючы адсунуць яе, пачаў разахвочаны парабак.
- І не думай! - паўтарыла і так паглядзела на яго, што апусціў галаву і прысаромлены адышоў ад стала. Яна ж звярнулася да двух старэйшых мужчын: