10894.fb2
Тройнік (Lythrum salicaria).
Брызгунец (Rhinantus major).
Грабелькі 1 (Geranium pratense).
Грабелькі 2 (Erodium cicutarium).
Баркун 1 (Melitotus alba).
Баркун 2 (Veronica spicata).
Драсён (Polygonum lupulifolium).
Тры расліны маюць адну назву курачая слепата (казялец, лаганец і паслён), дзве - грабелькі і дзве - баркун. Гэта сустракаецца досыць часта. Прычына, відаць, у меншым альбо большым падабенстве знешніх ці ўнутраных уласцівасцей. Так, напрыклад, усе тры курачыя слепаты маюць круглую жоўтую кветку амаль аднолькавай велічыні. Лісце абодвух грабелькаў амаль аднолькава зубкаватае. Два баркуны маюць коласападобную кветку, якая адрозніваецца толькі колерам: Melitotus alba - белая, Veronica spicata - ліловая.
Потым:
Камёла 1 (Galium verum).
Камёла 2 (Artemisia campestris). У засцянковай шляхты - дзікае Божае дрэўца.
Куколь свойскі (Lychnis githago).
Куколь дзікі (Saponaria vespertina).
Агурэчнік лясны (Spiraea ulmaria).
Агурэчнік палявы (Borrago officinalis).
Рутка, альбо руціца 1 (Lucerna megicago falcata).
Рутка 2 (Lotus corniclatus).
Рутка 3 (Medicago lupulina).
Расходнік палявы (Lysimachia vulgaris).
Расходнік лясны (Carlina vulgaris).
Расходнік балотны (польскай і лацінскай назваў не ведаю).
Падбел вадзяны.
Падбел палявы (Capsella bursa pastoris).
Таксама ёсць вельмі шмат назваў, якія супадаюць з агульнаўжывальнымі альбо тымі, якія прынятыя ў польскай батаніцы.
Шанда (Marrubium).
Ценгель (польск. Dziegiel).
Дзіванна (Verbaseum nigrum).
Брунэлька (Prunella vulgaris).
Пералётнік (Anthyllis vulneraria).
Палын (Artemisia absiuthium).
Лопух.
Жывакост.
Крываўнік (Achillea millefolium).
Брат і сястра (браткі). У адвары гэтых зёлак купаюць хворых дзяцей.
Папараць.
Варанец.
Верас. Згатаваны і змяшаны з ячменнымі крупамі, лечыць пашкоджаныя члены людскога цела, а таксама хваробы свіней.
Крапіва называецца крапівай, але пэўны яе гатунак жыжкай (жыгучкай).
Назваў траў, апрача згаданай шалястухі, ведаю сем:
Жыціца.
Гірса альбо дырса (па-польску ў некаторых мясцовасцях таксама дырса, па-ўкраінску тырса).
Асочка (дзе-нідзе асака, сака).
Мятлічка.
Тымка.
Плоская трава.
Вострая трава.
Канешне, усё прыведзенае вышэй толькі нязначная частка батанічных назваў і ведаў беларускага народа з-пад Нёмана. Цяжкасць і запаволенасць, з якімі гэтыя веды прыадкрываюцца перад намі, прыводзяць мяне да думкі, што спатрэбіцца шмат часу і нястомнай цярплівасці, каб спазнаць іх цалкам. У маім кветніку расце таксама шмат раслін, назваў якіх я не згадала, таму што патрабуе яшчэ пацвярджэння правільнасць гэтых назваў і звязаных з імі тлумачэнняў.
Скончыць я хачу невялікім каментарыем да колькі разоў згаданай розніцы паміж ведзьмай і вясковай лекаркай. Бо здаецца мне, што гэтая розніца выяўляе досыць характэрную асаблівасць народнага жыцця. Мы найчасцей аб'ядноўваем гэтыя дзве постаці; сяляне ж размяжоўваюць іх цэлай безданню, што існуе паміж пагардай і страхам, павагай і зычлівасцю.
Жанчына, якая з дапамогай не толькі раслін, але і земнаводных (пераважна рапух), кажаноў, а таксама слоў і таемных знакаў уздзейнічае пэўным чынам на здароўе, дабрабыт, лёсы і характары людзей і кіруецца пры гэтым нянавісцю, помстай, асабістымі пачуццямі ці грашовымі інтарэсамі, называецца ведзьмай. Гэта істота, якая не мае душы, улюбёнка і адначасова ўласнасць д'ябла. Бог не даў ёй душы, а д'ябал уклаў у яе сваю моц і мудрасць. Існуюць нават цэлыя роды, якія належаць не Богу, а д'яблу і, пазбаўленыя душы, носяць у сабе моц д'ябла. Такі род называюць чартоўскае племя. Гэтыя ўяўленні глыбока ўкараніліся ў людскую душу і выцягваюцца на свет з цяжкасцю, бо размова пра гэтыя рэчы праймае людзей страхам і абуджае боязь помсты «нядобрых». Аднак гаваркія вясковыя жанкі, разгаварыўшыся, ужо нічога ўтаіць не могуць. Іхнія расповяды пра ведзьмаў і цэлыя роды, пазбаўленыя душы, я сама чула неаднойчы. Расказвалі пра гэта ціха, з панурым паглядам і наморшчаным ілбом і тут жа, перапалоханыя ўласнымі словамі, прасілі захаваць усё сказанае ў глыбокай таямніцы. Зрэшты, ведзьма апрача чарадзейскай выконвае і лекарскую функцыю. Хворыя ідуць да яе па раду, цяжарныя выклікаюць яе на дапамогу яшчэ часцей, бо кіруюцца пераконаннем, што яна ўсемагутная. І ўсё ж, якім бы ні быў вынік яе лекарскіх парад, не выклікае яна ніколі ў сваім асяроддзі іншых пачуццяў, як пагарду і страх, змешаныя з вельмі выразным адценнем нянавісці.