10894.fb2 Выбраныя творы - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 91

Выбраныя творы - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 91

Зусім іншае - лекарка, гэта значыць кабета, якая, валодаючы ведамі пра лекавыя расліны і варажбой, ніколі іх на людскую шкоду не ўжывае, наадварот - заўсёды на карысць. Ведзьмы звычайна ўбогія, альбо ўдаюць убоства і са сваім рамяством спалучаюць жабрацтва, нахабна карыстаючыся гэтым, бо ўсякая адмова, зробленая ім, можа пацягнуць за сабой фатальныя наступствы. Так, напрыклад, ведзьма Слабошыха ў наднёманскай вёсцы Міневічы за тое, што адмовіліся даць ёй кавалак сала, нешта такое зрабіла Карасю і ягонай жонцы, што яны не перастаюць з таго часу сварыцца паміж сабой. Лекарка ж займае пачэснае месца маці і гаспадыні, апранаецца заможна, на ўбоства не наракае, жабрацтвам не займаецца, а за свае парады прымае добраахвотныя дары, аднак іх не вымагае і часта робіць паслугі бясплатна. Ні прырода ведаў, якімі яна валодае, ні вынікі парад, якія яна дае, не ўплываюць на яе ўспрыманне ў народзе. Сярод людзей гэтая постаць карыстаецца павагай і сімпатыяй. Такой усеагульнай павагай і зычлівасцю ў радыусе некалькіх міль карыстаецца лекарка Люця з наднёманскай вёскі Гледавічы. Ужо некалькі гадоў яе імя часта трапляла ў мае вушы. «Калі хочаце чаго-небудзь даведацца, запытайцеся ў Люці, - казалі мне маладыя і старыя жанчыны. - Яна шмат ведае, але ведае толькі добрае, злое не ведае». Нават сама Слабошыха, якую лічаць ведзьмай, калі я гаварыла з ёю пра расліны, парадзіла мне, каб з маімі пытаннямі падалася да Люці: «Яна больш за мяне ведае. Яна і мяне вучыла». Ад кабет чула, што пра тое ці іншае яны дазналіся ад Люці. Гэта мяне надта зацікавіла: выходзіла, што Люця вяла ў вёсцы нешта накшталт школы батанікі ці медыцыны. Некалькі заможных і разумных гаспадароў з Гледавіч, калі я спыталася ў іх пра Люцю, сур'ёзна адказалі: «Чаму не ведаем, ведаем. Яна лекаруе. Гэта добрая кабета, і калі прыйдзеце да яе, скажа ўсё, чаго вы толькі захочаце, не салжэ». І мы пайшлі да яе, а потым яна часта прыходзіла да нас.

Гэта пяцідзесяцігадовая кабета, невысокага росту, хударлявая, з круглым, румяным і ўжо моцна паморшчаным тварам, на якім блішчаць малыя чорныя і вясёлыя вочкі. Выраз яе твару лагодны, пачцівы і прыемны. Адзенне носіць чыстае і акуратнае. Яна гаспадыня люднай хаты: мае мужа, жанатага сына, дарослых дачок, некалькі малых унукаў; расказвае пра сваю сям'ю весела і ахвотна. Калі прыходзіць з ахапкам зелля, завязанага ў паласаты фартух, і садзіцца за стол, першае, што скажа - стамілася, ажно ў вачах цёмна... Гэта азначае, што трэба ёй выпіць гарэлкі. Гэты кілішак гарэлкі, які павольна і з сарамлівым ваганнем выпіваецца - адзінае, пра што яна вось гэтак нагадвае. Іншага ж ніколі не просіць, грашовыя дарункі прымае, але на іхнюю вартасць не звяртае ўвагі. За адну ці некалькі срэбных манет дзякуе з аднолькавай ветлівасцю, якая не мае найменшага адцення зухвальства ці жабрацтва. Аднойчы, убачыўшы ў сваёй руцэ цэлы рубель, яна ажно крыкнула ад здзіўлення: «Навошта так многа?» На зробленую заўвагу, што яна павінна збіраць гэтыя зёлкі, а потым з вёскі ісці некалькі вёрст у двор, ветліва адказала: «Дык нічога, я і без гэтага да вас прыходзіла б!» Ахвотна расказвае пра ўсё падрабязна і шчыра, а калі ёй дзякуюць за гэтую ахвоту і шчырасць, з задавальненнем, што свеціцца ў малых чорных вочках, і нейкай годнасцю адказвае: «Не маю я, дзякаваць Богу, з чым таіцца ані перад Богам, ані перад людзьмі. Ліха не раблю, дабро, калі толькі патрафлю, заўсёды раблю. А як мяне хто пра што-небудзь спытае, кожнаму ўсё скажу. Чаму не сказаць, калі гэта не дрэннае, але добрае і бедным людзям дапамагчы можа». Гэтая Люця (а падобных да яе лекарак мае кожная ваколіца) - цудоўная крыніца, з якой можна чэрпаць веды пра веру і звычаі народа. Бяда ў тым, што яе вымаўленне невыразнае і шапялявае, і таму, нават добра ведаючы мову, на якой яна гаворыць, трэба надта напружваць слых і ўвагу, каб зразумець яе. Таму значная частка яе лекцый засталася для мяне страчанай, аднак не назусім, бо з пачаткам лета мае адносіны з гледавіцкай лекаркай хутчэй за ўсё адновяцца. А яшчэ ў другой наднёманскай вёсцы, у Паніжанах, жыве Высоцкая Ганулька, маладая, добрая і мілая і надзіва паэтычная дзяўчына, неабыякавая да кожнай кветкі і, здаецца, да кожнай безыменнай травінкі.

ІІ

[...] Аднаго разу паехала я травеньскім ранкам з горада ў вёску Гледавічы, каб узнавіць перарваныя за зіму стасункі з лекаркай Люцяй.

Падарожжа гэтае кароткае, заледзьве трохвёрставае, аднак было яно для мяне і маёй спадарожніцы поўным цяжкасцей і небяспекі, бо шляхціц Багатыровіч, які вёз нас на сваёй каламажцы, светлавалосы, вельмі разумны і надзвычай гаваркі мужчына, не бачачы нас некалькі месяцаў, хацеў шмат што сказаць. Ён канчаткова перамяніў існуючы на белым свеце абавязак возніка і замест таго, каб глядзець каня, павярнуўся да нас тварам і пачаў гаварыць. Пушчаны на волю рослы, дагледжаны гняды конь ішоў сабе па дарозе, паварочваючы то ўправа, то ўлева, з-за чаго каламажка безупынна падскоквала і трапляла ў надта небяспечныя пазіцыі.

Мы едзем сярод шырокіх палёў, пакрытых яшчэ зялёнай збажыной. Дарога камяністая, з лужынамі. Наша каламажка падскоквае ў шалёным тэмпе, і мы таксама падскокваем на ёй на паўлокця, а то яшчэ і вышэй, таму адказы, якія мы даём вазаку, што размаўляе з намі, вымаўляюцца такімі дрыгатлівымі, нават трапяткімі галасамі, як быццам мы ахоплены нейкім раптоўным перажываннем ці смяртэльнай трывогай. Праўда і тое, што, прызвычаіўшыся да падскокаў, мы баімся, каб не перавярнуцца, і штохвіліны гэтымі дрыгатлівымі галасамі крычым: «Пане Багатыровіч, камень, камень!» Тады сімпатычны наш фурман, у імгненне вока павярнуўшыся да каня, надае трошкі іншы кірунак каламажцы, колы якой ужо ўз'язджалі на аграмадны валун, што пагражала нам няўхільным пераварочваннем, а потым зноў паказвае нам свой сімпатычны ажыўлены твар і расказвае пра сябе, сваю гаспадарку, пра суседзяў, аж пакуль мы зноў, заўважыўшы небяспеку, не крыкнем: «Пане Багатыровіч, канава, канава!» На гэты раз мы ледзь не апынаемся на дне канавы. Але настолькі бясстрашны, наколькі і вясёлы наш фурман спакойна нам адказвае: «Гэй, гэта нічога! І ніякая гэта не канава» і далей вядзе каламажку, чапляючыся за ўсе камяні і расказваючы, расказваючы. Калі ж мы ўехалі ў невялікі лясочак на крутую, зрытую каранямі дрэў дарогу, думалі ўжо, што і праўда загінем. Але так не сталася, і толькі трошкі пабітыя, але затое да слёз насмяяўшыся з гаворкі нашага возніка, узбагачаныя не адной цікавай навіной, за гэтым невялікім лясочкам убачылі мы сярод лугоў, жоўтых, як сонца, ад лотаці і аеру, вёску Гледавічы.

Гэта быў час, калі пасля вясновай сяўбы перад пачаткам сенакосу палявыя работы на нейкі час амаль цалкам заціхаюць. Таму ў вялікай вёсцы, што налічвала некалькі дзесяткаў хат, ішла ажыўленая будаўнічая праца. Вакол зваленых каля хат калод і дошак мітусіліся людзі; час ад часу на жахліва забрукаванай вясковай вуліцы разміналіся мы з вазамі, наладаванымі дрэвам, прызначаным на будаўніцтва, і штохвіліны адказвалі на прывітанні сялян, якія, павольна ідучы каля вазоў і злёгку прыўздымаючы шапкі, казалі: «Хай будзе пахвалёны!» Увогуле люд у гэтых ваколіцах (не кажучы ўжо пра засцянковую шляхту, якая ў таварыскіх стасунках надзвычай прыстойная) вызначаецца лагоднасцю і ветлівасцю. Ён па-старасвецку нават незнаёмых звычайна вітае словамі: «Хай будзе пахвалёны!», а калі трэба, гасцінна прымае ў сваіх хатах. Ведаючы гэтую гасціннасць са шматразовага вопыту, вылезлі мы з каламажкі перад хатай, знешні выгляд якой звярнуў на сябе нашу ўвагу і абудзіў цікавасць.

Гэта новая прасторная хата, з чатырма вялікімі вокнамі, зашклёнымі яснымі шыбамі, без ганка, абавязковага ў шляхецкіх сядзібах, але затое з шырокаю прызбаю і старанна аздобленая. Аздоба гэтая - яркі блакіт, якім пафарбаваныя дзверы, рамы вакон і ўсе чатыры вуглы хаты, на фоне блакіту - белыя ўрачыстыя лініі, а часам і далікатны малюнак - зорачкі, цвічкі, ялінкі, кручочкі і г.д. Сярод зелені дрэў гэтыя блакітныя дарогі, пакрытыя белымі малюнкамі, выглядаюць свежа і арыгінальна і са свайго боку сведчаць пра эстэтычны густ тутэйшага люду. З таго часу, як тутэйшыя сяляне сталі будаваць сабе трошкі прасторнейшыя і выгоднейшыя хаты, пачалі ўзнікаць у вёсках аздобленыя, як згадана вышэй, будынкі. І сёння ў кожнай вёсцы можна ўбачыць калі не некалькі, то хоць адну такую хату. Бачыла я іх не раз, але так сталася, што ў сярэдзіну ніколі не заходзіла. Зрэшты, тая, перад якой мы выйшлі ў Гледавічах, была найпрасторнейшая з усіх, якія мне даводзілася бачыць, таму і цікава было, як яна зроблена ў сярэдзіне. Наш фурман, які з-за сваёй дапытлівасці меў самыя дакладныя звесткі пра ўсё і ўсіх на некалькі міль вакол, сказаў нам, што гэтая хата належыць Сымону Крулю, старасту Гледавіч, гэта значыць, выбранаму чыноўніку, які трымае ў вёсцы жазло адміністрацыі. Адкуль жа гэтае не русінскае прозвішча Круль, якога нідзе больш у сялян я не чула? Можа, і цікава было б дазнацца пра гэта; на жаль, сяляне радаводных кніг не маюць, а дамагацца ў іхняй памяці пра тое, адкуль вядзецца іхні род, дарэмны клопат, бо такія рэчы ім невядомыя і абыякавыя. Адно праўда, што, нягледзячы на такі аздобны знешні выгляд, унутранае ўладкаванне хаты Круля не мае і ценю якой-небудзь каралеўскасці. Вялікія сені, запоўненыя драўляным гаспадарчым начыннем, два пакоі, з якіх адзін вялікі, з трыма вокнамі, а другі малы - з адным; зрэшты, у сенях падлога гліняная, а ў хаце зробленая з тоўстых дошак, столь нізкая і шэрая ад пылу, сцены няроўныя і толькі трошку зверху абмазаныя вапнай; драўляныя, нават не пафарбаваныя лавы, сталы; замест ложкаў - збітыя з дошак тапчаны, кросны, печ, каб варыць ежу і пячы хлеб, з вялізным подам, дзе акурат у гэтую хвілю гарыць вялікі агонь і гатуецца страва на абед. Галечы тут не відаць, наадварот, пануе нават пэўны дастатак; але першабытнасць патрэб і густаў яшчэ не парушаная. Поўная супрацьлегласць шляхецкай хаце, якая, няраз нават значна бяднейшая, заўсёды мае якія-небудзь аздобкі і выгоды: нейкую старасвецкую канапку і крэселкі хатняй работы, нейкі абразок на сцяне, кветку на акне, на стале кніжку.

Круля дома няма. Круліха, немаладая, свежая, моцная кабета з энергічным тварам і рухамі ветліва нас вітае, запрашае на лаву, ахвотна падае ў чыстым гліняным збанку ваду, каб напіцца. Мы кажам ёй, што едзем да Люці, яна ківае галавой і кажа, што гэта добрая кабета, якая шмат знае і шмат дапамагае людзям. У хаце ёсць яшчэ адна жанчына, маўклівая, са смутным тварам, шые пад акном грубую кашулю і час ад часу адзываецца да чацвярых дробных дзяцей, што круцяцца па хаце. Здагадаліся мы, што гэта нявестка Круляў, а дзеці - іхнія ўнукі. «Ці ўсе чацвёра ўнукі ад аднаго сына?» - «Ад аднаго». - «Дык у вас толькі адзін сын быў?» - «Не, мелі двух, але старэйшы быў у войску (у маскалях), на Турэччыну пайшоў і не вярнуўся». - «Забілі яго на вайне?» - «Не, з вялікай гарачкі (ад тыфу) там на Турэччыне і памёр. Ужо з хаты выходзячы ведаў, што не вернецца. Такі быў сумны, што хай Пан Бог бароніць, а калі са сваімі развітваўся, нават і сказаў: «Бывайце здаровы, я ўжо да вас не вярнуся». Відаць, яму Пан Бог такое прадчуванне паслаў». Малодшы сын у войска (у маскалі) не пайшоў, пры іх застаўся, а гэта - ягоная жонка і дзеці. Маладая і сумная кабета, калі пра яе згадалі, не падняла ад шыцця вачэй, толькі яшчэ пасмутнела. Хто ведае, ці не зрабіла свякроўку жорсткай да жонкі малодшага заўчасная смерць старэйшага сына; а ведаючы наогул пра нядобрыя стасункі ў сялян свекрыві з нявесткай, няцяжка прачытаць хатнюю драму з твару маладой жанчыны. Але і прычына ёсць: у свякроўкі на дне сэрца цяжкі камень. Пра старэйшага сына і Турэччыну яна расказвае павольна, манатонным голасам, абапёршы бараду на далоні, і з яе вачэй, якія блішчаць яшчэ прыгожымі чорнымі зрэнкамі, цякуць слёзы. А ўжо з таго часу, як адбылося ўсё тое, пра што яна расказвае, прайшло дзесяць гадоў...

Хата, у якой жыве лекарка Люця, зусім не падобная на хату Круля. Малая, пачарнелая і згрыбелая ад старасці, з малымі шыбкамі замест вокан. Аднак ва ўсім, што яе акружае, таксама не відаць галечы. На падворку - стосы бярвення, падрыхтаванага для будаўніцтва, у досыць вялікім садочку, засеяным канюшынай, расце трыццаць - як мы потым палічылі - нядаўна пасаджаных пладовых дрэўцаў. На стосе бярвення сядзіць у задумлівай паставе шэры кот, за стосам, скруціўшыся ў клубок, спіць вялікі чорны дварняк; на плоце рассеўся, апераны ў прыгожыя яркія колеры, певень, па траве падворка пахаджваюць куры, а ў садку па густой канюшыне, якая пачынае ўжо зацвітаць, гайсаюць трое дзетак. Каля самай сцяны дома, таксама на канюшыне, сядзяць дзве кабеты, з якіх адна, маладзіца, шые кашулю, а другая, якая толькі што выбралася на дзеўку, упрыгожвае крамнай чырвонай стужкай сіні, хатняй работы андарак. Першая з іх - нявестка Люці, другая - яе ўнучка ад памерлага старэйшага сына, сірата, значыць. Сіроцтва гэтае відаць па ёй, бо калі маладзіца весела вітае нас і размаўляе з намі з усмешкай, дзяўчына ж, нясмелая і сумная, нават трошкі панурая, маўчыць, а калі што ў яе запытаеш, адказвае коратка і баязліва, не адрываючы вачэй ад шыцця. І ў першай хаце, і ў другой няшчасце напісана на жаночых тварах; толькі што тут пачцівая Люця, відаць, сваю нявестку не мучыць, але пакутуе дзіця, асірочанае і, напэўна, паніжанае ў хаце. Апрача гэтых дзвюх кабет і траіх малых дзяцей, мы бачым яшчэ траіх чалавек: ужо сівога, але яшчэ моцнага дзеда, дарослага прыстойнага мужчыну і стройнага трынаццацігадовага падлетка. Бачым іх, але з імі не размаўляем, бо яны надта занятыя: накладаюць на воз тоўстыя і доўгія дошкі і перавозяць іх на другі бок саду, дзе, як нам расказвае маладзіца, будуць будаваць увосень новую хату. Штохвіліны праязджаюць каля нас то з нагружаным, то з пустым возам, і мы з нейкім здзіўленнем заўважаем, што трынаццацігадовы падлетак, на выгляд нават далікатны, добра дапамагае бацьку і дзеду. Пытаемся, ці не думаюць яны, што такое падыманне цяжару можа пашкодзіць ягонаму маладому здароўю, і атрымліваем адказ: што ж рабіць? У хаце быў толькі адзін парабак, брат Хвядоры (дзяўчыны, што аздабляе андарак), добры і працавіты дзяцюк, але год таму пайшоў у маскалі (у войска), дык як толькі спатрэбяцца мужчынскія рукі, малы Васілёк павінен брацца за работу. Пры гэтай згадцы пра брата Хвядора яшчэ ніжэй апускае галаву, і смуглы яе твар з дробнымі і досыць прыгожымі рысамі робіцца ўжо зусім панурым...

У хату мы не заходзім. Седзячы на вузкай лаве, што стаіць сярод дрэў, чакаем вяртання Люці, якой мы не засталі дома: пайшла ў другую вёску, за кіламетр адсюль, пакліканая да нейкай хворай кабеты, але неўзабаве павінна вярнуцца. Тымчасам дазнаёмся, што сярод пладовых дрэў, у ценю якіх мы сядзім, ёсць скараспейкі, кіслюшкі, панны і сапежанкі. Якія ёсць яшчэ гатункі, жанчына не ведае і растлумачыць не можа. Адно толькі заўважаем, што ўсе яны няўмела, занадта цесна пасаджаныя, так што адно другому перашкаджае расці і будзе перашкаджаць усё больш. Шкада працы і добрых парыванняў! Радыя былі б мы ўладальніку гэтага маладога садку прэзентаваць карысную кніжачку Янкоўскага «Сад каля хаты», але, на жаль, ведаем, што ў Люцінай хаце ніхто не ўмее чытаць. Зноў процілегласць шляхецкай хаце, дзе ўсе мужчыны чытаюць і пішуць, а жанчыны, прынамсі, чытаюць.

Хутка бачым і Люцю, якая подбегам спяшаецца праз жоўта-белы расквечаны луг. Хоць і пануе ў гэты дзень цяплынь, бяжыць яна ў кажуху, бо раніца, калі выходзіла да хворай, была халоднай. Прыбегла ўся аблітая потам і перш за ўсё скінула кажух, а потым з сяброўскай радасцю павіталася з намі. Аж чорныя вочкі яе заблішчалі на дробным, румяным зморшчаным твары, так была радая нас убачыць. Ведае, што за зёлкі і тлумачэнні нешта заробіць, а яшчэ, можа, нас і любіць, бо летась шмат гадзін прагаварыла з намі, а гутарка, - здаецца, гэта галоўная ўцеха яе жыцця. Цяпер, ужо разам з ёю сеўшы на лаве, найперш выцягваем мы з каша прывезеныя гасцінцы: паркаль на спадніцу, хустку на галаву. Яна ўсё прымае і дзякуе, але, набліжаючы свой твар амаль да самага майго твару і міргаючы вачыма, трошкі жаласліва і трошкі хітравата, паціху просіць: «Можа, і для Хвядоркі калі-небудзь паркалю на спадніцу дасцё». Кідае позірк на сумную дзяўчыну і ўжо не вуснамі, а жаллівым ківаннем галавы кажа: «Сірацінка!» Калі праз колькі тыдняў прыйшла да нас з зёлкамі, то зноў паўтарыла сваю просьбу: «А для Хвядоркі паркалю дасцё?» У гэтых словах гучала шчырая просьба, бо, як я пісала ўжо раней, прасіць што-небудзь для сябе Люця не мела звычкі.

Ахвотна паабяцаўшы паркаль для Хвядоркі, выцягнулі мы ў сваю чаргу з каша пук раслін, сабраных па дарозе на прынёманскіх лугах. Першая расліна, пра назву якой я спыталася, была пышная белая кветка, знойдзеная на дне яру, дзе на высокім сцябле яна прыгожа ўзносіла сваю карону сярод густога чароту. Люця з першага позірку растлумачыла, што гэта белы заечы мак і што існуе яшчэ іншы заечы мак, які цвіце чырвона і называецца чырвоны, і яна, калі ён пачне цвісці, знойдзе яго і нам прынясе. «А гэтая сіняя, каласістая кветка з прадаўгаватымі лістамі?» - «Гэта сардэчнік, ад болю пад грудзьмі добра дапамагае». - «А тая прыгожая вялікая кветка (вельмі падобная да гіяцынта), з досыць дзіўным карэннем, бо надта ж выразна нагадвае пяць скурчаных людскіх пальцаў?» Гэтая расліна - цэлая гісторыя, якую ніжэй прывяду і якую Люця расказвала нам падрабязна і з душой. Пра чацвёртую, выцягнутую з пука, яна нічога не ведае: ані як называецца, ані для чаго служыць. Прыглядваецца, круціць галавой справа налева, прымружвае вочы, аж нарэшце рашуча прамаўляе: «Не ведаю нічога аб гэтым зеллю, не ведаю!» Тое ж самае адбываецца з пятаю і шостаю раслінамі. Адна спачатку здаецца ёй курачай слепатой, бо мае жоўтую кветку, але, старанна разгледзеўшы лісце, пераконваецца, што гэта нешта зусім іншае: але што, не ведае!

З-пад сцяны хаты ўстае і прыходзіць ёй на дапамогу нявестка: абедзве ўжо цяпер пільна разглядваюць кветку, лісце, карэнне раслін; маладзейшая, паціснуўшы плячыма, адыходзіць пад сцяну і бярэцца за сваю работу, старэйшая ж паўтарае: «Не ведаю, што знаю, тое і кажу, а чаго не знаю, таго і не скажу. Лгаць не буду». Цешыць нас гэтая шчырасць і сумленнасць Люці, бо пераконвае ў праўдзівасці атрыманых ад яе тлумачэнняў, але, з другога боку, расчараваныя мы блізкім ужо вычарпаннем крыніцы яе ведаў. Ведае яна яшчэ і скажа нам не адно, але ўдакладненні для яе навукі шукаць давядзецца ў іншых. Рабілі мы гэта раней, робім гэта і цяпер. У суседніх вёсках ведаем тую ці іншую кабету, што знаецца на зёлках, альбо таго ці іншага шляхціца, такога аматара кветак, што пры першай нагодзе прыносіць іх дадому цэлыя вязанкі з поля, і не дзеля нейкага практычнага ўжытку, але з чыстага аматарства шмат назваў іх вывучыў. Трэба толькі - як і ўвогуле, калі гаворка ідзе пра запазычванне ведаў ад народа, - умець кожнага разгаварыць. Так, да прыкладу, адзін шляхціц (гэтым разам не Багатыровіч, а Стралкоўскі), высокі, шыракаплечы, мажны руды мужчына, з лянівым крокам і з вуснамі найчасцей адкрытымі ў прыязнай, але разам з тым нейкай і дурнаватай усмешцы, калі спытаеш пра што-небудзь, заўсёды і абавязкова паціснуўшы плячыма, дурнаватым голасам адкажа: «Ці ж я ведаю?» Калі яго ў самы поўдзень спытаць пра тое, ці цяпер дзень, ці ноч, інакш не адкажа. Але гэта толькі знешняе, і трэба гэтае сведчанне пра абсалютнае няведанне ўсяго на свеце не ўспрымаць усур'ёз, а ўцягнуць чалавека ў размову. Пытанні тут мала прыносяць карысці, бо кожнае абавязкова сустрэне адказ: «Ці ж я ведаю?» Найлепш у гэты час узяць ініцыятыву гаворкі ў свае рукі, бо, слухаючы пра тое, што і яго цікавіць - а цікавіць яго амаль усё, што ёсць на зямлі і на небе, - разяваты хлопец смялее, ажыўляецца, бліскае вачыма і ў сваю чаргу ахвотна ўступае ў размову. Калі ж па-добраму разгаворыцца, выявіцца, што ведае не толькі пра тое, аб чым у яго пыталіся, але і пра мноства іншых рэчаў. Гэта цяжкая да адкрыцця, але затое сапраўдная крыніца звестак пра мясцовую флору, мясцовыя звычаі, адносіны, прылады і г.д. Нямала назваў раслін, шмат песень і амаль усе загадкі ў нашым нарысе запісаны ад яго.

Ад адной са знаёмых сялянак-лекарак я пачула апавяданне, якое прывяду тут таму, што, з аднаго боку, яно адлюстроўвае сямейныя і хатнія адносіны сялян, а з другога - кідае малюткі праменьчык святла на ўзнікненне старажытнай народнай медыцыны, а можа, і медыцыны ўвогуле.

Марыся Карасёва з вёскі Паніжаны - жонка заможнага гаспадара і дачка кабеты, якая мае ў ваколіцы дрэнную славу ведзьмы, і нават досыць злоснай. Расказвала мне аднаго разу шэптам адна маладая сялянка, што паходзіць яна з чартоўскага племені, і хоць не такая злосная, як яе маці, але заўсёды мае сілу і ўменне, каб зрабіць людзям якую шкоду. Прыходзяць да яе людзі па лекарскія парады і зёлкі, але рэдка і неахвотна, бо вядома, што якая маці, такая і дачка, нават і ўнукі такія будуць, усе да аднаго, бо паходзяць з роду, што належыць чорту. Калі заможны гаспадар узяў дзяўчыну з такога пагарджанага і нават небяспечнага роду сабе за жонку, вытлумачыць гэта можна толькі тым, што ў маладосці яна была надта прыгожая. Яшчэ і цяпер, хоць мае ўжо сорак з лішнім гадоў, прыемна глядзець на яе высокую стройную постаць і правільныя рысы твару з белай свежай скурай і блакітнымі, як незабудкі, вачыма. Нягледзячы на цяжкія абвінавачванні, якія падаюць на яе род, а часткова і на яе самую, выраз яе вачэй і твару прыветны, адкрыты і часта вясёлы.

Гледзячы на яе і слухаючы яе простую, шчырую і вясёлую гаворку, можна прысягнуць, што зусім надарэмна абвінавачваюць яе (альбо дапускаюць мажлівасць такога абвінавачвання) у наўмыснай шкодзе людзям праз ведзьмаванне. Гэты паклёп, а хутчэй нават пакуту, церпіць яна, відавочна, за правіны сапраўды зласлівай, хітрай і хцівай сваёй маці.

Седзячы за сталом, усыпаным прынесенымі кветкамі, Марыся Карасёва са смакам п'е гарбату і падрабязна расказвае, дзеля чаго служыць зелле нетупа, якія гісторыі можна расказваць пра заечую капусту, як і чым трэба адрозніваць зызгель ад паўночніка і г.д., і г.д., ажно пакуль мы не скіруем гаворку на яе асобу, тады яна пачынае расказваць, як аднаго разу вылечыла сама сябе. А было гэта так. Калі яна выйшла замуж, яшчэ жыў і займаў месца гаспадара ў хаце свёкар, мужаў бацька. Неяк ён вяртаўся з поля з возам, наладаваным бульбай і запрэжаным двума валамі, а яна ішла з ім разам дахаты. І тут кола воза звалілася з восі, і трэба было абавязкова паправіць гэтую паломку тут жа на месцы, а гэта можна было зрабіць толькі надаўшы возу, пахіленаму на бок, гарызантальнае становішча. І свёкар загадаў ёй залезці пад воз і падняць яго на плячах да патрэбнага ўзроўню. Напачатку яна адмаўлялася, кажучы, што воз, нагружаны бульбай, паломіць ёй косці, нават плакала, але свёкар не адмяняў загаду - то і паслухалася, залезла пад воз, падняла яго плячыма і трымала так, пакуль свёкар рамантаваў кола. А калі ўжо кола было папраўлена, павалілася на зямлю, як сноп, і не магла сама нават падняцца. Свёкар падняў яе з зямлі і прывёз на возе дахаты. Яе паклалі на ложак, дзе яна праляжала шмат месяцаў, церпячы страшны боль і не могучы ані хадзіць, ані працаваць. Муж яе вельмі шкадаваў, страшна сварыўся са сваім бацькам за гэтую крыўду, ёй учыненую, прыводзіў да яе ўсіх навакольных лекарак, а потым ужо нават і фельчара, які жыў у суседстве. Аднак ніхто нічым ёй не мог памагчы, пакуль праз некалькі месяцаў хваробы не прыйшло ёй у галаву шукаць самой для сябе паратунку. Была яна вельмі слабая і, церпячы вялікі боль, не магла хадзіць, але аднойчы, тады, калі яе ніхто не мог бачыць, спаўзла з ложка, выпаўзла на карачках з хаты і, часта адпачываючы, часам стогнучы ад болю і качаючыся па траве, дапаўзла да бліжэйшага лугу, дзе і пачала рваць розныя зёлкі. Тых, якія ведала сама і якія ёй давалі лекаркі, што прыводзіў муж, не рвала, бо ўжо ведала, што яе хваробе не дапамогуць. Ірвала тыя, пра якія не чула, каб ратавалі ад хвароб. Прыпоўзшы з імі дахаты, папрасіла мужаву сястру, добрую і паслухмяную дзяўчыну, гатаваць іх ёй і піла сама на пробу. Вось так доўгі час паіла яна сябе невядомымі зёлкамі, па чарзе спрабуючы іх карэнне, лісце і кветкі, ажно ўрэшце натрапіла на адну, якая пачала ёй дапамагаць, і так добра дапамагала, што ўжо тым самым летам скончыўся боль, акрэплі яе сілы - і яна пайшла жаць.

Праз колькі тыдняў пасля гэтай размовы Марыся па нашай просьбе прынесла тую дабрадзейную для яе зёлку. Гэта расліна, што расце на вільготных лугах, з прыгожай зоркападобнай цёмна-малінавага колеру кветкай і вялікім пёрыстым трохпалым, а найчасцей пяціпалым лісцем. Вось гэтаму лісцю, якое формаю нагадвае пяць пальцаў, Марыся надае вялікае значэнне і найперш яму прыпісвае лекавыя ўласцівасці расліны, у якіх сама моцна перакананая. Сапраўды, яна ўяўляе сабе, быццам у арганізме жанчыны пэўны орган мае таямнічую форму не то павука, не то далоні з пяццю растапыранымі пальцамі. Паказваючы мне лісце гэтай расліны, яна панізіла голас і з таямнічым выразам твару казала: «Таксама як у чалавека... такія пяць пальцаў...» І тут жа паказвала ўласную далонь з шырока растапыранымі пальцамі. Гэтую расліну яна назвала парушэнец-мацічнік, бо перакананая, што яна ўратавала яе ад хваробы жаночага органа. Ува ўсім гэтым можна заўважыць пэўную сімволіку, створаную гульнёй народнай фантазіі. Як у першабытных народаў спажыванне сэрца адважнага ворага ўмацоўвае мужнасць у сэрцы таго, хто яго з'еў, альбо надаванне дзецям імёнаў Арла, Льва і г.д. нібыта адорвае будучага мужчыну рысамі, уласцівымі гэтым істотам, так і ва ўяўленнях нашага народа, праўда, не надта часта, расліна, што нагадвае сваёй формай нейкую частку чалавечага цела, аказвае на гэты орган лекавы ўплыў. Тая ж самая Марыся расказвала мне, што ведае траву на вільготных лугах, якую ніхто інакш не называе, як толькі трава. Яна цвіце ружовымі катахамі, а яе корань нагадвае чалавечую нагу, дык таму, хто параніць ці пакалечыць нагу, вельмі добра яе карэннем і сцяблом абкласці скалечанае месца. Гэтую траву з ружовымі катахамі ўверсе я ведаю, але карэнне яе не бачыла, бо, калі Марыся мне пра яе расказала, лугі былі ўжо скошаны і адшукаць яе было немажліва. Яна паабяцала мне ўвесну выкапаць і прынесці гэты корань.

Гэтая сімволіка ў народным расліназнаўстве часам бывае вельмі спалучаная з праявамі духоўнасці. Як прыклад тут могуць быць дзве расліны, першая з якіх загартушка, па-лацінску Drosera rotundifolia, належыць да гатунку насякомаедных. Дык вось, як вядома, усе гэтыя насякомаедныя расліны маюць тычынкі, якія, калі на іх сядзе насякомае, загортваюць яго і, скурчваючыся, апускаюць у вадкасць, якую выдзяляе расліна і якая павінна яго разлажыць. Гэтае скурчванне тычынак павінна было нагадаць працэс забірання чагосьці, загортвання, адсюль, відаць, і расліну назвалі загартушка. Прасачыць згаданую з'яву вельмі цяжка, бо гэтая расліна ў нашых краях надта ж дробная, - сама назва яе сведчыць пра досыць высока развітую ў народзе назіральнасць і добрае веданне расліннага свету. Аднак сімвалічнае значэнне загартушкі звязваецца з нечым іншым. Якраз з тым цікавым фактам, што адвару з гэтай расліны прыпісваюцца ўласцівасці абуджаць пачуццё кахання ў чалавеку, які п'е яго.

Таксама для абуджэння пачуцця кахання даюць яшчэ і расліну, што называецца зязюльчыны ручачкі, корань якой у канцы лета набывае форму дзвюх ручак, сплеценых пальцамі паміж сабой. Ані гэтае расліны, ані яе карэння я не бачыла, бо ў наваколлі нідзе яе тут няма і знайсці яе можна ледзьве ні за дзве мілі адгэтуль. Але мне расказвалі пра яе знаёмыя сялянкі і абяцалі прынесці на наступны год. Калі тое, што расказваюць пра форму яе карэння, хоць часткова праўда, то бачым зноў, як сплеценыя ручкі былі ўзятыя сімвалам кахання.

Вяртаючыся да Марысі, варта сказаць, што вельмі сумніўна, каб яна сапраўды вылечылася той зёлкаю. Можа, дапамаглі ёй папярэднія лекі альбо сам па сабе арганізм пераадолеў хваробу. І ўсё ж у гэтай гісторыі заўважаю я два цікавыя факты: стаўленне свёкра да нявесткі, якое, яе мне здаецца, у пераважнай большасці выпадкаў такім быць не магло, калі б нявестка не была дачкой зненавіджанай усімі навакольнымі вёскамі кабеты і паходжаннем сваім не наклікала на сябе зняважлівае стаўленне і непрыязнь.

Шчыра кажучы, узаемаадносіны нявестак са свякроўкамі ў нашых сялян пераважна непрыязныя, але свёкар заўсёды, як мужчына больш разважлівы і практычны, чым кабета, і жонцы свайго сына, пэўне, не загадаў бы трымаць на плячах досыць працяглы час цяжкі воз. Але Марыся і на гэты раз пакутавала з-за дрэннай славы сваёй маці. А потым зноў жа гэтае яе поўзанне на карачках па лузе ў пошуку зёлак, якія маглі б дапамагчы ёй, падказвае ўяўленню нейкія даўнія-даўнія чары, калі, можа, кожная пакутная чалавечая істота, падштурхнутая інстынктам, які ў цывілізаванага чалавецтва зусім загінуў, шукае ў расліннай гушчэчы карэньчыка, сцябла, кветкі, што маглі б яе вылечыць. Карціна гэтая ў нашым стагоддзі выглядае перажыткам нязмерна далёкай эпохі, першым адчувальным пачаткам нечага, што засталося ў стагоддзях, а разам з тым нагадвае звера, што вышуквае сабе на нюх сярод траў такую, якой патрабуе ў гэты час ягоны арганізм.

Досыць цікавы той факт, што расліна, ужытая Марысяй у першы раз з лекавымі мэтамі, была вядомая ў гэтай ваколіцы іншым лекаркам і адпаведна ўжывалася імі. Прыносіла мне яе таксама і Люця, і такія самыя, як Марыся, давала ёй назвы і расказвала пра лячэнне з яе дапамогай хвароб таго ж самага спецыяльнага органа, з такіх самых прычын: гэта значыць з парушэння ці з падымання нечага надзвычай цяжкага. Вось вам відавочны факт распаўсюджвання адкрыцця, зробленага адным чалавекам, без пасрэдніцтва навуковай кафедры ці друку. І не мае значэння - нясе ў сабе гэтае адкрыццё ісціну, ці яно памылковае. Такой, відаць, і павінна была быць працэдура першапачатковага ўзнікнення той агромністай з'явы, якая называецца сёння навукай.

Назвы раслін і звесткі пра іх гэтым летам раздабыла наступныя.

Заечы мак белы (Anemone sylvestris).

Ключыкі (Primula officinalis).

Свёкла (Lithospermum arvense).

Заечы асот (Carlina vulgaris).

Пасвісцёрнік (Anthriscus sylvestris).

Конскі малачай (Hieracium).

Турэцкі перац (Carex vesicaria)*.

* Малазаможныя сяляне, калі не могуць купіць гарэлкі, альбо спрабуюць устрымацца ад п'янства, п'юць астуджаны адвар гэтай расліны, які сваёй гаркатой нагадвае гарэлку.

Сардэчнік (Polygola vulgaris).

Заечы мак чырвоны (Papaver argemona).

Жывотапарушэнец, альбо сабачая мята (Veronica chamaedris).

Свірэпка (Rhaphanus phaphanisticum).

Зайчыкі (Gnaphalium divicum).

Парушэннік-мацічнік, што апісаны вышэй (Comarum palustre).

Сончыкі (Geum rivale).

Жывотнік (Helianthemum vulgare). Вельмі добры сродак ад хвароб страўніка, належыць ён да групы парушэннікаў.

Рыцытнік (Sedum acre). Храшчаваты, цвіце жоўтым, расце купкамі і густа абрастае каменныя пабудовы. Даецца ад ліхаманкі.

Бабок (Menyanthes trifoliata).

Сабачае мыла (Herniaria glabra). Калі пацерці, то пеніцца, як мыла. У лекаванні не ўжываецца.

Конікі ў шляхты, у сялян грамотнік (Trifolium alpestre) - адзін з найбольш ужывальных сродкаў супраць болю ў грудзях і страўніку.

Трава (Eriophorum augustifolium). На забалочаных лугах, калі яна адцвіце, то ўтварае прыгожы бела-шаўкавісты пух. Там, дзе расце яе вельмі шмат, сяляне збіраюць гэты пух і напаўняюць ім падушкі. Гэтак жа выкарыстоўваюць і чорны пух, што ўзнікае ўвосень на некаторых відах лазы.

Заечы сон (Pulsatilla pratensis). Гэтая паэтычная назва добра суадносіцца з раслінай з узорным і празрыстым лісцем, якая пасля адцвітання (кветка ў яе блакітная) мае прыгожы папялісты шар вельмі лёгкага пуху.

Дзярозка (Stellaria graminea). Дзярозка - гэта далікатная раслінка, якая цвіце драбнюткімі белымі кветкамі і віецца па зямлі, як дзераза.

Камёла белая, альбо кашка (у шляхты) (Galium boreale).

Парушэннік, альбо парушэнец 8 (Anagalis arven).

Уразнік 1, альбо загартушка (Orchis latifolia).