10894.fb2 Выбраныя творы - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 94

Выбраныя творы - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 94

Усяго вядомых і ўжываных тутэйшымі людзьмі назваў раслін удалося мне адшукаць 228. Значная колькасць з іх выкарыстоўваецца з лекавымі мэтамі. Сярод іх вылучаюцца важнейшыя (бо выклікаюць найбольшы давер і найчасцей ужываюцца) групы, што маюць назвы: парушэннік (альбо парушэнец), станоўнік і ўразнік. Першых знайшла 10, другіх - 5 і трэціх - 5.

Да іншай групы раслін адносяцца тыя, што ўжываюцца для чарадзейства. Такіх у маіх нататках дзевяць: шчасце, капытнік, загартушка, адзін з уразнікаў, які таксама мае назву загартушкі, урочнік, адзін з парушэннікаў, нетупа, заечая капуста, барлінец.

Хацелася б таксама звярнуць увагу чытачоў на назвы, што характарызуюць выгляд, форму і расфарбоўку расліны, бо яны сведчаць пра назіральнасць народа і ягонае эмацыянальнае стаўленне да прыроды, а таксама на здольнасць ствараць паэтычныя параўнанні.

Пачала я збіраць і прымаўкі, што бытуюць у мове тутэйшых людзей, і прапаную іх зараз вам.

Бяда за бядой, смерць за плячыма.

Бяда бяду вязе.

Хай сабе будзе хлеб з вадой, толькі б не з бядой. Перажыванні, маральныя пакуты - горшыя за галечу, калі толькі тое і ёсць, што хлеб з вадой.

Чорт бяду перажыве, адна міне, дзесяць будзе.

Бяднюткі: ох! а за бяднюткім Бог. Бедны наракае, а яго Бог абараняе. Калі чалавек стогне, Бог гэта чуе і за яго заступаецца.

Хай будзе бяда, а грошы будуць. Чалавек, даведзены да крайнасці, знойдзе сабе ратунак. Інакш: Даў Бог бяду, а я грошы знайду.

Хоць бяда, то гоп!

Маўчы язычок, атрымаеш бобу, а як не будзеш маўчаць, дастанеш у бок хваробу.

Калі ясі пірог з грыбамі, трымай язык за зубамі. Калі табе добра, то будзь асцярожны.

Не было нас - быў лес, не будзе нас - будзе лес.

Былі святыя да нас, будуць і пасля нас. Не толькі мы адны добрыя, былі такія і перад намі, будуць і тады, як нас не стане.

Чым далей у лес, тым больш дрэў.

Дзе дровы сякуць, там трэскі ляцяць.

Чаго б сляпы плакаў, каб сцежку бачыў.

Засмяяўся сляпы, што сцежку ўбачыў. Адпавядае польскаму: Знайшла сляпая курачка зярнятка. Ужываецца таксама ў тым значэнні, што нешчаслівага і дробязь суцешыць.

Узяўся за гуж - не кажы, што не дуж. Распачаўшы працу, не адмаўляйся ад яе выканання тым, што не ўмееш.

Не пераскочыўшы, не кажы гоп!

Дзяры лыка, пакуль можна.

Хлеб і соль еж, а праўду рэж. І хлебадаўцу трэба гаварыць праўду.

Не спадзявайся на куму, а з мяшка шый суму. Не спадзявайся на людскую дапамогу, а сам сабе давай рады.

Не плюй у ваду, прыйдзецца напіцца.

Кінь за сабой, знойдзеш перад сабой.

За перабірачку дастанеш балячку.

Ласка не каляска, сеўшы не паедзеш.

З чужога воза пасярод балота злазь.

Сабака кудлаты - яму цёпла, селянін багаты - яму добра.

Не я казаў, а сабака брахаў.

Сабачыя галосы не ідуць пад нябёсы.

Ксёндз з Панам Богам едзе, а сабака брэша.

Не кожная курыца чубатая, не кожны сабака кудлаты. Няроўнасць існуе і ў самой прыродзе.

Баба з воза, колам лягчэй.

Надвае бабка варажыла.

Успомніла сабе баба дзявочы вечар і плакаць пачала.

Не мела баба клопату, купіла парася.

Воўчая натура да лесу цягне.

Воўк і лічанае бярэ.

Куды, воўк, ідзеш? Па тваё апошняе дабро, альбо - па сірочае дабро. Людская хцівасць найбольш праяўляецца на бедных і пакінутых.

Воўк сабакі не баіцца, але звягі не любіць.

Узяў воўк кароўку, няхай возьме і вяроўку.

Насіў воўк, панеслі і ваўка.

Калі муж жонку не б'е, у яе вантроба гніе.

Хоць бы свіння лыса, абы грошай міса.

Хоць за вала, абы ў хаце не была. Абы за каго выдаць замуж, каб толькі пазбавіцца дачкі з дому.

Які-такі целяпей, але ўдваіх, то і лягчэй. Гаворыцца пра абы-якое замужжа.

Які-такі, абы быў і на хлеб-соль зарабіў.

Ажаніўся - зажурыўся, жонка памерла - развесяліўся.