10894.fb2
Бацька, маці кормяць дзетак - і дзеткі скачуць, а як дзеткі кормяць, бацька, маці плачуць. Бацькоўская любоў мацнейшая за любоў дзяцей.
Гадавала дзеці, а няма дзе галавы падзеці.
Дзеці, дзеці, добра з вамі ў леце, а зімой галавой у печ. Пра цяжкасці ўтрымлівання і абагравання сям'і зімой.
Няма той хаткі, дзе не было б звадкі (сваркі, калатнечы).
Шэпты хату губяць. Таямніцы і інтрыгі, шэпты па кутках знішчаюць спакой і хатні дабрабыт.
Мая хата з краю, нічога не знаю. Не хачу ні ў што ўмешвацца.
Чым хата багата, тым рада.
Круці не круці, мусіш памярці.
Калі возьме навекі, не памогуць лекі.
Бог з людзьмі робіць ігрыска: аднаго высока, другога нізка.
Богу свечка, чорту качарга. Інакш: дзве свечкі.
Над сіратою Бог з калітою.
Бог не цяля, знае круцяля.
Бога не гняві, людзей не смяшы.
На табе, Божа, што мне не гожа!
Не хваліся, але да Бога маліся. Пахвальба - заўсёды неразумная, бо ўсё ў руках Божых.
На каго Бог, на таго і людзі.
Хто рана ўстае, таму Пан Бог дае.
Паны сварацца, а ў сялян кудлы трасуцца.
Папалася, жучка, у панскую ручку.
Не дай, Божа, з Івана пана.
Які пан, такі крам.
Казаў пан, зрабіў сам.
Калі не поп, не прыбірайся ў рызу. Не май прэтэнзій без адпаведных правоў. Не бярыся за работу, якую выканаць не зможаш.
Хто з кім, а поп з Касяй.
Чорт сваё, а поп сваё: падавай малітоўнік! Трываласць добрага супраць ліхога. У спрэчцы, калі ніводзін з бакоў не хоча саступіць.
Сказаў поп, што ў нядзелю свята. Калі нехта гаворыць пра рэчы ўсім добра вядомыя.
Сыты галоднаму не спачувае.
Каму што, а галоднаму хлеб у галаве.
Галодны ўсё поле аббяжыць, а голы ні за парог.
Голы разбою не баіцца.
Уцякай, голы, бо абдзяруць! З найбяднейшых найбольш людзі здзекуюцца і рэшту гатовыя абадраць. (А можа, насмешлівае застрашэнне, бо голаму няма чаго баяцца.)
Купіў бы сяло, але грошай гало.
За дурной галавой і нагам неспакой.
Пашлі дурнога, за ім другога. Пашлі па што-небудзь дурня, адразу ж мусіш пасля яго пасылаць кагосьці іншага.
Абяцанка, цацанка, а дурному радасць.
Не такі чорт страшны, як яго малююць.
Багатаму чорт дзяцей калыша. Багатаму сам чорт спрыяе і дапамагае.
Сем пар лапцей (альбо пасталоў) чорт падраў, пакуль такую пару дабраў.
Маліся пад фігурай, а чорт за скурай.
Разабраўся, як свіння ў перцы.
Ведаў Бог, што не даў свінні рог. Добра, калі злосны і нядобры чалавек не мае сродкаў, каб шкодзіць іншым.
Калі б свіння рогі мела, дык цэлы свет пакалола б.
І свіння гаспадыня, калі мукі поўна скрыня. І абы-якая кабета будзе добрай гаспадыняй, калі ў хаце дастатак.
Кошцы смех, а мышцы смерць.
Носіцца, як кот з салам.
Ведае кошка, чыё сала з'ела. Крыўдзіцель адчувае сорам перад пакрыўджаным.
Стары вол баразны не псуе. Вопыт засцерагае ад памылак у працы.
Ласкавае цялятка дзве маткі ссе, а гордае ніводнай. Лагоднасць людзей аб'ядноўвае, а пыха раздражняе.