10982.fb2 Гiсторыя кахання (на белорусском языке) - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 18

Гiсторыя кахання (на белорусском языке) - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 18

- Паўтара долары - твой бiлет, i паўтара - мой.

- Дык "так" цi "не"?

- I не так, i не гэтак. Гэта значыць тры долары.

Мядовы месяц мы прабавiлi на яхце. Разам з двума дзесяткамi дзяцей. Iнакш кажучы, з сямi гадзiн ранiцы i пакуль не надакучыць юным пасажырам, я кiраваў яхтаю, а Джэнi тым часам наглядала за дзяцьмi. Нас наняў яхт-клуб "Пекод" у Дэнiс-Порце... Клуб меў лодачную станцыю, вялiкi гатэль i некалькi дзесяткаў летнiх домiкаў для здачы ўнаймы. На адным з сама нягеглых бунгала я прымацаваў у думках мемарыяльную шыльду: "Тут спалi Олiвэр i Джэнi - калi не займалiся каханнем". Трэба аддаць належнае нам абаiм - пасля доўгага дня, на працягу якога мы старалiся быць як мага больш уважлiвымi да нашых клiентаў (бо велiзарную долю нашых даходаў складалi iх чаявыя), у нас яшчэ хапала часу быць як мага больш уважлiвымi адно да аднаго. Я кажу проста: "быць... уважлiвымi", бо не знаходжу слоў, каб выказаць, якi гэта цуд - кахаць Джэнi Кавiлеры i быць каханым ёю. Выбачайце, я хацеў сказаць - Джэнi Барэт.

Перш чым паехаць на мора, мы нанялi танную невялiкую кватэру ў паўночным Кембрыджы. Я называю гэты раён "паўночным Кембрыджам", хоць фармальна, па адрасе, дом знаходзiўся ў межах горада Сомэрвiла. Катэдж, што, як казала Джэнi, быў у "перадразвальным стане", праектавалi на дзве сям'i, але потым перарабiлi ў чатырохкватэрны. Узялi з нас нашмат болей за сапраўдны кошт гэтага "таннага" жытла. Але што зробiш? На гэтым рынку дыктуюць прадаўцы.

- Паслухай, Ол, як ты думаеш, чаму пажарныя не павесiлi замок на гэтай халупе? - спыталася Джэнi.

- Мабыць, пабаялiся падысцi, - адказаў я.

- I мне крыху страшна.

- У чэрвенi ты была смялейшая. (Размова адбывалася ў вераснi, калi мы вярнулiся ў Кембрыдж.)

- Тады я яшчэ не была замужам. А цяпер як замужняя жанчына лiчу, што гэтая будынiна небяспечная для жыцця.

- I што ты думаеш зрабiць?

- Пагаварыць з мужам, - адказала яна. - Ён штось прыдумае.

- Паслухай, твой муж - гэта я.

- Сапраўды? Дакажы гэта.

- Як? - папытаўся я, падумаўшы: "Не, толькi не на вулiцы".

- Перанясi мяне цераз ганак.

- Джэнi, няўжо ты верыш ва ўсю гэтую лухту?

- Ты перанясi, а потым я ўжо вырашу.

О'кэй. Я падхапiў яе на рукi i, пераадолеўшы шэсць прыступак, унёс на ганак.

- Чаму запынiўся? - спыталася яна.

- Хiба гэта не ганак?

- Не ганак, не ганак.

- Тут на дзвярах нашыя iмёны.

- Ну i што? Гэта не сапраўдны ганак. Марш наверх, гультай!

Да "сапраўднага ганка" было дваццаць чатыры прыступкi, i мне прыйшлося спынiцца на паўдарозе, каб перавесцi дух.

- Чаму ты такая цяжкая?

- А ты не падумаў, што я магла зацяжараць?

Ад такога пытання дыханне ў мяне раўнейшым не стала.

- Ты што, сур'ёзна? - нарэшце спытаўся я.

- Што, спалохаўся?

- Зусiм не спалохаўся.

- Не ганяй вецер, падрыхтунчык.

- Ну, прызнаюся: было крыху. Але ненадоўга.

Я перанёс яе цераз наш ганак. Гэта былi рэдкiя i каштоўныя iмгненнi, да якiх слова "эканомiя" не мела анiякага дачынення.

Маё гучнае iмя дазваляла нам атрымаць крэдыт у прадуктовым магазiне, крэдыт, якi звычайна студэнтам не давалi. Аднак яно ж сыграла супраць нас там, дзе я меней за ўсё чакаў: у прыватнай школе, куды ўладкавалася настаўнiцай Джэнi.

- Вядома, у сэнсе заробку нам цяжка раўняцца з дзяржаўнымi школамi, сказала маёй жонцы мiс Эн Мiлер Уiтмэн, дырэктар школы, i адразу дадала, што для Барэтаў "гэты аспект" наўрад цi можа мець якое значэнне.

Джэнi паспрабавала нешта растлумачыць наконт гэтых iлюзiй, але ўсё, чаго нябозе ўдалося дабiцца звыш трох з паловаю тысяч долараў у год, былi - хвiлiны на дзве - усмешкi ды "хо-хо-хо" дырэктаркi. Ёй здалася вельмi дасцiпнай заўвага Джэнi наконт таго, што Барэты мусяць плацiць за жытло гэтаксама, як i ўсе астатнiя людзi.

Калi Джэнi перадала мне ўсё гэта, я выказаў некалькi даволi арыгiнальных прапаноў наконт таго, як мiс Уiтмэн магла скарыстаць яе - хо-хо-хо - тры з паловаю тысячы долараў. Але тут Джэнi папыталася, цi не мог бы я кiнуць свае заняткi правам, каб утрымлiваць яе да тае пары, пакуль яна не набудзе квалiфiкацыю, неабходную для паступлення на працу ў дзяржаўную школу. Змарнаваўшы якiясьцi дзве секунды на асэнсаванне прапановы, я зрабiў дакладную i сцiслую выснову:

- Лухта!

- Дужа красамоўна, - сказала мая жонка.

- А што, па-твойму, я мусiў сказаць? "Хо-хо-хо"?

- Не. Але табе прыйдзецца палюбiць спагецi.

I я палюбiў спагецi. Я навучыўся любiць iх, а Джэнi навучылася ўсялякiмi мажлiвымi дый немажлiвымi спосабамi маскiраваць спагецi пад што-небудзь iншае. Мы сёе-тое сабралi ўлетку, Джэнi атрымлiвала зарплату, я разлiчваў зарабiць начамi на пошце ў час каляднае мiтуснi - словам, усё было як мае быць. Вядома, мы прапускалi багата новых фiльмаў (а Джэнi яшчэ i канцэртаў), аднак, у рэшце рэшт, канцы з канцамi неяк зводзiлi.

Жыццё нашае дужа перамянiлася яшчэ з аднаго боку. Я маю на ўвазе кантактаванне з людзьмi. Мы па-ранейшаму жылi ў Кембрыджы, i, у прынцыпе, Джэнi магла бачыцца з сваiмi калегамi па музычных занятках. Але яна не мела на гэта часу. З школы яна прыходзiла спляжаная, а яшчэ ж трэба было згатаваць абед (палуднаваць у кавярне было для нас недасягальнай раскошаю). Што ж да маiх сяброў, дык гэта былi людзi дастаткова тактоўныя - яны не турбавалi нас i не запрашалi да сябе, каб не змушаць Барэтаў запрашаць да сябе iх...

Мы перасталi хадзiць нават на футбол.

Як сябра спартовага таварыства Гарварда - Варсiцi-клуба, я меў права сядзець на гасцявой трыбуне - на выдатных месцах, якраз насупраць цэнтра поля. Аднак бiлет туды каштаваў шэсць долараў, значыцца, два - дванаццаць.

- Ды не, - спрачалася са мною Джэнi, - гэта не дванаццаць, а шэсць долараў. Ты ж можаш хадзiць i без мяне. Я ўсё роўна нiчога не разумею ў гэтай гульнi. Чую адно, што заходзяцца: "Улупiце iм!" Табе гэта дужа даспадобы, вось i хадзi на свой футбол.

- Усё, пытанне закрытае, - адказаў я цвёрда, як сама сапраўдны муж i гаспадар дома. - Будзе хоць час займацца вучобаю.

Аднак усё роўна я бавiў суботнiя вечары, прыпадаючы вухам да транзiстара слухаў роў заўзятараў, якiя, хоць i знаходзiлiся цяпер за нейкую мiлю ад мяне, належалi ўжо да iншага свету.

I ўсё-такi я карыстаўся сваiмi прывiлеямi сябры клуба, купляючы бiлеты на гульнi з удзелам ейльскай каманды Робi Ўолду, таварышу па Юрыдычнай школе. Калi, не адзiн раз падзякаваўшы мне, Робi выходзiў ад нас, Джэнi кожны раз прасiла растлумачыць ёй, хто мае права на гасцявыя месцы Варсiцi-клуба, i я зноў паўтараў - усе тыя, хто, незалежна ад узросту, фiзiчных дадзеных i сацыяльнага статусу, множылi славу Гарварда на спартовых арэнах.