10982.fb2 Гiсторыя кахання (на белорусском языке) - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 24

Гiсторыя кахання (на белорусском языке) - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 24

- Ён разумее, доктар, - адказала за мяне Джэнi, ведаючы i без маiх слоў, што думка пра бясплоднасць - маю гiпатэтычную бясплоднасць - прыгнятала мяне. Мне нават здалося, што ў голасе ў Джэнi пачулася надзея: калi i ёсць якое адхiленне, дык толькi ў яе.

Але доктар проста растлумачыў нам, якiя могуць быць варыянты, i падрыхтаваў да найгоршага, перш чым сказаць, што ўсё ў нас можа быць у поўным парадку i мы неўзабаве станем шчаслiвымi бацькамi. Вядома, мы павiнны здаць безлiч розных аналiзаў. Поўны агляд. (Не буду пераказваць не надта прыемныя падрабязнасцi такога руплiвага абследавання.)

Аналiзы мы здалi ў панядзелак. Джэнi - удзень, а я - пасля працы (тымi днямi я ўжо акунуўся ў яе з галавою). У пятнiцу доктар Шэпард выклiкаў Джэнi яшчэ адзiн раз, растлумачыўшы, што сястра нешта наблытала i ён мусiць сёе-тое ўдакладнiць. Калi Джэнi расказала мне пра паўторны вiзiт да доктара, я западозрыў, што гэтае самае адхiленне... выявiлi ў яе. "Сястра, якая нешта там наблытала" - адгаворка досыць банальная.

А калi мiстэр Шэпард патэлефанаваў мне ў кантору, я ўжо амаль не сумняваўся. Ён папрасiў мяне зайсцi да яго заўтра па дарозе дамоў. Як толькi я зразумеў, што Джэнi там не будзе ("Я гаварыў з мiсiс Барэт учора ўвечары", сказаў доктар), падазрэннi мае пачалi ператварацца ва ўпэўненасць. Значыцца, у Джэнi не можа быць дзяцей. Але мажлiва, Олiвэр, дыягназ не канчатковы, паспрабаваў супакоiць мяне доктар - якiх толькi выйсцяў няма: хiрургiчнае ўмяшанне i гэтак далей.

Аднак працаваць напоўнiцу я ўжо, вядома, не мог, таму было неразумна чакаць пяцi гадзiн. Я патэлефанаваў мiстэру Шэпарду i папытаўся, цi не прыме ён мяне адразу пасля абеду. Доктар згадзiўся.

- Дык, значыцца, вы ўжо выявiлi, хто вiнаваты? - папытаўся я, не падбiраючы асцярожлiва словы.

- Я не сказаў бы "вiнаваты", Олiвэр, - адказаў мiстэр Шэпард.

- Ну, добра, скажам iнакш - хто з нас не ў парадку?

- Добра. Джэнi.

Я быў больш-менш гатовы да гэтага, аднак безнадзейнасць, якая прагучала ў словах мiстэра Шэпарда, усё-такi збянтэжыла мяне. Доктар больш нiчога не дадаў, i я вырашыў, што ён чакае ад мяне якiхсьцi слоў.

- Ну што ж, значыцца, дзецi ў нас будуць прыёмныя. Думаю, галоўнае, што мы кахаем адно аднаго, цi ж не так?

I тады ён сказаў мне:

- Олiвэр, праблема нашмат больш сур'ёзная. Джэнi вельмi хворая.

- Што значыць "хворая"?

- Яна памiрае...

- Гэтага не можа быць, - сказаў я.

Я чакаў, што зараз доктар скажа мне, што гэта проста няўдалы жарт.

- Яна памiрае, Олiвэр, - паўтарыў ён. - Мне цяжка табе гэта казаць, але гэта так.

Я не мог паверыць яму i ўсё даводзiў, што здарылася нейкая памылка: мажлiва, гэтая iдыётка-сястра зноў штосьцi пераблытала, дала яму не той рэнтгенаўскi здымак цi што-небудзь такое. Доктар адказаў мне з сама вялiкай спагадаю, на якую, мабыць, быў здатны, што аналiз крывi быў паўтораны тройчы. Дыягназ не падлягае сумненню. Зараз ён накiруе нас да спецыялiста-гематолага. А папраўдзе, ён параiў бы...

Я перапынiў яго ўзмахам рукi. Мне патрэбная была хвiлiна цiшынi. Проста цiшынi, каб усвядомiць тое, што здарылася.

- Што вы сказалi Джэнi, доктар? - нарэшце папытаўся я.

- Што ў вас абаiх усё ў парадку.

- Яна паверыла.

- Думаю, што паверыла.

- Калi нам прыйдзецца сказаць ёй праўду?

- Цяпер гэта залежыць ад цябе.

Ад мяне! Божа лiтасцiвы, ад мяне цяпер не залежала нiчога, я, здавалася, перастаў ужо дыхаць.

Доктар растлумачыў, што медыцына не мае радыкальных сродкаў, каб лячыць тую форму лейкемii, на якую пакутуе Джэнi, - гэтыя сродкi могуць аблегчыць цячэнне хваробы, замарудзiць яе наступ, але толькi не спынiць. Таму цяпер рашэнне залежала ад мяне. Пакуль лячэнне можна было на нейкi час адкласцi.

У гэты момант я думаў адно пра тое, якая ж агiдная гэтая клятая жудасць.

- Але ж ёй толькi дваццаць чатыры гады! - сказаў, не, мабыць, крыкнуў я доктару.

Доктар спачувальна кiўнуў. Ён не горш ад мяне ведаў узрост Джэнi i разумеў, як мне цяпер балюча. Урэшце я ўсвядомiў, што не магу прабыць у кабiнеце ў гэтага чалавека ўсё сваё жыццё, i папытаўся ў яго, што мне рабiць... Ён параiў мне паводзiць сябе па мажлiвасцi як звычайна, быццам нiчога i не здарылася, - як мага даўжэй. Я падзякаваў яму i выйшаў на вулiцу. Як звычайна. Быццам нiчога i не здарылася.

Усё нармалёва. Нармалёва ўсё!

18

Я пачаў думаць пра Бога.

У сама патаемныя куткi маёй свядомасцi закрадалася думка пра нейкую Вышэйшую iстоту, якая жыве дзесьцi не ўва мне. Не, мяне не апаноўвала жаданне кiнуцца на яго з кулакамi, адпомсцiць за тое, што ён збiраўся зрабiць са мною - дакладней, з Джэнi. Мае рэлiгiйныя пачуццi былi зусiм iншыя. Калi я прачынаўся ўранку, побач са мною была Джэнi. Па-ранейшаму побач. I я спадзяваўся, хоць i адчуваў пры гэтым пэўную няёмкасць, што недзе ёсць Бог, якому я мог падзякаваць. Дзякую Табе, лiтасцiвы Творца, за тое, што, прачынаючыся, я бачу побач з сабою Джэнiфэр.

Я з усяе сiлы стараўся паводзiць сябе як звычайна i таму, вядома, дазваляў ёй самой гатаваць сняданкi i гэтак далей.

- Ты сустракаешся сёння са Стратанам? - спыталася яна, калi я даядаў другую талерку аўсянкi.

- З кiм? - папытаўся я, не расчуўшы.

- З Рэймандам Стратанам, - паўтарыла яна, - тваiм найлепшым сябрам. Тваiм суседам па iнтэрнацкiм пакоi - да таго, як з'явiлася я.

- А-а... Ага, мы збiралiся гуляць у сквош. Але, вiдаць, я не пайду.

- Лухта.

- Што, Джэн?

- Ты не павiнен прапускаць гульнi, падрыхтунчык. Я не хачу, каб у мяне быў кволы муж, разумееш?!

- О'кэй, - сказаў я, - але давай тады папалуднуем дзе-небудзь у цэнтры.

- Навошта? - папыталася яна.

- Што значыць "навошта"? - узняў я голас, спрабуючы напусцiць на сябе незадаволены выгляд. - Магу я звадзiць сваю жонку ў рэстаран цi не?

- Ну вось што, Барэт. Прызнавайся, хто яна. Як яе зваць? - раптам папыталася Джэнi.

- Каго?

- Слухай, - утупiлася яна ў мяне, - раз ты нi з таго нi з сяго цягнеш мяне ў рэстарацыю пасярод тыдня, значыцца, нехта ў цябе з'явiўся!

- Джэнiфэр! - зароў я, цяпер раззлаваўшыся ўжо па-сапраўднаму. - Я не пацярплю такiх размоў у нас дома за сняданкам!