10982.fb2
Толькi не трэба разумець мяне залiшне лiтаральна. Я ведаў усе мажлiвыя хады. Але нiяк не мог пераадолець няўпэўненасцi. Джэнi была вельмi разумная, i я баяўся, што яна проста пасмяецца з таго, што я прызвычаiўся лiчыць вытанчана-рамантычным (i непераможным) стылем Олiвэра Барэта IV. Але я баяўся, што яна адштурхне мяне. А калi не адштурхне, дык з прычын, ад кахання далёкiх. Усiмi гэтымi блытанымi тлумачэннямi я хачу сказаць адно: мае пачуццi да Джэнi былi адрозныя ад тых, што я меў раней да iншых дзяўчат. Я не ведаў, як сказаць ёй пра гэта, i не было ў каго спытаць рады. ("Трэба было папытацца ў мяне!" скажа яна потым.) Я ведаў толькi, што яна патрэбная мне. Уся.
- Олiвэр, ты завалiш iспыт.
Мы сядзелi ў мяне ў пакоi i чыталi. Была нядзеля, другая палова дня.
- Олiвэр, калi ты будзеш адно глядзець, як вучу я, дык абавязкова правалiшся.
- Ды не гляджу я на цябе. Я чытаю.
- Лухта. Ты разглядваеш мае ногi.
- Хiба што зрэдку. На пачатку кожнага раздзела.
- Нешта ўжо вельмi кароткiя раздзелы ў тваёй кнiзе.
- Слухай, самаўлюбёнiца! Не такая ты ўжо i паглядная.
- Я ведаю. Але што я магу зрабiць, калi для цябе я "такая ўжо".
Я адсунуў кнiгу, устаў i падышоў да яе.
- Джэнi, ну зразумей ты: як я магу чытаць Джона Сцюарта Мiля, калi кожную секунду памiраю ад жадання апынуцца з табою ў ложку!
Яна нахмурылася:
- Олiвэр, прашу цябе!
Я прысеў на кукiшкi побач з яе крэслам. Яна зноў уткнулася ў кнiгу.
- Джэнi...
Яна цiха загарнула кнiгу, адсунула яе i паклала рукi мне на плечы.
- Олiвэр, прашу цябе...
I тады гэта ўсё здарылася. Усё здарылася.
Наша першая фiзiчная блiзкасць была цалкам процiлеглая нашай першай размове. Мы былi такiя нетаропкiя, такiя, ласкавыя, такiя пяшчотныя... Я i не здагадваўся, што сапраўдная Джэнi была менавiта такая - ласкавая Джэнi, што дотыкi яе такiя лёгкiя i пяшчотныя. Але нашмат болей здзiвiўся я з самога сябе. Я таксама быў ласкавы. I пяшчотны. Няўжо гэта i быў сапраўдны Олiвэр Барэт IV?
Я нi разу не бачыў, каб кофтачка Джэнi была расшпiленая хоць на адзiн гузiк. I таму здзiвiўся, калi ўбачыў у яе на шыi маленькi залаты крыжык. Ланцужок быў запаяны наглуха, i калi мы займалiся каханнем, крыжык заставаўся на ёй. У той цудоўны вечар, у хвiлю адпачынку, калi здаецца, нiчога iншага не мае значэння i адначасна ўсё значэннем поўнiцца, я дакрануўся да крыжыка i запытаўся, што сказаў бы яе святар, калi б даведаўся, што мы з ёю апынулiся ў адным ложку. Але яна адказала, што ў яе няма святара.
- А я думаў, што мая дзяўчына добрая каталiчка.
- Я сапраўды твая дзяўчына i сапраўды добрая. - Джэнi паглядзела на мяне, чакаючы пацвярджэння, i я ўсмiхнуўся. Яна ўсмiхнулася ў адказ: - Выходзiць, ты амаль угадаў - два пункты з трох.
Тады я папытаўся ў яе, чаму яна носiць крыжык, ды яшчэ на запаяным ланцужку. Яна растлумачыла, што крыжык належаў яе нябожчыцы мацi i носiць яна яго ў памяць аб ёй - з рэлiгiяй гэта не звязана. Потым мы зноў загаварылi пра сябе:
- Паслухай, Олiвэр, я казала табе, што кахаю цябе?
- Не, Джэнi.
- Чаму ж ты ў мяне не спытаўся?
- Папраўдзе, баяўся.
- Спытайся цяпер.
- Ты кахаеш мяне, Джэнi?
- А ты як думаеш? - зазiрнула яна мне ў самыя вочы.
- Напэўна. Можа быць... Кахаеш.
Я пацалаваў яе ў шыю.
- Олiвэр?
- Што?
- Я цябе не тое што кахаю...
- Божа, дык што ж тады?..
- Олiвэр, я цябе вельмi кахаю...
6
Выдатны хлопец - Рэй Стратан.
Можа, ён не генiй i не вялiкi футбалiст (крыху запаволены), але сябра ён надзейны - лепшага суседа па iнтэрнацкiм нумары не знайсцi. Як жа ён, бядак, мучыўся праз мяне на апошнiм курсе! Куды хадзiў займацца, калi натыкаўся на гальштук, якi вiсеў на дзвярной ручцы, што азначала: "Я не адзiн". Можа, займацца тым часам ён i не збiраўся, аднак калi-нiкалi яму ўсё ж такi прыходзiлася гэта рабiць. Мабыць, ён хадзiў тады ў бiблiятэку цi нават у студэнцкi клуб. Але дзе ж ён спаў у тыя ночы з суботы на нядзелю, калi мы з Джэнi iгнаравалi iнтэрнацкiя парадкi i яна заставалася ў мяне да ранку? Рэй змушаны быў шукаць дзе пераспаць - прасiцца да суседзяў на вольную канапу, калi тая, вядома, не была гэтаксама занятая. Добра хоць, што найчасцей гэта здаралася пасля заканчэння футбольнага сезона. I, натуральна, я зрабiў бы дзеля яго тое самае.
Але што ж ён меў за гэта ад мяне ва ўзнагароду? У былыя часы я дзялiўся з iм усiмi падрабязнасцямi сваiх любоўных перамог. Аднак цяпер ён быў не толькi пазбаўлены сваiх неад'емных правоў сябра на суперажыванне - больш таго, я нават не прызнаўся яму, што мы з Джэнi - каханкi. Я проста казаў яму, калi нам спатрэбiцца пакой, а ўжо навошта - мусiў здагадвацца ён сам.
- Барэт, дык спiш ты з ёю цi не? - дапытваўся Рэй.
- Рэйманд, я цябе як сябра прашу: не пытайся.
- Вы ж з ёю адсюль днямi i начамi не вылазiце. Чым тут так доўга можна займацца?
- Тады навошта пытацца, Рэй?
- Бо ў гэтым ёсць нешта нездаровае.
- Што менавiта?
- Ды ўсё, Ол. Раней у цябе такога нiколi не было. Раней ты дзядзьку Рэю ўсё выкладваў. Ведаеш, непрыгожа гэта неяк. Дальбог, гэта нешта ў цябе хваравiтае. Ну што ты ў ёй знайшоў асаблiвага?