109893.fb2
Я вырашыў суцешыць Васіля:
— Не праспалі б, калі б не Чорная Накідка. Ен нас напалохаў.
— Усё роўна Піліп Макаравіч ад нас уцёк бы, — сказаў Васіль. — Хітры. Як мне здаецца, ён цяпер каля палаткі сядзіць і рукі пацірае. Трэба назад вяртацца.
Што і казаць, хітры. Не кожны здагадаўся б запіскі пакідаць. І на дуб, мабыць, нездарма залез. Вырашыў праверыць, ці не сочыць хто за ім. Не без дай прычыны ў лес пайшоў… З такім, як ён, трымай вуха востра.
Мы цягнуліся што пабітыя. Вакол пальца абвёў нас Піліп Макаравіч. Ягоны верх. «Гора-сышчыкі», — вось што сказалі б аднакласнікі, калі б пра ўсю гэтую гісторыю даведаліся. Так, абвёў нас Піліп Макаравіч вакол пальца. І новых «чаму?» прыбавілася. Хацелася адзін вузельчык развязаць, а завязалася яшчэ некалькі. Я дык не спадзяваўся, што некалі іх развяжам.
Але на гэтым нашы прыгоды не скончыліся. Ні я, ні Васіль пакуль нават не здагадваліся, што неўзабаве ўбачым такое, ад чаго вочы на лоб палезуць. Вы, відаць, не паверыце ў тое, што раскажу. І ўсё-такі паслухайце.
Мы з Васілём мінулі сасоннік, увайшлі ў лес, дзе ўперамешку раслі асінкі, дубкі, бярозы, елкі. Самы звычайны змешаны лес. І тут убачылі старога знаёмага — Чорную Накідку. Ен стаяў тварам да нас, абхапіўшы рукою танкастволую асінку.
— Антон, Чорная Накідка ад нас хаваецца, — прысеў Васіль.
— Калі б хаваўся, то таўсцейшае дрэва выбраў бы, — кажу.
— Чаго тады стаіць каля асінкі як прывязаны?
— Стаміўся і адпачывае.
— Адпачываць лепей седзячы, — прамовіў Васіль. Чорная Накідка раптам тузануў асінку. Раз, другі, трэці…
— Навошта трасе? — пытаецца Васіль. Я не вытрываў, засмяяўся:
— Думае, што на асінцы яблыкі ці арэхі растуць. Можна скіснуць са смеху. Жарты сказаць! Дарослы чалавек трасе дрэва, якое, як вядома, і так ляскаціць.
— Глядзі! Ен тузаецца, а асінка яго не пускае, — усклікнуў Васіль.
Што за ліха! Чорная Накідка з усёй сілы рвецца, а пальцы, якія абхапілі ствалок, не расшчапляюцца. Пасля… Пасля Чорная Накідка моцна стукнуў па асінцы нагою.
— У-у-у… — вырваўся з ягоных грудзей крык.
— Б'е асінку! Асінку б'е! — усклікнуў Васіль. — Бач, як пакрыўдзіўся на яе!
Я пачухаў патыліцу.
— Няўжо асінка яго не адпускае?
— З-здаецца, т-так, — заікаючыся, прагаварыў Васіль.
Падобнае магло здарыцца толькі ў казачным фільме. У такім фільме, дзе розныя чарадзействы адбываюцца. Ды ў нас не казка. Няўжо Чорная Накідка артыст? Няўжо нейкую сцэну са спектакля рэпеціруе? Што ж, рэпеціруй, нават у лесе, калі даспадобы. Ніхто не забараняе. Але навошта дрэўца ламаць?
Я не стрымаўся і гучна, прарэзліва, аж рэха па лесе разнеслася, свіснуў. Чорная Накідка ўстрапянуўся, прысеў, як знячэўку спалоханы заяц (у гэтую секунду мне стала шкада яго), пасля рвануўся. Тонкае дрэўца, пахіснуўшыся, сагнулася, але не адпусціла. Ягоная рука, як і раней, трымала ствалок.
— Артыст! — гучна сказаў я. — Разыгрывае камедыю.
— Піліп да яблыні прыліп, — пырснуў Васіль.
А Чорная Накідка выхапіў вялізны блішчасты нож і стаў хутка-хутка секчы асінку каля кораня. Камедыя, хто не ведае, а хто ведае, таму не камедыя. У мяне твар так скамянеў, што я і пасля хвілін пяць не мог адкрыць рот. А ў Васіля на лбе аж кроплі поту выступілі, быццам гэта не Чорная Накідка, а ён сек асінку.
Як бы там ні было, але асінка тоненька рыпнула, павалілася. Чорная Накідка падхапіў яе, прыціснуў да грудзей і як мага ў лес. А мы з Васілём у другі бок! Куды ногі панеслі. Без аглядкі. Што? Весела?
Мы гэтак ляцелі, гэтак ляцелі! Што з прывязі сарваўшыся. Свету перад сабою не бачылі. У маёй галаве толькі адно тахкала: «Што, калі Чорная Накідка кінецца за намі, калі дагоніць? Сцёбне гнуткай асінкай, як пугай, па пятах… Дагоніць, дагоніць…» Я прыпускаўся яшчэ мацней. І Васіль ні на крок не адставаў. Невядома, куды нас занесла б. Ды я неспадзявана зачапіўся за яловы корч, кульнуўся на зямлю. А Васіль праз мяне. І проста ў лазовы куст. А ў лазовым кусце крапіва-пякучка. Вылез Васіль, пухіры на руках расцірае.
— Во, — паказвае.
Я сеў на траву, паціраю калена (стукнуўся аб нейкую патарчаку).
— Пухіры пройдуць, — кажу. — А я да калена не магу дакрануцца. Мабыць, каленную чашачку разбіў.
Васіль заморгаў вачыма.
— Антон, няўжо разбіў?
Я зноў пакратаў калена. Здаецца, не так моцна баліць. Спярша здалося, што вельмі моцна. Цэлая мая каленная чашачка. Ды не прызнавацца ж у гэтым Васілю. Накінецца, хлусам абзаве. Няхай, няхай крыху каля мяне патрапечацца.
— Ой, агнём калена пячэ! — войкнуў я.
— Што ж рабіць? — прамовіў Васіль.
— Дамоў панясеш. Сяброў у бядзе не пакідаюць. Васіль падскочыў да мяне.
— Залазь мне на спіну і бярыся рукою за шыю.
Не буду хлусіць. Мільганула думка: «А калі і сапраўды залезці яму на спіну? Хай прэ на сабе ў вёску». Ды адразу ж пастараўся адагнаць яе. Я буду ехаць на ім, пасвістваючы, а з яго пот цурком? У сабакі вачэй пазычу, каб пасля ў вочы глянуць?
— Васіль, не трэба на спіне, — прагаварыў праз зубы. — Здаецца, не разбіў. Проста моцна выцяў.
Я ўстаў, прайшоўся, кульгаючы.
— Бачыш? Бачыш? Нага хоць і кульгае, але ідзе.
— Ідзе, — узрадаваўся Васіль. — Яна ў цябе, відаць, жалезная. Так грукнуўся і толькі выцяў.
Я вырашыў павярнуць гаворку на іншае:
— Бачыў, які вялізны нож у Чорнай Накідкі? Не нож, а сапраўдная шабля.
— Меч, — сказаў Васіль.
— Не, — не пагадзіўся я. — Меч з двух бакоў завостраны.
— І ў Чорнай Накідкі нож, як і меч, таксама з двух бакоў завостраны. Вунь як ён асінку сек! Аж трэскі ляцелі.
— І як ён з асінкай па лесе будзе бегаць? — пачухаў я патыліцу.