109893.fb2 Сакрэт Тунгускага метэарыта, Прыгоды шасцікласніка Максіма - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 12

Сакрэт Тунгускага метэарыта, Прыгоды шасцікласніка Максіма - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 12

— Па лесе прабяжыць, — прамовіў Васіль. — А як у хату зойдзе? Жыве ж ён недзе.

— З аднаго і з другога канца абсячэ дрэўца і застанецца ў яго невялікая палачка, — кажу.

Васіль засмяяўся:

— Ен з ёю, як з эстафетнаю, будзе бегаць. І тут як гром з яснага неба:

— Прывітанне, хлопцы!

Мы з Васілём азірнуліся. Перад намі стаіць Піліп Макаравіч. За плячыма — рукзак, сам усміхаецца — рот да вушэй.

— Чаго гэта вы развесяліліся? — пытае. — Смяшынку з'елі? Прызнавайцеся.

Смяшынку… Чорная Накідка вунь як напалохаў нас. Добрая смяшынка! У адной руцэ нож, а ў другой — асінка. Такую смяшынку век бы не бачыць.

— Мы… Мы гуляем, — ні ў пяць ні ў дзесяць сказаў Васіль.

Вядома, разгубіўся. Дый, відаць, не хацелася яму прызнавацца, што паўгадзіны назад мы сачылі за Піліпам Макаравічам.

А Піліп Макаравіч паказвае на прыгажуню бярозу, якая расла непадалёку.

— Як вы думаеце: колькі на той бярозе лісцяў? Мне аж мову адняло. Ен жартуе ці пытаецца ўсур'ёз? Ат, жартуе, пацяшаецца з нас. Хто ж палічыць лісце на бярозе?

Я зірнуў на Васіля. Васіль паціснуў плячыма.

— Хлопцы, я сур'ёзна, — не адступаўся Піліп Макаравіч.

— А самі вы ведаеце? — не сцярпеў я.

— Пакуль не ведаю, але магу падлічыць. Есць формула, якая дапамагае гэта зрабіць. Праўда, трэба ведаць колькасць і дыяметр галінак. Вучоныя падлічылі, што на каштане, напрыклад, каля дзевятнаццаці тысяч лісцяў.

«Вось чаго ён лазіў на дуб! — падумалася мне. — Лічыў, колькі галін на дубе. Дзівак…»

Вядома, пра гэта лепей было б не казаць Піліпу Макаравічу, ды мяне як хто за язык пацягнуў:

— Вы і на дубе лісце лічылі?

Піліп Макаравіч уважліва паглядзеў на мяне.

— Бачылі, як я на дуб лазіў? Я пачырванеў.

— Бачылі.

— На тваім языку жаба не спячэцца, — паціху прамовіў Васіль.

Думаў, што Піліп Макаравіч пачне адгаворвацца. Маўляў, не лазіў, пераблыталі вы. А ён:

— На дубе мох збіраў. Няўжо не заўважылі?

— Заўважылі,— з выклікам прагаварыў Васіль. — Навошта ён вам?

Сапраўдны усё-ткі сябар Васіль. Хоць папракнуў, але дапамагае. Адчувае, што цяжка мне аднаму з Піліпам Макаравічам вось такую гаворку весці.

— Мох я і на пнях збіраў,— прамовіў Піліп Макаравіч.

— Ведаем, — сказаў я голасам суддзі. Піліп Макаравіч як нічога ніякага:

— Мох — цікавая расліна. І на сонечных палянках, і ў цёмных пячорах растуць імхі. Адзін грам сухога моху можа ўтрымліваць дваццаць — трыццаць пяць грамаў вады.

Я непрыметна штурхнуў Васіля. Маўляў, чуеш ягоныя баечкі? Чмуціць галаву.

Васіль усміхнуўся краёчкамі вуснаў і наступіў мне на нагу. Я ледзь не крыкнуў: «Чаго топчашся? Не казённая». Ды Васіль мне на вуха:

— Слухай і на вус матай.

Што ж, можна паслухаць. Гэта няцяжка.

— Некаторыя імхі,— працягваў Піліп Макаравіч, — у час Вялікай Айчыннай вайны выкарыстоўвалі замест бінтоў.

— Выкарыстоўвалі? — выцягнуўся твар у Васіля.

— Многія імхі антыбіятычна актыўныя. Па-іншаму, антыбіётыкі.

— Імхі — антыбіётыкі? Як пеніцылін? — пытаецца Васіль.

— Як пеніцылін, — сказаў Піліп Макаравіч. — Падобныя мхі сустракаюцца, напрыклад, у лясах Паўднёвага Прымор'я. А ўсяго на зямным шары расце чатырнаццаць — васемнаццаць тысяч відаў імхоў. На адным і тым жа дрэве сустракаецца некалькі відаў. Вось я і цікаўлюся, якія віды растуць на ліпе, на бярозе, на дубе…

Значыць, вывучае… Новыя віды, пэўна, спадзяецца адкрыць. Мы ж з Васілём падумалі, што збірае, каб з'есці.

Я моўчкі пазіраў на Піліпа Макаравіча. Адчуваў сябе так, нібыта мяне цэлы тыдзень у мяху пратрымалі, а пасля нечакана на свет выпусцілі.

— Э-эх вы, дэтэктывы! — засмяяўся Піліп Макаравіч.

— Вы заўважылі нас? — нясмела азваўся Васіль.

— Заўважыў.

— Вы запіскі на елачках пакідалі?

— Я такую гульню прыдумаў. Каб прачыталі, каб болей пра лес даведаліся.

Вось як! Нібы ў кошкі-мышкі з намі гуляў. А мы сапраўднымі сышчыкамі сябе лічылі. Далі маху. З нас цяпер куры будуць смяяцца.

— Каб болей пра лес даведаліся? — не мог спыніцца, як завёўся Васіль. — Але ж у адной запісцы расказвалася пра Указ цара Пятра Першага.

— Гэты Указ я перапісаў для таго, каб вы бачылі, як беражліва адносіўся Пётар Першы да лесу. Без лесу і горада Пецярбурга не было б. Яго ж на балоце пабудавалі.

— Хто вы? — не выцерпеў я. — Вучоны-лесавод?