109893.fb2 Сакрэт Тунгускага метэарыта, Прыгоды шасцікласніка Максіма - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 15

Сакрэт Тунгускага метэарыта, Прыгоды шасцікласніка Максіма - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 15

— Яны праз карані сігналы падавалі,— сказаў Васіль.

— Не. Карані адной купінкі дрэў да каранёў другой купінкі не дацягваліся.

— Пікавы дослед правялі гэтыя вучоныя, — заўважыў я. — Як можа многае зрабіць гома сапіенс!

— Глядзіце! Глядзіце! У лесе хтосьці камбайн пакінуў! — неспадзявана гучна крыкнуў Васіль.

Камбайн, усюдыход ці лятальны апарат?

Васіль памыліўся. Гэта было вялізнае (метраў тры ў дыяметры) жоўтае кола, якое стаяла на… курыных лапах. Не падумайце, што на сапраўдных. На курыных лапах, зробленых, як я здагадаўся, з металу.

— Гэта ж кола, — кажу Васілю. — Чаго ты крычаў, што камбайн?

— Разгубіўся, — прызнаўся Васіль. І, крыху памаўчаўшы, дадаў: — Нейкі ўсюдыход, ці што? Як ён сюды заехаў?

— Не заехаў, а прыкаціўся, — паправіў я. — Кола заўсёды коціцца.

Васіль падышоў да гэтага кола, памацаў яго.

— Антон, ты таксама няправільна сказаў. Не прыкаціўся, а прыкацілася.

— Кола прыкацілася? — пытаюся.

— Не. Назавём яго так: хатка на курыных лапах.

Але, на курыных. Адкуль жа яна прыкацілася? І ці прыкацілася? Калі б кацілася па лесе, то не адно дрэва паламала б, выкарчавала б. А ўсе дрэвы вакол як стаялі, так і стаяць. Ніводнае не паломана, не вывернута. Выходзіць, хатка на курыных лапах спусцілася, хтосьці сядзеў, магчыма, і цяпер сядзіць у ёй. Можа, сама Баба Яга? Глупства. Вядома, глупства. Баба Яга толькі ў казках бывае. Загадачка…

Я зірнуў на Піліпа Макаравіча.

— Піліп Макаравіч, у гэтай хатцы на курыных лапах, падобнай на кола, ёсць хто-небудзь?

Піліп Макаравіч патаптаўся каля хаткі.

— Дзверцаў не знаходжу. Але ж павінны быць. Тонкая работа.

— Дык ёсць хто-небудзь там?

— Баішся, што выскачыць? — пытаецца Васіль.

— Ты не баішся? — агрызнуўся я. — Камбайн, камбайн… Язык прыкусіў бы. Камбайн у лесе жне і малоціць…

— Я… Я… Я толькі падумаў,— пеўнем падскочыў да мяне Васіль. — А ты… Ты… Ты нават падысці баішся.

— Годзе сварыцца, — сказаў Піліп Макаравіч. — Гэта лятальны апарат. Відаць, хтосьці сядзеў у ім.

Я падышоў бліжэй.

— Цяпер нікога няма?

— Калі б быў, то проста так не пазіраў бы. Альбо вылез бы, альбо ўгору ўзняўся б.

— Давайце забяром яго з сабою, — загарэўся Васіль. — Усё роўна гаспадара няма.

Піліп Макаравіч аж прысеў.

— Каго з сабою забяром?

— Не каго, а што. Гэты лятальны апарат. Прыдумаў Васіль! Сказаць лёгка, ды зрабіць цяжка.

Яго ж трэба каціць. Прыдумаў!.. На ўсё ёсць мера.

— Хочаш з сабою забраць? — падышоў да Васіля Піліп Макаравіч.

— Угу. Шкада ў лесе пакідаць. Калі малыя знойдуць, то па вінціках разнясуць.

— У рукзак пакладзеш? — усміхнуўся Піліп Макаравіч.

— Сядзем у кабіну і паляцім.

— Трэба спярша туды залезці.

— Як-небудзь залезем. Дамо рады. Не хвалюйцеся.

— Сядзеш у кабіну, крутнеш якое-небудзь колца і ў трыдзевятым царстве апынешся? — засмяяўся я.

Васіль нечакана:

— Здагадаўся! Ура! Здагадаўся! Гэта ж Чорная Накідка прыляцеў. Ягоная машына.

Я ўздыхнуў. Вядома, Чорная Накідка прыляцеў на гэтым лятальным апараце. І як гэта Васіль здагадаўся? Чаму не я? Зусім забыўся, што Чорная Накідка па лесе блукае. То пра адно гаварылі, то пра другое. Хто ж такі Чорная Накідка? Няўжо іншапланецянін? А можа, шпіён?

— Піліп Макаравіч, — усхвалявана прагаварыў я, — давайце схаваемся і папільнуем. Чорная Накідка прыйдзе, а мы выскачым і зловім яго. Ен нам усё-ўсё раскажа.

— Схопім?

Мне здалося, што Піліп Макаравіч спалохаўся.

— Схопім як міленькага. Не бойцеся. Хіба вы яго не пакоціце? Вы нават рукзак на галаве ўмееце насіць.

Піліп Макаравіч глядзеў на нас і моргаў вачыма.

— Хлопцы, анічога не разумею. Хто такі Чорная Накідка?

Мы з Васілём, перапыняючы адзін аднаго, сталі расказваць, як сустрэлі ў лесе незнаёмага, як ён хаваўся ад нас, як пасля трымаўся за асінку, як сек яе, як пабег разам з ёю. Аніразу не перапыніў Піліп Макаравіч. Слухаў, нібы цікавую казку.

— Трэба дапамагчы яму, — сказаў нарэшце Піліп Макаравіч.

— Дапамагчы? — здзівіўся Васіль.