109893.fb2 Сакрэт Тунгускага метэарыта, Прыгоды шасцікласніка Максіма - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 19

Сакрэт Тунгускага метэарыта, Прыгоды шасцікласніка Максіма - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 19

— Вось тут. Глядзі.

На жоўтай паверхні «Альбатроса» я ўбачыў белаватую плямінку велічынёю з дажджынку-кропельку. «Трэба мець вочы як у арла, каб заўважыць яе», — падумалася.

— Антон, бачыш кнопку?

— Па-твойму, гэтая плямінка і ёсць кнопка?

— Канешне, кнопка. Магу пайсці ў заклад. Хоць на тысячу рублёў. Хоць на дзесяць тысяч.

Дзівак! На дзесяць тысяч рублёў. Дзесяць тысяч ён і ў вочы не бачыў. Што ж, язык без касцей.

— Антон, я зараз націсну на кнопку. Далей адыдзіся. Што, калі дзверцамі па лбе табе стукне? Невядома, як яны адчыняюцца.

Я паспрабаваў спыніць сябра:

— Васіль, а раптам лятальны апарат узляціць, калі ты на кнопку націснеш?

— Не ўзляціць, — упэўнена прагаварыў Васіль. Я адступіўся назад.

— Націскай.

Мой сябрук выцягнуў руку, прыжмурыўся і націснуў на кнопку. Нячутна ўбок адчыніліся дзверцы, плаўна апусцілася невялікая лесвіца.

Васіль ступіў на прыступку.

— Антон, за мною.

Я стаяў, пазіраючы на яго. Неяк не верылася, што дзверцы адчыніліся, што праз хвіліну мы будзем у «Альбатросе».

— Баішся? — крыкнуў Васіль. — Нядаўна Піліпа Макаравіча папракаў. На словах адно, а на справе другое? Баішся? Га?

Баішся… Крануў за балючае месца. Пабачым, хто з нас спалохаецца. А, было не было. Я штурхнуў Васіля.

— Лезь! Чаго стаіш?

Калі б мне цяпер сказалі: «Антон, адзін ляці на край свету». Паляцеў бы не задумаўшыся.

Вось так мы з Васілём апынуліся ў «Альбатросе». Скажу вам, някепска было б тут, калі б крыху пасядзець, паўзірацца, як на экскурсіі. Жоўтыя сцены. З аднаго боку намаляваны квітнеючы сад, з другога — нейкая рагатая пачвара, падобная на чорта. Кнопкі, рычажкі, колцы… Паўз сцены цягнуцца доўгія металічныя лаўкі. На адной лаўцы — чорныя накідкі. Яшчэ я заўважыў дзверы. Відаць, «Альбатрос» падзяляўся на некалькі адсекаў. Аднекуль, ці то са столі, ці то з падлогі (паспрабуй здагадайся, дзе ў лятальным апараце, круглым, як кола, столь і падлога) лілося мяккае святло.

— Трэба дзверцы зачыніць, — кажу Васілю. — Інакш Піліп Макаравіч здагадаецца, што за госцейкі завіталі. Вытурыць як міленькіх.

— А як зачыніць? — павярнуўся да мяне Васіль. — Кнопка там, звонку. Калі націсну на яе, то без рукі застануся. Хочаш, каб я без рукі застаўся?

— І тут павінна быць. Пашукай.

— А-а-а! — пляснуў сабе па лбе Васіль. — Вядома, павінна быць. Вочы разбягаюцца… Вунь колькі тут рычажкоў, кнопак, колцаў. Пра ўсё забыўся.

— Хочацца пакратаць, націснуць, пакруціць? — здагадаўся я.

— Няўжо ж не! — прызнаўся Васіль. Я паказаў яму кулак.

— Эй, ты, знаўца! Толькі паспрабуй. Хочаш заляцець немаведама куды?

— І праўда, заляцім, — пагадзіўся Васіль. — Невядома, на якую планету трапім.

Ен зноў стаў стукаць пальцамі, што дзяцел дзюбай.

— Есць кнопачка. Знайшоў! — неўзабаве гукнуў.

— Націскай, — загадаў я.

— Націскаю.

Дзверцы плаўна зачыніліся.

Не стала лесу, не стала сонца, змоўклі спевы птушак. У мяне на душы быццам кошкі заскрэблі.

— Сядзім, што ў бляшанай скрынцы, — вырвалася ў мяне.

— Не хвалюйся. Што-небудзь выседзім. Куды схавацца, каб Піліп Макаравіч не знайшоў?

Я паказаў на чорныя накідкі, якія ляжалі на лаўцы.

— Залезем пад лаўку і тымі накідкамі накрыемся.

— У цябе галава варыць, — сказаў Васіль. — Схаваемся — і шыта-крыта. Ніхто не знойдзе. Нават з ліхтарыкам.

Мы ўзялі накідкі і палезлі пад лаўку. Накрыліся, ляглі. Канешне, мулка. Ды можна вытрываць. Не ў гасцях. Знай, каток, свой куток.

Ляжым, сапём паціхеньку. А Піліпа Макаравіча і Сакса няма і няма. Мяне агарнула млявасць, вочы быццам самі сабою сталі зліпацца.

— Васіль, ты жывы? — прагаварыў, каб толькі не маўчаць.

— Ляжу. Думаю пра колцы, кнопачкі, рычажкі… Хочацца націснуць, пакратаць, пакруціць.

— Ляжы і не варушыся, — прамовіў я, заплюшчваючы вочы.

— Не варушуся. Нага анямела, — быццам здалёку данёсся голас Васіля.

Я заснуў. Снілася, што дома з татам і мамай. Тата ляжыць на канапе, закрыўшыся газетай, а мама пячэ пірагі. Увіхаецца каля печы, расчырванелая. Я сяджу каля стала, гляджу ў печ, як кот глядзіць на смятану. «Мама, хутка будзеш пірагі даставаць?» — глытаю сліну. Мама качаргой паварочвае бляхі, у якіх пякуцца пірагі. «Хвілінку пачакай. Усяго адну хвілінку. З аднаго боку спякліся, а з другога яшчэ не», — кажа мама. «Дастань, — прашу. — Я і няспечаныя з'ем. Вельмі есці хочацца». — «Сынок, жывот забаліць!» — усплясквае рукамі мама. А я: «Дастань. Няспечаныя з'ем…» Тата адкладвае ўбок газету, бярэ ў мамы качаргу, махае ёю і крычыць на мяне: «Вылазь… Вылазь…»

Устрапянуўся, расплюшчыў вочы. Цемра… Дзе тата? Дзе мама? Куды яны падзеліся?

— Вылазь, — чуецца голас. Быццам Васілёў.

Але, Васілёў. Чаму ён да нас у хату прыйшоў? Ноч на дварэ. «А-а-а, дык мы ў лятальным апараце!» — нарэшце дайшло да мяне.

Я скінуў накідку, вылез з-пад лаўкі і ўбачыў Васіля, Піліпа Макаравіча, Сакса.