109893.fb2
Я не ведаў, што мне рабіць: ці ўцякаць, ці Васіля ратаваць. Але ад каго? Ад чаго? Да нас кінуўся турыст.
— Назад! Сеанс закончаны!
Я заўважыў каля сваіх ног мураша, падобнага на мыш. Міжволі адступіўся назад.
— Ен, ён… — тыцнуў пальцам Васіль, паказваючы на мураша. — Ен мяне казытаў. Накінуўся на мяне.
Турыст узяў Васіля за руку.
— Не бойся. Ен не накінецца на цябе.
— Н-не н-накінецца?
— Не накінецца. Супакойся. Ен не жывы.
— Але ён мяне казытаў. Залез пад сарочку і лапкамі…
Залез пад сарочку… Васілю… І казытаў… А калі б пад маю сарочку залез і стаў мяне лапкамі казытаць? Напэўна, здранцвеў бы ад страху. Бр-р-р… Нават думаць пра такое не хочацца.
Турыст падняў мураша, паклаў на далонь.
— Бачыце? Ен нават не варушыцца. Гэта механізм.
— Механізм? — шмаргануў носам Васіль.
— Але. Я яго сам зрабіў. Ён называецца супер-міні-камп'ютэр «М-1». М — значыць мураш.
— Дык ён не кусаецца? — нарэшце падаў голас і я. Турыст усміхнуўся:
— Не. Толькі казычацца, калі на сваёй дарозе што-небудзь жывое сустрэне. Называйце яго Мурашом. Ен для мяне таксама як жывы.
— Прыдумалі, каб казытаўся, — з крыўдай прагаварыў Васіль. — Лепей хай раз укусіў бы. Я козытаў не пераношу.
— Выбачайце, — сказаў незнаёмы. — Не ведаў, што вы за кустом хаваецеся. Мне захацелася патрэніраваць Мураша. Гэта незвычайны камп'ютэр. Ен рэагуе на чалавечы голас. Паварочваецца направа, налева. Яшчэ такую каманду выконвае: «Стой. Не варушыся». Стане — з месца не скранеш.
— І паслухаецца любога, хто яму загадае? — не выцерпеў я.
— Паслухаецца. Але спярша трэба навучыць яго пазнаваць голас. Як гэта зрабіць? На спіне Мураша ёсць невялікая кнопка. Націскаеш на яе, падносіш Мураша да рота і кажаш што-небудзь. Каб Мураш голас запомніў. І ўсё. Камандуй. Калі ласка.
Я ўспомніў, як турыст спяваў «Касіў Ясь канюшыну». Выходзіць, не галасавыя звязкі ён развіваў, як казаў Васіль, а стараўся, каб Мураш яго голас запомніў.
— Не страшна? — пытаецца турыст.
— Не, — пасмялеў я. — А калі Мураш перастае… Калі перастае на голас рэагаваць?
— Калі скажаш усяго два словы: «Сеанс закончаны». Вось так, хлопцы. Як вас зваць?
— Антон, — кажу.
— Васіль, — ціха-ціха прамовіў мой сябар, нібы тату паведаміў, што двойку атрымаў.
Стала шкада яго. Усё-ткі дасталося яму ад Мураша. Нават голас змяніўся. Незнаёмы, відаць, таксама заўважыў гэта, бо сказаў:
— Можаце і вы Мурашом пакамандаваць. Націсніце на кнопку, не бойцеся.
Я памкнуўся наперад, а Васіль як замахае рукамі.
— Мы не хочам, не хочам. Дамоў трэба. Нас дома чакаюць. — Павярнуўся і пачэпаў па сцяжынцы. Я, вядома, таксама павалокся за ім.
— Хлопцы, — пачулася наўздагон, — мяне Піліпам Макаравічам зваць. Прыходзьце, калі захочацца.
Я думаў, што Васіля і сілком не зацягнеш на тую паляну, дзе мы ўбачылі зялёную палатку. Не жартачкі — гэтак напалохаў яго Мураш! Але памыліўся. Паслухайце, як было.
Вечарам (ужо шарэць пачало) я выйшаў з хаты. Як кажуць, свежым паветрам захацелася падыхаць. Бачу: дыбае па вуліцы Васіль.
— Васіль, хадзі сюды! — гукаю.
Удвух, вядома, весялей. Слова за словам — вось і час непрыметна праходзіць.
Прыдыбаў да мяне Васіль і адразу:
— Антон, давай да Піліпа Макаравіча сходзім. Спярша я не зразумеў, не дайшло да мяне.
— Да якога Піліпа Макаравіча?
— Да турыста. Да таго, што ў палатцы.
Вось яно што! На ноч у лес цягнуцца? Зараз мама пачне гукаць, скажа, каб у хату ішоў. Узбрыло ж яму ў галаву! Днём з хаты нават носа не высунуў, а стала на вечар брацца — у лес пацягнула. Што гэта зрабілася з ім?
— Заўтра сходзім, — кажу.
— Не вытрываю да заўтра, — прагаварыў Васіль. Я сеў на лаўку, закінуў нага за нагу. Маўляў,
і ты, Васіль, сядай, адпачывай, не заварвай кашу. А ён:
— Сходзім. Не вытрываю да заўтра.
— Васіль, вытрываеш. Вось каб зуб разбалеўся, то, магчыма, не вытрываў бы. І ноччу да доктара панёсся б.
Васіль скрывіўся, як з'еўшы горкага.
— Гэта яшчэ горай, чым зуб баліць.
— Што — гэта? Што горай? Не разумею цябе.
— Як табе растлумачыць… — пачаў Васіль. — Ведаеш… Э-э-э… Антон, не магу… Ведаеш… Э-э-э…