109893.fb2
— Антон, паспрабуй. Тры дні ні піць, ні есці не захочаш. А нам праз пустыню ісці.
Я адсунуўся яшчэ далей.
— Мне есці зусім не хочацца. Дзякую. Самі выпілі б.
— Я на палянцы піў,— сказаў Піліп Макаравіч. — Бачылі? Дык хто смелы?
— Я, — прамовіў Сакс.
Ен узяў шклянку, выпіў вадкасць, якая, як мне здалося, яшчэ мацней зашыпела, аблізнуўся, задаволены.
— Смачна, хлопцы. А Піліп Макаравіч:
— Хто наступны?
— Я, — ускочыў Васіль.
Паднёс шклянку да рота, панюхаў, дакрануўся языком, як кот, і пачаў піць.
Некалькі секунд стаяў вытрашчыўшы вочы. Мне падумалася, што яго разрывае. Не.
— Смачна, — працягла вымавіў.
Сакс выпіў, аблізнуўся. Васіль выпіў, не пабаяўся. А я хіба горшы за іх?
Асцярожна, баючыся, што апячэ, я ўзяў шклянку абедзвюма рукамі. Зусім не гарачая. Шклянка як шклянка. Заплюшчыў вочы і… глытнуў. Дзіўна. Вадкасць, якая шыпіць і булькае, салодкая, што цукерка.
— Жывы-здаровы? — засмяяўся Піліп Макаравіч.
— Даспадобы? — пацікавіўся Сакс.
— Не разарвала? — зарагатаў Васіль. Гледзячы на іх, і я засмяяўся:
— Не разарвала. Яшчэ хачу.
— Не, даволі. Такой порцыі на тры дні хопіць, — сур'ёзна сказаў Піліп Макаравіч.
Вось так мы пілі вадкасць, якая шыпіць і булькае. А пасля Сакс прынёс чатыры вялізныя капелюшы, падобныя на мексіканскае самбрэра.
— Ух ты! — усклікнуў Васіль, — Вы быццам іншапланецянін.
Піліп Макаравіч яму:
— Мы цяпер усе іншапланецяне. Акрамя Сакса. Што і казаць, іншапланецяне. Акрамя Сакса. Цікава выходзіць. Калі Сакс да нас прыляцеў, то ён быў іншапланецянінам. Прыляцелі мы — мы іншапланецянамі сталі. Дзіўна. І я іншапланецянін, і Васіль. Такое, калі б нават моцна захацелася, не прысніў бы.
Мы з Васілём надзелі капелюшы. Стаім, адзін на аднаго пазіраем. У мяне рот да вушэй. І ў Васіля рот да вушэй. Іншапланецяне…
— Ты нібы грыб баравік, — рагоча Васіль.
— А ты кот у ботах, — адпарыраваў я.
Затым Сакс прынёс нейкія балончыкі. З лямкамі, як у партфелі. Ад кожнага балончыка доўгая выгнутая трубка цягнецца. Падумалася: зварачныя апараты, у сваім лятальным апараце збіраецца нешта зварваць.
Ды не. Адзін такі балончык надзеў сабе за плечы, трубку павярнуў — каля самага рота яна апынулася.
— Чаму так? — крыкнуў Васіль.
— У балончыку кісларод, — сказаў Сакс. — Па трубцы ён падыходзіць да рота. Я вам казаў, што на нашай планеце не хапае кіслароду, што вельмі цяжка дыхаць.
Не пазайздросціш жыхарам планеты Сіз. Капялюш увесь год насі, не скідай, і яшчэ балончык з трубкай. Ходзяць, нібы жукі рагатыя.
Васіль узяў балончык, падняў, узважваючы.
— Няцяжкі. І нам надзяваць?
— Трэба, — кіўнуў галавою Сакс.
— Ці на доўга хопіць гэтага кіслароду? — захваляваўся я.
— На трое сутак, — прамовіў Сакс.
— А што рабіць, калі не стане кіслароду ў балончыку?
— Валадар Карп прадае. Забыліся?
Але, казаў Сакс, што Карп прадае. Да чаго дадумаўся! Каб яму пуста было! Кісларод, без чаго жыць няма як, за грошы прадае. Вось каб дзе схавацца ды з рагаткі. Такога не шкада.
— Хутчэй, хлопцы, не марудзьце, — сказаў Сакс— Трэба выходзіць.
Мы з Васілём надзелі балончыкі. Нас цяпер, калі о нейкім цудам у вёску трапілі, як кажуць, і мама родная не пазнала б. На галаве капелюшы, падобныя на мексіканскія самбрэра, за плячыма балончыкі, спераду трубкі-рагулькі. Вылітыя іншапланецяне.
— Прысядзем на дарогу, — сказаў Піліп Макаравіч. Усе прымасціліся на лаўку. Мы з Васілём сядзелі
што на шыле. Вельмі хацелася зірнуць на планету Сіз.
Нарэшце Сакс адчыніў дзверцы, саскочыў па прыступках. Пасля Піліп Макаравіч узяў рукзак, зняў капялюш (у капелюшы, каб і хацеў, у дзверцы не прасунуўся б), прыпыніўся, падміргнуў нам і вылез з лятальнага апарата. Мы з Васілём таксама знялі капелюшы. Я праціснуўся наперад.
— Антон, — прашаптаў Васіль, — цябе дрыжыкамі не праймае?
— Крыху не па сабе.
— І мне не па сабе. Але так хочацца хоць адным вокам зірнуць на планету Сіз! Прапусці наперад. Я першым вылезу.
Я адкрыў рот, каб сказаць: «Лезь. Мне не шкада». А ў галаву як тахне: «Ен, Васіль, першым на планету Сіз ступіць! Пасля ўсім стане хваліцца, што першым ступіў. Хітранькі!»
Я непрыметна адштурхнуў Васіля ўбок.