109893.fb2 Сакрэт Тунгускага метэарыта, Прыгоды шасцікласніка Максіма - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 25

Сакрэт Тунгускага метэарыта, Прыгоды шасцікласніка Максіма - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 25

— Ніякага ўдаўчыка не было, — прагаварыў Піліп Макаравіч.

— Як не было? — вырвалася ў мяне.

— Не было. Вось і ўсё.

— Я яго на свае вочы бачыў,— кажу.

— І я ўдаўчыка бачыў. Ен выгінаўся, — нарэшце сказаў і Васіль.

Піліп Макаравіч як нічога ніякага:

— Здалося вам, хлопцы. Гэта міраж.

Хм, міраж… Канешне, бываюць міражы ў пустыні, у Антарктыдзе, дзе цэлы год холадна. Аднаго разу чытаў, што вучонаму, які працаваў у Антарктыдзе, здалося, быццам угору падняўся цягач. Падняўся і вісіць уверх гусеніцамі. Пасля яшчэ адзін у паветры з'явіўся. Абман зроку, міраж. А ў пустынях як бывае? Ідзе чалавек па пустыні, доўга ідзе. Стаміўся. Хоць глыток вады яму хочацца. І раптам бачыць вялікае-вялікае возера. Спяшаецца, бліжэй падыходзіць, а возера няма. Чаму так? Пад уздзеяннем высокіх тэмператур паветра падзяляецца на некалькі слаёў. Няўжо і нам здалося? Няўжо не было паласатага ўдаўчыка? Няўжо міраж? Але ж…

— Піліп Макаравіч, няпраўда, — не сцярпеў я. — Сакс сказаў, што ўдаўчык схаваўся.

Сакс зірнуў на Піліпа Макаравіча і хуценька прагаварыў:

— Мне таксама здалося. Міраж.

— Калі мне яшчэ раз так здасца, то ўсе зубы павылятаюць. Ніводнага не застанецца, — прагаварыў Васіль.

— Чаму? — пацікавіўся Піліп Макаравіч.

— Яны ў мяне так ляскацелі, так ляскацелі… Піліп Макаравіч, цяпер я тут буду стаяць. Ніхто мяне з месца не скране. Як вашага Мураша, калі яму загадаць: «Стой. Не варушыся».

Я думаў, што Піліп Макаравіч зноў пачне пра міраж. Але ж не. Дастаў з кішэні Мураша, працягнуў Васілю.

— Хочаш пакамандаваць?

— Яшчэ як хачу! — загарэліся вочы ў Васіля.

— Бяры.

Васіль схапіў Мураша і аж засмяяўся.

— На кнопку націсні,— сказаў Піліп Макаравіч. Васіль націснуў на кнопку.

— Паднось да рота і што-небудзь кажы. Мураш павінен запомніць твой голас.

Васіль паднёс Мураша да рота, хуценька прагаварыў:

— Я не баюся. Я нічога не баюся. Глянуў на Піліпа Макаравіча.

— Хопіць, Васіль. Мураш запомніў твой голас. Апускай на пясок і камандуй.

Васіль апусціў Мураша на пясок, зірнуў на Піліпа Макаравіча.

— Мураш не зарыецца, як пясчаны ўдаўчык?

— Удаўчыка не было. Гэта міраж. Запомніў? — павольна, па складах, прагаварыў Піліп Макаравіч.

— Запомніў,— кіўнуў галавою Васіль.

— Камандуй.

— Мураш не зарыецца ў пясок?

— Не зарыецца.

— Уперад, — скамандаваў Васіль.

Мураш імкліва пабег уперад, пакідаючы слядкі.

— Кругом!

Мураш павярнуўся і да Васіля.

— Ура! — запляскаў у далоні Васіль.

А Мураш проста на яго бяжыць. Усё бліжэй, бліжэй. Што, калі зараз накінецца, пачне казытаць? Тады ў Васіля сапраўды зубы павылятаюць. Не.

— Налева, — скамандаваў.

Мураш паслухмяна павярнуўся і пабег налева. А Васіль аж свеціцца ад шчасця. Як на свет нарадзіўся. Упершыню пазайздросціў яму. А вы хіба не пазайздросцілі б? Ен гэткім разумным Мурашом камандуе, а я толькі назіраю! Чаму не сказаў Піліпу Макаравічу, што таксама, калі крануся, са страху зубы павылятаюць? Абавязкова Мураша даў бы. А калі сказаць, што ўжо павыляталі? Праверыць, у рот зазірне? Ну і няхай правярае. Мяне мама на днях да зубнога доктара вадзіла, і той вырваў мне адзін балючы зуб. Скажу Піліпу Макаравічу, што цяпер вылецеў, бо зубы ляскацелі. Але ж сорамна. Што ж рабіць? Што? Камандуе Васіль Мурашом…

Я падышоў да Васіля.

— Дай Мурашом пакамандаваць.

— Адыдзіся. Знюхаў кот каўбасу.

— Усяго хвілінку пакамандую.

— Па-добраму прашу: адыдзіся. Зараз Мураш падбяжыць і заказыча.

— Дай пакамандаваць.

— Яшчэ сам не накамандаваўся.

Я не вытрываў. Падбег да Піліпа Макаравіча, шырока-шырока разявіў рот.

— Га-га-га, га-га-га, га-га-га… — як гусак, прагагатаў.

Хацеў сказаць так: «У мяне зуб вылецеў. Са страху. Вельмі ляскацелі». Ды з шырока разяўленым ротам, вядома, многа не нагаворыш.

Піліп Макаравіч аж назад адступіўся.