109893.fb2 Сакрэт Тунгускага метэарыта, Прыгоды шасцікласніка Максіма - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 26

Сакрэт Тунгускага метэарыта, Прыгоды шасцікласніка Максіма - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 26

— Антон, што з табою?

І я, трымаючыся за шчаку, сказаў:

— Піліп Макаравіч, у мяне зуб вылецеў. Вельмі зубы ляскацелі.

Цяпер Піліп Макаравіч адкрыў рот ад здзіўлення:

— Што-о-о?

— Антон, — паклікаў Васіль, — хадзі сюды. Пакамандуеш.

Забыўшыся пра ўсё, я паляцеў да Васіля. Калі б аж сем удаўчыкаў з пяску вылезлі, то ўсё роўна ляцеў бы, пераскочыў бы праз іх.

— Сеанс закончаны, — прамовіў Васіль.

Мураш, як добра абучаны конь, спыніўся. Я схапіў яго ў руку. Які цёплы, як нагрэты сонцам! Нібы жывы. Не марудзячы націснуў на кнопку, паднёс да рота:

— Мураш, які ты добранькі! Ты ні мяне, ні Васіля ніколі не казычы.

— Хопіць, — сказаў Васіль. — Вось-вось заплачаш. Я апусціў Мураша на пясок.

— Уперад!

Пабег! Мяне паслухаўся і пабег! Якое дзіва!

— Направа!

І направа бяжыць!

— Кругом!

Кругом павярнуўся, нібы сапраўдны салдат!

— Налева!

Бяжыць. Прыгожа бяжыць, спрытна лапкамі перабірае.

— Антон, хопіць, — пачуўся голас Піліпа Макаравіча. — Так мы і за тыдзень да гліняных гор не дабярэмся.

— Сеанс закончаны, — уздыхнуўшы, прамовіў я. А Васіль (ну й Васіль!) схапіў Мураша, прытуліў да грудзей.

— Піліп Макаравіч, няхай Мураш у мяне пабудзе.

Хітранькі! Ой хітранькі! І на гэты раз мяне апярэдзіў. І на гэты раз з носам застануся. Што ж скажа яму Піліп Макаравіч?

— Васіль, не згубіш?

— Піліп Макаравіч, не згублю. У мяне кішэнь вялікая. У маю кішэнь пяць такіх Мурашоў па месціцца.

Хвалько! Ну й хвалько! Пяць Мурашоў у яго кішэнь памесціцца! У мяне не меншая, а пяць не ўлезла б.

— Піліп Макаравіч, калі ласка.

Прычапіўся, як клешч да сабачага хваста. Не адчэпіцца, пакуль свайго не даб'ецца.

— Бяры, — здаўся Піліп Макаравіч.

— Ура! — падскочыў Васіль. — З Мурашом мне нішто не страшна. Я цяпер на голым пяску пераначую, калі прыйдзецца.

— Калі прыйдзецца, пераначуем у палатцы, — сказаў Піліп Макаравіч. — І зробім так. Загадаем Мурашу, каб вакол палаткі бегаў.

— Будзе вартаваць? Як сабака? — здзівіўся я.

— Нікога і блізка не падпусціць.

— А не стоміцца, бегаючы цэлую ноч?

— Гэта ж супер-камп'ютэр, — сказаў Піліп Макаравіч.

— А-а-а… — працягла вымавіў я.

Васіль падміргнуў мне і схаваў Мураша ў кішэнь.

Горы

Гляніныя горы, пра якія расказваў Сакс, мы ўбачылі яшчэ здалёку. Высока ўздымаліся рознакаляровыя вяршыні: чырвоныя, блакітныя, белыя, карычневыя, ружовыя. Рознага колеру гліна — рознага колеру вяршыні.

— Казка, — сказаў Васіль.

— Млосна ад гэтай казкі,— прамовіў Сакс. Я шапнуў Васілю:

— У Сакса, як сказала б наша настаўніца малявання, няма пачуцця прыгожага.

— Пажывём — пабачым, — прагаварыў Васіль. Пяскі засталіся ззаду. Мы ступілі на цвёрдую, што ток, гліну. Паглядзелі б вы на гэты гліняны ток, які цягнуўся да самых гор. Здавалася, хтосьці пырснуў на паверхню гліны, перад гэтым змяшаўшы розныя фарбы: сінія, блакітныя, белыя, чырвоныя, ружовыя, карычневыя.

Што яшчэ здзівіла нас? Гліняны ток быў падзелены на кавалачкі рознай формы. Нібы паркет. Праўда, паркет робяць з роўных плітак, аднолькавай, правільнай формы. Тут жа нібы хто абы-як, для смеху, вялізнымі нажамі рэзаў.

— Хоць танцуй, — тупнуў я.

— З балончыкам за плячыма не вельмі патанцуеш, — заўважыў Васіль.

Няма што казаць: не патанцуеш. Ох і надакучыў мне гэты балончык! Горш, чым муляк на назе. Быццам скула.

— Чаму тут гліна? — звярнуўся я да Піліпа Макаравіча.

— З гор дажджы змылі,— растлумачыў Піліп Макаравіч.

— А чаму яна такімі кавалачкамі? — пацікавіўся Васіль.

— Мокрая гліна высахла і пад сонцам патрэскалася. Сонца лепіць форму як прыходзіцца.