109893.fb2 Сакрэт Тунгускага метэарыта, Прыгоды шасцікласніка Максіма - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 3

Сакрэт Тунгускага метэарыта, Прыгоды шасцікласніка Максіма - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 3

«Ведаеш… Э-э-э…» Так ён і да ранку не растлумачыць.

— Прама кажы, без экання.

— Мураша хочацца пакратаць. Ну, таго самага, супер-міні-камп'ютэра. Увесь дзень пра гэта думаў. Нішто ў галаву не лезе. Хочацца хоць адным вокам глянуць. Хочацца пакамандаваць ім. Сходзім у лес.

— Днём камандаваў бы, — кажу.

— Страшна было, — прызнаўся Васіль. — Мяне так калаціла, так калаціла…

— А цяпер не страшна?

— І цяпер крыху страшна. Але ж хочацца пакратаць, пакамандаваць…

Нарэшце я зразумеў, чаму ён так прэцца ў лес. Як кажуць, цікаўнасць, дапытлівасць мацней, чым страх. Асаблівы характар у Васіля. Упарты ён хлопец. Хоць страляй у лоб — па-свойму зробіць. Не пагаджуся — адзін у лес пойдзе. Пойдзе, каб там і ліха гарэла. Што ж прыдумаць, каб у лес не цягнуцца? Проста смех — на ноч у лес? А калі напалохаць яго?

— Васіль, ты да Мураша дакранешся, а ён накінецца на цябе і заказыча. Пабачыш.

Думаеце, Васіль напалохаўся? Анічуць.

— Я яго за лапкі буду трымаць. Не вырвецца, — прагаварыў.

Што на гэта скажаш? Адмахнуцца рукамі і нагамі? Абзаве баязліўцам, адзін папрэцца. Пасля ў вочы не гляну. Сябар усё-ткі.

— Пойдзем, — мусіў пагадзіцца я і, не стрымаўшыся, падпусціў шпільку: — Ты адпусці Мураша, калі пачне вырывацца, бо лапкі адарвеш. Як ён без лапак на яліну палезе?

А Васіль сур'ёзна:

— Добра, што папярэдзіў. І праўда, можна адарваць лапкі. Шкада, калі паломіцца такі разумны камп'ютэр.

Пакуль выбраліся з вёскі, пакуль дайшлі да лесу, зусім сцямнела. Вы ніколі не хадзілі поначы па лесе? Непрыемна, скажу вам. Днём кожны кусцік прыметны, кожнае дрэўца. Усё звычнае, знаёмае. А ноччу не відаць ні кусціка, ні дрэўца. Вакол быццам суцэльная сцяна. Мы нават сцяжынку не знайшлі. Палезлі, як гаворыцца, напралом. Уперадзе — Васіль, за ім я, стараюся не адстаць. Галінкі сцёбаюць па твары, за каўнер пырскамі падаюць кроплі расы. Я не вытрываў:

— Васіль, у гэткай цемры вочы выкалем. Ты памалей ідзі. Ляціш, нібы на кані вярхом скачаш.

Спыніўся мой сябрук, прагаварыў няўпэўнена:

— Мы, напэўна, хутка прыйдзем.

— Куды прыйдзем? Куды? — узлаваўся я. — Будзем блукаць да ранку. Нас і з міліцэйскім сабакам не знойдуць.

— Не хвалюйся. Знойдуць, — абнадзеіў мяне Васіль. І чаго я на вуліцу выйшаў? Як на грэх. Хіба ў

хаце было цесна? Сядзеў бы ў хаце — усё інакш склалася б. Цяпер кніжку чытаў або тэлевізійны фільм глядзеў бы. Па лесе поначы цягаемся. Узбрыло ж Васілю ў галаву. Невядома, ці знойдзем палатку. А калі і знойдзем, то што з таго? Хіба дасць нам Піліп Макаравіч ноччу Мураша? Той Мураш як пабяжыць куды-небудзь — дык яго і са свечкаю не знойдзеш. Ну й Васіль! Мурашом захацелася пакамандаваць! Пакамандуюць нам дома, калі вернемся. Мабыць, гукае мама, кліча, каб у хату ішоў. Пакамандуюць… Днём з усіх ног уцякаў, а ноччу будзе гладзіць, за лапкі трымаць. Хм, за лапкі будзе трымаць. Ноччу…

— Антон, — перапыніў мае разважанні Васіль. — Уперадзе штосьці свеціцца.

Я прыгледзеўся. Уперадзе, угары, няйначай як на дрэве, мігцеў агеньчык.

— Відаць, палатка блізка. Піліп Макаравіч грэецца, — выказаў здагадку Васіль.

Я ўсміхнуўся:

— На дрэве грэецца? На дрэве агонь разлажыў?

Васіль не паспеў адказаць. Воддаль працягла грымнула, па небе вогненнаю стужкаю прабегла бліскавіца.

Няўжо навальніца пачнецца? Толькі гэтага нам не хапала.

— Васіль, грыміць. Чуеш?

— Далёка грыміць. Пакуль да нашай вёскі хмара прыплыве, нам дзесяты сон прысніцца. Крышачку засталося ісці.

Чым бліжэй падыходзілі, тым ярчэй свяціўся агеньчык. Ужо блізка зусім. Мінулі куст лазняку, сталі.

Сон ці не сон? Па ўсёй палянцы мігцяць агеньчыкі. Свецяцца, гараць без трэску, без полымя.

— Што гэта? — парушыў маўчанне Васіль.

— Што гэта? — вырвалася, як рэхам, і ў мяне.

Падобнага дзіва ніколі ў жыцці не назіраў. Безліч агеньчыкаў на палянцы, а адзін (яго, відаць, першым заўважылі) на яліне свеціцца. Вось дык ілюмінацыя!

— Мабыць, светлякі,— прамовіў Васіль.

Хм, светлякі. Вядома, страчаюцца ў лесе светлякі. Але ж хіба яны гараць так ярка? Дый вунь колькі іх. Няўжо Піліп Макаравіч з усяго лесу светлякі зносіў, нібы вуголле? Штосьці тут не так.

— Светлякі гэта ці не светлякі? — прагаварыў Васіль. — Антон, ты як думаеш?

Я пачухаў за вухам. Складаная задачка. З многімі невядомымі. Такую нялёгка рашыць.

— Чаго маўчыш? Язык адняло? — не стрымаўся Васіль.

— Гэта не светлякі.

— Відаць, не, — сказаў Васіль. — Спярша падумалася, што светлякі. Што ж гэта такое?

— А калі Піліпа Макаравіча паклікаць? — прапанаваў я. — Ен вылезе з палаткі і ўсё растлумачыць.

Васіль схапіў мяне за плячо. Ен, пэўна, падумаў, што я ў гэтую ж секунду з хуткасцю спрынтэра рвануся да палаткі.

— Не кліч! Не трэба клікаць! Не веру я гэтаму турысту. Ен праўды не скажа. У яго, мабыць, і Мураш не камп'ютэр, а жывы, сапраўдны. Вунь як мяне казытаў. Усімі лапкамі адразу. Турыст нас за нос водзіць. Самі пра ўсё даведаемся. Разгадаем ягоны сакрэт. Самі! Антон, не кліч.

— Дык што, па-твойму, свеціцца?

— Воўчыя вочы свецяцца.

Мне адразу стала смешна, а пасля, прызнаюся, дрыжыкамі праняло. Воўчыя вочы… Воўчыя…

— Васіль, — моцна прагаварыў я, стараючыся адагнаць страх, — вочы воўчыя…