109893.fb2 Сакрэт Тунгускага метэарыта, Прыгоды шасцікласніка Максіма - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 35

Сакрэт Тунгускага метэарыта, Прыгоды шасцікласніка Максіма - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 35

— Так — не так, а ператакаваць не будзем, — сказаў Піліп Макаравіч. — Канешне, праслаўляцца нам тут не след. А Антон… Будзем цяпер лаяць яго? Не паварочваецца язык. Антон свой характар паказаў.

Рэдкая ўзнагарода

Я ніяк не мог прывыкнуць да гэтага горада. Дома не раз прасіў тату, каб узяў з сабою ў горад. У нашым горадзе можна і марожаным паласавацца, і ў ціры па розных мішэнях пастраляць, і на арэлях пакатацца. Людзі апранутыя, нібы на свята. Дый сам прыезд у горад быў для мяне сапраўдным святам. А тут…

Я паволі, як і ўсе ў гэтым маўкліва-сонным царстве, цягнуўся ззаду. «Няўжо ў людзей сэрца не баліць? — думалася. — Аб чым яны мараць? Чаго яны чакаюць?»

— Няўжо ў вашых людзей няма ніякай радасці? — пытаюся ў Сакса. — Чаго яны чакаюць? Павінна ж штосьці светлае хоць адзін раз у год быць.

— Чаго яны чакаюць? — перапытаў Сакс. — Свята. Усё-ткі ёсць у іх свята. Відаць, Новы год святкуюць.

Дзеці збіраюцца каля ёлкі. Як і ў нас, водзяць карагоды, спяваюць, віншуюць адзін аднаго… Каля ёлкі? Але ж няма тут елак. Зусім забыўся.

— Сакс, якое свята ў вас адзначаюць?

— Дзень нараджэння валадара.

Значыць, не забываецца Карп свой дзень нараджэння справіць. Відаць, рознымі прысмакамі людзей частуе. Трэба запытаць у Сакса.

— Чаму людзі так чакаюць дзень нараджэння валадара? — апярэдзіў мяне Васіль.

— У гэты дзень па горадзе ходзяць спецыяльныя машыны. Такія… Як вам сказаць? З доўгімі трубамі. Праз трубы кісларод выдаюць. Тры гадзіны можна кіслародам і без балончыкаў дыхаць.

— Можна адчапіць балончык? — усклікнуў Васіль.

— Можна.

— Можна нават дома пакінуць?

— Пакідаем.

— Пасля бягом дамоў?

— Бягом. Не паспяшаешся — кепска прыйдзецца. Вось яно што! Замазвае вочы. Вядома, кожнаму хочацца хоць на гадзінку скінуць балончык. Ён дзень і ноч за плячыма.

— Гамоняць, радуюцца людзі ў дзень нараджэння валадара? — пытаюся.

— Не. Маўкліва, ціха на вуліцы.

Не разумеў я Сакса. Нядаўна казаў, што гэты дзень для іх — свята. А цяпер кажа, што ціха, маўкліва. Калі свята, то радасць павінна быць.

Я паглядзеў на яго.

— Чаму маўкліва?

— На дзень нараджэння яшчэ і кветку паказваюць, — прамовіў Сакс. — Карп хоча, каб запомніўся гэты дзень, каб кожны чакаў з нецярпеннем. Самі ведаеце: няма ў нас кветак.

Пагадзіцеся: незвычайнае свята, незвычайны дзень нараджэння. Кісларод, кветку паказваюць… Адну-адзіную кветку. Адну — усяму гораду. Можа, я не так зразумеў Сакса?

— Скажыце, Сакс: толькі адну кветку паказваюць?

— Толькі адну. Ды для нас і гэта шчасце. Шчасце… Ці можна адчуць сябе шчаслівым, калі

кветку ўбачыш? Раней не задумваўся, не думаў… Бяжыш па лузе, топчаш кветкі — і не задумваешся, не думаеш. Здараецца, якую-небудзь з каранём вырвеш — не думаеш. Цяпер жа хацелася б убачыць нават звычайную зялёную травінку. Зялёную сакавітую травінку… Вось тут, проста на вуліцы…

— Калі ў Карпа дзень нараджэння? — перапыніў мае думкі Васіль.

— Сёння.

— Дык чаго стаім? Бяжым і мы кветку глядзець.

— Свята тады пачнецца, калі на вуліцы машыны з'явяцца, — сказаў Сакс.

— Тыя машыны, што з трубамі?

— Тыя, Васіль.

Сакс спыніўся, паказаў на вялізную дошку, пафарбаваную на карычневае.

— Наша дошка аб'яў. Пачытаем, пра што пішуць?

— Цікава пачытаць, — прамовіў Піліп Макаравіч. Нічога не скажаш: цікава. Аб'явы могуць шмат расказаць.

Што мне адразу кінулася ў вочы? Вялізны аркуш паперы, на якім карычневымі літарамі было напісана: «Людзі планеты Сіз! Сёння імяніны намі любімага валадара пана Карпа. Пажадаем яму: Здароўя! Здароўя! Здароўя! Здароўя! Здароўя!..»

Ведаеце, колькі разоў паўтаралася слова «здароўя»? Аж дваццаць. Пэўна, моцна клапаціўся Карп аб сваім здароўі.

— Сёння і мы пажадаем Карпу здароўя, — прамовіў я.

А Васіль:

— Кукіш з макам.

— Гляньце! — усклікнуў Сакс. — Пра мяне напісана.

Але, напісана. На аркушы, які вісеў знізу, я прачытаў: «З нашага войска дэзерціраваў легіянер Сакс. Той, хто зловіць і прывядзе Сакса, будзе шчодра ўзнагароджаны. Узнагарода: колькі пальцаў на руцэ, столькі і балончыкаў з кіслародам. Валадар пан Карп».

Сакс усміхнуўся:

— Зловяць… Яны мяне зловяць як рак свісне.

— Чаму напісана: колькі пальцаў на руцэ, столькі і балончыкаў з кіслародам? Чаму проста не напісаць: пяць балончыкаў? — пацікавіўся Васіль.

— Так лічыць Карпу даспадобы. Есць і такая ўзнагарода: колькі пальцаў на руках і нагах. Гэта вышэйшая ўзнагарода.

— Чаму слова «здароўя» аж дваццаць разоў напісана? — пытаюся.

— Таму, што найбольш пальцаў на руках і нагах — дваццаць, — здагадаўся Васіль.

— Але, — кіўнуў галавою Сакс.