109893.fb2 Сакрэт Тунгускага метэарыта, Прыгоды шасцікласніка Максіма - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 36

Сакрэт Тунгускага метэарыта, Прыгоды шасцікласніка Максіма - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 36

— Тут лічаць, як першакласнікі-двоечнікі,— кажу. — Адзін і адзін палец — будзе два пальцы. Дзіўны ваш Карп.

— Не дзіўны, а хітры, — не пагадзіўся са мною Сакс. — Ен хоча, каб людзі забыліся пра тое, што было спрадвеку. Нават лічыць па-іншаму прымушае.

— Узнагарода! Вышэйшая ўзнагарода! — неспадзявана ўсклікнуў Піліп Макаравіч.

Я азірнуўся.

— Каму ўзнагарода? Чым узнагароджваюць?

— Чытай на дошцы аб'яў,— таўхануў мяне Васіль.

Я зірнуў на дошку. Яшчэ адзін невялікі аркуш вісіць. Пачаў чытаць: «Наш любімы леў аблысеў. Цяпер яго не хочуць прызнаваць другія львы. Бедны леў пакутуе, сумуе. Хто пазбавіць яго ад гэтай пакуты, таму ўзнагарода: столькі балончыкаў з кіслародам, колькі пальцаў на руках і нагах. Валадар пан Карп».

Працёр вочы, стаў яшчэ раз чытаць: «…леў аблысеў… Бедны леў пакутуе…..пазбавіць ад такой пакуты…

…колькі пальцаў на руках і нагах. Валадар пан Карп». Карычневымі літарамі на белай паперы напісана. Ну і ну!

— Зразумеў, чаму вышэйшая ўзнагарода? — пытаецца Васіль.

Я ледзь стрымліваўся, каб не засмяяцца.

— Не даходзіць? — прагаварыў Васіль. — Дваццаць пальцаў — вышэйшая ўзнагарода.

— Васіль, не смяшы!..

— Вышэйшая ўзнагарода, бо дваццаць пальцаў,— стараўся растлумачыць Васіль.

— Не смяшы. Калі цяпер рассмяюся, то буду тры дні смяяцца. Пакуль кісларод у балончыку не скончыцца.

— Хлопцы, цішэй, — падышоўшы да нас, папярэдзіў Сакс.

— Чаму? — здзівіўся Васіль.

— Цішэй. Прашу вас. А Васіль яшчэ мацней:

— Чаму?

Сакс прыклаў палец да вуснаў.

— Цішэй. За намі сочаць.

Васіль павярнуўся ў адзін бок, у другі.

— Хто сочыць? Дзе?

— На тым баку вуліцы.

Сапраўды, на тым баку вуліцы стаяў чалавек у чорнай накідцы.

Таран-тарантул

Сакс не памыліўся. За намі назіралі. Чалавек у чорнай накідцы спярша шпацыраваў, нібы гуляючы. А калі заўважыў, што мы глядзім на яго, тут жа схаваўся за рогам дома. Думалася, што цяпер будзе назіраць здалёку. Але ж не. Высунуў галаву, палыпаў, палыпаў вачыма і схаваўся. Пасля зноў высунуўся.

— Вось каб цяпер падкрасціся ззаду ды крапівою па пятах, — прагаварыў Васіль.

— Тут і крапівы няма, — сказаў я. — Добра было б дубчыкам сцебануць. Ох і выгнуўся б!

— Надта ж гарачыя вы, — прамовіў Піліп Макаравіч. — Не хлопцы, а сапраўдныя казакі-разбойнікі.

— Трэба ратавацца, — сказаў Сакс— Гэта Таран, галоўны шпік Карпа. Свет такіх не бачыў.

Васіль зацікавіўся:

— Чаму Таран?

— Таран — ад слова «тарантул». Есць у пустыні такі ядавіты павук.

Таран-тарантул… А што, калі паказаць яму язык і крыкнуць, напрыклад, так: таран-барабан згубіў каптан? Пэўна, пазелянее ад злосці.

Я зірнуў на Піліпа Макаравіча.

— Я гэтаму шпіку хвост прышчамлю. Можна? У Піліпа Макаравіча, бачу, бровы прыўзняліся ўгору.

— Што-о-о?

— Крыкну што-небудзь крыўднае.

— Ен табе як крыкне, дык без вушэй застанешся.

— Не бойцеся, — падтрымаў мяне Васіль. — Нас чатырох. Пакоцім і звяжам.

— Прыйшлі ў чужы горад, — і адразу ў бойку? Барукацца на вуліцы станем? Мы і так сябе паказалі. Таран нездарма з'явіўся. Клікне легіянераў і ў цямніцу. Хто тады дапаможа жыхарам планеты Сіз? Трэба крыху пахадзіць, паглядзець, падзівімся на тую кветку, а пасля будзе відаць, што рабіць.

— Схаваўся Таран. Пакуль не высоўваецца, — шэптам прамовіў Сакс— Трэба ўцякаць. Магчыма, не заўважыць.

Моўчкі пераглянуўшыся, мы пашыбавалі па вуліцы.

— Не азірайцеся, — папярэдзіў Сакс. — Сам буду за ім сачыць.

Так і рупіць азірнуцца. Быццам хтосьці нябачны стаіць за плячыма і за рукаў цягне, на вуха нашэптваючы: «Азірніся, азірніся…»

Я, вядома, азірнуўся. Таран, як гаспадар, стаяў пасярод вуліцы і глядзеў на нас. Я не вытрываў, паказаў яму язык. А ён… Ен прыгнуўся, нібы яму на спіну дзесяціпудовы мех узвалілі, і з усіх ног, як таракан. Прыціснуўся да сцяны дома, закрыў твар рукамі. «Хоча, каб не пазналі. Не шпік, а дзіцё малое, — падумалася. — Нібы ў хованкі гуляе».

— Антон, хутчэй, — крыкнуў Сакс.

І бягом. За ім Васіль прыпусціўся. І Піліп Макаравіч, як сапраўдны спрынтар. Ну і я за імі. А што заставалася рабіць? Чакаць, калі Таран падбяжыць, ды за руку з ім прывітацца? Маўляў, добрага здароўечка, рады бачыць вас. Імчымся што ёсць духу, лупім падэшвамі па цвёрдай, што асфальт, гліне. Аж гул разносіцца. Здаецца, не чатыры чалавекі бягуць, а рота салдат.

Ускочылі ў нейкі двор. У двары круглы, што сподак, брызент вісіць, прымацаваны вяроўкамі да чатырох слупоў. Пад брызентам лаўкі, некалькі столікаў. Сапраўдны казачны шацёр. Толькі ядзення-піцення не хапае.

— Што гэта за шацёр? — пытаецца Васіль у Сакса.