109893.fb2 Сакрэт Тунгускага метэарыта, Прыгоды шасцікласніка Максіма - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 4

Сакрэт Тунгускага метэарыта, Прыгоды шасцікласніка Максіма - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 4

— Не вочы воўчыя, а воўчыя вочы, — паправіў мяне Васіль.

— Воўчыя вочы, — кажу, — не свецяцца, а зыркаюць.

— А ты бачыў? Ведаеш, што зыркаюць?

І праўда, не бачыў. Ні разу ваўка ў цемры не бачыў. Толькі днём, у заапарку. Што ж сказаць Васілю?

— Васіль, калі б тут столькі ваўкоў сабралася, то яны з'елі б не толькі Піліпа Макаравіча, але і ягоную палатку. На нас таксама так доўга не глядзелі б. Накінуліся б і…

— Гэтыя ваўкі дрэсіраваныя, вучоныя, — не даў мне закончыць Васіль. — Іх турыст выдрэсіраваў. Загадаў, каб стаялі. Яны яго слухаюцца.

— Загадаў, як Мурашу? — скумекаў я.

— Але, як Мурашу. Павер мне.

Я і верыў, і не верыў. Бывае ж такое: адначасова і верыш, і не верыш. Канешне, Піліп Макаравіч на многае здатны. Нездарма Мураш і направа паварочваецца, і налева, слухаецца, што залатая рыбка. Але ж хіба можна загадаць не аднаму ваўку, а цэлай зграі, каб стаяла і ні з месца? Хіба магчыма, каб ваўкі вартавалі яго, як сабакі? Дый мы побач. А яны стаяць, нібы авечкі. Сабака і той не вытрываў бы, азваўся б.

— Васіль, на яліне таксама воўк? На яліну яго Піліп Макаравіч закінуў?

— Ен на ўсё здатны, — упэўнена прагаварыў Васіль.

— Але ж у таго ваўка адно вока свеціцца. Хіба другое заплюшчыў? Ці Піліп Макаравіч выбіў яго ваўку, бо воўк не хацеў на яліну лезці?

— Не смейся, — сказаў Васіль. — Тут нейкі сакрэт. Адразу не разгадаеш.

«Вух-вух», — вухнуў непадалёку гром.

— Трэба дамоў ісці,— сказаў Васіль. — Заўтра прыйдзем. Мы ўсё роўна даведаемся, што гэта за турыст. Разгадаем ягоны сакрэт.

Асцярожна, азіраючыся па баках, мы палезлі ў мокрыя ад расы кусты.

Рукзак… на галаве

Назаўтра з самага ранку сустрэўся я з Васілём.

— Ну, як? — пытаецца ён.

— Што — як? — не зразумеў я яго.

— Бацька не аддзяжыў? Ты ж ноччу дамоў вярнуўся.

— А-а-а, вось ты пра што. Не, — кажу. — Тата толькі буркнуў. А мама дык узрадавалася. Сам разумееш. Вось-вось навальніца пачнецца, а мяне ўсё няма.

— І мае ўзрадаваліся, — пахваліўся Васіль. — Пашанцавала нам. Калі б не навальніца, то невядома, што было б.

— Васіль, ты не здагадаўся, што так у лесе свяцілася?

— Не, — развёў рукамі Васіль. — Трэба ў лес ісці. Там разгадаем. Калі ваўкі каля палаткі стаялі, то іхнія сляды ўбачым.

Што ж, правільна разважае. Ноччу дождж прайшоў.

На мокрай зямлі павінны сляды застацца.

— Каля палаткі будзем сляды шукаць? — пытаюся.

— Не толькі каля палаткі. І на ўзлеску, і ў лесе. Мае рацыю. Ваўкі ноччу каля палаткі стаялі, а зранку, відаць, кудысьці пацягнуліся. Інакш што выходзіць? Піліп Макаравіч на дзень іх у палатку заганяе, каб спалі там?

— У лес, Васіль?

— У лес, — сказаў мой сябар.

І мы накіраваліся ў лес. Ідзём, пад кожны кусцік зазіраем, пад ногі глядзім пільна-пільна, каб заўважыць хоць адзін слядок. Але ні на сцяжынцы, ні ўзбоч яе ніводнага слядка: ні звярынага, ні птушынага. Як пішуць у казках? Ні птушка не пралятала, ні звер не прабягаў.

— Есць! — нарэшце ўсклікнуў Васіль. Укленчыў, і пад ядлоўцавы куст. Ну й зыркі! Пад самым кустом след заўважыў. Няўжо воўчы?

Я спыніўся. А Васіль поўзае: то ўправа падасца, то ўлева, то назад, нібы Мураш Піліпа Макаравіча.

— Воўчы след? — цікаўлюся.

Маўчыць, не азываецца. Што з ім? Няўжо ад страху язык праглынуў?

— Воўчы след? — крычу мацней. Маўчыць. Не даходзіць.

— Чаго поўзаеш? Там воўк след пакінуў?

— Сам паглядзі.

Палез і я пад куст. На вільготнай зямлі быў добра прыметны след, падобны на той, які звычайна куры пакідаюць: два штрышкі злева і справа, адзін спераду, пасярэдзіне, адзін ззаду.

— Хопіць поўзаць, — кажу Васілю. — Курыных слядоў ніколі не бачыў?

— Гэты след не курыны, — сказаў Васіль. — Стараюся адгадаць, чый. У курэй, як мне здаецца, тры пальцы з кіпцюрамі ўперадзе, а адзін ззаду.

Я засмяяўся:

— І тут тры ўперадзе, а адзін ззаду.

— Курыны след не такі,— не пагадзіўся са мною Васіль. — Антон, ты пастарайся ўспомні, які след куры пакідаюць.

Я наморшчыў лоб, успамінаючы. Нешта аж у патыліцы закалола. Не магу ўспомніць, хоць забі. Вось дзіва! Сёння быццам упершыню адкрыў Амерыку. Не ведаю, які след куры пакідаюць. А яны ж бегаюць і па агародзе, і па вуліцы. Не ведаю… Чаму ж так?

— Даўся табе гэты след, — кажу. — Хопіць поўзаць.

— Хочацца даведацца, чый ён.

— Мабыць, курапатка пакінула.

— Мабыць, — кіўнуў галавою Васіль.

Мы пачэпалі далей. На сцяжынцы, там, дзе зрэдзь прабіваліся купінкі травы, зноў заўважылі сляды: уперадзе, побач, два вялікіх адбіткі лап, а ззаду, адзін за адным, — два маленькіх.