109893.fb2 Сакрэт Тунгускага метэарыта, Прыгоды шасцікласніка Максіма - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 40

Сакрэт Тунгускага метэарыта, Прыгоды шасцікласніка Максіма - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 40

— Куды цяпер? — пытаюся ў Васіля.

— Трэба палац валадара Карпа знайсці. Цяпер мы ведаем, што Піліп Макаравіч і Сакс там, ведаем, што жывыя-здаровыя. А пасля… Пасля пабачым, што рабіць.

Палац валадара мы заўважылі здалёку. Угору ўздымаліся, дзівячы прыгажосцю, ружовыя гмахі. Побач стаялі яшчэ нейкія будыніны самай незвычайнай формы: адны падобныя на парасон, другія на мухамор на доўгай ножцы, трэція тонкія, што іголка. Высокая мураваная сцяна адгароджвала палац з яго прыбудовамі ад вуліцы. На сцяне — заіржавелы дрот. Насупраць палаца — вароты. Легіянеры з доўгімі пікамі стаялі каля варот.

Каб вызваліць Піліпа Макаравіча і Сакса, трэба спярша ў палац пранікнуць. Але ж праз сцяну не пералезеш, — прагаварыў Васіль.

Вось каб праз вароты! Ды… — пачаў я і… як язык праглынуў, бо з варот выйшаў Таран.

Ен спыніўся, прыкрыўшы далонню вочы (сляпіла сонца), стаў глядзець у наш бок. Канешне, ён нас добра запомніў…

Васіль, уцякайма, пакуль не позна.

— Ыгы, — выдыхнуў Васіль.

Мы штосілы прыпусціліся па вуліцы. Я не азіраўся, але спінаю адчуваў, што Таран даганяе нас. Магчыма, проста са страху здавалася.

— Туды, — махнуў рукою Васіль, паказваючы налева.

Я не зразумеў, дзе ён хоча схавацца. Ды некалі было разважаць. У маёй галаве была адна думка: «Не адстаць. Толькі не адстаць ад сябра».

Куды ж, думаеце, завёў мяне Васіль? У сутарэнне. У сутарэнне, якое знаходзілася пад домам. Шчасце, што яно было без дзвярэй. Відаць, паленаваліся навесіць. Дый такое і на нашай планеце здараецца.

Мы забеглі ў самы канец. Каля сцяны, якая справа, ляжала лесвіца, а з другога боку — матрацы.

Васіль таўхануў іх нагою.

— Аж чатыры. Навюткія. Няўжо выкінулі?

— Не выкінулі, а проста паклалі,— кажу Васілю. — Як ты думаеш: Таран нас тут не знойдзе?

— Не знойдзе. Пра такіх, як ён, кажуць: галава — два вухі.

— Драўляная галава, — паправіў я.

Калі б Таран чуў, то, мабыць, лопнуў бы ад злосці. У самую змрочную цямніцу нас пасадзіў бы і тыдзень, не меней, ні піць, ні есці не даваў.

— Чаму тут лесвіца ляжыць? — здзівіўся Васіль.

— Калі б не пакінулі, то не ляжала б, — сказаў я.

— Але ж нехта прынёс яе. Навошта яна яму?

— Трэніруецца лазіць. Хоча акрабатам стаць, — пажартаваў я.

— Лазіць? Хм… Лазіць. Цікава, — прамовіў Васіль.

— Васіль, лазіць? — ускочыў я. — Ты сказаў: лазіць?

— Не я сказаў, а ты, — пачаў даказваць Васіль. Ды я не слухаў яго.

— Васіль, мы гэтую лесвіцу паставім і праз сцяну пералезем. Калі сцямнее.

— Нарэшце дадумаліся! — усклікнуў Васіль. Дадумаліся… Быццам не я адзін дадумаўся, як праз сцяну пералезці, а ўдвух дадумаліся. Хітрун. Што ж, няхай лічыць, што і ён дадумаўся. Галоўнае — праз сцяну пералезці. Пасля знойдзем тую цямніцу, дзе сядзяць Піліп Макаравіч і Сакс, як-небудзь адчынім. Павінны адчыніць.

— Васіль, пералезем?

— Пералезем. Мы і не праз такія сцены пералазілі.

Ну й дае! Быццам знарок для нас мураваныя сцены будавалі. Каб пералазілі праз іх. Любіць Васіль пахваліцца.

Я ўявіў тую сцяну, уявіў, як ставім лесвіцу, як карабкаемся ўгору. Легіянеры спяць як пшаніцу прадаўшы, а мы з Васілём карабкаемся… Нарэшце ўскарабкаліся. Што ж далей? На самым версе сцяны калючы дрот…

— Васіль, калючы дрот на сцяне. Забыўся?

— Ну і што? Штаны баішся парваць?

— Пакалечым рукі, ногі.

— А матрацы навошта? На дрот пакладзем. Сапраўды, у нас ёсць матрацы. Аж чатыры. Не падумаў.

— Пашанцавала нам, — кажу. — Калі б цяпер Тарана сустрэў, то руку паціснуў бы.

— За што?

— Не напалохаў бы нас — у гэты падвал не заляцелі б.

— І праўда, не заляцелі б, — здзіўлена прамовіў Васіль. — Дзякуй яму трэба сказаць.

— Васіль, мы ногі не паломім?

— Каму? Тарану — вушастаму вожыку?

— Сабе.

— Навошта мы сабе ногі будзем ламаць? Каб Карп падумаў, што інваліды? Каб пашкадаваў нас? — засмяяўся Васіль.

— Калі са сцяны скокнем, — удакладніў я. — Унізе, мабыць, цвёрда.

— Два матрацы на дрот пакладзём, а два ўніз кінем. Пасля — скок-скок — што на пярыну.

— Так можна, — пагадзіўся я.

— Давай крыху адпачнём, — прапанаваў Васіль.

Мы селі на матрацы, прыхінуліся да сцяны і непрыкметна паснулі. Мне прыснілася, што з татам пасвім кароў. Каровы ходзяць па выгане, а мы расклалі цяпельца і пячэм бульбу. Я чакаю, не магу дачакацца, калі спячэцца: «Тата, хутка?» — «Хутка, сынок», — усміхаецца тата. Нарэшце кіем выграбае з цяпельца некалькі бульбін. Я выбіраю самую вялікую, падкідваю на далонях (ох і пячэцца!). Пасля пачынаю лупіць. Толькі аблупіў — ні стуль ні ссюль валадар Карп. Сам вялізны, а галава лысая, што бубен. «Дай бульбу», — просіць.

А я: «Не дам. Адчапіся». Карп зноў: «Дай хоць кавалачак». — «Не дам», — кажу. Ен хапіў мяне за плечы. Стараецца пакаціць. Я штосілы ўпіраюся. Дзе ж тата? Чаму не бароніць?