109893.fb2 Сакрэт Тунгускага метэарыта, Прыгоды шасцікласніка Максіма - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 41

Сакрэт Тунгускага метэарыта, Прыгоды шасцікласніка Максіма - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 41

— Уставай. Антон, прачніся. Ноч. Я расплюшчыў вочы. Цемень.

— Антон, ты не спіш?

— Не сплю.

«І чаму мне ўсё ежа сніцца? — думаю. — Сюды ляцелі — пірагі сніліся. Мама пякла. Цяпер бульбу з татам пяклі. І тады не мог дачакацца, калі спякуцца, і цяпер не цярпелася. Чаму так? Есці не хочацца. На тры дні Піліп Макаравіч сваім харчовым прэпаратам накарміў. А яшчэ гэты Карп… Няўжо ён такі ж лысы, як і ягоны любімы леў? Лезе абы-што ў галаву».

— Антон, ты малайчына.

— Кепікі строіш? — пазяхаю я.

— Праўду кажу, — прамовіў Васіль. — Калі б не ты, то мы не прачнуліся б.

— Чаму?

— Ты як засвістаў носам, дык я адразу падхапіўся. Думаў, што міліцыянер свішча. Мяне ў горадзе аднаго разу, калі вуліцу няправільна пераходзіў, міліцыянер хацеў аштрафаваць. Ледзь я адгаварыўся.

— Табе міліцыянер прысніўся? — пытаюся ў Васіля.

— Не памятаю, — прызнаўся Васіль.

— А мне прыснілася, што на выгане з татам бульбу пяклі. Расказаць?

— Пасля раскажаш. Некалі тары-бары разводзіць. Лесвіцу падымай.

— Цёмна. Галаву можна скруціць.

— Пратры вочы, — параіў Васіль. — Прывыкнуць да цемры.

Я працёр кулаком вочы. Сапраўды, у сутарэнні нібы пасвятлела.

Мы з Васілём паклалі на лесвіцу цюфякі, узяліся за лескі (Васіль спераду, я ззаду) і, спатыкаючыся, панеслі.

На вуліцах — ні ліхтарыка. Цемра ахутвае горад. Ціха-ціха. Толькі мы з Васілём ідзём, нясём лесвіцу, на ёй — матрацы. Крыху смешна, калі паглядзець збоку.

Але мне, прызнаюся, было не да смеху. Я раз-пораз азіраўся. Вось-вось, здавалася, выскачыць Таран-тарантул, галёкне на ўсю вуліцу: «Куды лесвіцу цягнеце?»

Вось і гмахі палаца. Я стараўся ступаць нячутна, што кот, нават дыханне стрымліваў. Мінулі вароты. Уф, пранесла. Цяпер і ўздыхнуць можна.

— Пранесла, — шапчу Васілю. — Спяць як забітыя.

— Кладзі лесвіцу, — скамандаваў Васіль.

— Гэта можна, — кажу. — Рукі анямелі. Васіль зноў камандуе:

— Здымай матрацы.

Хуценька знялі матрацы, прыставілі лесвіцу да сцяны. Першым палез Васіль. Я падаў яму адзін матрац, другі, трэці, чацвёрты.

— Паклаў на сцяну? — цікаўлюся.

— Паклаў.

— І ўніз кінуў?

— Кінуў. Давай за мною.

Васіль стаў на сцяну і скокнуў уніз. Знік, быццам і не было яго. Непрыемна, скажу вам, заставацца ў цемры, калі вакол ні душы.

Я хуценька палез па лесвіцы, ускарабкаўся на матрацы. Мякка, хоць кладзіся ды спі. Хітра прыдумалі.

— Васіль, дзе ты? — пазваў я ціха.

— Тут, — азваўся знізу Васіль.

— Не пакалечыўся?

— Не пакалечыўся, не пакалечыўся. Хоча з лаўкі зваліцца, ды не ўдарыцца.

— Куды мне скакаць?

— Прама, як стаіш. Хутчэй.

Я ўдыхнуў паветра і скокнуў уніз. На шчасце, трапіў якраз на матрацы.

— ідзі сюды, — паклікаў Васіль.

— А матрацы хай застаюцца?

— Хай застаюцца. На плячах будзем цягаць? Хопіць і балончыкаў.

Так-то яно так, але не думае пра тое, што легіянеры раніцай заўважаць. Тады яны ўсё наваколле ператрасуць. Нідзе схованкі не знойдзем.

— Васіль, легіянеры раніцай заўважаць.

— Мы гэтай жа ноччу пастараемся назад выбрацца.

— А лесвіца? Мы яе на тым баку пакінулі.

— А-а-а, — у роспачы прамовіў Васіль. — На гэты бок трэба было перацягнуць. Зусім забыліся.

— Дык што рабіць?

— Піліпа Макаравіча вызвалім. Ён нешта прыдумае.

— Прыдумае, — як рэха, азваўся я.

Рушылі наперад. Ні травы, ні ямінак пад нагамі. Роўна-роўна. Значыць, і тут, як і ў горадзе, гліна.