109893.fb2 Сакрэт Тунгускага метэарыта, Прыгоды шасцікласніка Максіма - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 49

Сакрэт Тунгускага метэарыта, Прыгоды шасцікласніка Максіма - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 49

— Хлопчыкі, што вам дапамагае львоў перамагаць? Прызнайцеся.

Зразумела, чаму павёў у батанічны сад. Добранькім прыкідваецца, у камізэльку плача. Думае, што паверым яму. Пляце сетку, нібы павук павуціну. Бач, як натапырыў вушы. Чакае, калі прызнаемся. Няма дурняў. Дарэмна спадзяешся.

— Мы да вашага льва і блізка не падыходзілі,— сказаў я. — Патрэбен ён нам.

— Леў сам стаў скакаць і качацца. Так яму захацелася, — дадаў Васіль.

Думаеце, што адчапіўся Таран? Прамаўчаў? Такі не адчэпіцца.

— Хлопчыкі, верце мне. Я добры чалавек. Я ніколі нікому нічога ніякага, а калі што якое, дык што там такое? Я ваш сябар. Я з вамі заадно. Шапніце мне на вуха. Лягчэй на душы стане. Ой як цяжка сакрэты насіць! Шапніце, не бойцеся. Нікому не скажу. Каб я з гэтага месца не сышоў.

«Добранькі,— падумаў я. — І лісіца пякла жука на леташнім вогнішчы ды прыгаварвала: «Спячэцца не спячэцца, а яшчэ далей звалачэцца — вазьму ды з'ем».

— Хлопчыкі, чаму маўчыце? Ці вам цяляты языкі ад'елі?

— Мы хочам па палацы пагуляць, — прамовіў Васіль. — Дазволіце?

— Я дазволіў бы, але пан Карп не дазволіць, — уздыхнуў Таран. — Пан Карп чакае вас. Хадзем да яго. Такі мой лёс, даражэнькія. Так што не крыўдуйце.

Мы зразумелі, што спрачацца цяпер — толькі язык аб зубы біць. Моўчкі папляліся ў палац, на сустрэчу з Карпам.

Карп, як і тады, сядзеў на троне. Побач, як і тады, стаяў волат-дуб генерал Курт. А вось Саўкі не было.

— Не прызналіся? — прагаварыў Карп, як толькі ўбачыў нас.

Таран, сагнуўшыся, падбег да трона.

— Пан Карп! Мой дарагі пан Карп! Яны хітрыя, што чэрці. Яны ніколі не раскажуць.

Мы з Васілём амаль не слухалі. Глядзелі то ў адзін бок, то ў другі. Што, калі дзе-небудзь у куце Мураш ляжыць?

— Круцяцца, як на патэльні,— пачуўся ледзяны голас Карпа.

Тут як тут Таран. Вырачыў вочы:

— Не круціцца! Дам дыхту.

— Вылузваецеся са скуры. Брыдка глядзець, — не сцярпеў я.

Таран, сагнуўшыся, — да трона.

— Пан Карп, яны мяне зневажаюць. Карп зірнуў на нас, як тры грошы даў.

— Закаваць у ланцугі і навечна пасадзіць у цямніцу.

«Нас нельга садзіць. Нас дома чакаюць», — хацеў крыкнуць я. Ды стрымаўся. Хіба яны зразумеюць?

— Дакруціліся? — усклікнуў Таран. — У пана Карпа слова цвёрдае. У цямніцу вас. У цямніцу! Ха-ха-ха…

— Смяецца той, хто смяецца апошнім, — прамовіў я.

— А-а-а, мае поні! — пачулася ззаду.

Мы азірнуліся. Саўка. Усміхаецца як нічога ніякага. А ў руках… У руках наш Мураш.

— Поні! Мае поні! — паўтарыла Саўка з нейкім асаблівым замілаваннем.

Мы з Васілём некалькі секунд стаялі як у здранцвенні. Не адрываючыся глядзелі на Мураша.

Саўка ўсё бліжэй, бліжэй. Усміхаецца нафарбаванымі вуснамі:

— Мае поні будуць мяне катаць. Цэлы дзень катаць. Я папрашу пана Карпа, каб ён загадаў зрабіць маленькі возік. І два маленькія хамуцікі. А яшчэ… Яшчэ пугу хачу. Калі поні не паслухаюцца, я буду іх пугай шлёг-шлёг.

— Пані Саўка, — кашлянуў у кулак Таран, — пан Карп загадаў, каб вашых поні навечна пасадзілі ў цямніцу. Ім там, пані Саўка, спакайней.

Саўка спынілася каля нас.

— Чаму спакайней?

— Яны самі просяцца ў цямніцу. Ім даспадобы там.

— Мне можна ўзяць гэтага жучка? — прамовіў Васіль, звяртаючыся да Саўкі.

— Якога жучка просіць мой поні?

— Вось гэтага, — паказаў Васіль на Мураша. Няўжо не дасць? Няўжо прыйдзецца з рук вырываць? Неяк нядобра.

Я неўпрыкметкі зірнуў на Тарана. Напяўся ўвесь. Відаць, здагадваецца, што нездарма Васіль просіць Саўку, каб Мураша аддала. Што ж будзе? Што?

Саўка, усміхаючыся, працягнула Мураша.

— Ен мне не патрэбен. На калідоры знайшла. Вазьмі. Крыху пацешышся, а пасля ў вазок запрагу.

Васіль схапіў Мураша абедзвюма рукамі.

— Дзякую.

— Забраць, — крыкнуў Таран. А генерал Курт:

— Маў-чаць!

Васіль кінуўся да дзвярэй. Таран — за ім. Дагоніць, адбярэ. Учэпіцца, што кіпцюрамі, і пішы прапала.

Доўга не думаючы я ўпаў на жывот і схапіў Тарана за нагу. Таран грукнуўся на падлогу. Ускочыў.

— Адпусці. Затапчу.

«Ага, затопчаш, — думаю. — Не ўдасца». І за другую нагу. Трымаю з усёй сілы.